Майстар-клас: чахол для тэрмаса і кубка

Для вясновай фотаздымкі ў кампанію да сумкі з фетру мы пашылі яшчэ і ўтульныя чахлы для тэрмаса і кубка.

Фотаздымкі: Аляксандра Баярына

Чахол для тэрмаса

Матэрыялы, якія спатрэбяцца: фетр аліўкавага, шэрага і цёмна-шэрага колераў; ніткі швейныя аліўкавага колеру; рэшткі нітак для вязання шэрага колеру; шнурок цёмна-шэрага ці чорнага колеру даўжынёй каля 30 см.

Інструменты, якія спатрэбяцца: іголкі, швейная машынка, нажніцы, лінейка, сантыметровая стужка, кравецкая крэйда.

  1. Абмераць вышыню тэрмаса і даўжыню акружнасці яго донца.
  2. Выразаць з фетру аліўкавага колеру асноўную дэталь для бакавых сценак і донца.

Дэталь для бакавых сценак: прастакутнік, адзін бок якога роўны вышыні тэрмаса (мінус 5 см) плюс 2 см на прыпускі; другі – даўжыні акружнасці донца плюс 2 см на прыпускі.

Дэталь для донца: круг, дыяметр якога роўны даўжыні акружнасці донца тэрмаса, дзеленага на 3,14 (d = l ÷ p) плюс 1 см на прыпускі.

  1. Выразаць з фетру цёмна-шэрага колеру дэталь для верхняй часткі чахла: прастакутнік, адзін бок якога роўны 5 см плюс 4 см на завязкі, а таксама плюс 2 см на прыпускі швоў. А другі – даўжыні акружнасці донца плюс 2 см на прыпускі.

ПРЫКЛАД: для тэрмаса, вышыня якога роўная 28 см, даўжыня акружнасці донца 26 см, спатрэбяцца такія дэталі: прастакутнік 25*28 і круг дыяметрам 9,3 з фетру аднаго колеру, прастакутнік 11*28 з фетру іншага колеру.

  1. Са светла-шэрага фетру выразаць дэкор і прышыць да асноўнай дэталі для бакавых сценак аліўкавага колеру.
  2. Адтуліна для завязак. У прастакутніка цёмна-шэрага колеру адагнуць 2,5 см па баку, які роўны даўжыні акружнасці донца, вываратным бокам унутр, прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць на машынцы, адыходзячы ад краю прыкладна 0,5 см.
  3. Скласці вонкавымі бакамі паміж сабой прастакутнікі аліўкавага і цёмна-шэрага колераў уздоўж аднолькавых па памеры бакоў. Прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць на машыне, адыходзячы ад краю прыкладна па 1 см у кожнага прастакутніка.
  4. Сшытыя дэталі скласці папалам вонкавай часткай ўнутр, прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць, адыходзячы ад бакавых краёў прыкладна па 1 см і не даходзячы прыкладна 1 см да верхняга краю (там, дзе будуць завязкі).
  5. Прышыць донца. Не пераварочваючы на ​​вонкавы бок пашытыя дэталі для бакавых сценак, прыфастрыгаваць да ніжняй іх часткі, а затым прыстрачыць круг аліўкавага колеру, пакідаючы прыпускі на швы.
  6. Вывернуць на вонкавы бок пашыты чахол, працягнуць у адтуліну для завязак шнурок.

Чахол для кубка

 

Матэрыялы, якія спатрэбяцца: фетр, ніткі, рэшткі прадзіва, стужка-ліпучка Velcro.

Інструменты, якія спатрэбяцца: іголкі, нажніцы, лінейка, сантыметровая стужка, кравецкая крэйда.

 

Абмераць вышыню і даўжыню акружнасці донца кубка. Выразаць з фетру патрэбнага колеру прастакутнік, адзін бок якога роўны вышыні кубка, а другі – даўжыні акружнасці донца плюс 2 см на засцежку. Зрабіць у прастакутніку прарэзы для ручак. Прышыць да чахла засцежку са стужкі-ліпучкі ў адпаведнасці з формай кубка, дэкор з фетру.

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра