Унікальны музей валуноў у Мінску

Прапануем разам з намі прагуляцца па незвычайным музеі пад адкрытым небам. Парк-музей валуноў у Мінску – гэта выдатнае месца для таго, каб знайсці натхненне, зрабіць замалёўкі з натуры, дакрануцца да каменнага мінулага, папрактыкавацца ў сваіх фатаграфічных навыках і папоўніць калекцыю найпрыгажэйшых тэкстур.

Тэкст: Таццяна Хлапкова
Фота: Ірына Агейчык

6 фактаў пра музей валуноў у Мінску

  • Створаны ў 1985 годзе дзякуючы намаганням навукоўцаў-энтузіястаў з Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
  • Плошча тэрыторыі парка-музея 6,5 га.
  • Размешчаны на ўсходняй ускраіне Мінска, паміж Акадэмгарадком і мікрараёнам Уручча-2 у пойме былой ракі.
  • У музеі сабрана больш за дзве тысячы валуноў з усёй Беларусі.
  • Афіцыйны статус музея ўнікальнаму парку не прысвоены на сённяшні дзень.
  • У Еўропе ёсць толькі адзін аналагічны музей, у Літве, які значна меншы за мінскага субрата.

Ініцыятарам стварэння парку лічыцца  акадэмік АН Беларусі Гаўрыла Гарэцкі , брат пісьменніка Максіма Гарэцкага.

Зоны парка-музея

Давайце больш уважліва азнаёмімся з зонамі парку-музея валуноў:

  1. “Камень у жыцці чалавека”
  2. “Карта Беларусі”
  3. “Петраграфічны збор”
  4. “Форма”
  5. “Алея валуноў”
  6. “Жывільныя правінцыі”

Вы можаце спампаваць наш даведнік па парку валуноў,  раздрукаваць і разам з ім самастойна даследаваць гэты ўнікальны аб’ект, створаны сумеснымі намаганнямі прыроды і чалавека.

Камень у жыцці чалавека

У гэтай частцы парку сабраны валуны, якія так ці інакш звязаны з духоўным, культурным і гаспадарчым жыццём беларусаў (больш падрабязна пра камяні ў жыцці беларусаў чытайце ў матэрыяле Насты Глушко – заўв.рэд.). Экспанаты зоны “Камень у жыцці чалавека” асабліва каштоўныя тым, што яны былі сведкамі шматлікіх гістарычных і культурных падзей мінулага.

  • Характэрны гіганцкі валун дыяметрам больш за 2,5 метра з высечанай на ім канаўкай-баразёнкай. Доўгі час навукоўцы былі ўпэўнены, што ён з’яўляўся нарыхтоўкай для будучых жорнаў, пазней высветлілася, што гэта элемент старажытнай абсерваторыі: па месцазнаходжанні Сонца адносна канаўкі падчас усходу нашы продкі прадказвалі надвор’е і ўраджай.

.

  • Каменны крыж, высечаны з ружовага граніту, быў знойдзены на сярэднявечным магільніку ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. У цэнтры крыжа высечаны схематычны малюнак рыцара з мячом і шчытом, з каронай над галавой, каля ног – надпіс RSB, які расшыфроўваецца як Rex Stefan Batоry (кароль Стэфан Баторый). Паводле падання ў гэтым месцы пад Докшыцамі 450 гадоў таму абедаў польскі кароль Стэфан Баторый падчас аднаго з паходаў войскаў Рэчы Паспалітай на ўсход.

  • Адзін з самых папулярных экспанатаў у музеі – камень-валун Дзед. Калісьці ён стаяў на беразе Свіслачы, недалёка ад таго месца, дзе зараз знаходзіцца рэстаран “Старое Русло”. Ля каменя рос дуб у чатыры абхопы, ніжнія галіны якога былі ўнізаны стужкамі і вышытымі ручнікамі. Побач гарэла Нязгаслае вогнішча-Зніч і біла крыніца, вада з якой лічылася святой і лячэбнай. Усё разам гэта складала паганскае капішча. Галоўнай святыняй мінскага капішча з’яўляецца гэты самы Дзед – валун, што быў прынесены ледніком. Людзі звярталіся да каменя з самымі рознымі просьбамі: пра здароўе, замужжа, дзіця, добры ураджай. У пачатку XX стагоддзя капішча было разбурана. У 80-х гадах мінулага стагоддзя навукоўцы перавезлі Дзеда ў музей валуноў. Цікава, што знакаміты камень прыцягвае ўвагу і дагэтуль, каля яго амаль заўсёды можна ўбачыць цукеркі, садавіну, манеткі, купюры…

Карта Беларусі

У парку валуноў пры жаданні і наяўнасці фантазіі можна здзейсніць захапляльнае падарожжа па Беларусі. Літаральна за некалькі хвілін можна пешшу перасекчы нашу краіну ў любым кірунку. Справа ў тым, што на тэрыторыі зоны “Карта Беларусі” валуны выкладзены такім чынам, што з вышыні птушынага палёту парк-музей выглядае паменшанай копіяй нашай краіны і з’яўляецца своеасаблівай картай дзяржавы. Дзяржаўная мяжа паказана невысокім хмызняком. Межы, да якіх “даходзілі” ледавікі, выкладзены ланцужкамі з невялікіх валуноў (0,1-0,2 м3).

На “карце” захаваны ўсе змены рэльефу: сапраўдным узвышшам адпавядаюць штучныя пагоркі, нізінам – ямкі, дарожкі ўвасабляюць галоўную рачную сістэму, два невялікія басейны выступаюць у якасці возера Нарач і Мінскага мора. Раней дарожкі для нагляднасці пасыпалі белым жвірам, а ў “басейнах” была вада. Зараз, на жаль, нічога гэтага няма.

“Карта” арыентавана па баках свету і на ёй па геаграфічным прынцыпе размешчаны 600 валуноў, г.зн. яны ляжаць у тых месцах, адкуль былі прывезены. Аб’ём многіх валуноў дасягае 5-6 м3 (вагай каля 10-12 тон). У месцы размяшчэння горада Мінска і абласных цэнтраў пасаджаны па тры елкі.

Гарызантальны маштаб карты 1:2,5 тыс., вертыкальны 1:100. Гэта значыць, зрабіўшы крок даўжынёй 1 метр, вы “пройдзеце” 2,5 кіламетра, а калі вы бачыце пагорак вышынёй у 3 метры, то гэта 300 метраў над узроўнем мора.

Петраграфічны збор

Беларускі музей валуноў унікальны і тым, што прадстаўленая калекцыя камянёў – жывая энцыклапедыя для студэнтаў, у якой наглядна можна атрымаць веды пра горныя пароды. У паўднёва-ўсходняй частцы парку-музея знаходзіцца зона пад назвай “Петраграфічны збор”. Экспазіцыя ў гэтай зоне выканана ў выглядзе кола, падзеленага на чатыры сектары, у якіх размешчана калекцыя ледніковых валуноў з розных па складзе і паходжанні горных парод. Замкнёная плошча кола сімвалізуе ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць рэчываў у прыродзе.

Форма

На ўсходзе парку размешчана зона “Форма валуноў”. Назва гаворыць сама за сябе: акрамя валуноў характэрнай формы, тут можна падзівіцца на мудрагелістыя камяні, якія нагадваюць, напрыклад, галаву чалавека або якой-небудзь жывёлы. У даўніну з гэтымі валунамі былі звязаны разнастайныя паданні: людзі былі перакананыя, што жывыя істоты могуць ператварацца ў камяні. Нярэдка можна было пачуць байкі пра тое, што з-пад нейкага каменя чулі жаласныя стогны.

Алея валуноў

Уздоўж пешаходнай сцяжынкі на захадзе парку цягнецца “Алея валуноў” – бесперапынны ланцуг з буйных камянёў, у якім маюцца асобныя “кішэні”. З часам да буйных валуноў, якія прыпадняты над паверхняй у цэнтры кішэняў, планавалася прымацаваць металічныя барэльефы па матывах народных легенд. На жаль, планам пакуль што спраўдзіцца не ўдалося.

Жывільныя правінцыі

Экспазіцыя “Жывільныя правінцыі” займае паўночна-заходні ўчастак парку. Ён уяўляе сабой пляцоўку з U-вобразным паглыбленнем у цэнтры, якая імітуе Балтыйскае мора з Батнічным і Фінскім залівамі, дзе фармаваліся і захопліваліся старажытнымі ледавікамі горныя пароды. Тут размешчаны экспанаты з сапраўды вядомымі адрасамі паходжання – кіруючыя валуны з парод шведскай, балтыйскай, фінскай і карэльскай жывільных правінцый. Размешчаныя тут валуны падказваюць, як зарадзіўся ледавік, які прынёс іх, якім шляхам ён рухаўся. Па ім можна вызначыць геалагічную будову тэрыторыі і нават склад глебы.

І яшчэ колькі фотаздымкаў Ірыны Агейчык для натхнення  пабываць у гэтым унікальным музеі пад адкрытым небам.

(c) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра