Мы сустрэліся з гусляром Алесем Чумаковым роўна праз паўгода пасля пажару ў яго майстэрні па вырабе гусляў, якая служыла яму домам і месцам працы. У пажары згарэлі ўсе працоўныя інструменты і абсталяванне, нарыхтоўкі музычнага дрэва і чарцяжы, а сам Алесь атрымаў апёкі рук і твару. Перажыўшы першы шок і моцную хвалю падтрымкі ад беларусаў, Алесь узяўся за адбудову майстэрні. Як ідзе працэс адбудовы і якая дапамога ўсё яшчэ актуальная, чытайце ніжэй.
Але, сустрэўшыся з Алесем, немагчыма было не пагутарыць пра яго творчы шлях, музычную кар’еру ў складзе гурта “Стары Ольса”, гісторыю гусляў і майстэрства іх вырабу, а таксама тэхніку бяспекі і алгарытм паводзінаў пры пажары – усё гэта ў нашай сённяшняй гутарцы з Алесем Чумаковым.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: архіў Алеся Чумакова
Музычны старт
Узгадай, з чаго пачалося тваё захапленне музыкай?
Сям’я ў мяне была музычная, і ў дзяцінстве трохі скрыпкай займаўся. А потым неяк пасля пятага класа я паехаў у летнік, і там дзяўчына ў музычным гуртку паабяцала за змену ўсіх навучыць граць на гітары – я і пайшоў. Сапраўды, пад канец змены ў мяне ўжо быў рэпертуар: Акуджава, Высоцкі, Візбар, Цой – цэлы агульны сшытак песень з акордамі! Методыка была цікавая: у яе было з дзясятак дабітых гітараў, мы сінхронна ставілі акорд і брынькалі. За гэты час я засвоіў гітару не толькі практычна, але і з ноткамі, акордамі, танальнасцямі, гармоніямі, мадуляцыямі. Усе дзіву даліся, калі я вярнуўся дадому гітарыстам.
І панеслася. Стаў пісаць вершы, ездзіць на фэсты аўтарскай песні, да выпускнога меў ужо пяць лаўрэацтваў. А студэнтам я ўдзельнічаў у трох суполках аматараў бардаўскай песні пры розных універсітэтах.
Ты сталы ўдзельнік гурта “Стары Ольса”. Як цябе жыццё звяло са Змітром Сасноўскім?
Паралельна з аўтарскай песняй я яшчэ захапляўся традыцыйнымі ірландскімі песнямі – лічыў, што менавіта гэта і ёсць вытокі бардаўскай песні, нешта на мяжы паэзіі і народных спеваў. Неяк з праграмай ірландскіх песняў я выступаў на вечарыне рыцарскага клуба. І вось я спяваў песні, а пасля мяне павінен быў выступаць дудар з народнымі танцамі.
Дударом аказаўся Зміцер Сасноўскі, які ў адной руцэ трымаў дуду, а ў другой – барабан. І ён мне кажа: “У мяне барабаншчыка няма. Ты тут рытмічна спяваў – можа, падстучыш?” Я кажу: “Добра, я на ўсіх інструментах спрабую граць”. Мы з ім згралі танцы, а праз некалькі дзён ён да мяне звярнуўся з прапановай: “А давай гурт збяром, у мяне шмат традыцыйных народных інструментаў ”.
Гэта быў першы сталы, канцэртны склад “Старога Ольсы”, з якім мы пачалі развівацца, запісвацца, вандраваць, граць канцэрты. Мы тады рэпетавалі штодзень: гралі разам, рабілі аранжыроўкі, складалі канцэртныя праграмы.
Вось у чым рэч: шмат музыкаў, з якімі можна было б горы звярнуць, не хочуць гэтым займацца настала. Ім цікава сабрацца ў выходны і зайграць нешта разам, а заўтра на працу, у офіс. І наступны раз яны возьмуцца за дудку ці ліру толькі праз месяц. Гэта, пэўна, найбольш распаўсюджаная праблема ўсіх гуртоў, якія маглі б чагосьці дасягнуць, але музыкам заўтра на працу.
Першая наша рэпетыцыя адбылася так: Зміцер Сасноўскі прынёс сваю калекцыю музычных інструментаў і сказаў: “Выбірайце, хто на чым будзе граць”. Ілля Кубліцкі сказаў: “Я прафесійны гітарыст, я буду граць на гітары ці на лютні”. Андрэй Апановіч сказаў: “Я бубнач, таму буду граць на ўдарных”. Флейтыстку Кацярыну Радзівілаву я прывёў у гурт – яна адказвала за духавыя. Зміцер у нас дудар. А колавая ліра, гуслі, мандаліна – дасталіся мне, бо мне ўсё цікава. Я жангляваў гэтымі інструментамі: адну партыю на мандаліне зграю, потым – на ліры ці на гуслях. Акурат тады ў маіх руках упершыню апынуліся гуслі, і я зразумеў, што гэта любоў на ўсё жыццё.
Мяне гуслі прывабілі тым, што ўсё непатрэбнае ў інструменце за тысячу гадоў гісторыі знікла, а засталося толькі самае карыснае, максімальна простае, але са сваімі сакрэтамі. Навучыцца граць на гуслях вельмі проста: ад першага трапляння інструмента ў рукі да выхада на сцэну могуць прайсці лічаныя дні.
Але каб было на чым граць, мне трэба было зрабіць інструмент самому. Я сутыкнуўся з неабходнасцю навучыцца рабіць гуслі, бо на інструменце Змітра я граў у гурце, але цягаць яго дадому было няёмка. Я звярнуўся да Змітра, які быў адзіным вучнем латышскага майстра Донатса Вуцінса. Зміцер падзяліўся сваімі ведамі: якія ёсць законы будавання, якія ёсць забабоны. Напрыклад, Вуцінс лічыў, што нельга, каб гусляў кранаўся агонь: ніякага выпальвання – толькі разьба. Як нехта цяпер лазерную рэзку робіць, то Вуцінс у труне пераварочваецца.
Нашы рэпетыцыі адбываліся на Рэвалюцыйнай, 15, фактычна ў офісе згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Гэта арганізацыя, першым прэзідэнтам якой быў Васіль Быкаў. Там з’яўляліся цудоўныя людзі, выбітныя беларускія дзеячы, такія як Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс. Без Адама Мальдзіса і ягонай знаходкі Полацкага сшытка і “Стары Ольса” быў бы не “Стары Ольса”. Мы ездзілі з гастролямі да беларусаў замежжа: мы былі ў Сургуце, у Сыктыўкары, у Празе, у Таліне, у Рызе. Не перайсці на беларускую мову ў такім асяроддзі было проста немагчыма, не перарадзіцца нанова не было шанцаў.
Што змянілася ў канцэртнай дзейнасці за часы пандэміі ды апошніх крызісаў?
Шкада, цяпер мы на перапынку творчай дзейнасці, ужо амаль два гады нічога сур’ёзнага не адбываецца. Мы збіраліся, каб зрабіць некалькі студыйных запісаў, зрабілі відэа на гэтыя запісы, але пакуль з тых часоў не гастралюем. Пандэмія нам перарвала ўсе дамоўленасці, 2020 год канчаткова паставіў у нашай дзейнасці тлустую-тлустую коску, мы дагэтуль не адышлі ад шоку, ад усяго, што адбылося.
Але як жа тады выжыць музыку, калі не ісці ў офіс?
Калі я вярнуўся з першага амерыканскага туру, да мяне прыйшло разуменне, хто я, чым займаюся і чаго варты. Дагэтуль я 15 гадоў прапрацаваў праграмістам у МінскЭнэрга з васьмі да пяці, а потым выснажаны ехаў на рэпетыцыйную кропку, але энергія ўжо была зусім не тая, што ў студэнцтве. І вось па вяртанні з гастроляў я проста сеў і падлічыў:
- колькі мне грошай прыносіць праца праграміста,
- колькі мне грошай прыносіць праца музыкі,
- колькі мне грошай прыносіць праца майстрам гусляў (я з 2002 года раблю іх на продаж).
Аказалася, што офісная праца мне ўжо тады прыносіла столькі ж, колькі праца музыкі і майстра разам. Паглядзеў і зразумеў, што калі офісны час накіраваць на канцэртную дзейнасць і выраб гусляў, атрымаецца тое на тое ці нават болей, бо росту ў офісе далей не было. Зрабіў на 2-3 інструменты ў месяц болей, і ўжо жывеш, як чалавек, можаш пашыраць сваю творчасць, набываць новыя станкі. 3-4 інструменты на месяц я мог у сярэднім рабіць без ахвяраў з боку канцэртнай дзейнасці.
Цікаўнасць да сярэднявечнай музыкі пачалася з археалогіі
Ты казаў, што добра ўяўляеш, на якіх гуслях гралі нашы продкі 1000 гадоў таму. Як гэта?
Да 1970-х гадоў ніхто не ведаў, якія гуслі былі тысячу гадоў таму. Вядомыя былі толькі этнаграфічныя знаходкі – крылападобныя гуслі. Я ездзіў з накіраваннем у этнаграфічны музей у Пецярбургу, дзе знаходзяцца два беларускія музычныя інструменты пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі этнографаў Прывалава і Раманава – там я даследаваў нашы крылападобныя гуслі.
Нейкія разнавіднасці гусляў знаходзіліся ў фінаў, літоўцаў і латышоў. А былі яшчэ шлемападобныя гуслі, якія сустракаюцца ў Паволжы, а раней, верагодна, былі і ў нас. Скарына менавіта пра такія пісаў. Таксама веды пра гуслі дайшлі да нас з пісьмовых помнікаў. У Радзівілаўскім летапісе ёсць выявы гусляў, у Аршанскім служэбніку ёсць выява цара Давіда са шлемападобнымі гуслямі.
І вось у 1970-я гады ў Ноўгарадзе падчас раскопак знайшліся фрагменты лірападобных гусляў. На сёння падобныя знаходкі ёсць не толькі ў Ноўгарадзе, але і ў Гданьску, у Аполе, у Звянігарадзе. У нас знойдзеныя ў Віцебскім замку калочкі і медная струна. Шмат дзе ўжо ёсць цікавыя знаходкі: у Пінску знойдзены калок гусляў, у Полацку выява гусляра на плінфе, у Наваградку – вухавёртка з выявай старадаўняга гусляра. Таму новыя знаходкі – гэта толькі пытанне часу.
Добры прыклад – гэта “Стары Менск”, сядзіба Глеба Лабадзенкі, музей старога гарадзішча, дзе праводзяцца раскопкі. Хто там не быў, раю з’ездзіць і прайсціся па валах старога Менска, які быў пабудаваны на Менцы, а не на Свіслачы. Я ўпэўнены, што там гуслі знойдуцца дакладна.
Цалкам ці фрагментамі, ужо некалькі дзясяткаў такіх інстументаў знойдзена ў велізарным рэгіёне, які аб’ядноўваецца тым, што гэта культура гарадоў на гандлёвых водных шляхах. Тое, што было модна ў Кіеве, назаўтра станавілася модным у Ноўгарадзе – гандляры ганялі туды-сюды і пераносілі гэтыя трэнды. Такая вось старажытная глабалізацыя.
Мяне археолагі часта запрашаюць на свае імпрэзы, каб я пад гуслі ім песні паспяваў. Дык вось у мяне з’явілася задумка зрабіць для археолагаў гульню – скрынку з пяском, у якой будуць розныя імітацыі кавалкаў археалагічных гусляў, знойдзеных у розных гарадах: калочкі, струнатрымальнікі, кавалкі дэкі і карпусоў, завіточкі, пятачкі, перамешаныя разам з кавалкамі дрэва ад розных іншых археалагічных знаходак: лыжак, ткацкіх прыладаў і г.д. І вось пусціць гэтую скрынку па коле, а кожны археолаг хай дастае любую рэч і распавядае, што ж гэта на ягоны погляд. Я думаю, што такім чынам я хуценька навучу беларускіх археолагаў, на што трэба звяртаць увагу, каб знайсці рэшткі лірападобных гусляў на нашых землях.
Ты дакладна ўяўляеш, якія гуслі бачыў Кірыла Тураўскі, якімі гуслямі натхняўся Францішак Скарына. А на якіх гуслях граў гусляр у паэме “Курган” Янкі Купалы?
Там складана. Князь гусляру кажа: “Поўныя гуслі адсыплю дукатаў”, – але ж на гуслях няма куды сыпаць, дзіркі няма! На старых лірападобных гуслях увогуле галаснікі не рабіліся. Калі там нейкія дзірачкі і былі, то гэта хутчэй проста сучкі выпалі. У народзе дзіркі з’явіліся больш як тэхнічныя адтуліны для падглядання за таўшчынёй дэкі, калі выдзёўбваеш, каб не прарэзаць наскрозь. Чым гуслі больш традыцыйныя, тым у іх менш клею. Гэта ўсё цэльны масіў дрэва, які закрываецца галасной дошачкай. Часам нават дошачка не клеіцца, а парожні інструмент проста ставіцца на стол для грання, які і служыць ніжняй дэкай. Хто ведае, можа, у Купалы быў гусляр, які не верыў у клей і ў ягоных гуслях не было дэкі?
Якія інструменты і матэрыялы неабходныя для працы музычнага майстра?
Сяляне некалі рабілі гуслі сякеркамі, стамескамі і разцамі – усё. І я некаторыя інструменты рабіў такім чынам, але звычайна карыстаюся дасягненнямі цывілізацыі (ручным электраінструментам), але прынцыпова не карыстаюся тэхналагічнымі прыладамі (станкі з ЛПК – лічбавым праграмным кіраваннем). Кожны мой інструмент унікальны, само дрэва падказвае, як яго апрацоўваць, як зрабіць так, каб валокны былі найбольш удала выкарыстаны.
Пажар у майстэрні
Нядаўна ў тваёй майстэрні адбыўся пажар – і ўсё згарэла дашчэнту. Раскажы, як ты адрэагаваў і што ты адчуваў?
Спачатку я энэргічна кінуўся тушыць пажар, але хутка пабачыў, што гэта бессэнсоўна. Было крыўдна, дзіка крыўдна. 20 гадоў я ўсё гэта рабіў – і ў мяне цяпер лічаныя хвіліны, каб нешта ўратаваць. Я ўжо тады разумеў, што амаль нічога ўратаваць не атрымаецца, і мяне ахапіла страшная крыўда.
Уратаваць сапраўды амаль нічога не атрымалася. Рэч у тым, што першы вогнетушыльнік, якім я вырашыў патушыць пажар, трапіў на праводку, і я атрымаў апёкі рук. У мяне цалкам злезла скура на далонях. Тады я прасёк, чаму ў падручніках па тэхніцы бяспекі пішуць: адключыце электрычнасць, а потым тушыце пажар. Пабег, выключыў аўтаматы, вярнуўся да пажару і зразумеў, што стала толькі горш, бо гэта быў вечар, дужа цёмна, нічога не бачна. Пакуль святло гарэла, яшчэ можна было нешта разгледзець і ўратаваць, а потым я ў цемры яшчэ хвілін пяць мыкаўся сярод дыму і полымя, спрабуючы вынесці нешта каштоўнае, але ўсё бессэнсоўна.
У майстроў, якія нас чытаюць, таксама ёсць майстэрні за горадам. Ці можаш ты іх засцерагчы ад няшчасця, даць нейкія рэкамендацыі па тэхніцы бяспекі?
- Самая першая парада – стаўце пажарныя апавяшчальнікі, асабліва, калі вы жывяце ў майстэрні, як я. Мне пашчасціла, што я яшчэ не спаў, а так трохі б дыму глытнуў – і не прачнуўся б.
- Другая парада – не кідайцеся тушыць пажар у адзіночку. Спачатку падключыце суседзяў, потым папрасіце некага з іх набраць пажарных. Менавіта ў такой паслядоўнасці. Калі вы надыхаецеся дыму падчас званка ў 101, пажарныя будуць ужо нікому не патрэбныя.
- Трэцяя парада – не давярайце вогнетушыльнікам. Гэтыя малыя цацкі няздольныя патушыць пажар. Калі гарыць не попельнічка з недакуркамі, а сцяна дома, абшытая вагонкай, не пырскайце на яе вогнетушыльнікам – не губляйце часу. Лепш за гэты час вынесіце каштоўнасці.
Яшчэ калі б у дом была праведзеная вада са шлангам – гэта магло ўратаваць сітуацыю, а вось гэтыя 4 вогнетушыльнікі, якія працуюць 3 секунды і ўсё, – поўная лухта. Атрымаць апёкі – дастаткова, а нешта патушыць – не.
Майстэрня ў мяне была на лецішчы, дом 1983 года, пабудаваны з матэрыялаў, якія тады атрымалася недзе дастаць. Праводка была старая, на скрутках зробленая, я паступова яе замяняў, але дзе-нідзе яшчэ старое нешта было. Цяпер даследаваць, што загарэлася і чаму загарэлася, ужо бессэнсоўна. Цяпер важна адбудаваць майстэрню, каб аднавіць працу.
А ці атрымліваецца неяк рабіць гуслі, пакуль ідуць будаўнічыя работы?
Замоваў пакуль багата, але людзі, якія замовілі гуслі, ведаюць, што майстэрня згарэла з усімі інструментамі і нарыхтоўкамі. Ёсць магчымасць працаваць у сяброў, якія робяць дуды, – у іхніх майстэрнях ёсць усе інструменты і матэрыялы, патрэбныя для вырабу гусляў. Але ў сваёй майстэрні працаваць карысней і цікавей.
Таму цяпер важна адбудаваць сваю майстэрню. Ужо гатовы фундамент па сучаснай тэхналогіі, узведзеныя сцены, заліты армпояс – новы дом будзе стаяць на месцы старой майстэрні. Дах будзе плоскі, ніякага дрэва. Я, як пагарэлец, цяпер баюся дрэва. Адзінае дрэва, якое я хачу бачыць у майстэрні, – толькі гуслі.
Як супольнасць адрэагавала на тваю бяду?
Людзі шмат дапамаглі: хто матэрыяламі, хто грашыма. Нехта прапанаваў вокны, хтосьці станочкі падарыў, дзесьці дапамаглі зніжкамі пры набыцці струбцынаў. Быў шырокі розгалас у медыях.
Таксама быў цудоўны канцэрт у падтрымку: сабраліся чатыры гурты ў кавярні “Над Нямігай” – гэта былі гурты VODAR, НЯМІГА, ATESTA, KAS. Яны паставілі скрынку для збору на адбудову майстэрні, гралі свае песні. Гэта была цікавая імпрэза, я адкрыў для сябе гэтыя гурты і раю іх усім паслухаць.
А як яшчэ можна дапамагчы?
Грошай, што пералічылі людзі, хопіць на каробку дома: на сцены, вокны і пліты перакрыцця. А як ізалюем дах, грошы і скончацца. Так што грашовая падтрымка будзе вельмі дарэчы менавіта цяпер.
ЯК ДАПАМАГЧЫ:
- Даслаць ахвяраванні на адбудову майстэрні – тут сабраныя ўсе спосабы грашовай падтрымкі, якая цяпер так патрэбная.
ТАКСАМА МОЖНА:
- Дапамагчы зніжкамі, матэрыяламі, унутранымі работамі кшталту мантажу цёплай падлогі ці пліткі, а таксама ўсталёўкай ацяпляльнага абсталявання – печкі і катла.
- Замовіць гуслі і быць гатовымі іх пачакаць – калі ўсё будзе па плане, працу можна будзе аднавіць ужо гэтай зімой.
- Узяць у Алеся прыватныя ўрокі ігры на гуслях.
- Набыць дыскі поштай па ўсім свеце ці лічбавыя копіі дыскаў анлайн.
- Запрасіць Алеся на жывы выступ, каб можна было зарабіць на адбудову майстэрні.
- Падзяліцца гэтым артыкулам ці спасылкай на рэквізіты для грашовай дапамогі.
AC/DC пад гуслі? Ды яшчэ па-беларуску? Лёгка!
Ты спяваеш вядомыя беларускія і замежныя песні пад гуслі і выкладаеш іх у ютуб і тыкток. Ці дапамагаюць сацсеткі табе папулярызаваць ігру на гуслях?
Людзі да мяне прыходзяць праз сацсеткі – гэта адзіны шлях папулярызацыі. Інстаграм @gusli.by працуе лепш за ўсё, там людзі сочаць і за маёй творчасцю, і за аднаўленнем майстэрні. На тыктоку і ютубе больш грунтоўна прадстаўленыя песні, там можна завіснуць на шмат гадзінаў, слухаць гуслі і падглядаць за мной, як што граецца; я там выкладаю песні з акордамі. Тыя, хто ў мяне прайшоў базавы курс, могуць сачыць за ютубам і развучваць са мной новыя песні. У мяне ёсць вучні, якія вучацца ў мяне ўжо некалькі гадоў, бо на кожным занятку атрымліваюць актуальную інфармацыю. Здаецца, я ўжо на першых чатырох занятках выдаў усё, што мог, але ўвесь час знаходзіцца нешта цікавае, нейкае новае адкрыццё.
Як ты абіраеш песні для перакладу?
Самы галоўны крытэр – гэта добрая паэзія. Гэта бясконцая крыніца. Добрых вершаў, пакладзеных на музыку, у свеце вельмі шмат. Я знайшоў фішку свайго сённяшняга рэпертуару – я спяваю ўлюбёныя замежныя песні, прычым раблю гэта на гуслях. Ды яшчэ па-беларуску. Штосьці я перакладаю сам, а з нечым мне дапамагаюць цудоўныя беларускія паэты Сяржук Сокалаў-Воюш і Макс Шчур. Але не толькі яны – паэтаў, з якімі мы стварылі па 1-2 песні, вельмі шмат, усіх не пералічыш.
Калі нас чытаюць мецэнаты, здольныя прафінансаваць студыйныя запісы, у мяне ёсць задумка запісаць серыю баладаў Уладзіміра Высоцкага з фільма “Стрэлы Робіна Гуда”, якія для мяне з’яўляюцца ўзорам найвышэйшай паэзіі. Гэтыя шэсць баладаў адмыслова для мяне ўжо пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш – я пакуль іх трымаю ў стале, бо хачу зрабіць іх менавіта аркестроўкамі пад гуслі, у тым жа рэчышчы, што і саўндтрэк “Кінь дукат ведзьмару” да серыяла “Вядзьмар”.
Ці ёсць у нас майстры аўтэнтычных музычных інструментаў, працай якіх ты захапляешся і натхняешся?
Што тычыцца гусляў, адназначна раю звяртацца да мяне, бо за 20 гадоў я адкрыў для сябе шмат сакрэтаў, зрабіўшы амаль 200 музычных інструментаў.
А вось хто хоча граць дударскую музыку, у нас ёсць некалькі цудоўных майстроў – гэта Дзяніс Сухі і Сяргей Чубрык. Сяргей Чубрык робіць яшчэ і крутыя цымбалы, а Дзяніс Сухі – колавыя ліры. Але, наколькі я ведаю, Сяргей займаецца вырабам музычных інструментаў ў вольны час пасля працы, таму да яго стаіць чарга па інструменты. Калі ён зразумее, што ён значна больш унікальны спецыяліст у вырабе музычных інструментаў, тады будзе выбух цікаўнасці да народных інструментаў.
Бо цікаўнасць з’яўляецца тады, калі ёсць прапанова. Яно ўсё ўзаемазалежнае: людзі цікавяцца – майстры робяць, майстры робяць – людзі цікавяцца.
А з чым звычайна звязаныя хвалі цікаўнасці да аўтэнтычных музычных інструментаў?
У першую чаргу, хваля цікаўнасці з’яўляецца тады, калі назіраецца ўздым нацыянальнай самасвядомасці, калі хочацца мець дачыненне да даўніны і нашай культуры. Напрыклад, з’ездзіў на рыцарскі фэст, паглядзеў, як там вікінгі са славянамі сякуцца, натхніўся, захацеў з такімі людзьмі патусіць – і тады ў рукі бярэш меч ці дзіду або гуслі ці дуду. У 2020 годзе шмат людзей зразумелі, што яны беларусы. Па дуды ў чэргі ўсталі.
А па гуслі чарга і не знікала. Я цяпер займаюся недзе з 10 вучнямі з Менску і з усяго свету: з ЗША, Канады, Ізраіля, Расеі.
Не магу ж я проста даць у рукі гуслі – грай. У мяне да кожнага інструменту ў падарунак ідуць 4 урокі, за якія ўжо будзе пастаўленая тэхніка, вывучаныя ўсе акорды, падабараны першы рэпертуар. І пасля чацвёртага занятку можна зрабіць крок да планавання свайго першага гастрольнага туру ў якасці гусляра. Я на поўным сур’ёзе рыхтую гусляроў, гатовых ужо праз чатыры заняткі выйсці на сцэну.
Сёння зайграць на гуслях можа любы. Гуслі таму і прыжыліся, бо лёгка зрабіць інструмент і лёгка на ім зайграць. Пры добрым настаўніку. Нават калі няма досведу і музычнай адукацыі. І нават у любым узросце – абы было жаданне!
(С) ALOVAK