“Беларускі край” Сашы Курковай: ювелірныя вырабы з тугой па Радзіме

Пагутарылі са стваральніцай маладога, але ўжо паспяховага ювелірнага брэнду Belaruskicry Сашай Курковай пра адкрыццё бізнэсу ў Грузіі, спецыфіку працы ювелірнага майстра, паспяховыя калабарацыі, актыўны рост, рэбрэндынг і мару пераназваць Belaruskicry у “Беларускі рай”.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Belaruskicry

Пераехаць і пачаць усё з нуля

Кім ты была ў мінулым жыцці, да таго, як занялася ювелірнай справай?

Я шмат прафесій паспрабавала. Вучылася на маркетолага ў БНТУ, але не скончыла. Пайшла працаваць: спрабавала сябе ў продажах, у маркетынгу, у івэнтах, год працавала сцюардэсай у Belavia. Потым была праца ў фірме, якая дапамагае хлопцам легальна пазбегнуць службы ў войску. У ювелірку нічога мяне не вяло. Ніякая з маіх прафесій не была звязаная ні з модай, ні з індустрыяй прыгажосці. 

А як тады ты шукала сябе пасля пераезду ў Грузію і чаму цябе зацікавіла менавіта ювелірная справа?

За тыдзень да пераезду ў Грузію я скончыла курсы па біжутэрыі. Я тады не бачыла сябе ў гэтай сферы, мне не прыходзілі ў галаву класныя дызайны, я ніколі не была майстрыцаю. Перабіраючы перлінкі, я тады сказала сваёй настаўніцы, што пакуль буду два тыдні сядзець на каранціне, для сябе папляту нешта. А яна мне сказала: “Так усе гавораць”. 

А потым я даведалася, што ў Грузіі вельмі развітае ювелірнае мастацтва, тут ёсць залатая біржа – гэта рынак золата, срэбра і дыямантаў. Тут не трэба ліцэнзіі на гэты від дзейнасці, нават пры набыцці каштоўных металаў ці камянёў не выдаюць касавых квіткоў. Беларусам гэта цяжка ўявіць. Я пабачыла і зразумела, што гэта мне цікава. І тады я пачала шукаць сабе настаўніка, які б мяне навучыў працаваць з каштоўнымі металамі. Гэта быў доўгі шлях, бо тут няма ніякіх школ, тут не працуюць ніякія пошукавыя сістэмы, тут немагчыма нічога загугліць. У нас жа любы бізнэс пачынаецца з рэгістрацыі ў сеціве: на сайтах і ў сацсетках. Не, тут гэтак не працуе. Тут людзі карыстаюцца фэйсбукам, і тое там прадстаўлена толькі 20% ад усяго бізнэсу. Таму я проста пыталася ў людзей, дзе мне знайсці таго, хто б мяне навучыў ювелірнай справе.

“Пераплавіла срэбную лыжку і адліла контур Беларусі – так і паўстаў Belaruskicry”

Пачалося ўсё з таго, што я ўрэшце знайшла настаўніцу, пераплавіла срэбную лыжку, адліла контур Беларусі і вярнулася ў Менск. Прывезла 5 ці 7 кулончыкаў, падарыла іх сябрам і адзін пакінула сабе. Акурат тады мяне запрасілі зняцца ў часопісе Citydog для рубрыкі “Касметычка”. І людзі зацанілі не маю касметыку, а мой кулон. Пачалі пісаць мне ў інстаграм і рабіць замовы. Першыя паштоўкі я сама афармляла, ад рукі пісала тэкст маёй улюбёнай песні “Як ты?” спявачкі Паліны, хадзіла на пошту і адпраўляла людзям. Потым гэтыя людзі пачалі замаўляць кулончыкі сваім сябрам. І тады я зразумела, што трэба рабіць гэта і далей, беларусам гэта трэба.

Фота: citydog.io

У твайго брэнда чароўная назва, шматзначная. Як прышла ідэя назвы?

Яна да мяне не прыйшла, я яе недзе пабачыла! Я надта люблю твітар, я сяджу там болей, чым у інстаграме, і аднойчы я пабачыла там адзін каментар: belaruski cry. А потым, калі паўстала неабходнасць неяк назваць свой брэнд, першае, што мне прыйшло ў галаву – @belaruskicry.

Як ты лічыш, у чым сакрэт ашаламляльнага поспеху брэнда?

Я не адчуваю нейкага асаблівага поспеху, для мяне гэта як гульня. Са мной працуюць мае сябры, мы з сябрамі нешта замуцілі, мы спрабуем, каб гэтае нешта працавала і ўсіх радавала. 

Спачатку я не ведала, як расказаць пра свой брэнд усяму свету і беларусам, якія раз’ехаліся па ўсім свеце. Таму я пачала шукаць, каму б падарыць сваё ўпрыгожанне. Гэта былі людзі, якіх я люблю і паважаю. Я думаю, што менавіта гэты ход спрацаваў – людзі, якім мы дарылі кулончык, расказвалі пра яго і прыводзілі нам новых пакупнікоў.Тварам майго брэнда стала Palina, я бачыла яе ў сваім кулоне, напісала ёй, прапанавала здымку, і яна пагадзілася нават дзеля гэтага прыехаць з Масквы ў Менск. Я даслала з Грузіі шмат упрыгожанняў, мы знялі студыю, сабралі каманду, усё адзнялі – і з гэтага пачалася гісторыя “Беларускага краю”.

На купальскім маркеце Сraftmall сёлета стаялі чэргі за тваімі кулонамі. Хацела б пабачыць гэта ўжывую?

Гэта так цікава было б! Мая сяброўка Насця, з якой мы пачыналі Belaruskicry, рабіла ўсё афармленне, увесь дызайн стэнду, мы адрозніваліся ад астатніх брэндаў. Мне вельмі шкада, што я не магу цяпер адкрыць вытворчасць, вырабляць і прадаваць свае ўпрыгожанні ў Беларусі. 

Але і ў Грузіі спачатку для мяне гэта было выключна хобі, а не бізнэс. Цяпер мы працуем афіцыйна, у нас тут ёсць рахункі, мы арэндуем офіс, але каб я не пачала займацца гэтым проста так, для душы, то я не змагла б пачаць наогул! Не змагла б адкрыць сваю справу. Не змагла б развівацца. Каб з самага пачатку я мусіла плаціць кучу падаткаў, аплочваць камуналку і арэнду – гэта было б вельмі цяжка. 

“Я хачу, каб кожны насіў ўпрыгожанні Belaruskicrу”

Можаш апісаць працэс стварэння кулона з контурамі Беларусі? Наколькі наогул гэта складана?

Я не ўмею маляваць, таму пачала я з немудрагелістага ўпрыгожання – гэта проста контур, узяты з мапы нашай краіны. Усе астатнія ўпрыгожанні я проста малюю алоўкам, далей іду да рутэрыста, які малюе мадэль на кампутары, а потым па ёй станок выразае мадэльку з ювелірнага воску. Тады васковая мадэль загружаецца ў гіпс, гіпс застывае, а воск пры пэўнай тэмпературы плавіцца. Потым у гіпсавую форму замест воску заліваецца срэбра ці золата – і атрымліваецца ліццё. Потым усе адлітыя фігуркі чакае ручная апрацоўка. Цяпер у нас дадаўся такі этап, як галтоўка: будучыя ўпрыгожанні па чарзе пагружаюцца ў тры вялізныя каністры з рознай фракцыяй пяску, па 6 гадзін яны трасуцца ў пясочных сумесях, каб упрыгожанні былі ідэальныя, без вострых краёў, сколаў. Потым робіцца другі этап ручной апрацоўкі, пакрыццё срэбрам 999 пробы і ўстаўка каменьчыкаў. Цяпер у стварэнні аднаго ўпрыгожання задзейнічана ад трох да пяці чалавек.

Мы робім упрыгожанні пад замову з любога металу, але больш – са срэбра. Яно больш даступнае і ўніверсальнае. Дый я люблю больш срэбра. Беларусы, якія раз’ехаліся па ўсім свеце, яшчэ не так добра ўладкаваліся, каб дазваляць сабе дарагія ўпрыгожанні. Беларусы сціплыя. А вось грузіны больш любяць золата.

Раскажы падрабязней пра каштоўныя камяні і металы, якія ты выкарыстоўваеш у стварэнні сваіх упрыгажэнняў.

Мы выкарыстоўваем срэбра і золата, а таксама каштоўныя камяні: рубін, смарагд, сапфір, тапаз, аквамарын, дыямант. Гэта быў доўгі шлях пошуку добрых матэрыялаў. Калі я рабіла сама 10-30 упрыгожанняў на месяц, я магла сама кантраляваць усе працэсы ад пачатку і да канца, ад пошуку і закупкі да апрацоўкі і адпраўкі. А калі мы пачалі рабіць 100-300 ўпрыгожанняў на месяц, я пачала шукаць буйныя вытворчасці і закупаць оптам метал і камяні, каб у нас заўжды былі ўсе матэрыялы ў наяўнасці. 

На сёння ў нас ужо ёсць вытворчасць, якая робіць для нас ачышчанае срэбра 925 пробы і дадаткі, якія не дазваляюць срэбру цямнець, зверху пакрываем срэбрам 999 пробы – нядаўна дадалі гэты этап у вытворчасць. Камяні цяпер мы набываем гуртам у Амерыцы, мы выйшлі ўжо на той аб’ём, каб супрацоўнічаць з буйнымі пастаўшчыкамі і быць упэўненымі ў якасці набытых матэрыялаў. Так што хутка мы зробім рэбрэндынг і запусцім новую калекцыю ў продаж.

Раскажы пра новую калекцыю. Чым плануеш пацешыць аматараў упрыгожанняў перад Калядамі?

Спачатку мы рабілі даступныя, мінімалістычныя ўнісэкс-упрыгожанні для беларусаў і беларусак з усяго свету, любога полу і ўзросту. Я хачу, каб кожны насіў ўпрыгожанні Belaruskicry. 

Цяпер яшчэ мы робім шармы з беларускім арнаментам, яны зроблены з грузінскай эмаллю паверх срэбра 999 пробы – гэта старажытная тэхналогія, якая была страчаная на два стагоддзі і адноўленая цягам апошніх ста гадоў. Шарм можна насіць як моназавушніцу, як бранзалет на чырвонай нітцы і як кулон на ланцужку. Мы ўжо выпусцілі пяць мадэляў, пачынаем самі насіць, спрабаваць, як гэта будзе. Шмат будзе моназавушніц, брошак і значкоў на заплечнікі. А да Калядаў мы рыхтуем святочную калекцыю ў стылі funny jewelry. 

Цікава, а як ты ставішся да канцэпцыі брэнда Pandora?

Гэта вельмі крутая бізнэс-мадэль, я знаёмая з іх кейсам. Стварылі “Пандору” муж і жонка, сямейная пара, гэта быў маленькі брэнд, які ствараўся як крама-майстэрня. Але ж потым іх заўважыў нейкі бізнэсмэн, добры кіраўнік, які знайшоў інвестараў, і яны прыдумалі канцэпцыю шармаў, якая атрымала неверагодны поспех.

Я максімалістка. Калі пачаўся Belaruskicry, у мяне адразу была мэта адкрыць крамы, сваю вытворчасць, развіваць мульцібрэнд і супольнасць вакол “Беларускага краю”. 

“Цяпер у нас працуе больш за 15 чалавек”

Як доўга ты працавала адна і калі твая каманда пачала расці?

Амаль адразу да мяне далучылася сяброўка Насця, якая дапамагала мне з упакоўкай і прасоўваннем брэнда. А наша каманда пачала расці пасля пачатку вайны, калі мае сябры прыехалі ў Грузію. Я ўжо сама не давала рады ўсім замовам, а дзяўчатам акурат патрэбная была праца. У мяне пачалі працаваць спачатку дзве мае сяброўкі, потым яшчэ дзве дзяўчыны. І так штомесяц пачало дадавацца па 2-4 чалавекі. 

Падзяліся, чым на дадзеным этапе развіцця займаешся ты, а якія функцыі ты ўжо дэлегавала камандзе? 

На вытворчасці ў нас цяпер працуе пяць чалавек: рутэрыст, ліцейшчык, тры ювеліры. Над замовамі працуюць тры дзяўчынкі. У нас цяпер штомесяц больш за тысячу замоваў, мы падключалі розныя боты, CRM-сістэмы, віджэты на кампутарах. Таму яшчэ тры дзяўчыны ў нас цяпер працуюць з кліентамі. Цяпер ёсць два айцішнікі, якія робяць нам сайт і займаюцца CRM. Яшчэ ёсць арт-дырэктарка і смм-спецыялістка. Яшчэ ў нас ёсць памочніца, дзяўчынка з Наваградка, якая тут вучыцца ў міжнароднай школе. Нядаўна я яшчэ дызайнерку ўзяла. 

А сама я цяпер праектная мэнэджарка, калі так можна сказаць, у мяне ўсё знаходзяцца на сваіх месцах, беларусаў практычна не трэба кантраляваць ці матываваць, кожны бярэ на сябе працу і адказвае за яе. Я абажаю сваю каманду, гэта найлепшыя людзі. Я бачу ў гэтых людзях шмат любові да брэнду, у нас такая дружная сям’я. Таму я дэлегавала амаль усё, а сама займаюся візуалам, маркетынгам і бізнэс-працэсамі, наймаю новых людзей, раблю актыўнасці з блогерамі. Цяпер вось вярнулася з выставы ў Турцыі, дзе шукала новых пастаўшчыкоў фурнітуры і матэрыялаў. Турцыя – гэта адзін з самых вялікіх рынкаў ў свеце па ювелірнай прадукцыі.

Але мяне часам цягне зноў да ручной работы – гэта такая медытацыя для мяне. Я ў сваю першую хату прывалакла ювелірны стол і сядзела, пілавала, лупіла малатком, любіла гэтым займацца. Яшчэ год таму я нешта дашліфоўвала перад адпраўкай, бо я перфекцыяністка. Але цяпер я ўжо нічога не раблю ручкамі. 

Цяпер, у прынцыпе, я ўжо магу з’ехаць у адпачынак на месяц, і ўсё будзе працаваць без мяне. Праўда, гэта будзе мяне турбаваць, я люблю глядзець, які ў каго настрой, якая атмасфера. Мы запусцім навагоднія продажы – і пасля Новага года ўсе, напэўна, пойдзем у адпачынак. Наогул, мы любім разам адпачываць, па пятніцах сядзем зачыняць тыдзень або месяц, пачнём з закрыцця таблічак, а потым возьмем шампанскае, бутэрбродаў, уключым музыку беларускую і пяём!

Пакуль Саша знікла на пару хвілінаў, яе каляжанка Насця дзеліцца сваім уражаннем ад працы ў камандзе, дзе ёсць і грузіны, і беларусы: 

Першы час, калі я толькі прыйшла ў Belaruskicry, мне трэба было шмат камунікаваць з ювелірам-грузінам Тарніке. Я яго прасіла: трэба гэта і гэта. А ён казаў: “Дарагая, я што Бог для цябе?” Мабыць, з грузінамі працаваць цяжэй, чым з беларусамі, бо яны больш разняволеныя, размераныя, а мы прызвычаеныя, каб усё было зроблена своечасова. Але, калі ён прыходзіць, мы абдымаемся, цалуемся, мы сябры на ўсё жыццё. Мы ўсе разам каманда – і мы, і ювеліры. 

А беларусы ў нас усе такія сумленныя, кожны неяк адчувае, што трэба рабіць, і падцягвае пад сябе новыя абавязкі. Саша вельмі ўмела ўсім гэтым кіруе: калі нешта здараецца, і мы разгубленыя не ведаем, што рабіць, прыходзіць Саша і ўсё ставіць на свае месцы. І ўсё працуе! Усе ставяцца да працы сур’ёзна і з любоўю, я думаю, у гэтым і ёсць сакрэт “Беларускага краю”. 

Саша вяртаецца і дадае:

Субардынацыя – гэта не пра нас. Мы разам працуем, разам адпачываем. Але калі пытанне тычыць працы, мы сур’ёзна ставімся да ўсяго, спрабуем зрабіць найлепшы прадукт і робім для гэтага ўсё, што ад нас залежыць. Калі мы атрымліваем дрэнны водгук ці каментар, то перажываем усім аддзелам, усе разам. 

Беларусы, апроч таго, што яны вельмі адказныя працаўнікі, яны яшчэ і вельмі патрабавальныя пакупнікі. 

У Грузіі, калі яны разняволена працуюць, то і з цябе нічога не спытаюць, калі ты тэрмін зрываеш ці павольна нешта робіш. Гэта ўспрымаецца як норма. А ў Беларусі, калі ты зрываеш тэрміны і просіш прабачэння, часам не рэагуюць на словы або рэагуць рэзка негатыўна. Часам па справе, а часам і не. Я тады супакойваю сваіх дзяўчатак, і мы разам імкнемся выправіць хібы і больш іх не дапускаць.

Я шмат чытала пра розныя стратэгіі кіраўніцтва і працы ў камандзе, як гэта ўладкавана ў сучасным свеце, і я зразумела, што ніякі прымус не працуе з сучаснымі людзьмі. Усе мае калегі нарадзіліся пасля 1990-га года, гэта людзі, якіх не прымусіш працаваць. Яны ці павінны хацець працаваць, ці яны не будуць працаваць наогул.

Аднойчы нам напісала дзяўчына з Беларусі, што хоча ў нас працаваць. На той момант у нас не было вакансій, але праз месяц мы ёй напісалі: ёсць праца, прыязджай. Наогул, тады мы ўсіх узялі, хто да нас прыйшоў на сумоўе. Мы сядзелі ў кавярні, узялі шампанскае, да нас прыйшло шмат беларусак, мы пяць хвілін пра працу размаўлялі, трыццаць хвілін – пра жыццё. І амаль усе дзяўчаткі прыходзілі на сумоўе ў нашых кулончыках. 

А як ты шукала дызайнера для новых калекцый? 

Наогул, калі я абвясціла конкурс на ідэю для беларускага ўпрыгожання, беларускія дызайнеры чамусьці не адгукнуліся. Затое адна дызайнерка з Расеі даслала ўпрыгожанні з дубам і вінаградам і напісала, што гэта беларускія сімвалы. І гэта было зусім міма. Для мяне, калі ўжо шукаць сімвал Беларусі сярод дрэваў, то гэта, напэўна, будзе вярба. У мяне каля дома было шмат балотаў, і там раслі вербачкі. Коцікі. Ніцая вярба, журботная – таксама Belaruskicry. Трэба гэта абыграць будзе.

А дызайнерка, якая прыдумала шармы з арнаментам і перамагла ў конкурсе, аказалася таксама з Расеі, але цяпер жыве ў Грузіі. Іра ганарыцца сваім напалову беларускім паходжаннем і выявіла гэта ў канцэпцыі ўнісэкс-упрыгожанняў з арнаментам, якія можна насіць як моназавушніцу, як бранзалет і як кулон.

“Belaruskicry, безумоўна, паспяховы брэнд, але ў нас здараюцца і фэйлы”

Выглядае звонку, што ў вас добра наладжаныя бізнэс-працэсы, прасоўванне і праца ў камандзе. Ці так яно насамрэч? Ці бывалі ў вас нейкія фэйлы ў працы?

Так, Belaruskicry, безумоўна, паспяховы брэнд. Мы працуем заўсёды ў плюс, мы плоцім нядрэнныя заробкі, яны растуць і будуць расці. Мы развіваемся, робім рэбрэндынг, запускаем новую калекцыю, набіраем новых людзей у каманду. Пры гэтым у нас усе ўзаемазамяняльныя. Калі нехта захварэе ці захоча займацца нечым іншым, то ў нас ўсе людзі ў камандзе могуць адно аднаго замяніць. 

Але пры гэтым, вядома, у нас здараюцца і фэйлы. Калі мы выпускалі паштоўкі, да якіх мы прымацоўваем упрыгожанне падчас упакоўкі, я папрасіла свайго сябра даслаць мне прыгожыя вершы, каб надрукаваць іх на паштоўках. Ён беларускамоўны, шмат чытае літаратуры, я давяраю яго густу. І вось ён даслаў мне некалькі вершаў, мы надрукавалі партыю паштовак, разаслалі больш за 150 замоваў, і толькі тады нам прыйшоў водгук ад пакупніцы, што гэта верш Янкі Купалы, а не Якуба Коласа. Мы нават дасылалі кулон праўнучцы Якуба Класа – і яна не заўважыла памылкі. А вось пільная дзяўчына напісала нам: “Прабачце, але гэта не Колас, а Купала”. Нам было вельмі-вельмі сорамна. 

Яшчэ ў нас вельмі дрэнна працаваў інстаграм і фэйсбук. Губляліся паведамленні ад людзей. Дзяўчынкі не маглі знайсці замовы, людзі адпраўлялі грошы, а мы не маглі зразумець, ад каго яны. Трэба было аб’яўкі кідаць у інстаграм: “Аб’явіцеся, хто аплаціў замову”, а аб’яўкі інстаграм таксама пачынаў выдаляць. І гэтыя тэхнічныя хібы – самае цяжкае, праз што мы прайшлі. На сёння мы запускаем сайт, але з такой колькасцю замоваў нам ніхто не абяцае зрабіць так, каб усё працавала хутка і бясхібна. Я раблю сайт з самага пачатку, як адкрыўся Belaruskicry, але толькі цяпер ён амаль гатовы: мы заказалі крутыя рэндары, правялі фотасесію ў Тбілісі – і ўсё гэта ў хуткім часе з’явіцца на сайце.

Хто носіць цяпер вашы кулоны? 

Упрыгожанні Belaruskicry набываюць беларусы з усяго свету: з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Бельгіі, Партугаліі, Эстоніі, Брытаніі, Чэхіі, Венгрыі, Швецыі, Аўстрыі, Турцыі, Аўстраліі, Кеніі, Калумбіі, Японіі, ЗША, Балі. У нас ёсць мэнэджар, які адказвае за лагістыку. Ён знаходзіць беларусаў, якія ў Варшаве і Менску займаюцца ўпакоўкай і рассылкай замоваў пакупнікам па Еўропе і СНГ. Мы хочам павесіць мапу і адзначаць, у якіх краінах ужо носяць Belaruskicry. 

Цікава, што грузіны таксама замаўляюць! Аказваецца, для сябровак-беларусак. А таксама пытаюцца, ці не робім мы Грузію, прычым абавязкова з золата. 

Параўнай, што такое бізнэс у Беларусі і ў Грузіі. 

Цяпер мы плоцім 1% падатку з абароту. На кожнага супрацоўніка я тут павінна мець 50000 лары абароту, гэта недзе 15000-17000 даляраў на чалавека, і з кожнага заробку мушу вылічаць 20% прыбытковага падатку, і тады калегі могуць атрымаць ВНЖ. 

Самае яскравае адрозненне: тут няма ніякіх праверак, а ў Беларусі гэта не рэдкасць. Тут выдаюцца крэдыты пад бізнэс. Калі ў цябе ёсць ВНЖ, не праблема атрымаць крэдыт. Не сказаць, каб ВНЖ мне нешта даў, але ў цяперашняй сітуацыі, калі 3000 чалавек з Расеі не пусцілі ў Грузію, то з ВНЖ яшчэ пускалі. Таму на ўсякі выпадак лепш мець. 

Тут не трэба рабіць ліцэнзію на ювелірныя вырабы, офіс зняць прасцей. У нас усё манапалізуецца: 7карат, Ziko, Zorka. Цяпер я ўжо ведаю, колькі каштуе пярсцёнак у Ziko: яны штампуюцца на заводах у Кітаі, і на іх нацэнка 500%. Пры гэтым мы робім нацэнку 100-200% на нашы вырабы. І кошт нашых упрыгожанняў як кошт на кітайскія ўпрыгожанні ў Беларусі, якія робяцца не ўручную, а штампуюцца на станку. Я разумею, колькі грошай зарабляецца ў гэтай сферы і чаму яна манапалізуецца. Гэта вельмі маржынальны бізнэс. 

“Першае, што мусіць вылучаць беларускія брэнды, гэта беларуская мова”

Ты абрала беларускую мову для камунікацыі з аўдыторыяй. Раскажы, якія ў цябе думкі наконт беларускай мовы ў бізнэсе?

Напачатку, калі я сама вяла інстаграм Belaruskicry, я вяла яго на дзвюх мовах: па-беларуску і па-расейску. Я лічыла, што гэта справядліва, гэта адлюстроўвае рэчаіснасць беларускага краю, дзе побач існуе дзве мовы. Але з пачатку вайны я зразумела, што мова – гэта наша абарона, гэта наша ўсё, і гэта страшна, што цяпер з ёй адбываецца. У мяне не засталося ніякіх пытанняў і сумневаў, як гэта павінна адбывацца з усімі беларускімі брэндамі, якія трошачкі хочуць сябе ідэнтыфікаваць як беларускія. Першае, што мусіць нас вылучаць, гэта беларуская мова. А ўжо сімвалы, пазіцыянаванне – гэта другаснае. Першае – гэта наша мова. 

Ці ёсць у Беларусі ці ў свеце ювеліры, чыімі працамі ты захапляешся? 

Калі я пачынала займацца ювелірнай справай, я ведала ў Беларусі толькі аднаго ювеліра – гэта Павел Ярмол. Ён займаўся танцамі, і для мяне было ваў-эфектам, калі я даведалася, што ён стаў ювелірам. Калі нейкія ў мяне пытанні з упрыгожаннямі ў Менску, я звяртаюся да яго.

А ў свеце гэта самае банальнае нешта. Напрыклад, у Карцье была Жан Тусан – першая і апошняя дызайнерка, якая стварала Funny Jelewry – мне даспадобы гэтая ніша. Я люблю ўсё яркае, з каменьчыкамі. Мне падабаецца стракатасць. Мой брэнд мінімалістычны, але гэта не мая гісторыя. Я такая сарока. Яшчэ ў дзяцінстве, калі я праходзіла міма вінтрынаў з кітайскімі стразавымі брындзюлькамі, яны мяне захаплялі. 

Хочацца фарбаў. Наогул, я цяпер хачу гэта прыўнесці ў Belaruskicry. Я хачу, каб наш брэнд стаў прыкладам у стылі, у афармленні, у канцэпцыі для іншых. Я хачу натхняць людзей. Ведаю, што адна дзяўчына з Горадні нядаўна зрабіла з медзі беларускі кулончык з контурам краіны. Я толькі рада! Я захапляюся ўкраінцамі, у якіх ведаю з дзясятак ювелірных патрыятычных брэндаў, якія робяць каласочкі, сланечнікі, трызуб – кожны брэнд робіць герб. І я лічу, што гэта абсалютна нармальна. 

Я думаю, што ніхто не запатэнтуе мапу Беларусі: яна павінна рабіцца ў розных інтэрпрэтацыях: вышывацца, вылівацца, выразацца, ляпіцца. Гэта і ёсць патрыятызм: калі без штуршка звонку ты так праяўляеш у творчасці любоў да свае Радзімы. А нашу канцэпцыю паўтарыць нельга. Контур Беларусі можна выяўляць колькі заўгодна, а вось Беларусь са слязінкай – гэта Belaruskicry.

На заканчэнне можаш сказаць пару словаў нашай аўдыторыі – майстрам і аматарам вырабаў ручной работы…

Я ў Грузіі пабачыла, як людзі падтрымліваюць сваіх майстроў, якія займаюцца ручной работай. З гадамі ручная работа становіцца ўсё менш даступнай, моднай, сучаснай працай ці хобі, але па ўсім свеце цікаўнасць да яе пачынае аднаўляцца, гэта павінна сыходзіць ад людзей, якія самі падтрымліваюць ручную працу, а таксама ад дзяржавы. У Грузіі шмат датацый, ільгот і дапамогі менавіта майстрам і дызайнерам. Фэшн-індустрыя ў Грузіі на сусветным узроўні, бо грузіны самі носяць вырабы сваіх дызайнераў, інвестары вывозяць іх у Галівуд, дзе яны могуць працаваць стылістамі ў кінаіндустрыі. Для мяне асабіста ў гэтым плане Грузія стала прыкладам. 

І я хачу, каб і наша грамадства і дзяржава дапамагалі нам, майстрам, натхнялі на новыя ідэі, на гэтую працу. Цяпер прасцей пайсці ў IT-сферу і зарабляць там, але ж тое, што мы робім, не павінна паміраць. Асабліва, калі гэта пра Беларусь. 

Кожны майстар, які робіць нешта на беларускай зямлі ці за мяжой, заўжды ў свой твор укладае нешта беларускае. 

(с) АЛОВАК

Leave a Reply