Чытаем разам з ALOVAK: “Рэжым генія” Мэйсана Кары

Як арганізаваць творчы працэс і працаваць прадуктыўна, выкарыстоўваючы рытуалы і звычкі вядомых людзей –– даведаемся з рэцэнзіі Наталлі Крупскай на кнігу “Рэжым генія” амерыканскага пісьменніка Мэйсана Кары.

Тэкст, фота: Наталля Крупская

Рэжым генія: Распарадак дня вялікіх людзей / Мэйсан Кары; Пер. з англ. – М .: Альпіна Паблішэр, 2019

Арыгінальная назва кнігі на англ .: Daily Rituals: How Artists Work // Mason Currey

Пра што кніга

  • Як тварыць і зарабляць на жыццё, калі рэсурсы абмежаваныя, а ўмовы не ідэальныя?
  • А можна сумяшчаць і тое, і другое, а яшчэ сям’ю?
  • Натхненне: яно само прыходзіць ці яго трэба чакаць, прывабліваць, шукаць?
  • Ці існуюць таемныя веды, якімі валодаюць выбраныя?

Мэйсан Кары спрабуе знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні, падглядваючы за мастакамі, паэтамі, музыкамі, кампазітарамі, навукоўцамі, даследчыкамі, вынаходнікамі і пісьменнікамі.

Спачатку гэта былі проста нататкі ў блогу, але паступова іх назбіралася столькі, што хапіла на цэлую кнігу “Рэжым генія”, у якой сабраны штодзённыя рытуалы і руціна творчых людзей: як яны працавалі і колькі працавалі, як настройваліся на творчы працэс, як адпачывалі.

Звычкі і рытуалы творцаў

У кнізе няма ўніверсальных адказаў і саветаў, але ёсць рытуалы і звычкі, якія найбольш часта паўтараюцца:

  1. Кава –– каб прачнуцца і настроіцца на творчую хвалю, алкаголь –– каб расслабіцца, снатворнае –– каб супакоіцца, амфетаміны –– каб узбадзёрыцца і не спыняцца.
  2. Ранні пад’ём, пажадана а 6-й раніцы, але можна і раней.
  3. Пэўнае месца для творчасці.
  4. Дзённы сон –– абавязковы пункт праграмы.
  5. Штодзённая прагулка, лепш па гарах, лясах або маляўнічых месцах. Але гэта як пашанцуе, –– хтосьці гуляў з шынка ў шынок.
  6. Адмова ад свецкага жыцця, свядомае скарачэнне зносін з сябрамі і сваякамі.
  7. У любы час сутак трымаць пад рукой нататнік для запісаў, асабліва каштоўнымі лічацца начныя думкі і сны.
  8. Сярод геніяў шмат курцоў, ласуноў і тых, хто пакутваў ад бяссонніцы.
  9. Не проста працавітасць, а сапраўдная апантанасць. Творчасць заўсёды на першым плане, таму што “творчае жыццё падсілкоўвае нас, як ежа, каханне ці вера”, – пісала танцоўшчыца і харэограф Твайла Тарп. Ці як прызнаваўся мастак-карыкатурыст Чарльз Шульц: “Мне было б вельмі дрэнна, калі б я не маляваў коміксы. Калі б я не займаўся чымсьці ў гэтым родзе, я быў бы зусім пусты”.
  10. Якасны адпачынак. Напрыклад, у Фрэйда былі штогадовыя трохмесячныя вакацыі, якія ён праводзіў на курорце ці ў гарах, шпацыраваў, збіраў ягады, грыбы, рыбачыў. А псіхіятр Карл Юнг пісаў: “чалавек, які мае патрэбу ў адпачынку і працягвае працаваць насуперак стомленасці, папросту дурны”.

Але сустракаюцца і экзатычныя рытуалы: чытаць некралогі, сядзець аголеным на досвітку, ляжаць у труне, фатаграфаваць разлажэнне і разруху, праціраць сталовае срэбра, акунаць рукі ў кіпень.

Але сустракаюцца і экзатычныя рытуалы: чытаць некралогі, сядзець аголеным на досвітку, ляжаць у труне, фатаграфаваць разлажэнне і разруху, праціраць сталовае срэбра, акунаць рукі ў кіпень.

Сумяшчэнне творчасці з астатнімі сферамі жыцця

У кнізе вельмі мала інфармацыі, як жа геніі сумяшчалі творчасць, сямейныя абавязкі, выхаванне дзяцей і ці сумяшчалі наогул?

Пісьменніца Джэйн Осцін пісала: “Не ўяўляю сабе, як можна тварыць, калі ў галаве круцяцца барановыя катлеты і рабарбар”.

А кампазітар Мортан Фельдман скардзіўся: “Жонка была захоплена працай і сыходзіла на ўвесь дзень. Я ўставаў а 6 раніцы, адпраўляўся за пакупкамі, гатаваў, прыбіраўся, працаваў як вар’ят. Так прайшоў год, а я не напісаў ніводнага радка”.

Калі каму і даводзілася сумяшчаць творчасць, сям’ю, а часта і зарабляць грошы пры гэтым, дык у асноўным гэта жанчынам.

Калі каму і даводзілася сумяшчаць творчасць, сям’ю, а часта і зарабляць грошы пры гэтым, дык у асноўным гэта жанчынам.

Тут увогуле вельмі мала жанчын, як галоўных гераінь, часцей у кнізе яны сустракаюцца ў ролі памочніцы, спадарожніцы ці натхняльніцы мужчын-геніяў. Але трэба аддаць аўтару належнае: ён напісаў працяг рытуалаў, і ў гэты раз выключна пра жанчын. На жаль, кніга «Daily Rituals: Women at Work» на беларускую/рускую мову пакуль не перакладзеная.

А як жа натхненне?

Так, многія творчыя людзі выкарыстоўвалі пэўныя рытуалы, каб настроіцца на працу, але ўсё ж “небяспечна сядзець і чакаць, пакуль у галаву прыйдзе добрая думка. Трэба самому яе шукаць”, – пісаў жывапісец Герхард Рыхтэр, і яму паўтараюць астатнія: “Натхненне для дылетантаў, а мы, прафесіяналы, проста пачынаем працаваць”.

“Натхненне для дылетантаў, а мы, прафесіяналы, проста пачынаем працаваць”.

Але не ўсе адчайныя працаголікі, у кагосьці творчы працэс складаў 2-3 гадзіны ў дзень, а хтосьці ляжаў у ложку, шпацыраваў, паліваў сябе вадой, гадзінамі і днямі чакаў азарэння. Гётэ адзначаў: “Я б раіў усім у нятворчыя дні адпачываць альбо ўвогуле спаць гадзіны напралёт, чым спрабаваць ў такія перыяды працаваць і ствараць нешта, з-за чаго ў будучым аўтару не будзе ніякага задавальнення”.

Высновы

І ўсё ж, не гледзячы на ​​агульныя рысы ў рэжымах, кніга паказвае, што творчы працэс шматгранны і няма аднаго рэцэпту для ўсіх, як і няма ідэальнага рэжыму генія. Асобнымі рытуаламі наогул немагчыма скарыстацца без шкоды для здароўя, а некаторыя цяжка ўявіць у сучасных рэаліях.

“Няма тут адзінага спосабу, і занадта шмат усяго выдумляюць. Паступова кожны сам вызначае, які спосаб працы яму больш за ўсё падыходзіць. Галоўная загадка для кожнага чалавека –– ён сам. Гэтую загадку і трэба разгадаць», – лічыў адзін з герояў кнігі, пісьменнік і педагог Бернард Маламуд.

І застаецца нязменнае: пачаць і працягваць, а ўжо якімі спосабамі гэта будзе дасягацца – залежыць ад сітуацыі, ад умоў, ад чалавека.

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра