Традыцыі: Гуканне вясны

Пра Гуканне вясны на Беларусі нам расказала мастак, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, мастацкі кіраўнік спеўнага гурта “Горынь” Наста ГЛУШКО.

Гуканне вясны як цыкл

Гуканне вясны ў розных рэгіёнах нашай краіны адбывалася па-свойму, асабліва.  Беларусь – старажытная краіна, у нас усё настолькі варыятыўна, што нават ў суседніх вёсках могуць быць розныя абрады,  таму адзінай формы няма.  Для нашага свята мы адабралі самыя характэрныя абрады і дзеянні, самыя цікавыя па форме і змесце. Вясновы фэст у Вязынцы, што кожны год ладзіць СЭТ (Студэнцкае этнаграфічнае таварыства), адбываецца звычайна ў выхадны дзень, самы блізкі да Раўнадзенства, 21 сакавіка. Але ж Гуканне вясны – гэта не свята аднаго дня, а хутчэй працэс, цыкл святаў, гулянняў. Паўсюдна па Беларусі вясну пачыналі клікаць ад моманту з’яўлення праталінаў, але дзе-нідзе маглі ўжо і ад Масленкі.  Гукалі ледзь не кожны дзень, аж да Звеставання (ці Дабравешчання, у гэтым годзе прыпадае на 7 красавіка). Пасля гэтага гукальныя песні сціхаюць, пачынаецца час іншых веснавых песень.

Асаблівасці Гукання

Існуе мноства варыянтаў правядзення абрадаў. Звычайна гукаць вясну выходзілі на высокія пагоркі. Там раскладвалі вогнішча (гэта называлі “грэць зямлю”), пяклі  яешню, як сонечную старажытную рытуальную страву. Ладзілі танцы, гульні, скокі, спявалі песні, вадзілі карагоды… У мясцовасці, дзе няма пагоркаў, залазілі нават на дахі хат, паграбоў, маючы на мэце “дакрычацца, дагукацца” да Бога, каб хутчэй прыходзіла вясна.

Улюбёны занятак моладзі на вясновых гуляннях – гушкацца на арэлях. Хлопцы разгойдвалі дзяўчат як мага вышэй, а яны спявалі песні, калі падляталі наверх, агу̀калі, вясну клікалі. Яшчэ цікавая  забава:  скакаць на дошцы – даўгую трывалую дошку клалі на калодку, нібыта гушкалку: адна дзяўчына падскоквала на ёй, а другая падлятала ўверх. Верылі: чым вышэй скакаць ці разгойдвацца на арэлях, тым вышэй парасце лён.

 

Асобна трэба сказаць пра гукальныя песні. Мне падаецца, вясна – суцэльна дзявочы час, таму што ўсе асноўныя цыклы песень выконваліся дзяўчатамі. Ёсць песні, заклічкі, огулькі, як іх завуць на Падляшшы, яны непасрэдна адносяцца да гукання вясны, ёсць прымеркаваныя да вясновых святаў – велікодныя, траецкія, русальныя, стрэльныя (абрад “Пахаванне стралы” на Гомельшчыне); ёсць проста прымеркаваныя да вясны, якія можна спяваць у любы час веснавой парой.

Свята ў Вязынцы адбываецца наступным чынам. Распачынаюць свята дзяўчаты, што на высокай горцы заводзяць гукальныя песні, перагукаюцца з горкі на горку. Потым, пабраўшыся за рукі і прыхапіўшы ўсіх ахвочых, вялізным карагодам спускаюцца з гары і абыходзяць усе святочныя пляцоўкі пад карагодныя песні. Пасля пачынаюцца гульні, танцы, гушканне на арэлях…. Таксама для гасцей фэсту ладзіцца кірмаш народных рамёстваў,  выступаюць спеўныя ды фолк-гурты, гатуюцца стравы беларускай кухні.

Гульні

Есць цыкл гульняў, якія прымеркаваныя толькі для вясны, якія потым увесь год не гуляюць. Напрыклад, гульня «Проса», якую мы штогод ладзім ў Вязынцы.

 

Гуляем!

Хлопцы і дзяўчыны, узяўшыся пад рукі, становяцца двума шэрагамі, адзін насупраць другога, на пэўнай адлегласці. У адным хлопцы, у другім – дзяўчыны. Хлопцы рушаць у бок дзяўчат спяваючы:

– А мы проса сеялі, сеялі! (Ідуць на сваё месца)

Дзяўчыны паўтараюць гэтыя ж рухі і таксама спяваюць:

– А мы проса вытапчам, вытапчам!

– Ды чым  жа вам вытаптаць, вытаптаць?

– А мы коней выпусцім, выпусцім.

– А мы коней пераймем, пераймем!

– Ды чым  жа вам пераняць, пераняць?

– А шаўковым повадам, повадам!

– А мы коней выкупім, выкупім!

– А чым жа вам выкупіць, выкупіць?

– А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў!

– Нам не трэба тысячы, тысячы!

– А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну.

– А вось гэта трэба нам, трэба нам!

 

Ёсць розныя варыянты заканчэння гульні.  Дзеўка або зрываецца і ўцякае, а хлопец павінен яе дагнаць. Або хлопец, пакінуўшы свой шэраг, спрабуе забраць дзяўчыну з процілеглага шэрагу, а дзеўкі не пускаюць. Існуюць таксама варыянты тэксту  са старажытным прыпевам “Ходзіць Лада”, “Ой, Дзідь, Лада”.

 

Абрадавае печыва

Да святаў вясновага цыклу прымеркваны прыгожы абрад, калі выпякаюць печыва ў выглядзе жаваранкаў. Раней, на Саракі, выпякалі 40 жаваранкаў і верылі , што ў гэты дзень вяртаюцца птушкі. Гэтае печыва раздавалі дзецям, тыя падкідалі яго ўгору, заклікаючы птушак хутчэй вяртацца і прыносіць вясну. Форма печыва залежыць ад рэгіёна, дзе яго выпякалі. На Гомельшчыне нажом выразалі з цеста пляскатыя выявы птушак, называліся яны чыркамі. На Палессі рабілі галёпы – своеасаблівае печыва ў форме буслінай лапы. Мы пячом адмысловыя булачкі-жаваранкі, якія вядомыя па розных раёнах Беларусі, напрыклад, такія пякла мая бабуля з Барысаўшчыны, ёсць згадкі з Гарадзеншчыны. Робім іх здобнымі, а раней цеста магло быць і прасцейшае.

 

Гуканне вясны ў сучасных гарадскіх умовах

Вясна – прыродная з’ява, таму святкавалі яе надыход заўжды на двары, на вольным паветры. Нам, гарадскім жыхарам, не трэба загадваць на будучы ураджай ці на скаціну, таму застаюцца толькі элементы абрадаў, сімвалы, але самыя паэтычныя і прыгожыя. Мы ўсе  любім вясну, чакаем яе пасля халадоў. Усім хочацца выбрацца з зімовых памяшканняў на сонейка. Ад нашых продкаў у гэтым мы не моцна адрозніваемся, хоць  для іх вясна была больш значным, жыццядайным часам, надзеяй на новае, яе сустракалі з радасцю і ўдзячнасцю, перажыўшы цяжкую і небяспечную зіму.  Гэтую пару года чакалі і чакаем, таму што гэта ў нашых генах закладзена, вясна са старажытных часоў –– сапраўдны пачатак, не толькі земляробчага года, а любога іншага. Новае жыццё адраджаецца, усё квітнее. Па некаторых меркаваннях лічыцца, што раней Вялікдзень выступаў  у якасці Новага года, і падарункі-абноўкі дарылі менавіта ў гэты дзень, а не так, як мы зараз гэта робім у ноч на 31 снежня. “Вялічка ідзець – нечага  надзець, Вялічка прыйшло – надзець прынясло”…

 

 

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра