Новая падборка ў рубрыцы “Ідэі падарункаў” – пра кніжкі, бо кніга не перастае заставацца найлепшым падарункам, асабліва калі яна з ілюстрацыямі і, вядома, па-беларуску. Яшчэ 5 гадоў таму мы б не змаглі назбіраць і пяці якасных дзіцячых кніг, каб яны адпавядалі тром простым крытэрам:
- з малюнкамі таленавітых мастакоў;
- на беларускай мове;
- пра зіму і зімовыя святы.
А сёлета мы публікуем цэлую падборку такіх кніг і дзякуем сусветна вядомым мастакам і пісьменнікам, беларускім выдавецтвам і перакладчыкам за тое, што ў нас ўжо ёсць што пакласці дзецям пад ялінку.
Тэкст, фота: Кацярына Трубовіч, аўтарка блога пра кнігі @kniznyja_razmovy.
“Снежная сястра” – нарвежскі калядны цуд па-беларуску
Гэты цуд падарыла нам летась выдавецтва “Янушкевіч” і перакладчыца Юля Цімафеева. Сюжэт таямнічы, нават містычны, і вельмі кранальны. Тут і сяброўства, і страта блізкага чалавека, і стасункі ў сям’і, і калядныя цуды. Чытаць лепей разам з дзецьмі і з гадоў 8 як мінімум, бо ёсць драматычныя павароты ў сюжэце.
Візуальна гэта ідэальная кніга для стварэння святочнага зімовага настрою: вялікі фармат, шмат ілюстрацый, і кожная з іх – маленькі шэдэўр. Не памылюся, калі скажу, што на сёння гэта самая прыгожая калядная кніга, выдадзеная па-беларуску.
Кніга ў падарунак: “Снежная сястра”. Мая Лундэ, ілюстрацыі Лісы Айсата. Пераклад з нарвежскай Юлі Цімафеевай. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2020.
Дзе знайсці: на сайце выдавецтва “Янушкевіч” і ў кнігарнях.
“Каляды ў Булербю” – навінка ад выдавецтва “Koska”
“Каляды ў Булербю” з ілюстрацыямі Ілон Вікланд выходзілі ў Швецыі яшчэ ў 1963 годзе, а ў 2018 годзе вокладка і макет былі абноўленыя. Гэта вельмі класічная кніга – і тэкстава, і візуальна. Гартаеш яе і быццам праглядаеш бабулін альбом з паштоўкамі.
Кніга ў падарунак: “Каляды ў Булербю”. Астрыд Ліндгрэн, ілюстрацыі Ілон Вікланд. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2021.
Дзе знайсці: на сайце выдавецтва “Янушкевіч” і ў кнігарнях.
“Ліс і Гном” – яшчэ адна атмасферная кніга пра Каляды
“Ліс і гном” – гісторыя паэтычная і нават містычная. Асобнай кнігай яна выйшла ў Швецыі зусім нядаўна, у 2017 годзе, і ўпершыню – з ілюстрацыямі Эвы Эрыксан. Гэтая шведская мастачка ўжо вядомая беларускім чытачам па кнігах “Маё шчаслівае жыццё” Роўз Лагеркранц і “Найлепшы спявак у свеце” Ульфа Нільсана.
Кніга ў падарунак: “Ліс і Гном”. Астрыд Ліндгрэн, ілюстрацыі Эвы Эрыксан. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2021.
Дзе знайсці: на сайце выдавецтва “Янушкевіч” і ў кнігарнях.
“Калядны гном для Фіндуса” – самая тоўстая кніга з серыі
Гэта лонгрыд пра галоўных улюбёнцаў усіх маленькіх чытачоў: Пэтсана і Фіндуса. Кніга выйшла пазалетась у выдавецтве “Koska” і стала галоўнай крыніцай каляднага скандынаўскага хюге для чытачоў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
На 135 старонках Пэтсан майструе гнома, які мусіць прыйсці і павіншаваць Фіндуса з Калядамі. Усё гэта з вясёлымі дыялогамі, прыгодамі і, вядома, каляднымі цудамі! Гэта першае выданне пра дзівакаватага старога і няўрымслівага коціка, дзе тэксту болей, чым ілюстрацый. Але ж і іх тут багата: Свэн Нурдквіст па-ранейшаму педантычна намаляваў усе распрацоўкі Пэтсана і ўсе забаўкі Фіндуса.
Кніга ў падарунак: “Калядны гном для Фіндуса”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2019.
Дзе знайсці: на сайце выдавецтва “Янушкевіч” і ў кнігарнях.
“Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” – сапраўдны рарытэт
Гісторыя, у якой да Пэтсана і Фіндуса прыходзяць госці, і ў іх дамку нарэшце становіцца шумна і весела не толькі праз гарэзлівага коціка ў паласатых штанішках. Праўда, суседзі прыходзяць не таму, што іх запрасілі да святочнага стала, а таму, што Пэтсан пашкодзіў нагу і не можа выходзіць з дому напярэдадні Калядаў. Гэта аповед пра сяброўства, суседскую падтрымку і маленькія калядныя цуды, якія мы можам рабіць самі для сябе і для тых, хто побач.
Пра перавыданне гэтай кнігі мараць усе аматары Пэсана і Фіндуса. Пакуль жа яе можна пазычыць у сяброў, сустрэць у букінісце ці ўзяць у бібліятэцы. Альбо паслухаць у аўдыё: напрыклад, у мабільным дадатку “Кніжны воз”.
Кніга ў падарунак: “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2015.
Дзе знайсці: у бібліятэках.
“Калядная каша”, якую заварыў Свэн Нурдквіст
У Швецыі на Каляды дзеці чакаюць не Дзеда Мароза ці Святога Мікалая, а Каляднага гнома. І гном прыходзіць, але разлічвае, што людзі пачастуюць яго каляднай кашай, бо так павялося з пракаветных часоў. Аднак апошнім часам людзі сталі забывацца на старыя дамоўленасці…
Як заўсёды на ілюстрацыях Свэна Нурдквіста ўсё вельмі падрабязна намалявана, шмат цікавых дэталяў і персанажаў, яны цёплыя і вельмі ўтульныя.
Кніга ў падарунак: “Калядная каша”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2017.
Дзе знайсці: у выдавецтве “Кнігазбор” і ў кнігарнях.
“Мама Му, Крумкач і Каляды”: самая святочная кніга з усёй серыі пра Маму Му і Крумкача!
Як заўсёды, чытача чакаюць побытавыя замалёўкі і вясёлыя дыялогі, а скончыцца ўсё тым, што Мама Му з дапамогай курэй зробіць калядны сюрпрыз для Крумкача: упрыгожыць свечкамі елку, на якой той жыве. Усё гэта ў падрабязнасцях намаляваў Свэн Нурдквіст. Летась выдавецтва “Koska” перавыдала гэтую кнігу (яна выходзіла ў 2014 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”), чаго вельмі чакалі ўсе аматары гарэзлівай Мамы Му і бурклівага Крумкача.
Калі адной кнігі пра Маму Му вам раптам будзе мала, то можна дадаць яшчэ дзве зімовыя гісторыі: дынамічную “Маму Му на санках” і лірычна-філасофскую “Маму Му ўяўляе”, а пасля памаляваць у “Калядным сшытку Мамы Му і Крумкача”.
Кнігі ў падарунак: “Мама Му, Крумкач і Каляды” (2020), “Мама Му на санках” (2020), “Мама Му ўяўляе” (2018), “Калядны сшытак Мамы Му і Крумкача” (2020). Юя Вісландэр, ілюстрацыі Свэна Нурдквіста. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”.
Дзе знайсці: на сайце выдавецтва “Янушкевіч” і ў кнігарнях.
“Марта і яе мара пра снег” – ад аўтаркі і мастачкі кніг пра ката Шпрота
Гэтую кнігу беларускай аўтаркі Ганны Янкуты можна чытаць цягам усёй зімы і нават цягам усяго года, бо яна больш пра агульначалавечае, чым пра святочна-навагодняе. Аднак ёсць у гісторыі месца і зімовым цудам, а падзеі разгортваюцца ў снежні. Праўда, надвор’ем снежань спачатку больш нагадвае восень альбо вясну. Чаму так – якраз і будзе разбірацца галоўная гераіня кнігі, рудавалосая дзяўчынка Марта.
Ілюстрацыі для кнігі зрабіла мастачка Лілія Давыдоўская, вядомая нам па серыі кніг пра ката Шпрота. У гэтай кнізе ілюстрацый значна менш (і разлічана яна на старэйшы ўзрост), але яны яркія і запамінальныя – не пазнаць руку мастачкі немагчыма.
Кніга ў падарунак: “Марта і яе мара пра снег”. Ганна Янкута, ілюстрацыі Ліліі Давыдоўскай. Выдавецтва “Папуры”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях і на oz.by.
“Снежны чалавек” і “Снежны чалавек у Мінску” Эвы Сусы
“Снежны чалавек” з ілюстрацыямі Бенджэмэна Шо выходзіў па-беларуску амаль 10 год таму. Гэта гісторыя пра тое, як двое шведскіх хлопчыкаў заблукалі ў лесе і сустрэлі Снежнага чалавека. Той спачатку прынёс іх у сваю пячору, пачаставаў, а пасля аднёс дахаты. З двух гісторый пра Снежнага чалавека першая прасцейшая для ўспрыняцця: і сюжэтна, і візуальна.
А потым, дзякуючы супрацы выдавецтва з пісьменніцай, у “Снежнага чалавека” з’явіўся працяг! Беларускі працяг!
Ілюстрацыі да “Снежнага чалавека ў Мінску” зрабіла вядомая беларуская мастачка Кацярына Дубовік, з якой у нас нядаўна выйшла творчая гісторыя. Стыль Кацярыны вельмі пазнавальны і, калі можна так сказаць, больш дарослы. Сюжэт таксама больш пакручасты: Снежны чалавек, ратуючыся ад пацяплення, у пошуках новай пячоры даходзіць да зімовага Мінска, дзе сустракае двух школьнікаў, ледзь не спыняе транспартны рух у цэнтры горада, знаёміцца з міліцыянткай і частуецца мясцовым кіселём у парку Горкага. А пасля – вяртаецца на радзіму.
Кнігі ў падарунак: “Снежны чалавек”. Эва Суса, ілюстрацыі Бенджэмэна Шо. Пераклад са шведскай Алесі Башарымавай. Выдавецтва “Юніпак”, 2013.
“Снежны чалавек у Мінску”. Эва Суса, ілюстрацыі Кацярыны Дубовік. Пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2016.
Дзе знайсці: у бібліятэцы.
“Штуковіна” – перадкалядны дзіцячы трылер пра тое, куды нас могуць завесці жаданні
Жарты жартамі, але гэтая гісторыя можа добра паказытаць нервы, а адкрыты фінал – дадумаць рознае. Падзеі разгортваюцца напярэдадні Калядаў. Два браты жывуць спакойным жыццём, падзяліўшы абавязкі: Рутгер – вынаходнік, Вальтар – займаецца хатняй гаспадаркай. І вось аднойчы апошняму прыходзіць у галаву думка: ці не змайстраваў бы Рутгер нейкую штуковіну, каб тая дапамагала з хатнімі справамі? Ён і змайстраваў. Дзіўны маленькі Памагатар пачынае расці і хутка забірае ўладу ў свае рукі, вучыць братоў, што ім есці і як ім жыць…
Кніга для моцных нервамі маленькіх чытачоў. Затое пасля яе можна паразважаць, напрыклад, як зберагчы сябе ў сітуацыі, якую ты не можаш кантраляваць. Пагадзіцеся, вельмі актуальна для сучаснай Беларусі.
Кніга ў падарунак: “Штуковіна”. Марцін Відмарк, ілюстрацыі Эміліі Дзюбак. Пераклад са шведскай Наталлі Паваляевай. Выдавецтва “Папуры”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях і на oz.by.
“Бася і Піглас” – зімовая кніга ад Надзі Букі
Кніга Надзі Букі пра Басю і Пігласа не столькі пра Каляды, колькі пра цуды – з марозна-мандарынавым водарам. Аднойчы да дзяўчынкі Басі завітвае Піглас – незвычайная істота, якая размаўляе бурбалкамі і харчуецца драўлянымі прышчэпкамі. Бачыць яго можа толькі Бася… Гэта гісторыя пра сілу дзіцячага ўяўлення, пра натхненне, добрыя ўчынкі і сямейныя каштоўнасці.
“Бася і Піглас” – дэбютная кніга беларускай мастачкі Надзі Букі, таму, вядома, у ёй поўна яркіх аўтарскіх ілюстрацый. Але ўжо выйшла другая кніга серыі, якая называецца “Бася і яе чароўны свет”, так што можна дарыць адразу дзве кніжкі. Дзеці ж так любяць кніжныя серыялы!
Кніга ў падарунак: “Бася і Піглас”. Надзя Бука, ілюстрацыі аўтаркі. Выдавецтва “Звязда”, 2016.
Дзе знайсці: у кнігарні “Галіяфы” і бібліятэках.
“Сабака і зорачка”: кніга аднаго верша і бясконцай пяшчоты
Хочацца напісаць, што гэтая кніга для самых маленькіх, бо складаецца з аднаго верша-казкі Святланы Рабавай, але ж і для аматараў казачных ілюстрацый, якія для кнігі стварыла мастачка Кацярына Бабок. Аднойчы сабачка прысніў зорачку і пасля доўга шукаў яе ў рэальным жыцці. У выніку зорачка знайшлася ў вачах дзяўчынкі, якая ў перадкалядны час забрала сабачку дадому. Дзякуючы такому цёпламу фіналу і некалькім старонкам з зімовымі ілюстрацыямі гэтую кніжку можна смела дадаваць у калядны спіс.
Кніга ў падарунак: “Сабака і зорачка”. Святлана Рабава, ілюстрацыі Кацярыны Бабок. Выдавецтва “Папуры” , 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях і на oz.by.
“Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі”: таямнічая навінка!
Выхад гэтай казкі ў электронным фармаце ўжо анансавалі аўтарка Наталка Харытанюк і ілюстратарка Лізавета Ганчарова. Неўзабаве абяцаюць прэзентацыю і старт продажаў. Кніга будзе даступная ва ўсіх кропках планеты і адразу на 6 мовах.
Гэта гісторыя пра змаганне з цемрай, якая мае розныя абліччы, але ўрэшце сама сябе і знішчае. Сярод станоўчых герояў – гараджане, калядная Каза, маленькі хлопчык Міхал і, вядома, мудры і разважлівы Святы Мікола.
Кніга ў падарунак: “Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі”. Наталка Харытанюк, ілюстрацыі Лізаветы Ганчаровай. 2021.
Дзе знайсці: хутка даведаемся.
Падборку дзіцячых ілюстраваных кніг падрыхтавала Кацярына Трубовіч, аўтарка блога пра кнігі @kniznyja_razmovy. Падпісвайцеся, каб быць у курсе кніжных навінак на беларускай мове.
(с) ALOVAK
Отправить ответ
Пакіньце першы каментар!