“Гліна ўсё адчувае” – творчая гісторыя Ірыны Козікавай

Новая творчая гісторыя ў ALOVAK – гэта аповед юрысткі-керамісткі Ірыны Козікавай, у дзявоцтве Знак, пра тое, як няпроста спалучаць творчае хобі з працай у офісе і мацярынствам, адкуль бярэцца натхненне, калі яму няма адкуль узяцца, і як дружная сям’я дапамагае перажыць любыя выпрабаванні лёсу.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Хрысціна Вярэніч, Юры Козікаў

Першая праца на аватарцы

Творчасць жыве са мной з самага дзяцінства, і я шмат чым займалася, але ніколі не разглядала свае захапленні менавіта як прафесію. Таму пасля школы паступіла на юрфак БДУ і атрымала юрыдычную адукацыю. А да керамікі мяне прывялі мае калегі-юрысты.

У 2014 годзе на мой дзень нараджэння я атрымала падарунак – майстар-клас па кераміцы. Схадзіла на яго – і больш кераміка мяне не адпусціла, бо гэта той напрамак, які дазваляе выразіць усё што заўгодна.  

Першае, што я зрабіла, была талерачка з дзяўчынкай. Смешна, але мой першы выраб дагэтуль стаіць у мяне на аватарцы ў інстаграме. А потым я пачала шмат чытаць, глядзець, знайшла ў Менску курсы для дарослых і стала развівацца. Было нейкае пачуцце эйфарыі, у той момант я нічога не ведала пра складанасці гэтага рамяства…

Складанасці і прыемнасці керамікі

Мне здаецца, што кераміка – гэта дарагое хобі. Акрамя спецыяльных матэрыялаў (керамічныя масы, палівы, ангобы, падпаліўныя фарбы і г.д.), патрэбна адмысловая муфельная печ, каб рабіць абпал (а гэта значыць плаціць за электрыцнасць, набываць печкавыя паліцы, стойкі, мяняць у печцы спіралі і рамантаваць яе). А калі ганчарыць – патрэбны ганчарны круг. Усё гэта можна арэндаваць, але таксама за немалыя грошы.

І галоўнае, што у кераміцы шмат неспадзяванак і дастаткова вялікі працэнт браку, што патрабуе перарабляць вырабы нанова. Напрыклад, калі ты ўпершыню выкарыстоўваеш пэўную паліву, ты не ведаеш, ці спадабаецца табе вынік. А перарабіць немагчыма. І нават калі выкарыстоўваеш знаёмыя матэрыялы, могуць быць сюрпрызы. 

Брак часцяком здараецца: то форма сказіцца, то паліва абцячэ…

Але гэта ўсё перакрываецца з лішкам цудоўнымі магічнымі момантамі, калі вось ты трымаеш у руках кавалак гліны, а потым – цалкам функцыянальны прыгожы выраб.

Я фанатка посуду, бо гэта неймаверная асалода піць каву і гарбату з “ручных” кубачкаў і есці з “ручных” талерачак. І калі мне гавораць, што “Вось, дзякуючы вам, нарэшце ў мяне з’явілася мая і толькі мая філіжаначка, і кава з яе самая найлепшая,” – я вельмі радуюся.

Я ляпіла і талеркі з кубкамі, і вазы з міскамі, і калядных гномікаў з аленямі. Нават брошкі з трымальнікамі для сурвэтак! Пад настрой раблю ўсё, што ў канкрэтны момант жыцця патрабуе душа і сэрца. Зараз, напрыклад, да Новага года будзе лімітаваная калекцыя цацак-тыгрыкаў – званочкаў на елку. Вельмі падабаецца займацца скульптурнымі працамі, але для гэтага патрэбна моцнае натхненне.

Удзел у “Чароўным млыне”

Мае вырабы пакажу ўжывую ў снежні на “Чароўным млыне”. Будзе шмат вельмі прыгожага посуду ў розных колерах на любы густ і навагоднія цацкі-тыгры. Спадзяюся, кожны здолее знайсці сярод маіх вырабаў тое, што ідэальна ляжа ў руку і будзе радаваць кожны дзень!

Я сур’ёзна падыходжу да ўдзелу ў творчым маркеце, бо гэта “выхад у свет” і прэзентацыя сваёй творчасці. У плане падрыхтоўкі, акрамя таго, што трэба зрабіць дастаткова вырабаў, важна аформіць стэнд, мець стол, упакоўку, заплаціць за ўдзел. Дарэчы, самае цяжкае – гэта дацягнуць усе вырабы да маркету: яны важаць бязмежна шмат.

Галоўнае, што дае мне маркет, – гэта магчымасць сустрэцца і пагутарыць з вялікай колькасцю людзей, убачыць іх рэакцыю на маю творчасць, зрабіць высновы: што больш падабаецца, што менш. 

Адбываецца магічны абмен добрай энергіяй, і, нягледзячы на тое, што ўздел у маркетах патрабуе вельмі шмат працы, я атрымліваю вялізарны зарад пазітыву. У цяперашні час гэта асабліва актуальна для мяне.

Кафля для каміна сваімі рукамі

Мне вельмі хацелася сваімі рукамі зрабіць абліцоўку каміннага партала. Гэта мая самая вялікая і складаная праца, якая, па праўдзе, яшчэ не скончаная. Пачынала я з таго, што глядзела работы замежных майстроў і шукала натхнення. Я разумела, што хачу атрымаць у выніку, але не зусім разумела, як гэта зрабіць. Шмат чытала перад тым, як пачаць рэалізоўваць ідэю.

Я выбрала не стандартны варыянт з квадрацікамі кафлі, а керамічнае пано, якое разразаецца па лініях малюнка, і потым сутыкі амаль не бачныя. Найбольш складана на першым этапе было прадумаць тэхнічныя моманты: якую ўзяць гліну і паліву, каб кафля не патрэскалася ад перападу тэмператур, як зрабіць, каб плітка не дэфармавалася, як вылічыць, якога памеру павінна быць усё пано, бо ў керамічнай масы дастаткова вялікі працэнт усадкі. Я рабіла пробнікі 10 на 10 см і глядзела, які памер застанецца пасля двух абпалаў. Засталося 9 на 9, то бок усадка 10%. Потым я вылічвала, колькі дадаць працэнтаў на швы паміж кавалкамі пано.

І толькі пасля ўсіх матэматычных разлікаў я раскатала вялізарны пласт гліны, давяла яе да больш цвёрдага стану і інструментамі выскрабала малюнак – нешта накшталт разьбы па дрэве. Потым рэзала на кавалкі, рабіла першы абпал, палівала і рабіла другі абпал. Мантаж пано на камін рабіла сама. Нікому не магла даверыць фінальны этап! Атрымліваецца цудоўна, хоць да канца яшчэ шмат працы.

Праца ў офісе ці творчы бізнэс

Нягледзячы на сур’ёзнае захапленне керамікай, пасля дэкрэтнага адпачынку я зноў стала працаваць юрыстам, бо сваю працу і калектыў я таксама вельмі люблю. Болей за тое, асноўная праца дазваляе мне мець сродкі на тое, каб рабіць у кераміцы менавіта тое, што я хачу, а не думаць, як зрабіць замову, каб зарабіць грошы і рухацца далей. 

Пакуль што хобі застаецца маім хобі, і я не разглядаю варыянт ператвараць яго ў працу. Хай для мяне праца будзе працай, а творчасць – творчасцю!

Канешне, у ідэале для керамікі павінна быць асобная керамічная майстэрня. Але тады трэба працаваць там, замест працы ў офісе, бо трэба зарабляць на арэнду і матэрыялы. Ці не бываць дома з роднымі ўвогуле і ехаць пасля працы ў майстэрню. Таму зараз мой выбар – гэта тварыць на маленькай лоджыі дома. Будзем лічыць, гэта мая маленькая майстэрня. Я магу, напрыклад, пакласці сына спаць і потым нікуды не з’язджаць – творчасць побач. Цяпер, пакуль я нешта раблю, сын гуляе з татам, а калі была ў дэкрэце, выдавала сыну кавалачак гліны – і ён побач са мной таксама нешта тварыў!

Вядома, і муж мне дапамагае. Калі я не магла пайсці вучыцца адліваць гіпсавыя формы, ён навучыўся гэтаму сам! А яшчэ ён захапляецца прадметнай фатаграфіяй і часам здымае мае вырабы. Засталося, каб муж навучыўся ганчарыць – і ў нас адбудзецца поўны творчы тандэм! 

Дарэчы, гэта ён робіць мне ўсё патрэбнае для майго стэнда (елачку, палічкі, скрыні) і цягае ўсю маю непад’ёмную кераміку. Таму ведайце: чым больш будзе куплена на “Чароўным млыне”, тым менш майму мужу давядзецца несці дахаты!

ЗНАКавая сям’я

Максім – мой старэйшы брат, розніца ў нас 10 гадоў. Шмат чым я натхнялася ад Макса: пачала граць на гітары, спяваць і стала юрыстам. За свой творчы шлях я вельмі ўдзячная матулі: яна вадзіла мяне шмат гадоў на маляванне і на танцы. Увогуле, бацькі заўсёды падтрымлівалі і хвалілі мае творчыя вырабы, таму было жаданне развівацца далей.

Я малявала з пяці гадоў. Калі захапілася керамікай – стала маляваць на талерачках. Паштоўкі з’явіліся ў маім жыцці, бо мне хацелася парадаваць чымсьці Макса пасля яго арышту. І я вырашыла маляваць паштоўкі па словах з ягоных песень, каб ён мог дасылаць іх камусьці яшчэ і такім чынам дзяліцца сваімі цудоўнымі песнямі. Аднымі з апошніх паштовак сталі парныя паштоўкі пра тое, як мы з Максам п’ем гарбату. Я намалявала сябе і “прывід” Макса разам за сталом, дзе мы п’ем гарбату з маіх паласатых кубачкаў. Максім адказаў, што, на жаль, у яго няма паштоўкі, дзе ён п’е гарбату з маім “прывідам”. Прыйшлося намаляваць “адказ”. Але, вядома, мы марым аб тым, каб піць гарбату разам тут і цяпер, а не на паштоўках.

З восені 2020 мяне адвярнула ад керамікі, быў не лепшы настрой, а з глінай нельга працаваць ў дрэнным настроі, бо яна ўсё адчувае – і потым на вырабах з’яўляюцца расколіны, нешта выбухае, паліва кладзецца не так, як трэба. Я не падыходзіла да сваёй хатняй “майстэрні” амаль год.

Так атрымалася, што я пачала публікаваць неверагодныя лісты Макса, стала голасам свайго брата, пераключылася на паштоўкі. Маё актыўнае вяртанне да керамікі, напэўна, гэта тонка ўсталяваная душэўная раўнавага і пошук натхнення. Праз кераміку ў тым ліку я магу нагадаць людзям, што ёсць такі неверагодны і творчы чалавек – Максім Знак. 

Дзяўчына ў белым на замкавай вежы – гэта мой самы свежы праект, у якім увесь боль, натхненне і мара. Ён будзе чакаць свайго часу.

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

1 Каментар on "“Гліна ўсё адчувае” – творчая гісторыя Ірыны Козікавай"

Leave a Reply

  Падпісацца  
newest oldest most voted
Паведаміць пра
Ірына
Guest

Творчых поспехаў Ірына! Цудоўны аповед і цудоўны чалавек у ім.