Шкілетаванне лісця

Шкілетаваным называюць тое лісце, у якога адсутнічаюць мяккія тканкі і засталіся адны жылкі. Іна ДАНЧАНКА, мастак і майстра ашыбаны, заснавальніца Школы жывапісу кветкамі і лісцем, падзялілася з ALOVAK сваімі парадамі па шкілетаванню лісця ў хатніх умовах.

Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
Фота: Кацярына Буто

Шкілетаванае лісце служыць выдатным матэрыялам для стварэння паштовак, дэкупажу, скрапбукінгу, інтэр’ерных кампазіцый, упрыгажэнняў, пацінавання, а таксама карцін у тэхніцы ашыбаны. Такое лісце можна купіць, а можна вырабіць самастойна ў хатніх умовах.

Парады Іны Данчанка:

1.Асноўныя спосабы шкілетавання:

  • Сухі (даволі працаёмкі спосаб, пры якім мяккія тканкі лісця выдаляюцца пры дапамозе шчоткі з жорсткім натуральным шчаціннем);

  • Мокры (самы просты, але не самы хуткі спосаб, пры якім лісце змяшчаецца ў слоік з вадой на некалькі тыдняў);

  • Хімічны (эфектыўны спосаб, пры якім лісце варыцца ў вадзе з дадаткам парашку для прачысткі труб (тыпу “Крот”, 1 сталовая лыжка на рондаль з вадой) на працягу 1-2 гадзін).

2.Пры шкілетаванні мокрым ці хімічным спосабамі пасля таго як вы дастанеце лісце з вады, яго трэба прамыць, а потым асцярожна пацерці пальцамі, каб сышла мякаць. Раю пры гэтым надзець гумовыя пальчаткі з пупырышкамі. Калі мякаць не сыходзіць – варым яшчэ. Жорсткае лісце трэба чысціць зубной шчоткай на драўлянай дошцы, пры гэтым зубную шчотку неабходна пастаянна змочваць вадой.

3. Шкілетаванне вельмі эфектыўнае для лісця фікусу, платану, клёну, явару, бярозы, ліпы і асабліва грэцкага арэху. Лісце каштану і вярбы вельмі далікатнае – яго складана ашкілеціць, але магчыма. Пачаткоўцам у гэтай справе раю браць шчыльнае лісце, на адваротным баку якога добра бачныя прожылкі.

4.Пасля ашкілечвання трэба пакінуць лісце сушыцца – можна на паветры, можна пакласці пад прэс. Ці адразу прагладзіць цёплым прасам.

5.Шкілетаванае лісце можна заўважыць і на вуліцы – сама прырода стварае такое лісце, трэба проста яго своечасова заўважыць і падняць. Таксама лісце могуць “аб’есці” якія-небудзь насякомыя, што таксама можа быць прыгожа.

6.Пасля выварвання лісце можна апусціць у адбельвальнік (тыпу «Белізны») напалову з вадой – лісце атрымаецца як найтанчэйшыя белыя карункі, вельмі прыгожа.

7.На многіх сайтах рэкамендуюць для шкілетавання варыць лісце з содай. На мой погляд, гэты спосаб зусім не эфектыўны, сода спраўляецца з вельмі нямногім лісцем. Так, некаторае лісце ашкілечваецца, але ў такім выпадку бывае дастаткова нават простага кіпячэння ў вадзе без усялякіх дадаткаў – мяккаму, няшчыльнаму лісцю, тыпу клёну, гэтага хапае.

Карысная інфармацыя

Больш падрабязную інфармацыю і майстар-класы па шкілетаванні можна знайсці на сайце Іны Данчанкі, а таксама на яе канале YouTube:

innadanchenko.com

youtube.com/channel/UCiz0FEsWV9X5-WTMUe46EHg

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра