Беларускія календары на 2022 год

Універсальны падарунак на Новы год – гэта каляндар! Набліжаецца 2022 год – і мы сабралі розныя творчыя календары, якія сёлета падрыхтавалі беларускія мастакі і дызайнеры.

Навошта папяровы каляндар, калі ёсць Google-каляндар? Для прыгажосці, нагляднасці і захавання традыцый. А яшчэ добра, калі вайбер ці фэйсбук нагадае вам пра народзіны вашых сяброў. А вось дні народзінаў бабуль, якіх няма мэсэнджарах? А народзіны дзяцей сяброў, маленькіх пляменнікаў і хрэснікаў? Не кажучы ўжо пра гадавіну знаёмства і шлюбу! Вось такія даты лепей пазначаць у папяровых календарах, каб не забыцца павіншаваць дарагіх вашаму сэрцу людзей.

А календары 2022 апраўду атрымаліся даволі разнастайныя: мастацкія, паэтычныя, адукацыйныя, матывацыйныя – на любы густ. Выбірайце!

Каляндар на 2022 год з малюнкамі Надзеі Леановіч

Мастачка Надзея Леановіч стварае яркія карціны Мінска, якія каштуюць 400-500 еўра. А пазнаёміцца з яе працамі можна спачатку ў больш бюджэтным фармаце: можна набыць насценны (А3 фармат) ці настольны каляндар і любавацца замалёўкамі роднага горада. Замовіць каляндар можна непасрэдна ў мастачкі. 

Біяграфічны каляндар на 2022 год з вершамі Алеся Разанава

Сёлета не стала вялікага паэта Беларусі – і пражыць наступны год з ягонымі вершамі – гэта найменшае, што мы можам зрабіць для ўвекавечвання яго імя і творчасці. Каляндар мае 14 старонак (7 аркушаў, двухбаковы друк), папера крэйдаваная матавая, шчыльнасцю 200 г/м2. Замовіць каляндар можна праз выдавецтва. 

Беларускі бестыярый – каляндар 2022 пра беларускіх нячысцікаў

Цікавы каляндар вялікага фармату А3 на 2022 год у выкананні мастакоў Яўгена Ката @belarusian.bestiary і Артура Басака @belarusian_monsters прысвечаны беларускай міфалогіі. Змяшчае выявы, а таксама кароткія звесткі пра таямнічых міфалагічных істот, такіх як кікімара, хохлік, хут, гарцукі і іншых.  Набыць каляндар “Беларускі бестыярый” можна ў выдавецвте ці іншых кнігарнях і крамах.

Лёгкая мова – адрыўны каляндар на 2022 год

Каляндар-слоўнічак, які абяцае палепшыць ваш запас беларускіх слоў. Цудоўны падарунак для тых, хто хоча зрабіць першы крок да вывучэння сваёй нацыянальнай мовы. Падрыхтавала каляндар Яўгенія Дудзянкова, ён выдадзены на якаснай паперы, са спецыяльнай падставачкай і скрынкай-упакоўкай. Каляндар можна купіць у кнігарнях, а таксама замовіць праз аўтарку. 

Каляндар 2022 з малюнкамі Дар’і Альперн-Каткоўскай

Гэта суцяшальны каляндар для ўсіх, каму цяпер цяжка і хто мае патрэбу ў арт-тэрапіі кожны дзень. Проста глядзіце на коцікаў і камодзікі – і сагравайцеся цяплом з карцін беларускі з Ізраіля Дар’і Альперн-Каткоўскай. Замаўляйце такі каляндар непасрэдна ў мастачкі. 

Менск: горад і сонца – каляндар 2022 з замалёўкамі Марыі Каралёвай

Акварэльныя малюнкі Менска мастачкі Марыі Каралёвай дапамогуць расквеціць вам шэрыя будні на цэлы год! Каляндар фармата А3, складаецца з 7 аркушаў, шчыльнай крэйдаванай паперы. Аформіць перадзамову на каляндар можна на сайце выдавецтва.

Каляндар па-беларуску 2022 з малюнкамі і словамі на кожны дзень

У новы 2022 год з новымі беларускімі словамі і малюнкамі Дар’і Мандзік ад стваральнікаў календара “Не маўчы па-беларуску” – брэнда, які зарэкамендаваў сябе як найлепшы падарунак на Новы год. Набыць “Каляндар па-беларуску” можна ў Акадэмкнізе і іншых крамах краіны, напрыклад, у “Рагне”.

Улюбёныя носікі – гэта каляндар 2022 з акварэльнымі малюнкамі сабак

Мастачка Таццяна Багданава малюе партрэты жывёл і абрала для календара бяспройгрышную тэму – сабачкі.  Каляндар можна замовіць у двух фарматах: настольны домікам (14,8*18см) ці насценны А4 (21*30см). Для замовы пішыце непасрэдна Таццяне.

Квантавы каляндар 2022 – надзвычайнае выданне!

Рэпетытарка, папулярызатарка фізікі па-беларуску і мастачка Святлана Волчак стварыла каляндар  на падставе сваіх лекцый пра квантавую механіку і тэорыю адноснасці Эйнштэйна.  Каляндар можна бясплатна спампаваць тут  і раздрукаваць самастойна, а можна звярнуцца да мастачкі, каб замовіць ужо надрукаваны асобнік.

 

Кожны твой дзень 2022 – матывацыйны адрыўны каляндар

Аркушы з натхняльнымі фразамі і заданнямі, якія можна адрываць і выконваць кожны дзень. Каляндар Yearee быў даступны і па-беларуску, але яго, на жаль, хутка раскупілі! На сённяшні дзень каляндар можна купіць на рускай і англійскай мовах тут.

Каляндар ад Ліліі Бусаравай

Перакідны насценны каляндар на спружынцы памерам  24*22 см складаецца з  12 аркушаў і вокладкі з густоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Ліліі Бусаравай. Каляндар можна замовіць наўпрост у аўтаркі .

Каляндар ад Верасня

Музыка і даўншыфцер Верасень цэлы год здымаў яблыню насупраць свайго дома на хутары Валожынскага раёна. І з дапамогай  дызайнера Ігара Юхневіч зрабіў з фотаздымкаў насценны каляндар. У раскладзеным выглядзе каляндар памерам з ліст А3. Каб замовіць яго, пішыце Верасню.

Выцінаны каляндар ад мастачкі і народнага майстра Вольгі Бабурынай

Вольга Бабурына, пра якую мы ўжо пісалі раней, сабрала ў адным каляндары букет сваіх выцінаных Дрэваў Жыцця.
Фармат каляндара А5 15х21см, вертыкальны разварот, на скобах, папера мелаваная 130 гр, вокладка 200 гр.
Друкаваць свой каляндар Вольга будзе ў першай палове студзеня – для замовы пішыце мастачцы ў прыватныя паведамленні.

Міні-каляндар з магнітам ад Валерыі Вікторчык

Самы незвычайны каляндар у нашай калекцыі  – на магніце, яго можна павесіць, напрыклад, на лядоўню. Ён невялікі, памерам 8*17 см.  Гэты каляндар дакладна будзе ў вас увесь час перад вачыма! Каб набыць такі, звяртайцеся наўпрост да мастачкі Валерыі Вікторчык. 

Пранізлівы каляндар ад Тані Сіняўскай

Дызайнерка Таня Сіняўская перажывала, што сёлета не будзе выбару календароў на беларускай мове, то вырашыла стварыць свой. У сумным, але вельмі прыгожым календары – акварэльныя ілюстрацыі ад аўтаркі календара і пранізлівыя вершы беларускіх паэтаў.  Каляндар не прадаецца, але Таццяна дае дазвол на ягоны друк для асабістага выкарыстання – спампаваць аркушы можна тут. 

 

БОНУС:

Мы не ўключалі ў падборку аднастаронкавыя календары, але з нагоды 500-годдзя з даты выдання Францішкам Скарынам першай кнігі на нашай зямлі ў выдавецтве “Тэхналогія” выйшла два календары: адзін прысвечаны ўласна гэтай даце, а другі – 50-годдзю гібелі скарыназнаўцы Лявона Баразны.

Калі мы забыліся згадаць нейкі прыгожы каляндар на 2022 год, дадавайце яго ў каментарах!

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра