Мастак-мультыплікатар Генадзь Буто: “Усе аніматары ў большасці сваёй – энтузіясты…”

Калі мы шукалі героя для рубрыкі «Творчы шлях», мы адразу падумалі пра аніматара Генадзя БУТО. Узяць у яго інтэрв’ю для першага нумара аказалася вельмі сімвалічна. Па-першае, Гена пазнаёміў суаўтараў часопіса, па-другое, ён увасабляе ўсіх тых творчых людзей, якім наш часопіс прызначаецца. Чалавек з акадэмічнай адукацыяй, для якога творчасць – гэта прафесія. Але акрамя гэтага Гена Буто сваім прыкладам паказвае, што і без спецыяльнай адукацыі (у дадзеным выпадку ў галіне анімацыі і рэжысуры) можна дасягнуць поспеху.

Пра вучобу і любоў да анімацыі

– Гена, ты скончыў факультэт прамысловага дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў, але па спецыяльнасці ніколі не працаваў. Як прыйшло ўсведамленне таго, што трэба было выбраць іншы накірунак?

Яшчэ да таго моманту, як паступіў (смяецца). Слова «дызайн» у той час гучала модна, прагрэсіўна, ярка. Але я разумеў, што гэта не сапраўднае мастацтва, не жывапіс. Новае спачатку заўсёды выклікае інтарэс: ты ва ўсё ўнікаеш, захапляешся, паглыбляешся … І я здолеў сябе пераканаць, што я сапраўдны прамдызайнер. Але чым далей, тым больш разумеў, што ў мяне з прамысловым дызайнам унутраны канфлікт. Мяне ўвесь час кудысьці цягнула – то да анімацыі, то да жывапісу. Падчас вучобы я фрылансіў, пачынаў рабіць нейкія ролікі, і ўжо бліжэй да дыплома ўсвядоміў, што не хачу быць дызайнерам, што дыпломная праца будзе апошнім маім праектам, звязаным з прамысловым дызайнам.

– З чаго пачалася любоў да анімацыі? Як ты да гэтага прыйшоў?

Анімацыяй захапіўся ўжо ў сталым узросце. Калі ў мяне з’явіўся камп’ютар, я пачаў вывучаць Photoshop, а пасля – модны тады 3ds Max (даволі хутка я перайшоў на Maya). І я ўбачыў тады: вось яно што, там ёсць камеры, святло можна ставіць, сапраўдная рэжысура! Зразумеў, што мяне да ўсяго гэтага цягне – здымаць, кіраваць камерамі. А яшчэ я заўсёды марыў здымаць фільмы. Да гэтага часу гэтая мара нікуды не знікла: мець сваю камеру, здымаць сваё кіно, не абавязкова анімацыю.

– Звычайна ж, наадварот, прыходзяць да 3D-анімацыі …

Па-першае, я проста рабіў 3D, лічыў сябе 3D-аніматарам, а потым вырашыў, што вакол шмат тэхнічных спецыялістаў, якія робяць не горш. Зразумеў, што без малявання доўга не магу. Я лічу, што, калі табе дадзена нейкая здольнасць, яе трэба абавязкова рэалізоўваць, не закопваць. А значыць, калі мне дадзена маляваць, то не маю права гэта хаваць. Па-другое, 3D-анімацыя стала вельмі распаўсюджанай і нават моднай, але я папулярнае не люблю, таму вырашыў сыходзіць у «апазіцыю», 2D-анімацыю. Таксама мне падабаецца графічнасць і незвычайнасць. У гэтым плане 2D-анімацыя дае больш магчымасцяў, яна можа быць вельмі рознай. 3D-анімацыя, як правіла, досыць аднолькавая.

Я лічу, што, калі табе дадзена нейкая здольнасць, яе трэба абавязкова рэалізоўваць, не закопваць.

– Што для цябе анімацыя?

Я ўспрымаю анімацыю не як мультфільмы для дзяцей, а як мастацтва ажыўлення графікі. Выяўленчае мастацтва, якое набывае вымярэнне часу, з’яўляецца не статычным, а развіваецца ў часе, – гэта і ёсць анімацыя.

Анімацыя – гэта рамяство, працаёмкая рамесная праца. У адрозненне ад іншых відаў выяўленчага мастацтва тут немагчыма схалтурыць. Так, напрыклад, ты не можаш няправільна намаляваць прапорцыі чалавека або ў 3D павярнуць галаву не так, як гэта закладзена анатоміяй. Уся халтура лёгка вылезе, што будзе адразу відаць.

У анімацыі ёсць свае абмежаванні, але ўсё ж такі нездарма кажуць, што анімацыя абмяжоўваецца толькі фантазіяй аўтара. У ёй магчыма значна больш, нават тое, што нельга зрабіць у гульнявым кіно. Як правіла, у анімацыі абмежаванні носяць тэхнічны характар. Гэта можа быць таксама бюджэт альбо заказчык, які стаіць за аніматарам. Галоўная задача аніматара падпарадкаваць усе гэтыя абмежаванні нейкай стылістычнай тэме, зрабіць так, каб гэтыя абмежаванні выглядалі выйгрышна.

Але за гэтую свабоду ў анімацыі даводзіцца плаціць вялікімі працавыдаткамі, часам свайго жыцця. З боку гэта ўсё выглядае вельмі весела і проста, а на самой справе – вялікая праца. У гэтым плане я зайздрошчу музыкам, якія могуць выпусціць не адзін альбом, у якім шмат песень і якая-небудзь, хоць адна, але абавязкова “трапіць у кропку”. У анімацыі такога няма: ты можаш некалькі гадоў рабіць адзін мультфільм і не адгадаеш – стане ён запатрабаваным ці не. Можна страціць большую частку свайго жыцця на мультфільм, а ён наогул не стане вядомым…

– Раскажы, каб чытачам было больш зразумела, колькі часу патрабуецца для працы над адным мультфільмам?

Вось глядзіце, 1 секунда – гэта 24 альбо 25 кадраў. Калі тэхніка класічная, то за 1 секунду трэба намаляваць 24 або 25 малюнкаў, якія будуць звязаны ў адно цэлае і ствараць нейкі рух. Аднак недастаткова зрабіць адны толькі малюнкі. Гэта больш чым карпатлівая праца, дзе ўсё павінна быць дэталёва распрацавана. Перш за ўсё сцэнарыст прадумвае, што адбываецца ў самой сцэне; раскадроўшчык робіць раскадроўку; лэйаўціст ставіць схему, дзе будзе знаходзіцца персанаж; аніматар малюе чарнавую анімацыю; затым фазоўшчык робіць фазоўкі; адзін чалавек апісвае контуры; далей ідзе заліўка; пасля гэтага – цені, фон; кампозер склейвае ўсё з фонам… Затым дадаюць спецэфекты і робяць мантаж. Адзін чалавек піша дыялогі, другі – музыку, а хтосьці – гукі. Такіх кадраў у адным мультфільме шмат тысяч. Перакладная анімацыя трохі прасцей у гэтым плане.

– Многія мараць аб прафесіі аніматара, мастака, дызайнера, мяркуючы, што яны складаюцца з адной толькі творчасці. Атрымліваецца, што гэта не зусім так?

У спецыяліста абсалютна любой прафесіі, якая нават звонку выглядае маляўніча, ляжыць велізарная праца. Калі чалавек дасягнуў поспеху – гэта не значыць, што яму гэта лёгка далося. Хутчэй за ўсё, ён шмат гадоў упарта працаваў. Вядома, бываюць выключэнні, ёсць таленты, якія ў пэўны час і ў пэўным месцы сталі запатрабаванымі ў грамадстве. Яны робяць нешта для сябе, і аказалася, што гэта модна, і людзям падабаецца гэта глядзець, слухаць. Так адбываецца, калі твае густы супадаюць з густамі мас. Я лічу, што ўся справа ў шчырасці: калі ты робіш тое, што ты хочаш, і тое, што ты робіш, падабаецца большасці, тады ты папулярны.

Я лічу, што ўся справа ў шчырасці: калі ты робіш тое, што ты хочаш, і тое, што ты робіш, падабаецца большасці, тады ты папулярны.

Аб рабоце ў Пецярбургу і фрылансе

 – Ты дастаткова доўга працаваў сам на сябе ў Мінску, чаму вырашыў пераехаць у Пецярбург?

Я зразумеў, што так бясконца можна рабіць нейкія дробныя анімацыйныя праекты і не прасоўвацца наперад. Мне захацелася прапусціць праз сябе рэальную вытворчасць поўнаметражнага 2D-мультфільма. Так я пачаў працаваць у студыі «Мельница». Тым больш ва ўсім свеце ўжо амаль не робяць 2D, нават у Disney зачынілі адпаведны аддзел. А ў Расіі, дзе анімацыя ледзь дыхае, робяць, прычым поўнаметражную анімацыю. Парадокс! Я вырашыў, што гэта ўнікальная магчымасць – паспрабаваць рабіць класічную анімацыю і нават не на камп’ютары, а на кальцы (паперы), сапраўдны олдскул. Прайсці праз гэта, атрымаць вопыт, нават проста запісаць радок у сваёй біяграфіі, рэзюмэ, што ты працаваў над поўнаметражным 2D-мультфільмам – і ўжо ў аніматара іншы статус. І практыка, вядома, бо лепшая школа ў кінематографе – практыка.

– Калі і чаму ты пакінуў «Мельницу»?

На прыканцы другога года працы ў «Мельницы», у кастрычніку 2013 года, мне прапанавалі зрабіць праект, якім я да сённяшняга дня займаюся. Таму прыйшлося сысці, бо сумяшчаць працу ў студыі з працай над праектам было немагчыма. Але сыходзіць я не хацеў – у асноўным з-за калектыву. І як раз-такі гэта і з’яўляецца самым галоўным недахопам працы ў адзіночку – нейкая сацыяльная ізаляцыя.

– Раз мы загаварылі пра працу па-за студыяй, раскажы, як табе працавалася самастойна? Бо ў цябе ўжо быў такі вопыт і да «Мельницы».

Як у любой справе, тут ёсць перавагі, так і недахопы. Галоўны плюс – нам усе зайздросцяць (смяецца). Людзі думаюць, што фрылансер – чалавек свабодны, яго не эксплуатуюць, ён робіць, што хоча. Але ўсё ж трэба быць вельмі мэтанакіраваным і самаарганізаваным, каб не паддацца ляноце і спакусам вольнага баўлення часу, не ўпасці ў пракрасцінацыю. А наогул лічу, што доўга працаваць на адным месцы шкодна для любога чалавека. Можа пачацца крызіс: і развіцця няма, і чыста псіхалагічна цяжка. Напрыклад, чалавек пачынае патрабаваць большага, чым гэта яму можа прадставіць працадаўца. Работнік застаецца незадаволены і развіваецца канфлікт. Гэта значыць, работнік дасягае максімальна магчымай «вышыні» ў гэтай фірме. Але наогул шмат залежыць ад чалавека, наколькі ён часта хоча абнаўляць ўсё ў сваім жыцці, спрабаваць нешта іншае. Дарэчы, для мяне гэта неабходнасць.

– І ўсё ж такі, што табе больш па душы: фрыланс ці офіс?

Быць гаспадаром самаму сабе, я не люблю эксплуатацыю… Фрыланс мяне напружвае адсутнасцю людзей, з якімі можна было б працаваць, гэта самы вялікі мінус для мяне.

– Ты беларускі аніматар?

Так, вядома, у мяне пашпарт беларускі, ды і ў Расіі мяне ўсё ўспрымаюць як беларуса. Калі кажуць пра мяне: «А, Гена, ён беларус».

Аб справах штодзённых

– Як ты ставішся да планавання сваёй працы і жыцця?

Лічу, што неабходна складаць планы. Вядома, можна на свой страх і рызыку спадзявацца на імправізацыю, раптам што-небудзь і выйдзе, але гэта малаэфектыўна. Трэба прадставіць, кім бы ты хацеў быць праз 5 гадоў. І запланаваць кожны крок, хай нават кожны месяц у адпаведнасці з вызначаным, інакш час хутка пройдзе. Асноўная праблема заключаецца ў тым, каб вызначыцца ШТО запланаваць. Ва ўсялякім выпадку для мяне, таму што я да гэтага часу не ведаю, чым хачу займацца… І гэта не абавязкова анімацыя. Хацелася б трохі ад яе адысці, пашырыць сваю дзейнасць. Я адчуваю, што мяне цягнуць і іншыя віды выяўленчага мастацтва, усё сумежнае з анімацыяй, відэа, напрыклад.

– Які твой распарадак дня?

Ён такі, што я ахвярую ўсім астатнім дзеля працы. Ёсць шмат спакусаў у выглядзе Інтэрнэту ды іншых адцягваючых увагу момантаў, таму я выпрацаваў для сябе схему, што я раніцай ўстаю і Інтэрнэт не ўключаю. А калі ўключаю, каб пошту паглядзець, то засякаю час. Я ўвесь час гляджу на гадзіннік, а калі праходзяць адведзеныя хвіліны, кажу «раз, два, тры» і выключаю Інтэрнэт. Вельмі асцярожны з ім, таму што ведаю, што можна лёгка страціць кантроль і пачуццё часу, таму я ўспрымаю Інтэрнэт як заахвочванне, узнагароду. Зрабіў працу – узнагародзіў  сябе Інтэрнэтам, 10-15 хвілін. Вядома, бываюць зрывы, калі я знаходжу нешта цікавае, і пакуль не дачытаю артыкул, не магу спыніцца.

– Чым акрамя анімацыі захапляешся?

Музыкай, выяўленчым мастацтвам, дызайнам, літаратурай… А яшчэ бегаю і хаджу ў спартзалу. Лічу, што калі б спортам не займаўся, то ў прамым сэнсе загнуўся б. Па-першае, гэта разганяе кроў, выпрацоўвае гармон шчасця, эндарфін. А па-другое, трэба рыхтавацца да старасці, дакладней супраціўляцца ёй.

– Хто цябе падтрымлівае?

Бацькі ў першую чаргу. З нейкага моманту, калі я пачаў атрымліваць ўзнагароды, яны сталі сур’ёзна ставіцца да маёй працы. А яшчэ вельмі падтрымлівае, калі людзі пішуць, як яны ўражваюцца і натхняюцца маімі мультфільмамі. Асабліва, калі стомлены, гэта так падбадзёрвае, з’яўляецца добрым стымулам.

Парады таленавітага чалавека

– Ці можа чалавек без спецыяльнай адукацыі працаваць у гэтай сферы?

Так, можа. Да прыкладу, я працую ў анімацыі без спецыяльнай адукацыі. А калі ты хочаш стаць рэжысёрам анімацыі, то табе нават маляваць не абавязкова. Чалавек, які не мае мастацкай або іншай спецыяльнай адукацыі, але які адчувае рух і мае кінематаграфічны нюх, можа працаваць рэжысёрам альбо займацца 3D-анімацыяй.

– А як атрымліваць спецыяльныя веды?

Зараз дзякуючы Інтэрнэту з гэтым наогул няма праблем. Можна атрымліваць такія веды, якіх табе не дадуць на тых жа курсах рэжысёраў і сцэнарыстаў. У Інтэрнэце можна знайсці карысныя рэсурсы, кнігі, сабраныя з усяго свету, прычым у любы момант. Галоўнае, вядома, ведаць англійскую мову, таму што 80 працэнтаў самай патрэбнай інфармацыі на англійскай, далёка не ўсё перакладаецца на рускую. Інфармацыі нават зашмат. Але яна нічога не дасць без практыкі. Практыка – лепшы спосаб навучыцца.

Парада Генадзя Буто:

Раю біблію анімацыі, кнігу – Richard Williams “The Animator’s Survival Kit – Animated”, яна ёсць у перакладзе ў Інтэрнэце разам з відэаурокамі. Каштоўная кніга.

– З чаго пачаць таму, хто вырашыў заняцца анімацыяй?

Як я ўжо казаў, няма нічога лепшага за практыку, трэба проста браць і рабіць. Але перш за ўсё варта спачатку вызначыцца, ці сапраўды па табе гэта, наколькі цікава табе, ці супадае з тваімі жаданнямі, здольнасцямі і магчымасцямі. Таму што ёсць такія людзі, якія загараюцца, пачынаюць рабіць, а праз нейкі час згасаюць, губляюць цікавасць. А анімацыя не для людзей, у якіх няма цярпення. Як сказаў Фёдар Хітрук2, аніматар – гэта чалавек з жалезным задам (смяецца). І калі чалавек зразумее, што анімацыя – гэта яго сфера, то ён “асуджаны”, паколькі нічога іншага, акрамя анімацыі, ужо не зможа рабіць. Усе сапраўдныя аніматары ў большасці сваёй – энтузіясты, якія, ня гледзячы на ​​ўсе цяжкасці (з грашыма, працай, умовамі), працягваюць гэтым займацца. Яны ненавідзяць яе, пастаянна кідаюць, але ўсё адно вяртаюцца.

– Як знайсці сябе?

Самае цяжкае пытанне. У першую чаргу трэба прыслухоўвацца да сябе. Калі займаешся нейкай справай і адчуваеш дыскамфорт – трэба адыходзіць ад гэтага. Гэта значыць трэба рабіць тое, што падабаецца. Калісьці мы з бацькам недастаткова разумелі адзін аднаго наконт адносінаў да працы. Ён казаў, што праца павінна прыносіць грошы, каб можна было на іх жыць, а не існаваць. І што праца не заўсёды прыносіць задавальненне. А я з ім не згаджаўся, бо лічу, што праца павінна прыносіць і задавальненне, і грошы. Навошта марнаваць жыццё на рэчы, якія цябе не падабаюцца? Трэба доўга і ўпарта працаваць у сваёй сферы, пакуль яна не пачне цябе забяспечваць. І хай гэта будзе складана, але каму цяпер лёгка.

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра