Багатае свята

21 верасня беларусы традыцыйна адзначаюць Багач – свята новага ўраджаю, вядомае яшчэ з язычніцкіх часоў. У гэты дзень нашы продкі ацэньвалі вынікі сваёй летняй працы і дзякавалі Богу за дапамогу. Пра адметнасці гэтага восеньскага свята расказвае наш аўтар Наста ГЛУШКО.

Тэкст: Наста Глушко
Ілюстрацыі: Ірына Бельская

Два важныя этапы

Cтарадаўні Багач прымеркаваны па часе да восеньскага раўнадзенства і з’яўляецца адным з  чатырох галоўных  святаў гадавога кола. У розных мясцінах  Беларусі гэтае свята магло называцца па-рознаму:  Багатуха, Багатае свята, Багатнік, Малая Прачыстая. Па значнасці яно збліжаецца з яшчэ адным важным восеньскім святам, Узвіжаннем, і азначае два важныя этапы ў жыцці чалавека і самой прыроды.

  • Па-першае – гэта дзень, калі  сонца “паварочвае” на зіму. У  старадаўнія часы ў свядомасці нашых  продкаў год падзяляўся толькі на дзве часткі – лета і зіму. Нават верылі, што існуе два сонцы – зімовае і летняе. Узімку летняе сонца нібыта свеціць на адваротным баку зямлі і  наадварот. А восеньскае і вясновае раўнадзенствы адзначаюць момант, калі сонцы мяняюцца месцамі. Зімовае сонца “…лялее (блішчыць, пераліваецца), але ж яно не грэе…”, летняе сонца –“…смурненька, але ж  яно цяпленька…”, як адзначаецца ў купальскіх песнях.
  • Па-другое, гэта завяршэнне працяглага перыяду сельскагаспадарчай працы, чалавек пакідае ў спакоі зямлю і звяртае увагу на сваё, чалавечае жыццё. Пасля Багача пачыналася пара вяселляў. Дзяўчаты набывалі чырвоныя хусткі і пацеркі і чакалі жаніхоў, а хлопцы выбіралі сабе нявестаў.

 

Беларусы верылі….

Паварот прыроды на зіму, замыканне зямлі ярка адлюстроўвалася ў павер’ях, звязаных з Узвіжаннем. Казалі, што на Узвіжанне усё здзвігаецца, сонца грае (што збліжае гэтае свята з такімі вялікімі святамі як Вялікдзень і Купалле), птушкі лятуць у вырай, з палеткаў усё павінна быць звезена да двара. Зямля адпачывае.

На Узвіжанне не хадзілі ў лес, бо верылі, што ў гэты дзень змеі вялікай грамадой рушаць пад зямлю на зіму. А вядзе іх сам цар змяіны з залатой каронай на галаве, і луска яго адлівае срэбрам. Калі хто смелы мог злаўчыцца і пасцяліць на яго шляху беленькі рушнік з хлебам-соллю – як узнагароду атрымаў бы карону вужынага цара, і адкрыліся б яму розныя веды: як знаходзіць схаваныя скарбы, як лячыць ад хваробаў, разумець мову птушак і звяроў.

На стале ўсяго багата

Адзначалі Багач усёй вёскай. Па сутнасці, Багач – свята ўсіх зямных пладоў, але на ганаровым месцы было жыта, хлеб новага ўраджаю.

У гэты дзень ладзілі ўрачыстыя вячэры, лічылася, што на стале павінна быць “усяго багата” і нельга нічога шкадаваць на стол,  а калі іншы гаспадар “…шкадуе на вячэру зарэзаць барана, то таго барана воўк яму парве…”. Варылі піва, пяклі свежы хлеб.

На Віцебшчыне жанчыны абыходзілі гуртам свае і чужыя льнішчы (палі, дзе вырошчвалі лён), прыгаворваючы: “Няхай будзіць лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі!”. У гэты дзень загадвалі, ці скорай будзе зіма – калі скаціна імкнецца чым раней выйсці на пашу – то і зіма будзе ранняя.

Гэта цікава

Багачом таксама называлі:

– першы зжаты сноп (а дзе-нідзе – апошні), які, нібы святыню, неслі з поля, асвячалі ў царкве,  пад адпаведныя песні ставілі на пачэснае месца ў хаце, на Покуць, дзе ён захоўваўся да восеньскага раўнадзенства (у іншым варыянце – да Калядаў). Зернем з Багача гаспадар пачынаў нанова засяваць поле. Верылі, што ў такім снапе захоўваецца дух поля, які забяспечвае плоднасць нівы;

 

–  лубку з жытам, у якую насыпалі зерне новага ўраджаю, сабранае з усяе вёскі, туды ж дадавалі зерне з першага снапа, а ў сярэдзіну ўсталёўвалі  запаленую свечку. З Багачом здзяйснялі абыход  кожнага двара, абносілі вакол вясковага статку,  а пасля захоўвалі ў аднаго з гаспадароў цэлы год на Покуці. На наступны год Багач пераходзіў да іншага гаспадара. Захаванне ў сваёй хаце Багача было гонарам і несла багацце і дабрабыт у хату.

 

Пасля Узвіжання пачыналася сапраўдная восень… Наш народ верыць, што ключы ад лета захоўваюцца ў шызай галачкі і, адлятаючы ў вырай, яна замыкае лета і забірае з сабой ключы. Замыкаецца і засынае ў чаканні вясны зямля. Што ж, чакаем і мы разам з ёй…

Ад рэдакцыі.

Вясны мы абавязкова дачакаемся, а пакуль будзем атрымліваць асалоду ад не менш прыгожай восені і першых прымаразкаў!

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра