Камяні ў традыцыях і легендах беларусаў

Пра звычаі, вераванні і легенды беларусаў, звязаныя з камянямі, расказвае мастак, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Наста ГЛУШКО.

Тэкст: Наста Глушко
Ілюстрацыі: Ірына Бельская:

Камяні, каменьчыкі, валуны-волаты, камянюкі… Шчодра надарыў старажытны ледавік нашую зямлю імі. І ў беларускай традыцыі камень суправаджае чалавека праз усё жыццё, ад моманту нараджэння і да скону.  Пра моцных непахісных людзей кажуць – “чалавек-крэмень”, “у яго краменная воля”, а  крэмень колісь быў неад’емным спадарожнікам мужчыны, у пары з крэсівам удзельнічаў у святарным акце выкрасання “жывога” агню.

Камяні ў жыцці чалавека

Шматлікія звычаі звязваюць камень і чалавека. Каменем калісьці перабівалі пупавіну нованароджанага хлопчыка – каб ён рос дужым і моцным як камень, калі дзіця доўга не магло навучыцца хадзіць, яго вадзілі па каменьчыках-гладышах з перасохлай ручаіны, каб ножкі набіраліся сілы.

Характэрная цяжкасць каменя звязвалася наўпрост з жаночай цяжарнасцю. Напрыклад, верылі: калі закінуць каменьчык з першай баразны ў фартух дзеўцы, тая зацяжарыць. Каб роды былі лягчэйшымі раілі церці жывот жанчыны каменьчыкам, што знайшлі ў мышыным кубле.

А вось пабачыць камень у сне – да цяжкага жыцця. Гладкасць каменя несла негатыўныя асацыяцыі з лысінай. Так цяжарнай забаранялася сядзець на камені, бо ў дзіцяці не будуць расці валасы.

Параўнайце: цяжкі – цяжарнасць, зацяжарыла, ходзіць у цяжку

Трываласць і даўгавечнасць каменя выступала асноўнай матывацыяй выкарыстання яго ў магічнай аперацыі выбару месца пад новую хату. Гаспадар павінен быў таемна прынесці  4 камені і пакласці іх на куты будучай хаты, калі зранку яны застануцца на сваіх месцах – месца добрае, можна будаваць. На Віцебшчыне так і ставяць хаты, падклаўшы па кутах пад першы вянец бярвення чатыры камені.

Даўней, калі хацелі загадаць на будучыню, неўпрыкмет назіралі за гульнямі дзяцей, калі дзеці бавяцца з дробнымі каменьчыкамі – гэта да сярэдняга ўраджаю, калі з гладышамі – да няўроду і голаду. У народнай медыцыне вядомыя лекавыя ўласцівасці некаторых камянёў.

І апошні шлях чалавека  адзначаны каменем. Даўней на магілы ставілі камень са знакамі, з выбітым крыжам, пазней з надпісамі. На вечную памяць. Гэтыя камяні, як правіла, можна пабачыць у самым цэнтры вясковых могілак. Цікава, што вяскоўцы не ведаюць ужо дакладна, хто пахаваны там, але ўспрымаюць іх як памяць пра сваіх продкаў, родапачынальнікаў вёскі. Кранальную ўвагу праяўляюць да такіх камянёў, уключаюць у агульную агароджу да пахаванняў сваіх сямейнікаў, нават фарбуюць алейнай фарбай, “даглядаючы” на Раданіцу. У розных мясцовасцях Беларусі можна пабачыць розныя варыянты ўстаноўкі каменя на магіле.

У старажытным фінскім эпасе, Калевале, момант стварэння сусвету апісваецца так: “…нібы раней было наўкол мора, і плавала качка па хвалях, а птушкам цяжка жылося без зямлі – папрасілі яны качку дастаць са дна мора зямелькі. Яны нырнула глыбока-глыбока і дастала зямлі і каменьчык. Адсюль стала зямля”.

У беларусаў  на “белым камені” стаіць сусветнае дрэва, камень успрымаецца  як падмурак, сімвалічны цэнтр  усяго свету. Да яго адсылаюць у замовах, “бел-камень” шматкроць узгадваецца ў легендах і песнях у купе з морам (першаснай стыхіяй).

 

Камяні ў паданнях і легендах

У сакральным жыцці чалавека камень таксама трывала ўсталяваўся. Захавалася вялікая колькасць легенд і паданняў пра камяні, пра іх магічныя якасці. Напрыклад, беларусы вераць, што камяні растуць:

“На пачатку свету, камяні раслі вялізныя, як хаты, але ішоў аднаго разу Бог па зямлі, моцна збіў нагу і пракляў той камень, з таго часу яны не растуць, ці растуць зусім памалу…”.

Беларусы вераць, што камяні растуць.

Цікава  апавядаюць пра камяні-следавікі, што сустракаюцца па ўсёй Беларусі. Шмат іх на Лагойшчыне. На іх можна пабачыць слядок Бога ці Дзевы Марыі, у выглядзе нагі ці далоні,  а некаторыя, наадварот, звязаныя з чортам, бо слядок у форме капытца. Над некаторымі з іх пабудаваныя храмы ці капліцы, вада са слядочка лічыцца лекавай.  На Беларусі дагэтуль існуе завядзёнка наведваць камяні на пэўныя святы. Прасіць аб вырашэнні сваіх справаў, пакідаючы пачастунак ці грошы. Паводле сведчанняў Адама Кіркора, яшчэ ў сярэдзіне 19 ст.  ледзь не кожны камень значнага памеру ці адметнай формы ўшаноўваўся насельніцтвам  як культавы, меў легенду пра сваё паходжанне і якасці.

На Беларусі дагэтуль існуе завядзёнка наведваць камяні на пэўныя святы. Прасіць аб вырашэнні сваіх справаў, пакідаючы пачастунак ці грошы.

Вялікі пласт паданняў пра камяні складаюць легенды пра камяні-шаўцы, ці камяні-краўцы.  Расказвалі, што ў такіх камянях жыў змей (пазней чорт) і на замову шыў выкшталцоныя ўборы ці абутак. Такія камяні звычайна маюць “акенца”-ямку, дзе пакідалі плату за працу. Толькі апранаць такое адзенне  пажадана было на ігрышчы, а ніяк не ў царкву.  У іншым варыянце, трэба было дакладна выказваць сваю замову, але з сэнсам адваротным – калі просіш “пашый каб штодзень хадзіць” – будзе выдатная абноўка, а калі “каб у царкву” – будзе штось непаразумелае. А аднаго разу жанчына пажартавала з майстра – “пашый ні тое ні сёе”,  і больш камень-кравец ні з кім не працаваў. І акенца знікла.

Паданні пра скамянелых людзей і жывёл апавядаюць пра кару Бога за не правільныя паводзіны альбо пракляцце, насланае чараўніком\змеем за непавагу. Вядомыя цэлыя групы камянеў, скамянелых удзельнікаў падання.:

“Аднаго разу араў Сцяпан поле ў свята (што ўжо лічылася вялікім грахом), а жонка яго Куліна прынесла полудзень, ды сталі яны сварыцца, чым угнявілі Бога. Абярнуўся ў наказанне  Сцяпан каменем, і валы яго скамянелі, а Куліна стала сасною. Так  стаяць ім да веку…”.

Пра некаторыя камяні ўзгадваецца, як пра скамянелых князёў волатаў. Напрыклад, былінны асілак Ілля Мурамец  напрыканцы жыцця ператварыўся ў камень. І калі гэты камень канчаткова ўрасце ў зямлю – настане канец свету (казка “Пра Іллюшку”).

Каля чортавых камянёў здараюцца розныя неспадзяванкі, часам смешныя. Так, бывала, чорт водзіць п’янага мужыка, а таму здаецца, што ён дамоў прыйшоў ды на печ лёг (расказваюць, што той камень заўжды цёплы), а зранку прачнецца – ён у полі на камені.

 

Безліч паданняў пра камяні на Беларусі, бясконца можна іх распавядаць. На завяршэнне хочацца пажадаць нам усім краменнага здароўя, але каб сэрца ніколі не стала каменным.

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра