Як ствараўся “Неверагодны свет”

ALOVAK з радасцю падтрымлівае цікавыя творчыя ініцыятывы, таму не мог прамінуць кампанію па выданні дзіцячай кнігі “Неверагодны свет” ад грамадскай кампаніі “Годна”. Гэтая прыгожа праілюстраваная кніга складаецца з 200 загадак-рыфмаванак на беларускай мове аўтарства Юрыя Несцярэнкі. Ілюстратарка “Неверагоднага света”, vera.bei, расказала нам падрабязней пра тое, як стваралася кніга, а таксама дала свае парады мастакам-пачаткоўцам, якія б хацелі паспрабаваць свае сілы ў кніжнай ілюстрацыі.

Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
Ілюстрацыі: vera.bei

Наш часопіс жадае кнізе хутчэй знайсці свой шлях да чытача – таму заклікаем усіх аматараў якасных выданняў для дзяцей падтрымаць праект.  Калі вы хочаце зарэзерваваць сабе пару асобнікаў кнігі ці фінансава падтрымаць праект, то пішыце на мэйл hodnaby@gmail.com

Пра “Неверагодны свет”

– Якім атрымаўся неверагодны свет кнігі?:) Пазнаёмце нас з ім, калі ласка.

Кніга складаецца з рыфмаваных загадак Юрыя Несцярэнкі пра наш неверагодны свет. У ёй сабраны розныя прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету, прыродныя з’явы і яшчэ шмат іншага. Кніга дапаможа абагаціць веды пра навакольны свет і папоўніць слоўнікавы запас на роднай мове.

У агульнай колькасці ў кнізе атрымалася 56 старонак, 42 з якіх займаюць мае ілюстрацыі.

Акрамя звычайных старонак з загадкамі мы таксама зрабілі старонкі з гульнямі, дзе дзеткі змогуць праверыць сваю ўвагу і памяць.

– Як вы сталі ілюстратаркай “Неверагоднага свету”?

У гэтым праекце мне дапамаглі знаёмствы і прасоўванне сваёй творчасці. Шмат хто з мастакоў-пачаткоўцаў ў сілу сваёй неспрактыкаванасці не цэняць сваю працу і пакідаюць свае напрацоўкі на далёкіх паліцах замест таго, каб паказаць свету.  Гэта вялікая памылка, хоць мне страшэнна знаёмая.

Варта дзяліцца сваёй творчасцю, як мінімум у сацсетках. Гэта выдатны спосаб заявіць пра сябе, знайсці сваю аўдыторыю,  – і, як вынік, стаць ілюстратарам кнігі.

– Што для вас азначае гэтая кніга?

Для мяне гэта, шчыра кажучы, першы аж такі вялікі праект. Цяпер, калі я скончыла над ім працу, я значна больш упэўненая ў сваіх сілах, лепш разумею сябе і свае здольнасці, ведаю, у які бок рухацца, выразней бачу свае моцныя і слабыя бакі. Таксама мне ўжо даўно хацелася неяк спрыяць папулярызацыі беларускай мовы сярод маленькіх беларусаў. Я лічу, гэта важны ўклад у фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці.

Пра ілюстрацыі да кнігі

– Ці цяжка было прыдумляць ілюстрацыі?

Тут важную ролю адыгрывае ўменне візуалізаваць атрыманую інфармацыю. Я ў дзяцінстве вельмі любіла, калі мама распавядала мне казкі перад сном. І з-за таго, што я прасіла расказваць любімыя гісторыі літаральна сотні разоў запар, пазней у мяне з’явіўся касетны магнітафон, дзякуючы якому казкі на ноч перайшлі цалкам на іншы ўзровень. З’явілася разнастайная агучка, музыка, можна было пачуць гук старога млына, стук капытоў і розныя іншыя дробязі.

Зараз гэта моцна дапамагае мне ў працы, я магу літаральна адразу пасля чытання тэксту ўбачыць гатовы малюнак ў сваёй галаве, які застаецца толькі перанесці на паперу. Так атрымалася і з “Неверагодным светам”.

– Раскажыце падрабязней пра тэхнічны працэс ілюстравання кнігі.

Перад тым, як пачаць працаваць над ілюстрацыямі, я размеркавала ўсе загадкі ў сэнсавым парадку. Я старалася аб’яднаць усіх герояў агульным сюжэтам або асяроддзем, так іх разглядаць дзеткам стане значна цікавей. Калі ўвесь тэкст быў размеркаваны па старонках, пачалася больш творчая частка працы.

Грубыя накіды я звычайна раблю на паперы, пасля сканую і працягваю працу з імі ў Photoshop або Procreate. Гэта шматгадзінны працэс карпатлівай працы над дэталямі.

– У якой тэхніцы вы стваралі ілюстрацыі?

Я не вельмі люблю працаваць, седзячы на адным месцы шмат гадзін. Таму маляванне на планшэце – самы аптымальны варыянт для мяне. Мне падабаюцца сапраўдныя “ручныя” ілюстрацыі, і, на шчасце, мы жывем у такі час, калі тэхналогіі дазваляюць імітаваць розныя матэрыялы, тэкстуры і эксперыментаваць з тэхнікамі. Таму я часцей за ўсё выкарыстоўваю імітацыі алоўкаў, васковых крэйд, бывае нават акварэльных фарбаў.

– Акрамя ілюстрацый, у чым яшчэ заключалася ваша роля?

Гэтую кнігу я не толькі цалкам намалявала, але і падрыхтавала макет да друку, што не менш важна.

Пра кніжную ілюстрацыю

– Наколькі блізкія да тэксту павінны быць ілюстрацыі на ваш погляд?

Ілюстрацыі з’яўляюцца візуалізацыяй. Яны павінны як мінімум адпавядаць тэкставаму апісанню таго, што адбываецца ў кнізе, але далей палёт фантазіі толькі вітаецца. Важна толькі не моцна сыходзіць за рамкі здаровага сэнсу, трапляць у мэтавую аўдыторыю і на кожным кроку кансультавацца з заказчыкам.

– Як лічыце, якую ролю іграе мастак у стварэнні кнігі?

Я асабіста лічу, што лепшы інструмент у стварэнні кнігі – мова. Дасведчаны пісьменнік ведае, як прымусіць працаваць наша ўяўленне, і падбярэ словы так, што ніякія дадатковыя выявы патрэбныя не будуць.

Але, калі мы гаворым пра дзіцячыя кнігі, карцінкі іграюць не меншую ролю. Яны дапамагаюць дзецям даўжэй утрымліваць цікавасць і ўвагу. Ды і не будзем забываць, што, як і літаратура, жывапіс такое ж мастацтва. Кнігі, ілюстраваныя прафесійным мастаком, буду дзесяцігоддзямі захоўвацца ў вас не толькі на паліцы, але і ў памяці. У мяне дома да гэтага часу стаяць кнігі, якія я гадзінамі разглядала ў дзяцінстве. Ды і цяпер часам хочацца акунуцца ў гэтыя ўспаміны і зноў адкрыць іх.

Парады ілюстратарам-пачаткоўцам

Як стаць ілюстратарам кнігі?

Гэтае пытанне можна сфармуляваць трошкі інакш: як мне атрымаць пэўны заказ? Няхай гэта будзе кніжная ілюстрацыя, брэндбук альбо нават канцэпт-арт.

  • Усё залежыць ад вашага жадання, навыкаў і, што самае галоўнае, ад наяўнасці партфоліа. Вельмі важна мець у партфелі менавіта тое, чым бы вы хацелі займацца.
  • Намалюйце некалькі якасных малюнкаў для сябе і наперад! Калі вы шукаеце заказ звязаны менавіта з кніжнай ілюстрацыяй, вам варта знайсці адпаведныя ініцыятывы, выдавецтвы ці нават звярнуцца наўпрост да аўтара.
  • Першым часам можна зрабіць некалькі невялікіх валанцёрскіх праектаў, з якімі вы атрымаеце неабходны вопыт, выпрабуеце сябе і пойдзеце ў далейшае плаванне.

Як выглядае працэс ілюстрацыі кнігі?

  • Тут на самой справе няма ніякіх рамак, усё залежыць толькі ад вашай фантазіі. Кніжная ілюстрацыя можа быць выканана ва ўсіх вядомых чалавецтву тэхніках і стылях, важна ў выніку мець той прадукт, які трапіць у зададзеную мэтавую аўдыторыю.
  • Спачатку вывучыце брыф, падумаеце пра реферэнсы, зрабіце як мага больш накідаў, пашукайце прыдатную канцэпцыю свайго праекту, абмяркуйце гэта замоўцам. Калі не грэбаваць гэтым падрыхтоўчым этапам, поспех вам забяспечаны.
  • Мой стандартны пайплайн складаецца з наступных этапаў: накіды варыянтаў кампазіцыі, прапрацоўка чарнавіка, сканаванне і пераклад у лічбавы малюнак, падбор колеру, заліванне формаў, прапрацоўка дэталяў. З такім падыходам кожная старонка займала ў мяне 5-7 гадзін працы.

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра