Як рэагуюць творчыя беларусы на падзеі ва Украіне?

Мы спыталі беларускіх мастакоў, майстроў, дызайнераў і фатографаў пра тое, як падзеі ва Украіне адлюстроўваюцца на іх стане і творчасці. 

Тэкст: ALOVAK
Фота: Unsplash, архіў суразмоўцаў
Фота на вокладцы: Аўгіння Сухаверхава

Шок і боль

Творчыя людзі Беларусі рэагуюць на жахлівыя падзеі ў суседняй краіне вельмі балюча. Шмат у каго ва Украіне жывуць родныя, блізкія дый проста знаёмыя. Многія сачылі за творчасцю ўкраінскіх блогераў у Інстаграме. Ніхто не мог падумаць, што нам прыйдзецца назіраць за тым, як яны ратуюць свае жыцці замест таго, каб радавацца вясне і тварыць. 

Таня Рудзеня, керамістка:

“Навіны пра бамбёжкі прыляталі мне не з тэлеграм-каналаў, а непасрэдна ад маіх сяброў і сваякоў, якія жылі ў Кіеве, Харкаве і Сумах. Я была вельмі засмучаная. Мае блізкія знаходзіліся ў непасрэднай небяспецы”.

Алена Драздова, фатографка:

“Я напалову ўкраiнка, у мяне мама з Палтаўшчыны, усё дзяцiнства, усе летнiя канiкулы там праводзiла. Шмат сваякоў жыве ва Украіне. Таму вельмi цяжка ўсё маральна”.

Нямала творчых беларусаў знаходзіліся на момант пачатку баявых дзеянняў ва Украіне і вымушаны былі тэрмінова з’язджаць і шукаць ратунку ў іншых краінах. 

Цемра, мастачка: 

“Я з’ехала з Беларусі і перавезла ўсе працоўныя матэрыялы ў Кіеў. Рыхтавалася да персанальнай выставы. На матэрыялы аддала ўсе свае сродкі. Пачалася вайна – і я ўцякла ў Польшчу. Цяпер не маю сродкаў ўвогуле на творчасць. Увесь мой творчы капітал у Кіеве”.

“Знак болю”, Цемра.

Апісаць свае пачуцці беларускім творцам складана, яны з цяжкасцю падбіраюць словы, і гэта натуральна для першай шокавай рэакцыі на бяду.

Аўгіння Сухаверхава, мастачка, разбярка па дрэве:

“Вочы на лоб, боль, боль, боль, несупынны, несуцішны. Адчуванне, што з паветра знік кісларод”.

 Праца паралізаваная

Абсалютна ўсе творцы, з якімі мы гаварылі, першыя дні пасля пачатку ваенных дзеянняў амаль ці цалкам страцілі магчымасць працаваць у звыклым рэжыме. Хтосьці не мог адарвацца і гартаў навіны 24/7, хтосьці спрабаваў адцягнуць сваю ўвагу ад падзей руціннымі хатнімі справамі, доглядам дзяцей. Некаторым творцам давялося звярнуцца па псіхалагічную дапамогу.

Яўгенія Котляр, фатографка:

“Першы тыдзень было амаль немагчыма ўзяць сябе ў рукі і нешта рабіць па працы, таму я старалася дапамагаць як валанцёр і інфармацыйна ў сацыяльных сетках. За першы тыдзень у мяне было пару фотасесій, і гэта дапамагло крыху засяродзіцца, а звыклага жыцця няма. Мы ўсе ў шоку, і я разумею тых, каму цяпер не да фотасесій”.

Іна Раманчанка, стваральніца тэкстыльных арт-цацках:

“Творчасць замерла, сціснулася ў камяк ад жаху. Працаваць як раней немагчыма, адчуванне, што рукі і вочы не мае, што ўсе навыкі згублены, праца ідзе павольна і з вялікімі намаганнямі”.

Весці сацсеткі у ранейшым рэжыме, посціць звычайны кантэнт стала недарэчна.  Ствараць камерцыйныя пасты, прапаноўваць свае вырабы і паслугі – няёмка. Пра рэкламу і таргет нават думкі не было.

Кветкавая фермерка Каця Карэнюгіна звычайна публікуе на пачатку вясны ў сваім інстаграме пасты пра выганку галінак, знаёмства з вясновымі садовымі кветкамі, анонсы майстар-класаў і сезоннай падпіскі. Але падзеі ва Украіне ўнеслі свае карэктывы: першы тыдзень Каця ўвогуле не ведала, ці карэктна нешта выкладваць і ці трэба наогул усё гэта працягваць.

 Бяда для творчых людзей

Рыхтуючы гэты матэрыял, мы пагаварылі з многімі творчымі беларусамі ў самых розных сферах. Ваенныя дзеянні сталі бядой не толькі для тых, хто падвергся нападу ці быў вымушаны пакінуць родны дом. Беларускія творцы, асабаліва тыя, для каго творчасць была адзінай крыніцай прыбытку, з жахам усвядомілі, у якой непрадказальнай сітуацыі яны апынуліся.

Іра Снапкова, стваральніца значкоў “Гэта знак”:

“Калі спачатку немагчыма было працаваць праз жах і здранцвенне, то цяпер праца падаецца немагчымай праз яе марнасць і нявызначанасць далейшай будучыні для ўсіх нас. Творчасць была маёй адзінай крыніцай даходу. Планаваць хоць якое-небудзь далейшае развіццё ў тым жа кірунку няма як. Інста стала не вітрынай, а платформай для абмену інфармацыяй пра дапамогу, для падтрымкі адно аднаго”.

Амаль усе нашыя суразмоўцы сутыкнуліся са змяншэннем колькасці продажаў і замоў ці ўвогуле поўнай іх адсутнасцю. Прычын на гэта некалькі.

  • Самая відавочная: большасць людзей пераключылася на жахлівыя навіны.
  • Потым, даволі хутка пасля пачатку падзей нашы суразмоўцы заўважылі, што іх сябры і кліенты сталі з’язджаць з краіны ў больш бяспечныя  месцы – творчасць і мастацтва часова згубіла для эмігрантаў сваю актуальнасць.
  • Акрамя таго, з-за падвышэння курсу валют і ўвядзення санкцый у людзей стала менш магчымасцяў плаціць за вырабы ручной працы.

Надзя Бука, мастачка:

“Ведаеце, у Беларусі і так мастацтва не заўсёды добра прадавалася  – сярэднія заробкі такія, што ў  першую чаргу людзі думалі пра тое, каб купіць, напрыклад, фатэль у кватэру за тыя грошы, за якія прадаюцца карціны. А цяпер, калі ўсё так рызыкоўна, людзі не хочуць і ў гэта ўкладвацца, а думаюць, як на лецішчы зрабіць яшчэ адну градку пад бульбу.  Яны не пойдуць у карцінную галерэю, не тыя часы”.

 Вольга Жарнасек, керамістка:

“Санкцыі адаб’юцца на матэрыяльным стане маіх патэнцыйных пакупнікоў. І калі паўстане выбар: набыць кераміку ці самае неабходнае, – вядома ж, гліняныя вырабы адыдуць на другі, а то і на трэці план. Гэта, па шчырасці, трохі непакоіць цяпер”.

Санкцыі

З наступствамі санкцый могуць непасрэдна сутыкнуцца і самі творцы.

Дызайнерка Міла Ігнацік ужо заўважае праблемы з прыёмам аплат ад пакупнікоў-замежнікаў.

Кветкавая фермерка Кацярына Карэнюгіна хвалюецца пра магчымасць закупкі якаснага імпартнага пасадачнага матэрыялу і насення.

Мастачка Аўгіння Сухаверхава расказала пра складанасці атрымання грошай ад продажаў на замежных фотабанках і мікрастоках накшталт Shutterstock.

Стваральніца ўпрыгожанняў Каця Вішнякова адзначае рост коштаў на матэрыялы, што можа адбіцца на кошце гатовага вырабу.

Керамістка Наталля Арцішэўская (Гаргона) прагназуе магчымыя праблемы з дастаўкай матэрыялаў з Еўропы і Украіны.

Фатографка Вольга Паўлоўская звязвае санкцыі з ростам курсу валют, ад якога залежаць кошты на ўтрыманне сайта, друк фота і фотакніг, тэхніку.

Стваральніца тэкстыльных лялек Марыя Ніфагіна заўважыла, што санкцыі адбіліся на пакупніках з Расіі: істотна вырас курс, і кліенты адмовіліся купляць цацкі. Зрэшты, эмацыйны стан адбіўся і на беларускім рынку: продажаў з пачатку сакавіка не было зусім.

Што далей?

Беларускія творчыя людзі сур’ёзна перажываюць за лёс сваіх праектаў, з трывогай глядзяць у будучыню і задумваюцца пра пошук новай працы ці пераезд.

Іна Раманчанка, стваральніца тэкстыльных арт-цацках:

“З’яўляюцца думкі аб пошуку іншай працы, больш запатрабаванай цяпер, і гэта ўганяе ў роспач. Пакуль для мяне сітуацыя бязрадасная. Разбураецца мой чароўны свет, які ствараўся многія гады з любоўю і надзеяй”.

Аўгіння Сухаверхава, мастачка:

“Я думаю, мастакі, якія не маюць ніякай падтрымкі, мусяць шукаць працу ці з’язджаць. Але для мяне гэта нерэальна, бо забраць з сабою майстэрню, дзе я пішу, ствараю і друкую афорты, рэжу фігуркі, я не змагу. Таму пакуль не бачу выйсця, на жаль”.

Вольга Паўлоўская, фатографка:

“У мяне ўсё на паўзе, я хаджу да псіхолага і спрабую даць рады эмацыйнаму стану. Плюс рашаю пытанні з дакументамі, візамі і г.д. Разумею, што эміграцыя можа быць непазбежнай”.

Керамістка і стваральніца брэнда “89 градусов” Саша Палідавец родам з Беларусі, але даўно жыла і працавала ў Маскве. Пасля таго, што здарылася ва Украіне, яна прыняла для сябе няпростае рашэнне закрыць майстэрню і пераехаць, бо працаваць у ранейшым рэжыме стала немагчыма:

“Невыносна становіцца тут жыць і па фінансавых, і па маральных прычынах. У адзін дзень жыхары Украіны страцілі дом, а жахары Расіі, якія не развучыліся думаць і адчуваць, страцілі бяспеку, свабоду слова і надзею на светлую будучыню. Зачыняю майстэрню 31 сакавіка, выкладваю фота на памяць як архіў сваёй творчай дзейнасці ў Маскве. Не раблю гучных анонсаў і спрабую публікаваць нашмат менш кантэнту, каб не адцягваць увагу ад важнага, але паспець дарабіць усё за закрыцця”.

Ратунак у творчасці

Перажыўшы першы шок, творцы пачалі пакрысе вяртацца да працы і знаходзіць у творчасці свой паратунак і тэрапію.

Ірына Бельская, мастачка:

“Мне вельмі важна нешта рабіць у гэтыя жудасныя часы. Я шмат малюю,  ілюстрацыі выкладваю ў інстаграм. Мне важна выказваць пачуцці ў сваіх творах праз светлыя вобразы. Гэта мяне трымае. Таксама шмат рэзала па дрэве, скончыла раней пачатыя вырабы. А вось дэтальна распісваць пакуль рука не падымаецца. Звязваю гэта з тым, што роспіс – гэта спакойная праца, а ў неспакойны час раблю больш фізічна складаную частку працы”.

Ілюстрацыя Ірыны Бельскай

Выказваюць свае пачуцці а таксама салідарнасць з украінскім народам праз свае працы і іншыя беларускія творцы. Першым, што здолела зрабіць стваральніца ўпрыгожанняў Каця Вішнякова пасля пачатку падзей,  стаў блакітна-жоўты пярсцёнак.  Мастачка Надзея Бука  нядаўна скончыла твор, які называецца “Вецер пераменаў”: “Калі я яго пачынала, асноўнымі колерамі выбрала сіні і жоўты. Потым я закінула твор, але ўсё ж вырашыла скончыць. У ім закладзены асабісты сэнс пра тое, што ўсё будзе добра”. 

“Вецер перамен”, Надзея Бука

Нягледзячы на вал пастоў у сацсетках пра ад’езд з Беларусі, шмат хто з творчых беларусаў асэнсавана вырашае заставацца на радзіме (дый не толькі творчых, гляньце  па тэгу #язастаюся ў Інстаграме). Керамістка Таня Рудзеня расказала, што рашэнне застацца натхняе яе і надае сілы на творчасць. І хоць наперадзе шмат невядомага, якое бянтэжыць і хвалюе, вешаць рук Таня не збіраецца і шукае варыянты, як падтрымаць сябе і іншых:

“Я менш раблю ўласна сваю кераміку і шмат запрашаю да сябе іншых майстроў на абпалы і працу на ганчарным коле. То бок я працягваю працаваць у майстэрні. Гэта не столькі творчы працэс, хутчэй такая руціна, якая дапамагае рухацца і дыхаць.
На пачатку 2000 я пачала працаваць з глінай, і ў той момант не было нічога ў нашай краіне. Ніякіх крамаў з матэрыяламі і печкамі для абпалу. Гэта мяне не спыняла тады. І тым больш не спыніць зараз. Гліна ёсць паўсюль – і я ведаю, што з ёй зрабіць карыснага”.

Стваральніца брэнду ніжняй бялізны Lovelace Карына Кудзіна цяпер шмат працуе над новымі напрамкамі, выходзіць на новыя рынкі і стварае кампаніі ў іншых краінах. Яна ў любой сітуацыі спрабуе бачыць выйсце і новыя магчымасці. 

Творчыя беларусы не па чутках ведаюць, што азначае салідарнасць і дапамога, то сталі думаць, як можна дапамагаць тым, хто цяпер яшчэ ў большай бядзе. Дапамагаць у тым ліку сваёй творчасцю.

Напрыклад, фатографка Яўгенія Котляр 50% даходу з усіх здымкаў, продажу сертыфікатаў пераводзіць на падтрымку Украіны. А дызайнерка Міла Ігнацік хоча падтрымаць творчых украінскіх дзяўчат і даць ім магчымасць ствараць і зарабляць пасля вайны:

“Думаю зрабіць серыю ўпрыгожанняў у колерах украінскага сцяга, продажы ад якіх пойдуць на навучанне ўкраінскіх дзяўчат. З гэтых грошай будуць набыты ўсе расходныя матэрыялы на навучанне. Я вельмі хачу дапамагчы”.

Упрыгожанні Мілы Ігнацік

 ***

Як жа можна падтрымаць беларускіх творцаў у гэты няпросты час? Найперш, не забываць, што яны ў нас ёсць. Заўжды аддаваць перавагу вырабам ручной працы беларускіх мастакоў і майстроў, а таксама паслугам нашых дызайнераў і фатографаў замест набыцця тавараў масавай вытворчасці.  

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра