Ілюстратар Павел Татарнікаў: “Талент, як добрае віно, павінен настаяцца”

Мы пабывалі ў гасцях у аднаго з самых вядомых і ўзнагароджаных кніжных ілюстратараў Беларусі Паўла ТАТАРНІКАВА  і даведаліся, што самае галоўнае ў яго творчай майстэрні,  як маладому спецыялісту дасягнуць поспеху і чаму ў мастака ніколі не было хобі.

Тэкст: Кацярына Буто
Фота: Яна Яфрэмава

Факты пра Паўла Татарнікава:

-Нарадзiўся ў горадзе Брэсце ў сям’i мастакоў.

-Сярод шматлікіх узнагарод мастака – два вельмі прэстыжныя сярод ілюстратараў прызы “Залаты Яблык” міжнароднага біенале “BIB” за iлюстрацыi да кнiг “Кароль Артур” (2009) i “Прынцэса ў падземным царстве” (2001).

-Жыве і працуе ў Мінску.

Пра творчы працэс ілюстратара

-Павел, раскажыце, як адбываецца ў вас творчы працэс?

Звычайна працую адразу над некалькімі кнігамі. У свой час  для “Караля Артура” зрабіў каля 150 ілюстрацый, гэта заняло каля двух гадоў працы. Але за гэты час яшчэ тры іншыя кніжкі праілюстраваў. Такое сумяшчэнне дапамагае: надакучыла адно – пераключаешся на другое. А няма іншай працы, дык у мастака заняткаў хапае, тыя ж планшэты нацягнуць. Пакуль кнігу робіш, акрамя эскізаў і ілюстрацый, ёсць шмат іншай, тэхнічнай дзейнасці – падлічыць колькасць старонак, паласу набору, колькасць знакаў у тэксце, колькасць радкоў на паласе. Бо я павінен намаляваць так, каб засталося месца для тэксту, каб ілюстрацыя была на сваім месцы.

-Як вы арганізуеце сваю працу над праектамі? Што найбольш важнае для вас у майстэрні?

Я прывык працаваць дома, гэта для мяне цалкам нармальна. Калі мы пераехалі ў новы дом, у мяне з’явілася асобная майстэрня, значна большая за тую, якая была раней. Я лічу, што ў мастака павінна быць нейкая свая прастора, дзе ён сам кіруе. Там абавязкова павінна быць святло – у гэтым плане мая новая майстэрня мяне задавальняе, тут вялікае вакно “да падлогі”, у якім бачны прыгожы хваёвы лес.  А далей кожны сам для сябе вырашае, як яму зручна. Было б добра, канешне, зачыніцца, але,  калі мой сын Ян дома, я люблю, каб ён да мяне прыходзіў. Залезе на каленкі і пытаецца “А можна я?”. І здаецца ж, ёсць у яго свае фарбы, але ён аддае перавагу маім (усміхаецца).

Ілюсрацыя П.Татарнікава да кнігі “А.Бутэвіча “Перуновага племені дзеці”

У Паўла Татарнікава разам  з беларускім пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым у 2017 годзе выйшла вялікая гістарычная кніга “Айчына: маляўнічая гісторыя” – першая частка. У гэтай кнізе вельмі шмат рэканструкцый панарам гарадоў, замкаў, партрэтаў вядомых гістарычных асобаў. Павел расказаў пра працу над кнігай:

“Акрамя непасрэдна малявання, тут шмат даследчыцкай працы. Чытанне літаратуры, паездкі, нават тапаграфічныя здымкі, кансультацыі з гісторыкамі, археолагамі, рэстаўратарамі, архітэктарамі…  40-50 рэканструкцый, каля 100 партрэтаў – гэтыя ілюстрацыі  я пачаў рабіць яшчэ да праекта, пасля з’явілася ідэя сумясціць. Мая праца не скончыцца на кнізе, буду далей займацца гэтай тэмай, мне вельмі цікава”.

Ілюстрацыя П.Татарнікава да кнігі “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”

Пра навыкі малявання і любімую справу

-Калі пайшла гаворка пра дзяцей, у інтэрнэце пішуць,  што маленькі Павел Татарнікаў маляваў у кнігах. А сыну вашаму не забараняеце такую творчасць?

Мне ж не ва ўсіх кніжках дазвалялі маляваць: бацькі глядзелі, якую можна ўзяць, якую – не,  каб больш каштоўныя, тыя ж мастацкія альбомы, не пашкодзіць.  А ў нашы часы дзіцячая літаратура з’яўляецца ўжо не толькі наратыўнай кніжкай, аздобленай ілюстрацыямі, яна стала яшчэ і цацкай. Тэксты спалучаюцца з размалёўкамі, налепкамі, выразанкамі… Сына я нават прашу маляваць у такіх кнігах.

-Як вы лічыце, як і калі можна разгледзець у дзіцяці нейкі творчы патэнцыял?

Напрыклад, можна заўважыць, як дзеці карыстаюцца кісцю рукі, калі малююць. Бо ў мастака падчас малявання працуюць усе элементы рукі – ад першых фалангаў пальцаў да плечавога сустава, і гэта ўсё звязана з дзейнасцю мозга. Нейкі талент, канешне, закладваецца  ў чалавека, але чым  раней у дзіцяці фармуюцца навыкі, тым хутчэй яно будзе вылучацца на фоне тых, хто такога вопыту не мае. І немалое значэнне тут мае тое, што дзіця  бярэ прыклад з дарослых – менавіта так і з’яўляюцца дынастычныя мастакі. Акрамя таго, дзіцячая адчувальнасць і ўсе што тычыцца сферы пабудовы вобразаў і абстрактнага мыслення, звязана з чытаннем і з назіраннем. І толькі потым ужо ўключаецца талент – бо не абавязкова яго наяўнасць азначае, што дзіця стане мастаком ці музыкантам.

І толькі потым ужо ўключаецца талент – бо не абавязкова яго наяўнасць азначае, што дзіця стане мастаком ці музыкантам.

Я з дзяцінства бачыў, як працуе мастак, чуў прафесійную тэрміналогію, мне дазвалялася шмат – таму я рана пачаў засвойваць навыкі. Ды і магчымасцяў у мяне было больш, у часы майго дзяцінства не ў кожнай сям’і былі хаця б каляровыя алоўкі. Таксама ў мяне быў лёгкі доступ да кніг, таму што ў сям’і была вялікая бібліятэка.

-А калі ў чалавека не было магчымасці вучыцца ў дзяцінстве, а маляваць хочацца?

Мне жонка неяк расказала: большасць людзей на планеце не любяць сваю прафесію, гэта ж няшчасце! Адсюль, мусіць, і з’яўляюцца хобі.  Але творчасць выклікае імгненнае прывыканне, таму бывае так, што дарослыя людзі, маючы прафесію, працу, усё кідаюць і становяцца мастакамі. Прыкладаў шмат,  вядомы Поль Гаген быў дастаткова паспяховым біржавым брокерам.

У мяне ніколі не было хобі ў жыцці. Я і  зараз малюю, як гуляю. Мая прафесія – быццам працяг дзяцінства, я атрымоўваю  вялікае задавальненне ад працэсу малявання.

Мая прафесія – быццам працяг дзяцінства, я атрымоўваю  вялікае задавальненне ад працэсу малявання.

Ілюстрацыя П.Татарнікава да кнігі “Гамлет” паводле У.Шэкспіра

Ёсць такі выраз: “Калі чалавек будзе займацца любімай справай, то не будзе працаваць ніводнага дня”…

Так і ёсць. Адзін замоўца мяне пытае: “Атрымоўваеш асалоду, задавальненне ад творчага працэсу?” “Канешне”, – кажу я. А ён мне ў адказ: “Дык хто каму павінен плаціць?” Цалкам верагодна, што зменіцца сітуацыя і такое можа быць цалкам магчымым: мастакі будуць прыплачваць, каб ім не перашкаджалі працаваць! (смяецца)

-Як вы ставіцеся да меркавання, што абсалютна ўсе могуць навучыцца маляваць?

Усе тычыцца ступені майстэрства. Усе ж дзеці малююць прыкладна аднолькава, так і з дарослымі. Ёсць навыкі, якія могуць засвоіць амаль усе. Але перасягнуць мяжу, выйсці на ўзровень вобразу не кожны зможа. Для гэтага трэба ўмець абстрагавацца. Густ у нейкай ступені можна прывіць, але з большага гэта дадзена прыродай.

Ілюстрацыя П.Татарнікава да кнігі “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”

Пра натхненне і парады маладым мастакам

-У мастака праца складаецца не адно з малявання. Як вы знаходзіце баланс паміж творчасцю і пазатворчай дзейнасцю?

Гэта частка прафесіі. Канешне, гэта не падабаецца, адцягваеш да апошняга, але трэба сябе прымушаць. Мастакі часцяком ходзяць пакрыўджанымі (замоўцамі, выдаўцамі і г.д.), таму што ў свой час ленаваліся ці лічылі, што тыя ж юрыдычныя пытанні іх не тычыцца. Графікі, ілюстратары  больш падрыхтаваныя ў гэтым плане, таму што працуюць з выдавецтвамі, паліграфіямі: прыходзіцца ўключацца ў працэс, вучыцца. Але і мастакі ёсць розныя, ведаю даволі педантычных.

Мастакі часцяком ходзяць пакрыўджанымі (замоўцамі, выдаўцамі і г.д.), таму што ў свой час ленаваліся ці лічылі, што тыя ж юрыдычныя пытанні іх не тычыцца.

-Калі ўсе пытанні вырашаны, адкуль бярэцца натхненне маляваць?

Усе залежыць ад характару. Бывае так, што ёсць час і ўсе ўмовы для творчасці, а ты сядзіш і не працуеш. І так доўжыцца, пакуль не з’явіцца нейкае эмацыйнае напружанне, напрыклад, тэрміны зыходзяць. Хутчэй за ўсё, для творчасці нейкі элемент напружанасці проста неабходны. Іначай, адкуль узяць нейкі штуршок для эмоцый? А ў другога мастака іншы характар, ён ходзіць у майстэрню, як на працу, і пытанняў з натхненнем не ўзнікае.

Хутчэй за ўсё, для творчасці нейкі элемент напружанасці проста неабходны.

Ілюстрацыя П.Татарнікава

Натхненне для мяне – умоўная рэч, гэта жаданне маляваць, гэта настрой. Менавіта тая эмацыйная напружанасць, разрадка, калі ты атрымоўваеш задавальненне ад малявання. Ці нават калі не атрымоўваеш, калі працэс ідзе складана, у так званых пакутах творчасці, але гэта таксама натхняе.Бывае так, калі загадзя пачынаеш працаваць і яшчэ на стадыі эскізаў перагараеш эмацыйна. А наперадзе яшчэ арыгіналы рабіць, колеры падбіраць – а для гэтага павінна быць эмоцыя, без яе нічога не атрымаецца. Тады ўжо пакута прымушае – і нічога не атрымоўваецца, праца выходзіць “выпакутаванай”. Студэнтаў сваіх я вучу: ні ў якім разе не перапрацоўваць, не выходзіць у дробныя дэталі на стадыі эскізаў, таму што эмоцыя і задавальненне ад працэсу могуць згарэць.

Ілюстрацыя П.Татарнікава да кнігі братоў Грым “Залаты Гусь”

-Што б вы параілі маладым мастакам?

Не сумаваць. Хоць мастацтва ніколі не было асабліва важнай справай для дзяржавы і грамадства, не трэба здраджваць самому сабе.  Заўсёды трымаць сваю любоў для малявання і да мастацтва на належным узроўні. І тады будзе задавальненне,  таму што творчасць павінна прыносіць радасць.

Не ленавацца, удзельнічаць у конкурсах і выставах для таго, каб цябе ведалі. Важна, што ты не толькі сябе паказваеш, але і параўноўваеш з іншымі – можна шмат пра сябе даведацца. Конкурсаў вельмі шмат, яны амаль у кожнай краіне ладзяцца. Самыя вядомыя, бадай, Міжнароднае біенале ілюстрацыі ў Браціславе  (BIB), Дзіцячы кніжны кірмаш у Балонні (Bologna Children’s Book Fair), Прэмія імя Ханса Крысціяна Андэрсана для ілюстратараў (Hans Christian Andersen Award for Illustration).  Калі прайшоў адбор у Балонскім кірмашу, то гарантавана без кавалка хлеба не застанешся.

Ілюстрацыя П.Татарнікава да кнігі Ганса Хрысціяна Андэрсэна “Снежная каралева”

Прыкладна 10 гадоў малады мастак прабівае галавою сценку, не кожны можа гэта вытрымаць. Маладым часам здаецца, што ўсе чыннікі для поспеху ў іх ёсць, адчуваюць моц, талент, патэнцыял, а яшчэ і адукацыю атрымалі, усё ведаюць. А паказаць – няма чаго. Для гэтага і трэба папрацаваць. Талент, як добрае віно, павінен настаяцца.

Талент, як добрае віно, павінен настаяцца.

У якіх конкурсах я толькі не ўдзельнічаў у свой час, дзе толькі не выстаўляўся. Мая “сцяна” прабілася, таму я ўжо маю магчымасць выбіраць. Працы вельмі шмат,  выдаўцы і замоўцы стаяць у чарзе на некалькі гадоў наперад. Ніякай сакральнасці ў адносінах да мастацтва ў мяне няма. Гэта прафесія. Працую, зарабляю грошы, стараюся ўтрымліваць сям’ю, хоць гэта вельмі не проста. У вольных мастакоў то густа, то пуста, да гэтага маладому мастаку трэба рыхтавацца.

P.S. На завяршэнне

Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі ілюстрацый Паўла Татарнікава да кнігі  “Айчына: маляунiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi”:





(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра