Перад Днём усіх закаханых я дакладна ведала, пра каго мне хацелася б распавесці нашым чытачам, і таму прыйшла ў госці да Аляксандры Жук, стваральніцы 10motifs – самага “сардэчнага” брэнда Беларусі.
Саша яшчэ ў дзяцінстве вырашыла стаць дызайнерам адзення і зрабіла ўсё магчымае, каб здзейсніць сваю мару. Пра тое, якія крокі прывялі яе да перамог на «Млыне моды» і міжнародных паказаў, а потым да заснавання ўласнага брэнда і адкрыцця шоурумаў у Мінску і Вільні, чытайце ў матэрыяле.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Ілля і 10motifs
“Увесь дзень расказвала маме, як мы змешвалі фарбы”…
Аляксандра нарадзілася ў Полацку і, узгадваючы пра свой родны горад, заўсёды падкрэслівае, што гэтая зямля падарыла беларусам вельмі шмат таленавітых людзей. Сама Саша не выключэнне.
– З самага дзяцінства я ведала, кім хачу стаць. Я вельмі любіла маляваць. Калі ўпершыню ў садку было маляванне, я прыйшла дадому і ўвесь дзень расказвала маме, як мы змешвалі фарбы. Мяне гэта так уразіла, што бацькі мяне адразу адвялі ў мастацкую студыю, я там гадзінамі бавілася з фарбамі.
Я шмат гадоў прысвяціла полацкай мастацкай школе, нават больш, чым прадугледжана праграмай. Там была настолькі творчая атмасфера, таленавітыя выкладчыкі, што мы працягвалі наведваць заняткі яшчэ некалькі гадоў пасля выпускнога. Дома маляваць нязручна, таму вучні, якія ўдзельнічалі ў выставах і конкурсах, прыходзілі і малявалі для душы ажно да 10-11 класа.
Адзінае, што не атрымалася засвоіць за гэтыя гады, дык гэта габелен. А так у нас выкладчыкі былі самых розных кірункаў, і праграма была складзеная так, што за час навучання кожны павінен быў авалодаць усімі тэхнікамі. Мы малявалі і ў кубізме, і ў супрэматызме, і ў мінімалізме, у розных графіках.
Я люблю акрыл. Мне і акварэль падабалася, бо мая выкладчыца па жывапісе вельмі любіла выкарыстоўваць акварэль, але ў ёй трэба вельмі адчуваць, быць лёгкай, бо не атрымаецца нічога перапісаць. Алеем можна накласці некалькі слаёў, але алей сохне вельмі доўга. Намалявала працу і чакай тыдзень, каб яе скончыць. А акрыл сохне за ноч – і калі ёсць вялікае жаданне, можна вельмі хутка завяршыць працу.
Мой выкладчык вельмі крута маляваў акрылам, а я заўважаю, што калі ты ў кагосьці вучышся, то пачынаеш пераймаць тэхніку, ісці за ім.
І ў дызайнераў так: у заснавальніка моднага дома ёсць асістэнты, якія працуюць у стылі майстра, пераймаюць усе гэтыя тэхнікі, натхняюцца сваім настаўнікам. І потым, калі кіраўнік дома памірае або адыходзіць ад справаў, нехта з асістэнтаў займае яго месца.
У дзяцінстве я любіла пачыкаць непатрэбныя рэчы, з татавых джэмпераў шыла сабе кардыганы. У нас было некалькі швейных машынак, я спрабавала для сябе шыць, выдумляць нешта цікавае. У нас было шмат гузікаў, з рэштак тканіны я рабіла дэкор і ўвогуле спрабавала падарыць старым рэчам новае жыццё.
Тады ў нас нічога не было, і бацькі прывозілі з Германіі тоўстыя часопісы OTTO – там было столькі адзення! Я садзілася і цэлымі днямі гартала старонкі гэтых часопісаў. Там былі майкі розных тыпаў, нагавіцы рознага крою – вось тады я і зразумела, што хачу стаць дызайнерам адзення.
“Туды было вельмі складана паступіць”…
Не кожны адразу пасля школы ведае, кім хоча стаць. А Саша ведала. Спачатку яна хацела вучыцца на бюджэце ці ўвогуле з’ехаць за мяжу, але ў выніку паступіла ў мінскі Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава.
– Калі я выбірала, куды паступаць, прафесія дызайнеркі была такой жа дзіўнай, як і прафесія акторкі. Такія заняткі ўспрымаліся як творчасць, бо незразумела было, як гэтым можна зарабляць. А вось архітэктура і будаўніцтва – гэта нешта сур’ёзнае. Я спрабавала архітэктуру, але ёй трэба прысвячаць увесь свой час. Я ўсведамляла, што ў мяне не застанецца часу, каб займацца адзеннем.
Я не была гатова аддаць вялізную частку жыцця на тое, што я не люблю, каб знаходзіць маленькі адцінак часу для таго, што я па-сапраўднаму люблю.
Спачатку я думала паступаць за мяжу, але потым вырашыла аб’ездзіць усе ўстановы Мінска, дзе выкладалі дызайн адзення. Я знайшла шмат студэнтаў, якія скончылі Інстытут сучасных ведаў, усім напісала, спытала іх водгукі. Прычым напісала буйным дызайнерам: Айплатаву, Латушкінай і інш. Я паглядзела, якія ў іх афігенныя працы, у якіх краінах яны зараз працуюць, і зразумела, што гэта тое, што мне трэба.
Туды было вельмі складана паступіць. Іспыты ўключалі, апроч жывапісу і малюнка, яшчэ эскіз на фігуры, то бок трэба было ведаць, як будуюцца прапорцыі чалавечага цела, – ніхто з выпускнікоў класічнай школы гэтага не ўмеў. Жывапіс і малюнак я здала выдатна, але эскіз, натуральна, не. Потым на выпускным нам паказвалі нашыя працы, што было спачатку і што потым, і ўсе бачылі велізарную дынаміку свайго росту.
Але зараз Інстытут ужо не той, што быў раней. Змяніліся амаль усе выкладчыкі, і цыпер практычна конкурсу туды няма.
Аднак ты засталася задаволенай Інстытутам сучасных ведаў?
– Так, у мяне была магчымасць удзельнічаць у разнастайных конкурсах узроўню “Млына моды”, у якога ў той час была вельмі шырокая геаграфія краінаў, куды ездзілі пераможцы са сваімі паказамі. Перамогі ў “Млыне моды” мне дазволілі паездзіць па Еўропе, пабываць з паказамі ў Мілане, Падуі, Венецыі, Вене, Кракаве, Варшаве, Вільні, паглядзець, як арганізуюцца паказы ў іншых краінах, як выкладаюць дызайн у іншых школах.
І калі я вярнулася з Марангоні (Школа мадэльераў у Мілане, Італія), я сказала свайму выкладчыку: “Уяўляеце, Вы нас вучыце акурат так, як там”. Але там адукацыя каштуе 300 000 еўра, а ў Беларусі таннейшая, але нічым не горшая – і гэта было прыемна.
“Калекцыя была дастаткова творчая, але яна адразу ж прадалася”…
У 2014 годзе Аляксандра Жук стала пераможцай конкурсу “Новыя імёны” ад Belarus Fashion Week by Navy і атрымала магчымасць папрацаваць на рэальнай вытворчасці – у кампаніі Navy.
– У беларускіх тыднях моды я спачатку ўдзельнічала толькі як асістэнт: глядзела, як працуюць нашы дызайнеры, дапамагала ім на бэкстэйджы, з многімі я менавіта там і пазнаёмілася. А калі Тыдзень моды прысвяцілі беларускай культуры, я вырашыла паўдзельнічаць як дызайнер. І так супала, што ў той перыяд я якраз працавала з выцінанкай.
Рэч у тым, што ў Інстытуце сучасных ведаў мы вучыліся рабіць адзенне для розных групаў людзей, розных пакаленняў – не толькі тое, што табе падабаецца, але і тое, што можа спатрэбіцца ў працы.
І вось адным з заданняў было апрануць хор. Ва ўсіх асацыяцыі з хорам – гэта чорныя мантыі, нешта вельмі нуднае. А мне трэба было зрабіць прыгожыя гарнітуры ў рамках правілаў і стылю, у якім выступае хор. Я рабіла калекцыю для хору дзяўчат, якія спяваюць на беларускай мове нешта стылёвае і сучаснае, як Naviband.

У мяне была вельмі класная калекцыя, я назвала яе “У хорыку”, эскізы адразу прайшлі, у мяне атрымалася яе рэалізаваць і нават перамагчы. І хоць гэтая калекцыя была дастаткова творчая, яна ў мяне адразу ж прадалася.
Navy – гэта адзіная кампанія, якая глядзела вельмі далёка, яна разглядала маладых беларускіх дызайнераў, яна бачыла ў нас патэнцыял. Мне вельмі падабалася, што гэтая кампанія давала рэалізаваць абсалютна ўсе мае ідэі, а гэта вельмі складана на буйной вытворчасці. Звычайна тут дызайнерам ставяць жорсткія межы па бюджэце, таму што рэч павінна каштаваць пэўных грошай. Але ў Navy мне далі поўную волю: чым круцей, тым лепш. Пасля мы разам усё абмяркоўвалі. Яны як прафесіяналы дапамагалі мне абгарнуць мой патэнцыял так, каб гэта можна было насіць ды яшчэ крута прадаць.
У мяне быў поўны карт бланш: любыя тканіны, любыя апрацоўкі, у Navy было шмат розных машын, вельмі добрыя канструктары, якія дапамагалі мне рэалізаваць мае ідэі.
Мой дыпломны праект – гэта была праца для Navy. Я вельмі добра ўсё спалучыла. Мне яшчэ і заплацілі за яго. Прычым крута, што гэта не проста адзенне, якое я паказала, а гэта адзенне, якое адразу прадавалася. Літаральна пару мадэляў, якія былі моцна адпрынтаваны або расшыты, мы спрасцілі, а астатняе пайшло ў продаж.
У Navy я атрымала досвед працы ў добрай камандзе ў вельмі хуткім рытме. Яны тады толькі запусцілі новы брэнд – і трэба было ўлягаць, каб чагосьці дамагчыся. Мы нават абмяркоўвалі магчымасць далейшага супрацоўніцтва, але ў выніку я пайшла ў свой праект.
“Гэта быў першы моладзевы брэнд дызайнерскага адзення ў Беларусі”
Яшчэ ў студэнцтве Аляксандра Жук разам з аднакурсніцай Дарынай Вадап’янавай заснавалі свой брэнд, для пачатку скінуўшыся ўсяго па 100 даляраў, а потым за дзень прадалі ўсю калекцыю – так усё і закруцілася.
– Мы з Дарынай пачалі супрацоўнічаць на перадапошнім курсе інстытута, калі шукалі сталую працу, звязаную з дызайнам. Спачатку хацелі шыць пасцельную бялізну, але потым я прапанавала зрабіць калекцыю з беларускага лёну. Скінуліся па 100 даляраў, накупілі тканіны і пашылі класную летнюю калекцыю.
На той момант на рынку ўвогуле не было нармальнага адзення. Не было ніводнага канцэрна: ні H&M, ні Zara, ні Stradivarius. Маладым хлопцам і дзяўчатам не было дзе апранацца. І тады мы вырашылі зрабіць нешта для такіх, як мы. Крутую вопратку, даступную па фінансах. Я лічу, што брэнд Zibra – гэта першы моладзевы брэнд дызайнерскага адзення ў Беларусі.
Мы думалі прадаць нашу калекцыю з лёну на “Славянскім базары”, праўда, туды мы так і не даехалі. Проста арганізавалі здымку ў Віцебску, за ноч дамовіліся з крутым фатографам, які звычайна такое не здымае, але ён убачыў адзенне і сказаў: “Так, супер, хачу!” Мы ўсё так крута знялі, што гэта выглядала як брэнд. Я сказала Дарыне: “Слухай, давай назавём гэта неяк”. Так і з’явілася Zibra.

Тады якраз узніклі першыя маркеты на Кастрычніцкай – мы там усё хутка прадалі і вырашылі адшыць новую калекцыю. Для восеньскай калекцыі ўжо патрэбны былі розныя тканіны, падшэўкі, фурнітура – добра, што ў нас былі грошы з продажу першай калекцыі. Гэта была паўнавартасная восеньская калекцыя для мужчын і жанчын, у якую ўваходзілі не толькі сукенкі, але і паліто, курткі.
На гэты раз нам таксама пашанцавала з камандай: мы абралі крутую прастору для здымак, быў стыліст, дэкаратар, добрыя мадэлі, фатограф, відэаграф – вельмі прафесійная каманда. Мы, вядома, усім плацілі за ўдзел, але калі наш праект падабаўся, нам маглі зрабіць зніжку.
Мы зрабілі ўсё, як быццам у нас круты брэнд, а што з гэтым рабіць? Мы ўжо былі гатовыя прадаваць нашае адзенне па ўсім свеце, але гэта была ўсяго толькі другая калекцыя, пра нас яшчэ ніхто не ведаў.
Атрымліваецца, фэшн-маркеты сталі для вас першай пляцоўкай?
– Так, мы вырашыліся паўдзельнічаць у маркеце і зрабілі стаўкі: калі ніхто нічога не купіць – згортваемся, а калі адчуем зацікаўленасць аўдыторыі – будзем рухацца далей. І тады мы прадалі ўсё. Зарабілі за адзін дзень вялізную суму, у якую нават самі не паверылі. І тады зразумелі: аказваецца, наша адзенне камусьці патрэбна, добра, шыем новую калекцыю.
Маркеты вельмі дапамагалі. Бо нас не вучылі, як прадаваць сваё адзенне, мы ўмелі яго толькі ствараць.
Гэта цяпер усе ведаюць, як прадаваць праз Інстаграм, як адкрыць шоурум. А тады ўвогуле нічога не было. Хоць трэба было плаціць па рахунках. Маркеты сталі той пляцоўкай, дзе дызайнеры змаглі сустрэцца з пакупнікамі ды ацаніць попыт.
“Гэты прамежак жыцця мяне навучыў працаваць вельмі хутка і эфектыўна”
У 2018 годзе Аляксандра з брэндам Zibra ўдзельнічала ў найбуйнейшай міжнароднай выставе адзення, абутку і аксесуараў Who’s Next, якая праходзіла ў Парыжы. Але пачалося ўсё з перамогі ў фестывалі славянскай моды Fil Rouge.
– Першапачаткова я знайшла фестываль Fil Rouge і зразумела, што я сапраўды хачу ў ім удзельнічаць. Ён нятанна каштаваў, але мне тады бацькі падарылі грошай на дзень нараджэння, і я вырашыла: выдатна, удзельнічаем, усе грошы туды! Мы прайшлі адбор, адшылі калекцыю, паляцелі і там выйгралі ўсе магчымыя прызы: удзел у сербскім тыдні моды, працу з піяр-агенцтвам у Францыі, выстаўленне ў баерскім шоуруме ў Мілане падчас Італьянскага тыдня моды і ўдзел у выставе Who’s Next у Парыжы.
Да апошняга моманту я не верыла, што мы ўдзельнічаем у Who’s Next, бо гэта вельмі крутая і дарагая выстава, там мы былі адзінымі дызайнерамі з Беларусі. Але гэты прамежак жыцця навучыў мяне працаваць вельмі хутка і эфектыўна.
Мы калекцыю пашылі за 14 дзён! Насамрэч, я была ў паніцы: “Не, мы не ляцім, у нас усяго 14 дзён!”, а наш арганізатар мне: “Не, вы паляціце, у вас цэлых 14 дзён!”
Там у нас была вялізная колькасць ручной працы – у 10 разоў больш, чым цяпер, таму што зараз у модзе мінімалізм, а тады гэта былі сапраўдныя творы мастацтва, такі добры куцюр. Мы павінны былі прывезці два рэйлы адзення, плюс банэр, каталогі, візітоўкі. Як мы гэта зрабілі, я не ўяўляю.
Я яшчэ вучыла актыўна французскую і англійскую, таму што там на выставе трэба было актыўна з усімі камунікаваць. Баеры з усяго свету прыязджаюць і глядзяць калекцыі, якія ім падабаюцца, таму трэба было ўсё расказаць, абмяняцца кантактамі і працаваць далей. Але ў нас не было прадумана коштаўтварэнне, бо ў Беларусі вырабляць усё вельмі дорага. Калі ты працуеш з баерам, ты робіш яму зніжку. Атрымліваецца, трэба было кошты ставіць вышэй, каб мець магчымасць рабіць зніжку. Нам нават прапанавалі адшывацца ў Мілане, бо там танней шыць. Там кашмір каштуе нават танней, чым беларускае сукно. Прасцей у Італіі пашыць гэтае ж паліто з кашміру – выйдзе выгадней і везці з Беларусі не давядзецца.
Чаму мы пачыналі з адзення з лёну? Бо лён каштаваў танна. Але цяпер у нас лён каштуе як кашмір. Я не лічу, што кошты можна кожны год падвышаць мінімум удвая. Гэта ненармальна.
У выніку мы супрацоўнічалі потым з баерам з Мілану, рабілі паказы ў амбасадах, але на вокладку Vogue так трапіць і не ўдалося, бо мы не ведалі, як правільна весці стасункі з піяр-агенцтвамі.
“Было прынята купляць рэчы з паказу”…
Свой першы паспяховы брэнд Аляксандра развівала з 2014 года – гэта перыяд росквіту крэатыўнага сектару ў Беларусі. Час першых модных маркетаў, Тыдня беларускай моды, з’яўлення новых імёнаў у сферы дызайну. Аляксандра згадвае імёны дызайнераў, чые працы натхнялі яе тады і дзе чэрпае натхненне зараз.
– Першыя тыдні моды былі проста сіла! FUR GARDEN, Historia Naturalis, Павел Панаскін, Іван Айплатаў, Ліля Шутава, Holywool_bags, Макс Міронаў, Міла Ігнацік. Цяпер проста ўспамінаю, каго я нашу. А ў цэлым дызайнераў шмат: TON-IN-TON, Ірына Бойцік, Мікалай Шацько, Апці Эзіеў. Вельмі шкада, што зараз усё так сціхла, але першыя тыдні моды былі вельмі моцныя. Усе гарэлі!
Мы таксама ў 2017 годзе вырашылі паўдзельнічаць у Беларускім тыдні моды, літаральна за месяц усё падрыхтавалі. Трэба было і калекцыю адшыць, і расказаць пра сябе, і запрашэнні раздаць, і ўсю каманду стварыць, і партнёркі сабраць. Гэта ж і бюджэты вялікія, але было крута. У нас была вельмі высокая наведвальнасць тады. Мы раздалі ўсе месцы – і калекцыю раскупілі ў бліжэйшы тыдзень. Было прынята купляць рэчы з паказу: яны каштавалі дорага, былі ў адзіным экзэмпляры, вельмі шанаваліся.
Здаецца, што на тваю творчасць вельмі паўплываў Парыж, так?
– Так, першая сустрэча з Парыжам у мяне здарылася дзякуючы “Млыну моды”, у нас там былі паказы. Спачатку мне Парыж дужа не спадабаўся. У ім трэба пажыць, каб зразумець, як усё працуе. Бо там штодзень нешта адбываецца! Так атрымалася, што ў мяне быў малады чалавек з Францыі, я часта туды ездзіла, заўсёды старалася зачапіць Тыдзень моды і з цягам часу вельмі палюбіла гэты горад.
З замежных дызайнераў мяне натхняюць Schiaparelli, Old Celine, а яшчэ шмат інстаграмных захаванняў камерных брэндаў.
“Падзяліць брэнд было немагчыма”…
Аляксандра і Дарына шэсць гадоў тварылі ў межах агульнага брэнда Zibra, дзелячы на ??дваіх абавязкі па стварэнні калекцый і прасоўванні брэнда. Але ўсяму некалі прыходзіць канец.
– Я працавала больш над калекцыямі, мы маглі абмеркаваць тканіны або іншыя нюансы, Дарына магла выказаць свае рэкамендацыі, дзе чаго дадаць або прыбраць. Яна ж адказвала за візуал, за падбор мадэляў, за маркетынгавыя штукі, за прасоўванне ў Інстаграм, за працу з блогерамі. Дарына магла дапамагчы тэхнічна, таму што яна па адукацыі яшчэ і швачка. Калі трэба было акурат зараз нешта прышыць, то Дарына магла сесці і зрабіць гэта. Напачатку мы ўвогуле добра ладзілі. Але чым старэйшымі мы станавіліся, тым складаней было дамовіцца.
Перад пандэміяй мы вырашылі пашырацца, вельмі выпадкова знайшлі ўдалую лакацыю на Нямізе, у нас вырасла і змянілася каманда, пачалі мяняцца нейкія правілы. А я зразумела, што ў мяне іншыя каштоўнасці і я хачу рабіць усё па-іншаму. Я дала сабе пару месяцаў паглядзець, як што будзе, і ў выніку вырашыла, што чым падладжвацца пад новы рытм, прасцей стварыць нешта сваё. У мяне тады было шмат ідэй, і я разумела, што яны ўвогуле не для Zibra.
Я села і прыдумала новы брэнд літаральна за адну ноч.
Паколькі ўсіх усё задавальняла, а жаданне сысці было толькі ў мяне, то я сказала, што сыходжу, дамалявала, давышывала і сышла. Падзяліць брэнд было немагчыма, таму што за шмат гадоў было столькі ўсяго, што немагчыма нават палічыць і ацаніць унёсак кожнай з нас у агульны вынік. Напрыклад, усе вышыўкі рабіла я, першыя часы я краіла кожную сукенку сама. Дарына таксама шмат рабіла: развівала інстаграм-старонку, укладвала ў яе свае ідэі – як гэта ацаніць? Цяпер многія партнёры прыходзяць да нейкіх партнёрскіх кантрактаў, але тады мы пра гэта не задумваліся, паглядзелі, колькі каштуе зарэгістраваць таварны знак, і вырашылі, што лепш новае нешта прыдумаем у выпадку чаго.
Адзінае, што мне дасталася з мінулага жыцця, гэта арэнда нашага былога шоурума на Камсамольскай.
“Калі-небудзь у 10motifs будзе 10 матываў, але пакуль іх усяго 4”
Сашы ўжо было недастаткова проста ствараць дызайнерскае адзенне, хацелася, каб у гэтым адзенні быў нейкі сэнс. І яна стала генераваць сэнсы.
Першы матыў – гэта пра эмоцыі. Мне вельмі важна, каб адзенне дарыла не толькі цяпло, але і сапраўдныя эмоцыі. У мяне са шматлікімі пакупніцамі сяброўскія стасункі, я ведаю іх сем’і, мне знаёмыя іх праблемы і патрэбы. Калі яны прыходзяць па адзенне, насамрэч яны прыходзяць пагутарыць, атрымаць нейкія эмоцыі. Яны ў нас у дэталях: у дызайне, у ручным дэкоры, ва ўпакоўцы. Мы ўкладваем у кожную скрынку тэматычны сюрпрыз: галінку лаванды, печыва або паштоўку. У нас шмат сталых кліентаў, таму мы стараемся пастаянна прыдумляць нешта новае, каб кожны раз выклікаць прыемныя адчуванні пры распакоўцы.
Другі матыў – гэта ручная праца. Для мяне вельмі важна захаваць ручную працу, бо гэта ў традыцыі беларусаў. Беларусы заўсёды славіліся сваім рамяством, гэта наш нацыянальны код. Але таксама гэта звязана і з Парыжам, бо куцюр там заўсёды ўспрымаўся як сур’ёзная праца, як сапраўднае мастацтва. Вядома, у нас ёсць вытворчасць, дзе адшываюцца нашыя вырабы на швейных і вязальных машынах. Але ўвесь дэкор ствараецца ўручную, мы дорым сабе магчымасць ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Нават кожная бірка ў 10motifs вышытая ўручную! Менавіта таму і ў стварэнні шоурума мы не прыцягвалі ніякіх адмыслоўцаў: усё рабілі сваімі рукамі.
Трэці матыў – гэта пра экалагічнасць. У вытворчасці адзення вельмі шмат адходаў, з імі трэба нешта рабіць, неяк утылізаваць. Так у нас з’явілася ідэя выкарыстоўваць абрэзкі тканін як дэкор. Яны прыгожыя, непаўторныя, таму мы робім з іх унікальныя выявы, аплікацыі, якія немагчыма паўтарыць. Гэта вылучае наш брэнд, і гэта таксама ручная праца.
Чацвёрты матыў – гэта пра сацыяльную актыўнасць. Мы адкрылі яго для сябе нядаўна, калі зразумелі, якім чынам дызайнеры адзення могуць дапамагчы грамадству ў цяжкі момант. Цяпер мы хочам дапамагаць маладым талентам рэалізоўваць свае праекты. А пачалі мы з сябе: запусцілі свой праект “Беларусы заваёўваюць свет” і вырашылі публікаваць кожны крок, які прывядзе нас да мэты.
“Божа, нарэшце столькі сукенак – як гэта магчыма?!”
Аляксандра ўсміхаецца, успамінаючы, як няпроста было пачынаць усё спачатку: прыйшлося шмат чаму вучыцца, разбірацца ў дакументацыі, з нуля набіраць базу падпісчыкаў, дабівацца пазнавальнасці і любові да новага брэнду.
Першая калекцыя 10motifs была ўся такая лёгкая, рамантычная, я назвала яе Fleur. Пасля дастаткова спартыўнай Zibra мне хацелася паказаць усю жаноцкасць, якая толькі ёсць на зямлі. Мае дзяўчаты сказалі: “Божа, нарэшце столькі сукенак – як гэта магчыма?!”
Але былі і складанасці. Я не люблю ўсякую дакументацыю – гэта мяне і спыняла перад адкрыццём уласнага брэнда. Мне прыйшлося ва ўсім самастойна разабрацца: з касавым апаратам, тэрміналам, сертыфікацыяй, рэгістрацыяй. А ў астатнім мне было лёгка: у мяне засталіся тыя ж пастаўшчыкі тканінаў, вытворчасць, партнёры. У нас ужо былі наладжаны працоўныя сувязі, і мы проста працягнулі супрацоўніцтва ў межах новага брэнда.
Для мяне таксама стаў балючай тэмай Інстаграм. Я адразу ж знайшла чалавека, які будзе ім займацца. Мая сяброўка ўзялася рабіць нам увесь кантэнт, навучыла мяне, якім павінен быць прадукт, падача, як трэба пазіраваць, як мадэляў выбіраць, як абгарнуць свой прадукт.
Кожны чалавек, з якім мы супрацоўнічаем, нас нечаму вучыць, і прадукт становіцца ўсё лепшым і лепшым.
Насамрэч пачынаць усё з нуля было не складана. Я працавала ў Мінску шмат гадоў, мяне ўжо ўсе ведалі. Тэхнічна я засталася працаваць з той жа камандай, таму што на гэтай вытворчасці шыюць некалькім дызайнерам. Я працягнула супрацоўнічаць з тымі ж мульцібрэндавымі крамамі, з якімі ўжо працавала раней. Яны мяне падтрымалі.
A Zibra таксама цябе падтрымала і расказала пра твой новы праект?
– Што ты, вядома, не. Яны наадварот папрасілі: “Можна, мы не будзем казаць, што ты сышла? Дай нам час”. Мы дамовіліся, што праз 2 ці 3 месяцы яны абавязаны аб’явіць пра мой сыход, але гэтага так і не адбылося. Яны нават нейкі матэрыял выкарыстоўвалі са мной, таму што я вельмі шмат рэчаў на сабе паказвала, мы здымалі мяне часта для рэкламы адзення. Тут я ўжо запатрабавала, каб выразалі мой твар, бо я не магу быць і тут, і там. І людзі не разумелі: мае кліенты прыходзілі да мяне туды нешта шыць па індывідуальных замовах, а там ім казалі: “Прабачце, Сашы няма”. Многія мне ў прыват пісалі: “Я прыйшла сукенку пашыць, а цябе няма, у чым справа?”
“Цяпер гэта наш лакаматыў: 70% нашага партфеля складае менавіта «сардэчная» калекцыя”
У 2020 годзе з’явілася калекцыя “Разам”, пасля чаго 10motifs рэзка стаў самым “сардэчным” брэндам Беларусі. Саша шчыра дзеліцца, як ёй прыйшла ідэя звязаць чырвонае сэрца і як яна ператварыла яго ў самую пазнавальную фішку свайго брэнда.
– Я заснавала 10motifs летам 2020 года, паспела літаральна пару месяцаў папрацаваць, і потым усё закруцілася. Неўзабаве пазнаёмілася з Пашам (цяпер – дырэктарам 10motifs). А пасля мне прыйшла ідэя, як я – дызайнер адзення – магу дапамагчы людзям.
Я прыдумала за ноч сэрца. Я дакладна ведала, што гэта будзе вязанае кручком сэрца, але яно ў мяне толькі з пятага разу атрымалася. Нашыла яго на майку, дадала касічкай надпіс «РАЗАМ». Мне за дзень забілі паведамленнямі ўвесь дырэкт. Тады я сказала: стоп, каму змагу – зраблю. Тыдні два я сядзела і рабіла гэтыя футболкі. Так яны сталі пачаткам восеньскай калекцыі.
“Перамены – гэта заўжды страшна”
Потым Саша з Пашам пераехалі ў Вільню і праз год адкрылі тут свой шоурум. Яны падзяліліся гісторыяй, як выйсце з зоны камфорту стала для іх пунктам росту.
– У нас з’явіліся планы маштабавацца, калі нашы рэчы сталі капіяваць, і нам прыйшлося сысці ў монапрадстаўленасць – выстаўляцца толькі ва ўласным шоуруме. Рэч у тым, што нашы вырабы хутка раскупляліся, мы не паспявалі па ўсіх кропках абнаўляць наяўнасць, і ў адной з крамаў вырашылі: добра, мы самі тады зробім. У выніку мы перапынілі партнёрскія стасункі з мульцібрэндавымі крамамі, прыйшлі да таго, што нашы тавары цяпер можна купіць толькі ў нас. Таму, калі мы пераехалі ў Вільню, адкрыццё тут уласнага шоурума было пытаннем часу.
10motifs працягвае працаваць і ў Мінску. Спачатку было страшна, бо мы ніколі не працавалі дыстанцыйна, было незразумела, ці атрымаецца. У мяне ж заўсёды былі асабістыя зносіны з пакупнікамі, асабістыя прымеркі. Трэба было ўсё наладжваць па-іншаму. Перамены – гэта заўжды страшна.
Але тут у размову ўключаецца Паша, які прыйшоў у 10motifs ужо з багатым досведам працы ў продажах у міжнародных кампаніях.
– У нас склаўся добры тандэм: Саша звычайна думае, што зрабіць, а я вырашаю, як гэта зрабіць. Таму Саша перажывала, як мы ўсё наладзім, а я ведаў, што ўсё можна вырашыць.
Ёсць жа брэнды, якія прадстаўлены па ўсім свеце, і ёсць галаўны офіс, які імі кіруе. Калі зрабіў гэта нехта, чаму не можам зрабіць мы?
Цяпер нам ужо нават не трэба прадумваць лагістыку: у нас ёсць вытворчасць у Беларусі і ў Літве, усе замовы па СНД мы адпраўляем з Беларусі, а па Еўропе, у Амерыку і Азію – з Літвы. Мы намагаемся падтрымліваць баланс па наяўнасці ў Мінску і Вільні, не заўсёды гэта атрымліваецца ідэальна, але мы стараемся.
Тут усё значна прасцей, чым у Беларусі. Складана было толькі праз інфармацыйны дэфіцыт: тут іншыя законы, трэба было іх супастаўляць. Напрыклад, у Беларусі, калі купляеш тканіну, табе даюць на яе сертыфікаты, але на базе гэтых сертыфікатаў дызайнер мусіць зрабіць яшчэ сертыфікацыю сваіх вырабаў. Тут жа сертыфікаты на тканіны дзейнічаюць і на вырабы, пашытыя з гэтых тканінаў.
Фінансавыя ўкладанні, вядома, вялікія, але калі не прыцягваць іншыя інвестыцыі, трэба выкручвацца ў межах свайго бюджэту. Мы доўгі час працавалі тут афіцыйна, але без шоуруму. Гэтае месца знайшлі, калі тут яшчэ гаспадыня толькі дафарбоўвала сцены. Гэтая вуліца лічыцца адной з самых лепшых па размяшчэнні: тут побач Палац прэзідэнта, вуліцы Vilniаus і Gedymino, усё побач.
Доўга шукалі памяшканне, а калі знайшлі, думалі, як усё ўтульна зрабіць. У нас тут практычна ўсё кастамнае: карнізы, гадзіннік, рэйлы. Нават карціна – гэта аплікацыя з рэштак тканінаў.
“Што падарыць на 14 лютага”…
Да гэтага моманту нашай гутаркі Аляксандра паспела звязаць ўжо 4 сэрцайкі. Я цікаўлюся, якія яшчэ этапы стварэння калекцыі мая гераіня пакідае за сабой, а якія дэлегуе. Адказаць на гэтае пытанне Аляксандра прапануе Пашу, які цяпер з’яўляецца дырэктарам 10motifs і адказвае за бізнэс-працэсы ў камандзе.
– Цяпер у нашай камандзе 7 чалавек, ужо многія працэсы наладжаны і дэлегаваны. Саша па-ранейшаму адказвае за стварэнне калекцый і візуал. Я займаюся працэсамі кіравання. Саша можа вязаць сэрцайкі, а потым завезці дакументы ў бухгалтэрыю. Жорсткага размежавання няма, мы дапамагаем адно аднаму.
Маштабы вытворчасці мы ўвесь час павялічваем, мы не можам прадбачыць, якая мадэль прадасца лепш за ўсё. Але мы таксама выпускаем лімітаваныя калекцыі. Напрыклад, у 2021 годзе мы выпусцілі лімітаваную калекцыю сумак з сэрцам – усяго было 735 вырабаў – мы іх прадалі літаральна за два тыдні, паўтораў не будзе.
У лютым мы запусцілі новую акцыю “Сэрца дабра”, якая павінна прывесці да мары нас і шчаслівага ўладальніка нашага сэрца.
Мужчыны звычайна не ведаюць, што падарыць на 14 лютага, і нашае “Сэрца дабра” – гэта выдатны падарунак, таму што гэта цудоўны элемент дэкору, і таксама магчымасць адправіцца на 7 дзён у Парыж, а гэта горад кахання. Падарыўшы “Сэрца дабра”, ты можаш выказаць сваё каханне і яшчэ дапамагчы нашаму праекту 10motifs Store in Paris, дзе будуць размешчаны ўсе 1010 імёнаў удзельнікаў праекту.
“Уладальнік сэрца са шчаслівым нумарам паляціць з намі ў Парыж”
Цяпер 10motifs ужо “не спыніць, не стрымаць”… Паша дзеліцца, як ім прыйшла ў галаву дзёрзкая ідэя адкрыць шоурум у Парыжы.
– Гэта Сашына мара, Сашын любімы горад. Трэба было толькі паставіць мэту – і 1 студзеня 2022 года ў нашым профілі побач з адрасамі шоурумаў у Мінску і Вільні з’явіўся запіс: Парыж – пошук лакацыі. У Вільні мы адчыніліся 10 снежня, і цяпер мы хочам кожны год 10 снежня адчыняцца ў новым горадзе.
Мы вырашылі, што адкрыццё 10motifs Store in Paris мусіць стаць не камерцыйнай гісторыяй поспеху, а сацыяльным праектам, які пакажа ўсім беларусам, як можна рэалізаваць мару. Таму папярэдне мы палічылі, што на праект у сярэднім спатрэбіцца каля 50 тысяч эўра. Мы стварылі 1010 “Сэрцаў дабра” і прапанавалі людзям унесці свой уклад у ажыццяўленне мары. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу “Сэрцаў дабра”, а таксама 10% ад штодзённага продажу брэнда ідуць у банк – і мы кожны дзень публікуем справаздачу, колькі сродкаў сабрана і колькі дзён засталося да ажыццяўлення мары.
За месяц да адкрыцця шоурума 10motifs у Парыжы сярод уладальнікаў “Сэрцаў дабра” мы вызначым пераможцу – таго, хто паляціць з намі на 7 дзён у Парыж.
Мы зладзім імпрэзу, запросім цікавых гасцей, адзін з якіх выцягне выпадковы нумар – і ўладальнік сэрца з гэтым нумарам паляціць з намі ў Парыж. Мы распрацоўваем цікавую праграму: экскурсійную, забаўляльную і святочную – з удзелам у адкрыцці 10motifs Store in Paris. Мы аплацім абсалютна ўсё: пералёт, пражыванне, харчаванне, удзел ва ўсіх мерапрыемствах – цалкам усе выдаткі. Адзінае патрабаванне да пераможцы – дакументы, якія дазваляюць падарожнічаць па Еўропе.
Гэта вялікая адказнасць перад сабой і перад аўдыторыяй. Калі б праект не быў публічна агучаны, у нас была б магчымасьць яго адкласці. Але мы вырашылі зрабіць усё адкрыта: кожны крок публікаваць у сторыс, расказваць пра дынаміку збору сродкаў, пра спецыфіку рэгістрацыі бізнэсу ў Францыі, пра пошук і рамонт памяшкання і ўсе этапы падрыхтоўкі да адкрыцця. І зараз у нас ужо няма права на памылку.
Курс на шоурум у Парыжы – ці значыць гэта, што ваш брэнд сапраўды перажывае небывалы ўзлёт і ўстойлівае развіццё? Ці за вонкавым маштабаваннем хаваецца шмат рызыкі і трывогі?
– Я б не сказаў, што ў гэтым ёсць нейкія рызыкі. Саша таленавіты дызайнер, яна ведае, што рабіць, і робіць гэта добра. Ёсць такія моманты, якія мне, як чалавеку лічбаў, абсалютна не зразумелыя: напрыклад, для таго, каб падабраць склад нашых футболак, спатрэбілася вельмі шмат часу і варыянтаў трыкатажу. Саша вельмі ўважліва ставіцца да якасці і да дэталяў.
10motifs не халодны брэнд з мас-маркету, гэта брэнд са сваімі мэтамі, са сваёй місіяй. Нам вельмі хочацца ў Парыжы расказваць пра беларускія таленты, гэта будзе цікава і запатрабавана. Там высокая канкурэнцыя, што нас вельмі моцна матывуе.
У нас сапраўды назіраецца ўстойлівая дынаміка развіцця, таму трэба ставіць мэту і ісці да яе. Калі чагосьці баяцца, то ніколі не прыйдзеш да поспеху.
Калі ў свеце з’явіцца трэці шоурум 10motifs, вы пераедзеце ў Парыж?
– На першы час дакладна. Але тут жа Еўразвяз – тут няма праблемаў з перамяшчэннем. Калі мы хочам сустрэцца з дыяспарамі – гэта не праблема. Нас ужо і ў Гаагу запрашалі, і ў Нямеччыну, і ў Нідэрланды. Прыходзіць вельмі шмат словаў падтрымкі. Пасля абвяшчэння праекта 10motifs Store in Paris нас завалілі прапановамі: давайце адкрываць шоурум у Варшаве, давайце ў Празе, мы вам дапаможам, мы ўсе тут ведаем. Гэта каласальная падтрымка. Яна вельмі зараджае, вельмі натхняе.
Калі ўсё зменіцца, вернецеся ў Беларусь?
Паша: Я – так.
Саша: Я буду глядзець па тым, як яно будзе мяняцца. Што гэта будзе, хто гэта будзе. І тады можна будзе падумаць.
(C) ALOVAK