Рэцэпт вясновых “жаваранкаў” – абрадавага печыва

Пра Гуканне вясны на Беларусі нам ужо расказвала Наста ГЛУШКО. У сваім артыкуле яна ўзгадала пра адмысловае абрадавае печыва ў выглядзе жаваранкаў. Наста падзялілася і сваім рэцэптам.

Раней, на Саракі, выпякалі 40 жаваранкаў і верылі , што ў гэты дзень вяртаюцца птушкі. Гэтае печыва раздавалі дзецям, тыя падкідалі яго ўгору, заклікаючы птушак хутчэй вяртацца і прыносіць вясну. Форма печыва залежыць ад рэгіёна, дзе яго выпякалі. На Гомельшчыне нажом выразалі з цеста пляскатыя выявы птушак, называліся яны чыркамі. На Палессі рабілі галёпы – своеасаблівае печыва ў форме буслінай лапы. Мы пячом адмысловыя булачкі-жаваранкі, якія вядомыя па розных раёнах Беларусі, напрыклад, такія пякла мая бабуля з Барысаўшчыны, ёсць згадкі з Гарадзеншчыны. Робім іх здобнымі, а раней цеста магло быць і прасцейшае.

РЭЦЭПТ

Для вырабу «жаваранкаў» падыходзіць любое дражджавое цеста, вось мой варыянт.

Для салодкага  здобнага дражджавога цеста спатрэбіцца (без апары):

  • Дрожджы – 1\2 пачка;
  • Цукар –  1\2 шклянкі;
  • Малако – 1 л;
  • Яйкі – 2-3 шт.;
  • Масла сметанковае – 1\2 пачка;
  • Мука – блізу 2 кг, залежна ад колькасці вадкасці;
  • Крыху солі;
  • 2 ст.л. смятаны.
Ілюстрацыя: Ірына Бельская

 

  1. Дрожджы з цукрам расцерці, пасля дадаць цёплага (не гарачага) малака, яйкі, масла растопленае, соль , смятану.
  2. Размяшаць, паступова дадаваць прасеяную  муку, замясіць цеста, крыху больш тугое, чым на велікодныя булкі, каб печыва было крапчэйшым.
  3. Даць цесту пастаяць прыкладна 30 хвілін, яшчэ раз вымесіць.
  4. Жаваранкі рабіць наступным чынам: жмуток цеста раскачаць кілбаскай і завязаць у вузельчык. З аднаго канца вузельчыка зрабіць дзюбу, другі распляскаць для хвосціка, нарэзаць нажом, нібыта пёркі, можна зрабіць вочкі з разынак ці перцу.
Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра