Як правесці святочны распродаж хэндмэйд-вырабаў?

Кожны майстар сваёй творчасцю прыносіць радасць у дом пакупніка, а радасць да пэўнага свята прыемная ўдвая! Зараз мы паэтапна разбяромся, як правільна арганізаваць акцыю ці распродаж вашых вырабаў, каб усе бакі засталіся задаволенымі: вы не пакрыўдзілі свайго ўнутранага творцу, а пакупнік набыў ваш тавар з прыемнасцю і выгадай.

У канцы артыкула ваш чакае бонус – прыклады афармлення пастоў пра распродажы беларускімі майстрамі

Тэкст: Таццяна Грослер
Ілюстрацыя на вокладцы: Ірына Бельская
Фота: unsplash.com, старонкі майстроў у Інстаграм

Больш артыкулаў на тэму творчага маркетынгу чытайце па хэштэгу #маркетынг

Пастаноўка мэты

Першае простае пытанне, якое вы мусіце сабе задаць – для чаго мне патрэбны распродаж? Уважліва ацаніце свой тавар у наяўнасці. Магчыма, пэўная прадукцыя была не вельмі запатрабаваная па асноўным кошце ці нейкія вырабы засталіся ў рэштках, а можа вам проста захацелася вызваліць месца для новых ідэй! Варта памятаць, што любы распродаж заўсёды прываблівае патэнцыйных пакупнікоў, а гэта значыць, што добра зладжаная акцыя прывядзе ў вашу краму новых кліентаў, дзякуючы якім вы зможаце павялічыць агульны аб’ём продажу.

Калі большая частка вашай працы пабудавана на папярэдніх замовах, вам трэба будзе вельмі адказна паставіцца да ацэнкі сваіх магчымасцяў: пралічыце колькасць замоваў, якія вы зможаце выканаць да пэўнага тэрміну. Раім арганізаваць акцыю, што распаўсюджваецца на пэўную колькасць замоваў, напрыклад, прапанаваць зніжку для першых дзесяці замоўцаў.

Памятайце, што сутнасць распродажу ў шанцы набыць нешта выгадна. Калі вы будзеце часта паўтараць акцыі на адзін і той жа тавар/паслугу, кемлівы пакупнік будзе звяртацца да вас выключна ў гэтыя дні.

Самыя частыя памылкі на гэтым этапе:

  1. Майстры набіраюць столькі замоваў, што перад Новым годам выпадаюць з сям’і, пазбаўляюцца сну і ўсё адно не паспяваюць выканаць усе замовы ў тэрмін, што негатыўна адбіваецца на рэпутацыі брэнда і здароўі майстра.
  2. Майстры перад распродажам забываюцца прааналізаваць, што прадавалася лепш, а што горш, каб для наступнага распродажу падрыхтаваць паболей хадавых тавараў.
  3. Майстры часам ладзяць распродаж, хаця і так маглі б ўсё распрадаць па больш выгадных для сябе коштах. Напрыклад, калі вы займаецеся вырабам елачных цацак, няма сэнсу ладзіць пераднавагодні распродаж.

Тэрміны і ўмовы

Такім чынам вы прааналізавалі вашыя магчымасці і вырашылі зладзіць святочны распродаж. Пачынаем!

Спачатку трэба выбраць, да якой даты вы падрыхтуеце сваю акцыю. Пастарайцеся распланаваць распродаж загадзя, таму што падрыхтоўка да такіх мерапрыемстваў патрабуе часу і ўважлівага падыходу. Нагодай могуць быць не толькі Каляды, 8 Сакавіка, Дзень маці, але і падзеі ў жыцці вашай майстэрні, напрыклад, “Нам 2 гады” або “У нас 5000 падпісчыкаў у інстаграме”. Як варыянт, можна ладзіць зніжкавыя дні для мэтавай аўдыторыі: студэнтаў, пенсіянераў; прапаноўваць зніжкі да дня народзінаў кліента, а таксама арганізоўваць дні аднаго кошту (“Усе Мядзведзікі па 10 рублёў”).

Вызначце дакладны часавы прамежак дзеяння акцыі. Раім не надта расцягваць тэрміны яе правядзення, каб кліенты былі абмежаваны ў часе і хутчэй прымалі рашэнне. Аптымальна адводзіць на акцыю не болей за 2-3 дні альбо да сканчэння тавару ў наяўнасці.

Падыходзім да вельмі адказнага моманту: вызначаем памер зніжкі на абраны тавар або прадумваем, якія менавіта бонусы будзе атрымліваць пакупнік у межах правядзення акцыі. Гэта можа быць зніжка на тавары абранай катэгорыі, падарунак у дадатак, продаж другога вырабу з вялікай зніжкай, бясплатная дастаўка ў любую кропку свету і гэтак далей.

Звярніце ўвагу, што маркетолагі не раяць рабіць зніжкі ніжэй за 15% і вышэй за 70%.

Можна арганізоўваць сумесную акцыю з іншым майстрам, прапануючы зніжку на яго тавар/паслугі. Суадносна, і яго кліенты атрымаюць бонусы ў вашай майстэрні.

Самыя частыя памылкі на гэтым этапе:

  1. Майстры робяць надта вялікую зніжку, што выклікае пытанні ў пакупніка адносна цэнаўтварэння тавараў і іх якасці.
  2. Майстры часам не гатовыя даць добрую зніжку, а зніжкі 5-10% не прыцягваюць належнай увагі.
  3. Часам майстры забываюцца, што зніжка мусіць быць такой, каб адпускны кошт не быў ніжэйшым за сабекошт выраба.

Падрыхтоўка тавару

Вось вы ўжо вызначыліся з прадукцыяй/паслугамі для акцыі. Зараз неабходна падрыхтаваць пост з таварамі, на якія распаўсюджваецца акцыя. А калі ў вас ёсць сайт, размясціць там інфармацыю пра акцыю і апісаць тавары на зніжцы. У самім апісанні можна падказаць пакупніку, чаму менавіта гэты падарунак будзе дарэчным для пэўнага свята. Але, самае галоўнае, не забудзьцеся аднавіць кошты. Абавязкова прапішыце старую цану. Можна выкарыстаць самы папулярны метад: закрэсліце старую, напішыце побач новую, “чырвоную” цану. Дапушчальна пакінуць першапачатковы кошт, але абавязкова пры гэтым напісаць адсотак зніжкі, які дзейнічае на прапанаваны выраб.

Звяртаем вашу ўвагу, што маркетолагі не рэкамендуюць свядома завышаць першапачатковы кошт, каб зрокава павялічыць памер зніжкі.

Распрацуйце агульную канцэпцыю падачы зніжкавых тавараў на сайце крамы. Можна разбіць па групах асобныя катэгорыі тэматычна, напрыклад, “падарункі для мамы”, “цацкі для дзяцей”, “тавары для мужчын” і пад. Не забывайцеся, што кліенту, які прыйшоў на распродаж, было б вельмі добра прадаць нешта і з новай калекцыі: прасачыце, каб распродажную лінейку суправаджалі дапаўняльныя і тэматычна падобныя тавары па асноўным кошце. Напрыклад, сёння на распродажы чароўныя брошкі, зрабіце так, каб пры іх праглядзе ваш кліент звярнуў увагу і на падобныя па стылю завушніцы, шалікі ці сумачкі. Памятайце, што адна з мэтаў распродажу – агульнае прыцягненне ўвагі да вашай майстэрні.

Самыя частыя памылкі на гэтым этапе:

  1. Майстры адмаўляюцца ад распродажаў, бо баяцца, што нехта падумае, што яны збіраюцца пазбавіцца ад вырабаў нізкага гатунку, якія не распрадалі па звычайных коштах.
  2. Майстры не ладзяць распродажы, бо не гатовыя прадаваць свае вырабы ніжэй за заяўлены кошт.
  3. Майстры не рыхтуюць абвестак пра хуткі распродаж ці недастаткова актыўна рэкламуюць акцыю на сайце ды ў сацыяльных сетках.

Запуск акцыі

Што ж, асноўную працу вы зрабілі! Прыйшоў час пазнаёміць кліентаў з запланаванымі акцыямі. Для гэтага выкарыстоўвайце ўсе магчымыя сродкі: ваш сайт, сацыяльныя сеткі, рассылку, асабістыя паведамленні пастаянным кліентам і г.д. Зладзьце конкурс сярод удзельнікаў сацыяльных сетак: разыграйце падарунак сярод тых, хто зробіць рэпост інфармацыі пра распродаж у вашай краме. Самае галоўнае – апавясціце як мага болей патэнцыйных кліентаў.

Істотна: у паведамленні абавязкова пазначце тэрміны акцыі і памеры зніжак, падарункі, бонусы, усё тое, што павінна зацікавіць пакупніка.

У той жа час не нагрувашчвайце паведамленне інфармацыяй, аптымізуйце тэкст вашага паведамлення, асабліва гэта актуальна падчас сезонных святаў, калі кожная майстэрня рыхтуецца да свайго распродажу і кліенту ёсць з чаго абіраць.

Што ж, усе кліенты азнаёмленыя з анонсам акцыі, у вас усё падрыхтавана для абнаўлення інтэрнэт-рэсурсаў і крамных палічак суадносна з умовамі распродажу, а вы гатовы да прыёму заявак – даем старт!

Самыя частыя памылкі на гэтым этапе:

  1. Страх быць занадта навязлівым са сваімі акцыямі і зніжкамі: ведайце, што вы несяце карысць, прыгажосць і выгаду кліенту, тады не будзе ніякага страху.
  2. Паўсюль спаміць свае прапановы таксама не варта – так і заблакаваць могуць, але данесці сваю прапанову да мэтавай аўдыторыі праз розныя сродкі прасоўвання трэба. 
  3. Ненаглядныя прома, у якіх немагчыма зразумець умовы акцыі: на што будзе зніжка, якія тэрміны акцыі, як атрымаць тавар за зніжкай. 

Апрацоўка замоваў

Калі акцыя стартанула, будзьце гатовыя да прыёму замоваў. Лепш пасадзіць за апрацоўку замоваў іншага чалавека, бо адцягваць увагу ад лепкі, вышыўкі ці выпечкі не дужа камфортна, і гэта можа негатыўна паўплываць на якасць вырабаў.

Будзьце ўважлівыя да кожнага пакупніка: удакладняйце ўсе дэталі замовы і ўносьце іх у базу. Афармляйце ўсё належным чынам, каб не пераблытаць замовы, аплаты і адрасы для дастаўкі. Папярэджвайце пакупніка, колькі яму давядзецца чакаць дастаўкі, і ўзгадняйце ўсе нюансы. Калі пакупнік застанецца задаволены не толькі вырабам, але і сэрвісам, ён дакладна да вас вернецца і, можа, яшчэ парэкамендуе сябрам.

Самыя частыя памылкі на гэтым этапе:

  1. Майстры часта не паспяваюць афармляць заяўкі. Часам вырабы разлятаюцца, як свежыя піражкі, і трэба своечасова здымаць з продажу тавары, якія скончыліся, каб не было накладак і не патрэбна было потым выбачацца і вяртаць аплаты.
  2. Часам сайты майстроў у першы распродаж могуць не вытрымліваць нагрузкі і віснуць. Калі хочаце пазбегнуць такой сітуацыі, можна папрасіць спецыяліста правесці нагрузачнае тэставанне загадзя.
  3. Час акцыі можа не супадаць з часам найбольшай актыўнасці падпісчыкаў альбо, наадварот, з вашай магчымасцю іх апрацоўваць. Паспрабуйце загадзя прааналізаваць найбольш зручны час і вызваліцца ад усіх справаў на гэты перыяд.
Мы жадаем вам добрых вынікаў правядзення распродажу і акцый вашых тавараў і паслуг, няхай гэты вопыт стане для вас плённым і натхняльным. Ужывайце на практыцы розныя інструменты маркетынгу, прыцягваючы тым самым новых кліентаў і павялічваючы аб’ёмы продажаў!

***

Бонус: прыклады афармлення пастоў пра распродажы беларускімі майстрамі

Мы знайшлі прыклады ўдалых з нашага пункту гледжання пастоў з інфармацыяй пра акцыі, распродажы і зніжкі ад нашых майстроў і брэндаў  – дзелімся імі з вамі. Пад кожным прыкладам вы знойдзеце спасылку на профіль майстроў у Інстаграм.

Стылёвыя і лаканічныя прыклады афармлення паста пра распродаж у профілі брэнда @okpodolins

Нічога лішняга: прыклад афармлення паста пра распродаж ад @peonstudio

Іфарматыўна і зразумела: распродаж ў @sashaborscheva

Яшчэ прыклад гарманічнага спалучэння тэксту пра распродаж і якаснага фота ў профілі @fajnodesign

Добры варыянт да святаў – падрыхтаваць акцыю. Напрыклад, у @palujan.arts пакупнікі ўпрыгажэнняў на вызначаную суму  дадаткова атрымоўваюць падарункі ў прыгожай скрыначцы.

Пазначаныя кошты на фота заўжды прыцягваюць увагу, асабліва, калі пазнака зроблена з густам. Прыклад распродажу ад @dianakiseleva.by

Яркае фота ці  ўдала зроблены калаж – таксама добрыя ідэі для распродажу. Прыклады ад @brand_mole і @woodintone

(С) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра