Лямцавы свет Вольгі Ахмеравай

Мы наведалі курсы, якія праводзіць таленавіты майстар па валянні з воўны, дасведчаны выкладчык Вольга Ахмерава. Вольга вучыць ўсіх жадаючых працаваць з лямцам больш за 8 гадоў. Многія яе вучаніцы сталі паспяховымі майстрамі па валянні, таму мы не сумняваліся, што без новых ведаў з занятка не сыйдзем. Так і выйшла. Акрамя таго, Вользе атрымалася за 4 гадзіны зарадзіць нас выдатным настроем і натхніць сваімі дзіўнымі аповедамі пра воўну.

Тэкст, фота: Кацярына Буто

– З чаго пачалося ваша захапленне воўнай?

З лялек. Я ўжо вельмі даўно раблю фарфоравыя лялькі. Аднойчы для адной лялькі мне спатрэбіліся маленькія валёнкі, шукала сувенірныя, але не знайшла і вырашыла зрабіць сама. У той час асаблівых матэрыялаў не прадавалася, я пачала шукаць у Інтэрнэце якую-небудзь інфармацыю і адкрыла для сябе цэлы свет… Вось зрабіла гэтыя валёнкі і захварэла воўнай, нават лялек амаль закінула. Ёсць так званая “лямцавая” хвароба, калі чалавек пачынае валяць і ўжо не можа спыніцца (смяецца). Я займалася і лялькамі, і парцалянам, і керамікай, але воўна мяне зачапіла, як нішто іншае. Думаю, гэта звязана з маёй любоўю да прыроды, бо шэрсць – натуральны матэрыял. У лямцы – такая станоўчая энергія, энергія авечак… Уяўляеце, гэтыя жывёлы аддаюць сваю поўсць добраахвотна: яны ўдзячны чалавеку, калі не падстрыгчы авечку – ёй дрэнна, горача. Толькі, на жаль, авечыя чароды ва ўсім свеце скарачаюцца, таму што жыццядзейнасць чалавека знішчае поплавы, на якіх пасуцца авечкі. Гэтых лугоў з кожным годам усё менш, а значыць, вытворчасць воўны зніжаецца, таму яна пастаянна даражэе.

Я займалася і лялькамі, і парцалянам, і керамікай, але воўна мяне зачапіла, як нішто іншае.

– Ці любіце вы выкладаць, што для вас значаць вашы заняткі?

Па адукацыі я – педагог. Не ведаю, ці люблю выкладаць, але, напэўна, люблю, раз у мяне ёсць патрэба дзяліцца ведамі. У мяне ніколі не ўзнікала жадання, як у некаторых майстроў, каб не было канкурэнтаў. Я наогул пазбаўленая боязі, што мае працы будуць паўтораныя. На самай справе ідзе нейкі зваротны працэс, за які мае блізкія нават мяне папракаюць – на тых жа кірмашах, дзе я ўдзельнічаю, стаяць майстры, якіх я калісьці навучыла валяць, вучні розных гадоў. Заўважыла, што ёсць такія майстры – суперпрафесіяналы ў сваёй справе, а навучыць не могуць… Усё ж такі павінен быць дар падаваць інфармацыю. У выкладчыка павінны быць не толькі ўменні і навыкі, але і педагагічныя здольнасці. Маё вялікае шчасце, калі мае вучні становяцца больш вядомымі, чым я. Сапраўды гэтак жа перажываю з-за іх няўдач.

Маё вялікае шчасце, калі мае вучні становяцца больш вядомымі, чым я. Сапраўды гэтак жа перажываю з-за іх няўдач.

– Раскажыце пра ваш гурток больш падрабязна.

Курсы праходзяць з 1 кастрычніка па 1 чэрвеня, кожную суботу з 10.00 до16.00. Але далучацца можна ў любы час, магчыма разавае наведванне, майстар-клас. У канцы года вучні здаюць экзамен па валянні, дыпломную працу-праект і ўдзельнічаюць у выставе ў галерэі «Берагіня» ў галоўным корпусе БНТУ, якая штогод праходзіць з 1 па 10 чэрвеня. Але нават тыя, хто прыходзіў на мае заняткі адзін ці пару разоў, таксама могуць выставіць свае вырабы. Я заўсёды гэта вітаю.

– Што трэба ўзяць з сабой пачаткоўцу?

Гэта залежыць ад таго, што збіраецца чалавек рабіць. Але калі ён наогул не знаёмы з воўнай і прыходзіць  першы раз, нічога браць не трэба. Пачаткоўцам я даю ўсе прылады і матэрыялы (з наступнай кампенсацыяй). Калі ў вучня ёсць вопыт, ён, як правіла, ведае, што яму прынесці. А лепш за ўсё тэлефанаваць мне перад тым, як прыйсці.

– Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які вырашыў заняцца валяннем з воўны?

Не трэба ні вышэйшай, ні мастацкай адукацыі, можна не ўмець маляваць! А вось уседлівасць і рукадзельны характар ​​вітаюцца, бо бываюць людзі, якія ў прынцыпе не здольныя да карпатлівай ручной працы.

Чароўныя працы Вольгі Ахмеравай

– Што вы параіце пакупнікам лямцавых вырабаў? На што варта звярнуць увагу пры іх набыцці?

Трэба паглядзець розныя працы, абысці майстроў і дакрануцца да лямцу. Навобмацак ён павінен быць спружыністым, жорсткім, добра зваляным. Ён не павінен распаўзацца, пушыцца, прамакаць. Калі лямец добра зваляны, то ён не прапускае ваду, калі недаваляны – будзе, як прамакатка, убіраць вільгаць і набракаць. Добра было б знайсці прафесійную працу для параўнання. А яшчэ лепш паспрабаваць зваляць што-небудзь самому. Я ўвогуле заўсёды рэкамендую купляць лямцавыя вырабы, тыя ж валёнкі, альбо ў добрых майстроў, альбо самім рабіць. Вытворчае валянне мала агульнага мае з тым, што робяць майстры. Калі мы валяем з дапамогай шчолачных раствораў (мыла), то на вытворчасці выкарыстоўваюць хімічныя кіслотныя рэагенты, насычэнні, з-за чаго забіваецца ланалін. А менавіта ланалін надае воўне лекавы эфект, таму і тэпцікі, і валёнкі з воўны лепш за ўсё насіць на босую нагу.

Замест пасляслоўя

Вольга Ахмерава: “Ёсць тры папулярныя пытанні сярод пачаткоўцаў, на якія практычна немагчыма даць адказ:

  • Колькі дакладна неабходна воўны?
  • Колькі часу пойдзе на валянне?
  • Які будзе вынік?

Я заўсёды ў такіх выпадках адказваю: у залежнасці ад таго, якой воўны, колькі слаёў яе раскладваць, якія рукі будуць валяць, якім мыльным растворам змочваць… На гэта ўсё нават жорсткасць вады ўплывае!”.

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра