Калядныя чытанні

Снежань – месяц чараўніцтва і цудаў. Гэта час вязаць цёплыя рукавіцы і доўгія шалікі, заварваць гарачую гарбату з гваздзікай і карыцай, пакаваць падарункі і чытаць добрыя гісторыі. Мы падабралі для вас самыя чароўныя зімовыя кнігі з непаўторнай атмасферай Калядаў.

Тэкст: Кацярына Чарняўская
Ілюстрацыя: Дар’я Уласова

Чарлз Дыкенс “Калядны харал”

(пераклад з англійскай мовы Г. Янкута)

 Святочны аповед з прывідамі Дыкенса – сапраўдная класіка каляднай літаратуры. Кнігу можна любіць ужо толькі за неверагодную атмасферу каляднай Англіі, з яе водарам глінтвейна, рысавых пудынгаў, фаршыраваных гусей, цёмных вулачак і ўпрыгожаных амелай крамак. Аднак, у першую чаргу, гэта аповесць пра чароўнае ператварэнне Эбензера Скруджа з бяздушнага скнары ў чалавека з шырокай душой і добрым сэрцам. Аповед пра міласэрнасць, спачуванне і шчодрасць, гэтую гісторыю абавязкова захочацца перачытваць падчас кожнай куцці.

Тувэ Янсан “Чароўная зіма”

(Пераклад з фінскай мовы на рускую “Волшебная зима”, Л.Браўдэ)

У чароўны Мумі-дол прыйшлі халады, і да самай вясны ўсё вакол пагрузілася ў зімні сон. Але нечакана маленькі Мумі-Троль прачынаецца гэтым разам нашмат раней звычайнага. Разам з сваімі сябрамі ён катаецца з горкі на старадаўнім падносе, знаёміцца з таямнічымі жыхарамі даліны, майструе сабе гняздзечка каля пячы, ласуецца клубнічным варэннем і з нецярпеннем чакае надыходу вясны.

Ян Баршчэўскі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

Зборнік фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага – сапраўдная жамчужына беларускага фальклору. Доўгімі зімовымі вечарамі ў хаце шляхціца Завальні госці расказваюць новую змрочную аповесць. Чарнакніжнікі, ведзьмакі і цмокі размаўляюць з чытачом са старонак гэтай чароўнай кнігі. А старажытныя беларускія легенды і балады, сумныя і змрочныя, як шум цёмнага лесу, вучаць нас простым жыццёвым ісцінам: дабрыні, справядлівасці і здольнасці спачуваць.

Джон Рональд Руэл Толкін “Лісты Каляднага дзеда”

(Пераклад з англійскай мовы ну рускую “Письма Рождественского деда”, К.Каралёў)

Яшчэ задоўга да напісання “Уладара пярсцёнкаў” прафесар Толкін прыдумляў для сваіх дзетак смешныя і добрыя лісты з малюнкамі ад Санты і яго чароўных памагатых: Паўночнага Мішкі, эльфа Элберэта і гномаў. Кожныя Каляды на працягу больш за дваццаць гадоў у доме Толкіенаў з’яўлялася капэрта з маркай Паўночнага полюса. Гэтую падзею ўся сям’я чакала з вялікім нецярпеннем. Магчыма, пасля прачытання гэтай добрай кнігі на яшчэ адну калядную традыцыю ў вашай сям’і  пабольшае. Шчаслівых Калядаў!

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра