Лэнд-арт – прыроднае мастацтва

У Беларусі ўжо адбылося некалькі фестываляў лэнд-арту – ці можаце вы з упэўненасцю сказаць, што ведаеце, што гэта за мастацтва? Мы вырашылі разабрацца ў тэорыі, а заадно даведацца больш пра мінулыя падзеі.

Тэкст: Іна Фіцнер
Фота: Аляксей Майсевіч (Land Art Camp Belarus 2016), Ганна Раманоўская (Land Art Camp Belarus 2017), Іна Фіцнер, Галіна Карчанкова (Land Art Festival у Сочы, 2018)

Сутнасць лэнд-арту

Лэнд-арт – адносна новы кірунак у мастацтве. Ён узнік у 1960-х гадах сярод мастакоў ЗША. Гэта быў свайго кшталту выклік класічным канонам, рамкам музеяў і галерэй. Творы мастакоў выйшлі за сцены музеяў і прыйшлі да прыроды, звязаўшы яе з чалавекам. На лэнд-арт аказалі ўплыў такія плыні, як мінімалізм, канцэптуалізм і мадэрнісцкія плыні: неапластыцызм і кубізм.

Большасць твораў лэнд-арту ствараюцца з прыроднага матэрыялу: галінак, камянёў, травы, пяску, частак раслін, ракавінак. Некаторыя паслядоўнікі гэтага мастацтва выкарыстоўваюць у сваёй творчасці металічныя канструкцыі, але гэта адыход ад уяўлення аб чыстым мастацтве, максімальна набліжаным да прыроды.

Сутнасць лэнд-арту ў тым, што праца выконваецца для аднаго пэўнага месца, з уласцівых яму матэрыялаў, і транспартаваць яе нельга. У рэдкіх выпадках творы лэнд-арту захоўваюцца ў музеях.

Натхненнем для стваральніка могуць стаць змены ў росце дрэў ці, напрыклад, мадуляцыі рэльефу. Гэта адпраўная кропка, “карані працы”. Кожны яе элемент мае свой тэрмін службы. У гэтым свеце няма нічога вечнага: усё ідзе туды, адкуль прыйшло. У лэнд-арце майстар павінен умець адпусціць сваю працу, прыняць і зразумець, што з часам яна абрынецца і стане часткай ландшафту, у якім знаходзіцца. Вось чаму ў чыста лэнд-артавых каркасах металічныя мацаванні не выкарыстоўваюцца – іх няма ў прыродзе, гэта чужыя ёй элементы. Майстры ствараюць свае працы ў сутворчасці з прыродай і ў выніку атрымліваецца галерэя прац пад адкрытым небам.

Land Art Camp Belarus 2017. Сафія Стралкова, Інна Лукаш, Яна Бойка, Расія – “Гульня ў хованкі”

Мастакі Зямлі

Адным з яркіх прадстаўнікоў напрамку лэнд-арту быў Роберт Смітсан, які загінуў падчас працы над сваім чарговым аб’ектам. Спіральны пірс, які ён стварыў на тэрыторыі Вялікага Салёнага возера ў Паўночнай Юце, лічыцца адным з самых вядомых і маштабных праектаў.

Сярод выдатных «мастакоў Зямлі», як часта называюць майстроў лэнд-арту, наступныя майстры: Уолтар Дэ Марыя, Эндзі Галдсуорсі, Дэніс Опэнгейм, Нэнсі Холт, Рычард Лонг, Хрыста.

Land Art Camp Belarus 2017. Работа з крапівой “Духі лета”, якая працягвала свой рост. Аўтары: Наталля Воўк і Інна Фіцнер, Беларусь.Адзін з найстарэйшых і найважнейшых фестываляў лэнд-арту ў Еўропе праходзіць у швейцарскім горадзе Грындэнвальд. У гэтым годзе ён адзначыць сваё 20-годдзе. Патрапіць на яго можна па асабістым запрашэнні заснавальніка фестывалю, фларыста і педагога Пітэра Хеса. На фестываль з’язджаюцца майстры з усяго свету. Сёлета Вольга Гайдукевіч другі раз будзе прадстаўляць Беларусь у Грындэнвальдзе. Многія вучні Пітэра Хэса праводзяць фестывалі лэнд-арту ў розных гарадах і краінах, папулярызуючы і развіваючы напрамак.

Вопыт Беларусі і Сочы

З кожным годам лэнд-арт пашырае геаграфію сваіх паслядоўнікаў і аднадумцаў. У Беларусі прайшоў не адзін фестываль лэнд-арту, заснаваны на прынцыпах адмовы ад любых штучных матэрыялаў. Двума з іх кіраваў Пітэр Хес.

Land Art Camp Belarus 2016 прайшоў на тэрыторыі пікнік-гатэля «Экспедыцыя» ў вёсцы Плешчаніцы Лагойскага раёна. Land Art Camp Belarus 2017 быў размешчаны на тэрыторыі аздараўленчага комплексу “Іслач парк” у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Фестывалі сабралі майстроў з Беларусі, Польшчы і Расіі.

А ў 2018 годзе на ампе свету фестываляў чыстага лэнд-арту з’явілася новая кропка – Сочы. Тут прайшоў першы ў горадзе фестываль лэнд-арту, які сабраў удзельнікаў з Расіі, Беларусі, Японіі і Малдовы.

Лэнд-арт фэст у Сочы, 2018. Жанна Султанава і Эля Уланава, Расія – “Ахоўнік Зямлі”

Фестываль арганізавалі Барыс Мяняйлаў і Барыс Заслаўскі – вопытныя майстры лэнд-арту і вучні Пітэра Хеса. Для іх абодвух фестываль у Сочы – гэта даўняя мара, якая ўвасобілася ў жыццё. Яны два разы бралі ўдзел у фестывалях у Беларусі, а сёлета арганізоўвалі фестываль у сваім горадзе.

Беларусь у Сочы прадстаўлялі Вольга і Надзея Гайдукевіч, Іна Фіцнер, Лора Белабровік і Валерыя Каравульная, якія ў складзе трох розных каманд стварылі свае непаўторныя работы.

Лэнд-арт фэст у Сочы, 2018. Лора Белабровік (Беларусь), Святлана Саўчанка (Расія), Святлана Варцаба (Расія) – “Пошук гармоніі”.

Чым шырэйшая геаграфія фестываляў, тым цікавейшы матэрыял для работ, якія можна выкарыстоўваць для арт-аб’ектаў. У гэтым артыкуле прадстаўлена падборка фота з фестываляў лэнд-арту ў Беларусі і Сочы. Лэнд-арту, у якім няма ні граму штучнага матэрыялу.

Лэнд-арт фэст у Сочы, 2018. Сафія Стралкова, Алена Ноздрава, Наталля Губарава – Алена Мамантава, Расія – “Вар’яцкія хвалі”
Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра