Пясочныя перформансы Аляксандры Канафальскай

Мы сустрэліся з мастачкай Аляксандрай КАНАФАЛЬСКАЙ у наступны дзень пасля яе першага сольнага канцэрта ва Ўроцлаве, дзе яна на працягу дваццаці музычных кампазіцый стварала пясочныя карціны пра жывёлаў пад назвай Animalium. Пагутарылі пра яе шлях ад жывапісу да пескаграфіі, нечаканы ўзлёт ад выступу на карпаратыве да міжнародных праектаў і новыя перспектывы пасля пераезду.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Мікалай Пучок

– Саша, раскажы, кім ты была да пескаграфіі?

У мяне не было іншага шляху, апрача як стаць мастачкай. Дзед быў мастаком, тата і дзядзя добра малююць, я скончыла дзіцячую  мастацкую школу. Таму я паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на выяўленчае мастацтва і за гады студэнцтва прымала ўдзел у розных выставах і конкурсах. На працягу трох гадоў у мастацкім музеі ў якасці мастака-пастаноўшчыка арганізоўвала “Ноч музеяў”, рабіла актыўнасці і пастаноўкі з акторамі. Правяла ўласную выставу жывапісу ва ўніверсітэце па матывах “Майстра і Маргарыты”, прыйшло так шмат людзей, што ўсе не змяшчаліся ў фае.

Першы крок

А з пескаграфіяй выпадкова атрымалася. Я засталася працаваць у арганізацыі, якая займаецца ўніверсітэцкімі мерапрыемствамі. Там працаваў рэжысёр, фатограф-дызайнер (мой будучы муж) і я. Рэжысёр рабіў навагодні карпаратыў у 2009 годзе – тады пескаграфія толькі з’явілася ў інтэрнэце – і прапанаваў мне зрабіць нумар з пяском: “Саша, ты ж мастачка. Давай паспрабуем”. Я тады задумалася: “Ой, гэта ж, напэўна, тэхнічна складана, нейкая камера патрэбная, праектар, штатыў”. Тады рэжысёр сказаў мужу: “Коля, ты ж фатограф. Якая камера? Які штатыў?” Мы літаральна за тыдзень усё стварылі. На тэму змены сезонаў, а ў канцы зіма і Новы год.

Рэжысёр рабіў навагодні карпаратыў у 2009 годзе – тады пескаграфія толькі з’явілася ў інтэрнэце – і прапанаваў мне зрабіць нумар з пяском: “Саша, ты ж мастачка. Давай паспрабуем”.

Карпаратыў быў у Палацы Рэспублікі для ўсіх беларускіх артыстаў. У той самы вечар у мяне пачалі пытаць кантакты, візітоўкі. Якія візітоўкі? Яшчэ ніякіх візітовак не было! Вось так яно і закруцілася. Я доўга яшчэ аднеквалася: маўляў, я мастачка, я малюю фарбамі, а пясок – гэта проста забава. Я найперш бачыла сябе ілюстратаркай, мастачкай анімалістычнага жанру, хацела ілюстраваць дзіцячыя кніжкі.

Вельмі імкліва мае пясочныя шоў выраслі да сусветнага ўзроўню. Самае цікавае, што першае запрашэнне за мяжу было менавіта ва Ўроцлаў, дзе мы цяпер і жывём. Нас запрашалі і ў Канаду, і ў Марока, і ў Швейцарыю. І на жывыя выступы, і на здымкі рэкламы. Калі я зразумела, што ўжо дасягнула сур’ёзнага ўзроўню, то прыняла той факт, што я цяпер найперш Sand Art мастачка. Гэта мая фішка. І нават калі я вырашу рабіць ілюстраваную кнігу, то яе ўжо цікава ілюстраваць пяском.

Вельмі імкліва мае пясочныя шоў выраслі да сусветнага ўзроўню. Самае цікавае, што першае запрашэнне за мяжу было менавіта ва Ўроцлаў, дзе мы цяпер і жывём.

– Кажуць, што ўсе знакамітыя пяскографы – самавучкі. Гэта праўда?

 Насамрэч не так шмат людзей займаецца пескаграфіяй на прафесійным узроўні, каб і вучыць, і выступаць на сур’ёзных мерапрыемствах, бо гэта дастаткова складана, і апаратуры патрабуе адмысловай, і навыкаў. Я гэтаму вучылася сама – і гэта добра. Нават калі ў мяне просяць навучыць маляваць пяском, я ўсім кажу: вось падсвечаны шкляны стол, зверху камера і пясок. Усё. Гэта як з фарбамі.

– Але ж маляваць фарбамі вучаць!

Так, згодная. Можна паказаць, як насыпаць сляды, дарожкі, адбіткі. Але тут вельмі шмат варыяцый – і мне не хочацца навязваць сваю. Усе пяскографы розныя, з непаўторным стылем. І гэта атрымалася таму, што кожны шукаў сябе сам.

– Што табе дапамагло некалі авалодаць новай мастацкай тэхнікай і матэрыялам пры адсутнасці курсаў і школ пескаграфіі?

 Досвед. Насамрэч, мне пашэнціла, што я з Беларусі. Тут прайс на маю працу быў меншы, чым у Еўропе. У 10 разоў. І ў мяне была проста вар’яцкая колькасць замоваў. А іншыя артысты за мяжой раз на паўгода робяць сур’ёзнае выступленне – але за вялікія грошы. Я ж бамбіла ўсе выходныя ды па пяць вяселляў на дзень. За 11 гадоў больш за 3000 выступаў у Беларусі – я, як спартовец, заўжды была ў тонусе. Хай не за процьму грошай, але за досвед: багата напрацовак, эфектаў, тэхнік, пераходаў у маіх шоу – гэта ўсё дзякуючы таму, што было вельмі шмат працы.

Я ж бамбіла ўсе выходныя ды па пяць вяселляў на дзень. За 11 гадоў больш за 3000 выступаў у Беларусі – я, як спартовец, заўжды была ў тонусе.

Вытокі пескаграфіі

– Ёсць версія, што пескаграфія бярэ вытокі з мультфільма Кэралайн Ліф “Петэр і воўк” (1969 г.). Мастачка стварала свае мульцікі па некалькі гадоў. А за колькі цяпер можна стварыць 10-хвілінны ролік?

Пясочны мульцік – гэта мая няздзейсненая мара. Мы спрабавалі здымаць сюжэты, калі карцінка змяняецца без рук, 24 кадры ў секунду. Трэба патрошкі змяняць карцінку і фатаграфаваць – пясок у гэтым плане ўдзячны матэрыял. Гэта не фарба, калі трэба паверх перамалёўваць на празрыстым аркушы, каб атрымаць раскадроўку. Мы хадзілі з дзецьмі на фестываль анімацыйных мультфільмаў – і ў мяне ўзнікла ідэя: “Дык я ж магу налета ўдзельнічаць! Менш чым за год можна паспець”.

А праграму жывога выступлення на 10 хвілін можна падрыхтаваць і за дзень, і за дзве гадзіны. Усё залежыць ад натхнення. І ад досведу, бо ў маёй галаве ўжо назапашана цэлая галерэя карцінак і пераходаў, якія можна кампанаваць, дадаваць нешта новае і атрымліваць гатовы сюжэт.

Пясочны мульцік – гэта мая няздзейсненая мара.

– Якія з тваіх работ табе ўрэзаліся ў памяць?

Я амаль кожную працу памятаю. А што не памятаю, тое запісваю. Хоць я і паўтараю нейкія вобразы, але гэта ўсё адно ўнікальная праца, бо ніводзін сюжэт немагчыма дакладна паўтарыць. Калі ты другі, трэці раз малюеш мядзведзя, ён ужо будзе іншы, з іншым выразам твару, вачэй. Унікальнасць у тым, што праца існуе толькі аднойчы, калі не запісана на відэа.

Канешне, памятаюцца сур’ёзныя замежныя праекты, напрыклад, рэклама AUDI з сапраўднымі рэжысёрамі, з кінакамерай. Ці рэклама ў Канадзе для дрэваапрацоўчай кампаніі – з пілавіннем, з цёплым асвятленнем. З іншымі матэрыяламі таксама эксперыментавала: малявала спецыямі, мукой, кавай, сухім лісцем, алюмініевай габлюшкай. І ўсё дзякуючы таму, што я аказвалася ў новым месцы з новымі людзьмі.

Рэклама AUDI R8, у здымках якой прыняла ўдзел Аляксандра

А найбольш уразіў мяне выступ на Каляды ў дзіцячым анкалагічным цэнтры. У мяне да гэтай пары перад вачыма хворыя дзеці. Але я была ўдзячная за каштоўную магчымасць парадаваць дзяцей, якія ў іншай сітуацыі не змаглі б убачыць маё выступленне.

А тут, у Польшчы, у мяне зноў новы досвед: я нарэшце атрымала магчымасць ствараць нешта сваё, а не пад замову. У Беларусі, можа, думкі такія і прыходзілі, але я не магла іх развіць.

Я проста не магла ўявіць, што на канцэрт Аляксандры Канафальскай збярэцца поўная заля.

– Як ты лічыш, чаму пескаграфія выйшла на сцэну?

Па-першае, з’явіліся тэхнічныя магчымасці: праектары, экраны, – якія змаглі ператварыць маляванне пяском у перформанс. У спалучэнні з музыкамі гэта ўсё выйшла на сцэну. Па-другое, усе мастакі Sand Art – гэта артысты са сваёй харызмай, унутраным куражом. І часцей за ўсё гэта дзяўчаты. Можа, таму што пясок – гэта найперш пластыка рук, тонкая і пяшчотная стыхія.

Усе мастакі Sand Art – гэта артысты са сваёй харызмай, унутраным куражом

– Пескаграфія ўжо стала асобным відам мастацтва?

Цяпер, калі пескаграфія страціла свой ваў-эфект, мне даводзіцца даказваць, што мастакі не стаяць на месцы, яны развіваюцца. І што маляванне пяском можа быць цікава не толькі як новая фішка івэнт-індустрыі, але і як самастойны від мастацтва.

Матэрыял і абсталяванне сваімі рукамі

– З чаго ты пачынала? З падручных матэрыялаў ці адразу з прафесійнага абсталявання?

Першы мой стол мне зрабіў тата за дзень да першага майго выступлення. Гэта была старая каробка ад тэлевізара, шкло ад камоды, калька, нейкая лямпа – і ўсё гэта неяк падключылі. А далей мы з мужам самі распрацавалі стол пад мой рост, з палямі па перыметры, са здымнымі ножкамі і мацаваннем для штатыву, з ідэальнымі памерамі, каб змяшчаўся ў машыну і праходзіў па габарытах у самалёт. Дома ў мяне іх тры: два старыя і адзін новы – яго мы зрабілі, каб маляваць белым пяском па чорным шкле. Паспрабавалі нешта новае, яшчэ нідзе не выступалі, толькі зрабілі два кліпы – і з’ехалі. Тут перад выступленнем мы збіралі стол з нуля, замаўлялі распіл фанеры, шкло, ножкі – па старой памяці, па чарцяжах.

Мы з мужам самі распрацавалі стол пад мой рост, з палямі па перыметры, са здымнымі ножкамі і мацаваннем для штатыву, з ідэальнымі памерамі, каб змяшчаўся ў машыну і праходзіў па габарытах у самалёт.

– Здаецца, ты для кожнага выступлення абіраеш унікальны пясок. Для каляднай тэматыкі ён белы і іскрысты, як снег. Для замалёвак пра Афрыку ён жоўты і сыпучы, як у саване.

Сакрэт просты. Калі зімовая тэма, то робіцца больш халодная апрацоўка відэа, калі летняя – то больш цёплая. Але ўсё гэта постпрадакшн, а пясок заўжды адзін і той жа, і святло на стале заўжды адно і тое ж.

 – Дзе ты бярэш пясок для сваіх выступаў?

Першы час гэта быў звычайны пясок, прасеяны праз друшляк. Адмысловы пясок прадаецца, яго нават часам указваюць у райдары мастакі. Але ў мяне пясок самы звычайны, беларускі. А тут польскі. Не любы падыходзіць, я хаджу і выбіраю на дотык. Трэба дробны пясочак, каб шмат пылу. І для канцэрту мне яго не ставала. Тады муж сеў на ровар і прывёз мне торбу з палявой дарогі. Тое, што трэба! Як на Радзіме.

Каманда мастачкі Sand Art

– Я так разумею, ты не адна, у тваёй камандзе муж грае не апошнюю ролю…

Так, ён мой тэхнічны асістэнт, фатограф і відэограф. У Беларусі ў мяне яшчэ быў мэнэджар, які прымаў замовы, удакладняў дэталі, арганізоўваў пляцоўкі.

– А цяпер у цябе няма мэнэджара?

Цяпер гэтую частку працы я раблю сама, таму, напэўна, за апошнія паўгода было не так і шмат выступаў: пераезд, маленькія дзеці, побыт з нуля. Там ён мне палягчаў працу, бо я хацела маляваць, а не абмяркоўваць з замоўцамі таймінг, лакацыю ды паркоўку.

– Як табе ўдавалася супрацоўнічаць з такімі рознымі замоўцамі?

Так, я малявала і пра тэлевізары, і пра халадзільнікі. Кожны раз я клала ў аснову майго сюжэта не прадукты, а гісторыю брэнда і людзей, для якіх гэты брэнд стварае свае прадукты. Ці вось IT… Гэта нешта абстрактнае, што можна візуалізаваць толькі іконкамі ці лічбамі. Але ў гэтым і была мая задача, каб перакласці абстракцыі на мову вобразаў. Праз метафары і алегорыі я кожны раз імкнулася стварыць сюжэт, які мог бы крануць ці расчуліць. Бо пескаграфія на любым карпаратыве – гэта лірычны момант, каб задумацца ці застыць у захапленні ад таго, якая мы дружная і паспяховая каманда.

Многія замоўцы самі прызначалі сустрэчы, паказвалі мне сваю вытворчасць. Напрыклад, у Канадзе мне трэба было намаляваць лес. Я малюю лес, а яны кажуць: не, у цябе нейкія нізкія дрэвы. Яны мяне звазілі ў свой лес – і я зразумела, што іх сосны і яліны ў пяць разоў таўсцейшыя і вышэйшыя за нашыя. Яны як хмарачосы! Я ўбачыла іх ужывую, натхнілася і тады змагла зрабіць тое, чаго ад мяне хацелі.

Пясочная анімацыя для BRITISH COLUMBIA WOOD у Канадзе.

Ад класікі да року

– Раскажы, дзе праходзяць рэпетыцыі твайго выступу?

 Мне не трэба адмысловая студыя, я рэпетую дома. Проста пасля рэпетыцыі трэба сабраць пясок з падлогі)))

– Ці ёсць нейкія нязручнасці ў творчым працэсе? Апрача пяску пад нагамі…

Напрыклад, калі мы на працягу 8 гадзінаў здымалі рэкламу для AUDI, пад канец шкло раскалілася настолькі, што на ім можна было яйка смажыць. Мы даздымалі нейкія дэталькі макрааб’ектывам, але ўжо немагчыма было дакрануцца нават пазногцем.

Па шчырасці, я не ведаю, як пясочны пыл уплывае на арганізм чалавека. Гэта адна з прычын, чаму я не адчыняю дзіцячую студыю пескаграфіі. А яшчэ я гадзінамі малюю ў цемры, і вочы вельмі стамляюцца, бо дужа цяжка доўга глядзець на яркае святло. Але пакуль са зрокам усё ў парадку.

– А як выглядае твая творчая кухня? Ад падбору музыкі і раскадроўкі сцэн да фінальнага прагону…

Кампазіцыя нараджаецца па-рознаму. Часам спачатку з’яўляецца сюжэт, а потым падбіраецца музыка, але яна мусіць быць меладычная, прыемная. Часам, наадварот, спачатку даецца музыка, а потым ужо ў галаве нараджаюцца вобразы.

– Значыць, не на кожную песню можна зрабіць пясочны кліп? Скажам, на песні AC/DC можна?

Можна. Апошнюю песню Кацярыны Ваданосавай я малявала белым пяском па чорным шкле. Мы нават не ўяўлялі, што пескаграфія можа быць такой жорсткай, рокавай. У мяне яшчэ ёсць пакуль не апублікаваны кліп на песню таленавітых музыкаў – ён наогул чорны, суцэльны попел і выпаленая зямля.

Мы нават не ўяўлялі, што пескаграфія можа быць такой жорсткай, рокавай.

– Раскажы, што табе даецца прасцей – імправізаваць на вольную тэму ці ісці за сюжэтам песні, падпарадкоўвацца яе тэмпу і тэксту?

Усё залежыць ад натхнення. Калі я зрабіла кліп для ТОR BAND, яны сказалі, што я пераўзышла ўсе іх чаканні. Больш за тое, я пераўзышла свае ўласныя чаканні! Гэта была маланка, ідэя! Гэта акурат адбылося ў той момант, калі было не да пяску, сэрца кроўю аблівалася. Яна і вылілася на стол, стварыла аснову кліпа. Усё залежыць ад стану на пэўны момант. Можна доўга пакутаваць над песняй, доўга шукаць ідэю. А можна адразу падабраць вобразы і скласці гісторыю. Як пашанцуе.

– Ты часта эксперыментуеш з матэрыялам. Дадаеш у пясочнае шоў пялёсткі, ягады, свечкі, нават кроў. Табе не стае пяску – і ты шукаеш дадатковыя сродкі выразнасці?

Пясок вельмі пластычны і ўдзячны матэрыял. Я ні разу не малявала каляровым пяском і не выкарыстоўвала каляровых падсветак. Мне прынцыпова, каб гэта была сепія. І вось калі ў гледача вока прызвычайваецца да манахрому, а мне хочацца дадаць экспрэсіі, я магу выкарыстаць яркія ягады ці чырвоную фарбу, узмацніць эфект на мільён праглядаў.

Убачыць непаўторнае

– Своеасаблівасць малявання пяском у перацяканні адной карцінкі ў іншую. На працягу нумара на тваім стале заўжды ёсць цэнтр прыцягнення ўвагі. Як ты плануеш, якая карцінка перарасце ў наступную? Ці ёсць у гэтым нейкая логіка?

Калі на стоп-кадр жывога пясочнага выступлення зірне мастак, які малюе фарбамі, ён скажа, што гэта нейкі прымітывізм. Такую карцінку не надрукуеш і не павесіш на сцяну. Тут сутнасць у тым, што як толькі чалавек разумее, што на экране зебра, яе ўжо трэба ператвараць у нешта іншае. Мне здаецца, мала хто малюе пяском так хутка, як я. Каб на адным дыханні гледача трымаць. Мая фішка ў хуткасці змены карцінак, у дакладнасці патрапляння ў акорды.

Прыдумванне пераходаў – гэта і ёсць самае складанае ў пескаграфіі. Спачатку я прыдумваю іх на паперы, але калі пачынаю прайграваць сюжэты з пяском, ён сам мне падказвае, як рухацца далей. Я штосьці прыбіраю – і гэты мой след ужо на нешта падобны. Можна колькі заўгодна думаць на паперы ці ў галаве, але трэба браць пясок і гадзінамі эксперыментаваць. Ён сам падкажа, як лепш.

Прыдумванне пераходаў – гэта і ёсць самае складанае ў пескаграфіі.

– Маляванне пяском цяпер шырока выкарыстоўваюць у арт-тэрапіі. Як пескаграфія табе дапамагае змагацца са стрэсам?

Я люблю маляваць. Часам, каб зняць стрэс, мне проста трэба застацца адной і памаляваць. Муж гэта разумее і бярэ на сябе дваіх дзяцей, каб я мела магчымасць адпачыць і нешта стварыць. Гэта мая тэрапія.

А для ўсіх людзей гэта антыстрэс, прыемныя адчуванні ад слядоў, эфектаў, дарожак. Як толькі я бяруся маляваць пяском, дзеці падстаўляюць два зэдлікі, бяруць цацкі, пакідаюць сляды ад сваіх монстар-тракаў: глядзі, мама, у нас траса!

Кожны можа зрабіць ці набыць для сваіх дзяцей светлавы стол для малявання пяском, манкай, спецыямі. Дзецям вельмі падабаецца.

– Гэта від мастацтва, у якім найперш каштоўны не вынік, а менавіта працэс, бо вынікам заўжды будзе жменя пяску. Ці не шкада, што твае шэдэўры не застаюцца ў вечнасці?

Гэта філасофія 25 кадрам. Усё тлен. Усё ў жыцці непастаяннае. Ствараецца і тут жа разбураецца. Змяняецца, перацякае з адной формы ў іншую.

Адна з версій паходжання пескаграфіі – з будысцкіх мандал. Будысцкія манахі на працягу некалькіх гадоў з пяску выбудоўваюць мандалы, а потым за адну секунду ўсё разбураюць. Але камера дапамагае захаваць пясочныя карціны для нашчадкаў.

Поспехі і няўдачы

– Ты ўваходзіш у топ-10 пяскографаў свету. Раскажы, хто яшчэ там побач з табой і чыімі працамі ты натхняешся найбольш?

Калі ўвесці ў пошук Sand Animation, можна пабачыць 10 прозвішчаў мастакоў, якія займаюцца пескаграфіяй на прафесійным узроўні. Ніхто не праводзіў ніякіх конкурсаў, проста на старонцы ў Вікіпедыі пералічаны мастакі, якія даўно пачалі, шмат чаго дасягнулі і сталі сусветна вядомымі. Я не магу сказаць, што я кімсьці з іх захапляюся. Я іх паважаю, у кожнага свой стыль, свой шлях. Я за многімі з іх падбірала замовы, бо ў кожнага свой райдар і спецыфіка працы – не ўсім замоўцам гэта пасуе. Я не вельмі сачу за творчасцю кожнага з іх, наадварот, лепш не сачыць, каб не капіяваць, не чапляць чужыя фішкі, а самастойна развівацца.

– А дзе тады ты чэрпаеш натхненне?

Я бяру натхненне з прыроды, з навакольнага свету, з падарожжаў, з дзяцей, з неверагодных падзей, у якіх давялося прымаць удзел, з цудоўных людзей, іх гісторый, у якія проста немагчыма паверыць.

– За 11 гадоў правесці 3000 выступленняў – гэта не жартачкі! Усе з іх унікальныя ці нешта з непаўторнага ўдалося паўтарыць?

Паўтарыць дасканала немагчыма, нават у музыцы ад тэмпературы ў залі залежыць настройка інструментаў і тэмп мелодыі. Гэтак і ў мяне: нават калі я буду спрабаваць паўтарыць нешта карцінка ў карцінку, усё адно атрымаецца ўсё па-новаму. Я паўтарала тры разы нумар, які я склала ўжо тут на беларускую тэматыку. Я яго паказвала на фестывалі беларускай культуры, потым на адкрыцці выставы плакатаў і трэці раз проста на галоўнай плошчы Ўроцлава, дзе сабраліся ўсе беларусы дыяспары. Гэта быў адзін і той жа нумар, ён вельмі ўдалы і эфектны, але кожны раз ён выконваўся ў новай атмасферы. Я хацела, каб яго пабачылі як мага больш людзей, таму і паўтарала.

– Ці існуюць нейкія прэміі, фестывалі або батлы, перамогу ў якіх можна лічыць поспехам для пяскографа?

Канешне, ёсць сярод пяскографаў мастакі, якія перамагалі на конкурсах талентаў. Але які сэнс у іх удзельнічаць, калі ты ў пескаграфіі больш за 10 гадоў? Для мастакоў няма сэнсу супернічаць. У кожнага ёсць свой фанат, замоўца, падпісчык. Найперш гэта творчасць, а ўжо потым нейкае прызнанне, узнагароды, грошы.

За тыдзень да майго канцэрта ў той самай залі быў тэатр пяску з Варшавы са спектаклем “Маленькі прынц” – у іх сумяшчэнне малявання пяском, святлом і вадой з выступленнем артыстаў. Арганізатары вельмі хваляваліся, што канкурэнты нам усё пераб’юць. Маўляў, тут пясок і там пясок. Гэта тое ж самае, што сказаць: ён спявае і яна спявае. Але можна спяваць па-рознаму, у розных стылях. Так і з пяском. Зусім розныя мерапрыемствы. І ўсё прайшло добра. Мы сабралі залю. І гэта прытым, што ва Ўроцлаве штодзень столькі імпрэзаў, што да майго канцэрта трэба было праматаць тры старонкі афішы!

Для мастакоў няма сэнсу супернічаць. У кожнага ёсць свой фанат, замоўца, падпісчык. Найперш гэта творчасць, а ўжо потым нейкае прызнанне, узнагароды, грошы.

– Заўсёды цікава пачуць не толькі пра поспехі і дасягненні, але пра няўдачы і фэйлы. Ёсць што прыгадаць?

 Былі нейкія незалежныя ад мяне тэхнічныя збоі: вырубаўся экран, знікаў сігнал ці зрывалася мерапрыемства. Аднойчы на вяселлі стаяў яшчэ адзін экран, і я бакавым зрокам пабачыла сіні колер – меню працоўнага стала. Мае тэхнічныя спецыялісты стаялі ў калідоры і не бачылі таго, што адбываецца. Я проста выйшла ў калідор і ўпэўнілася, што з маім экранам усё нармальна, вярнулася і працягнула выступленне. Бывае, што музыка скокне – і цяжка зразумець, у якім моманце я па музыцы, а мне трэба скончыць з апошнім акордам. Імправізую, падладжваюся, паскараюся.

Звычайна я хвалююся не столькі за сваё маляванне, колькі за розныя тэхнічныя аспекты. Каб не абарваўся дрот і не патух экран, каб у музыкаў не парваліся струны, каб усе даехалі ці даляцелі. А за сябе я не хвалююся, бо досвед мне дазволіць выкруціцца з любой сітуацыі.

Першы сольны канцэрт

– Учора прайшоў твой першы сольны канцэрт, дзе гледачы ішлі не на Эніа Марыконэ з пясочнай анімацыяй Аляксандры Канафальскай, а найперш на Аляксандру Канафальскую з музычным суправаджэннем скрыпічнага трыа. Што ты адчуваеш?

Я да гэтай пары не ўсвядоміла, што адбылося. Атрымліваю віншаванні, раблю перапосты водгукаў людзей. Але я радая, што цяпер свабодная. Я задаволеная, як усё прайшло, мне няма да чаго прычапіцца. Поўная заля, зладжаная арганізацыя, нягледзячы на моўны бар’ер. Гэта новы досвед для мяне, бо звычайна мяне запрашаюць на адзін нумар, а тут вялікі канцэрт з 20 нумароў, якія я склала сама! Пачынаючы ад праграмы, парадку кампазіцый і заканчваючы антрактам і выхадам на біс.

Я не рэжысёр па адукацыі, але досвед пастаноўкі “Ночы музеяў”, наведвання розных спектакляў, стварэння перформансаў мне дапамог у прадумванні гэтага канцэрта. Некаторыя трэкі мне былі ўжо дадзеныя, я не магла выбіраць музыку з усяе сусветнае спадчыны. Я толькі папрасіла дадаць “Палёт чмяля”, бо даўно марыла, каб мне нехта зграў гэтую кампазіцыю пад мае малюнкі.

Я вельмі хацела яшчэ ўключыць у канцэрт беларускую нотку, бо траціна гледачоў дакладна з Беларусі. Калі я пачула, што ў рэпертуары ёсць паланэз Агінскага “Развітанне з Радзімай”, я яго адразу ж узяла ў праграму.

На біс я малявала дах майго дома з буслом на дрэве – сябры, якія былі на канцэрце, пазналі яго і праслязіліся. Буслы адлятаюць, як і мы разляцеліся, але яны абавязкова вяртаюцца!

– Сольны канцэрт для пяскографа – гэта поспех?

Для мастачкі, якая толькі паўгода таму пераехала ў іншую краіну і ёй тут жа арганізавалі мясцовы канцэрт, гэта поспех. Я проста пакуль яшчэ не магу ўсё цвяроза ацаніць. Гэта вялікая ўдача, што мы пазнаёміліся з арганізатаркай канцэрта, што яна мяне падтрымала, паверыла ў мяне і захацела зладзіць гэты канцэрт.  Арганізатары казалі, што, калі ўсё пройдзе добра, мы выйдзем у плюс, гэтыя канцэрты адбудуцца яшчэ ў некалькіх гарадах.

Сачыненне на вольную тэму

– А як да цябе прыйшла назва канцэрта?

 Што тычыць праграмы Аnimalium, то мне сказалі: вось заля, вось дата – будзе твой канцэрт, думай! І ў мяне быў шок! Што, не пра халадзільнікі “Атлант”? Не пра тэлевізары “Віцязь”? Не пра газавыя катлы? І не пра Белазы? Што гэта можа быць, каб было цікава і дзецям, і дарослым? І палякам, і беларусам, і ўкраінцам, і іншаземцам. Каб гэта было і ў пазітыўным ключы, і кранала за жывое. Я месяц маялася. А потым, калі ўжо трэба было друкаваць афішу, я на стрэсе села і запытала ў сябе: што мяне натхняе больш за ўсё? Прырода! Мы тут ходзім у музей прыроды, у заапарк, дзе не хочацца плакаць. І тады я зразумела, што я магу стварыць цэлых 20 нумароў пра жывёлаў, пра розныя часткі свету. Усе любяць жывёлаў!

– Дома ў Беларусі ў цябе было ажно 15 сабак, 5 чарапах, трусік і нават свінка! Цяпер ты ва Ўроцлаве, а яны дзе?

Яны дома. Бацькі мужа цяпер здзяйсняюць подзвіг і клапоцяцца пра іх. Нам давялося з’ехаць. Мы б самі ніколі не з’ехалі, бо сабакі былі нашым асноўным якарам, мы не маглі іх кінуць. Але бацькі самі настойліва раілі нам ехаць. Таму мы арганізавалі дастаўку корму, зрабілі некалькі вальераў, чарапах часова аддалі спецыялісту. Свіння засталася. Наогул філасофія свінні нават круцейшая за філасофію панды. Яе жыццярадаснасць, інтэлект, уменне лавіць кайф ад жыцця! Калі б людзі ведалі, якія свінні разумныя, яны б наўрад ці іх елі.

– Як пераезд у Польшчу адбіўся на тваёй творчай актыўнасці і запатрабаванасці?

З аднаго боку, за ўсімі клопатамі з пераездам я тут проста не мела часу разносіць партфоліа, піярыць сваю творчасць і рассылаць камерцыйныя прапановы. Усе выступленні, якія адбыліся за паўгода, былі зладжаныя выключна дзякуючы сарафаннаму радыё. Я не пісала яшчэ па старых кантактах, з кім мы працавалі раней у Польшчы. Нават канцэрт – гэта была для мяне звышзадача. З маленькімі дзецьмі я проста не вытрымаю, калі на мяне наваліцца зараз праца. Мне пакуль дастаткова выступу раз на месяц. Добра, што муж працуе, і ёсць на што жыць.

З другога боку, дзякуючы таму, што я зняла творчасць з канвеера, яна выйшла на новы ўзровень. Я стала выступаць не дзеля грошай, а дзеля творчасці, ладзіць свае ўласныя праграмы, і адсюль у мяне больш натхнення, больш фантазіі. І крутыя пляцоўкі, і прафесіяналы вакол – усе такія ініцыятыўныя – іншы свет, іншы досвед. І гэта вельмі акрыляе.

Для многіх творчых людзей дзейнасць у Беларусі – гэта балота. Я ўяўляю, як плыла са сваёй сям’ёй і сабакамі ў лодцы па рацэ, а калі я з’ехала, мая лодка выйшла ў акіян. Тут прастора для творчасці, усе дарогі адкрытыя – толькі рабі. Звяртайся куды заўгодна са сваімі ідэямі, цябе падтрымаюць. Ты хочаш кнігу? Пастаў мэту – і ты яе выдасі. У Беларусі, напэўна, таксама ёсць такія магчымасці, але я іх проста не бачыла, была занятая дзецьмі і сабакамі, завіхалася па дому і бамбіла па пяць выступаў на дзень. А тут, у эміграцыі, што можна зрабіць для Беларусі? Атрымаць досвед, каб потым яго прынесці ў Беларусь. Я гэтым цяпер і займаюся. Усмоктваю, якія тут мерапрыемствы для дзяцей адбываюцца, якія тут праходзяць майстар-класы, як тут абсталяваныя дзіцячыя пляцоўкі, як тут арганізаваная ахова жывёлаў, як адбываецца асобны збор смецця. Я сама тут даю майстар-класы для дзяцей – і яны заходзяць на ўра!

Я ўяўляю, як плыла са сваёй сям’ёй і сабакамі ў лодцы па рацэ, а калі я з’ехала, мая лодка выйшла ў акіян. Тут прастора для творчасці, усе дарогі адкрытыя – толькі рабі.

– Я ведаю, што ты збіралася праілюстраваць новы зборнік вершаў Кацярыны Ваданосавай. А якія яшчэ ў цябе творчыя планы?

Так, з Кацяй мы знаёмыя са студэнцкіх часоў, турзлётаў: яна ўдзельнічала ў конкурсах песні, я – у конкурсах плакатаў. Яе кнігу я гатовая праілюстраваць, калі знойдзецца выдавец.

Свая кніжка – гэта пакуль мая мара, але першыя званкі ў выдавецтва ўжо зробленыя. У мяне ёсць некалькі ідэй, але я не знайшла яшчэ персанажа, які будзе мне як дзіця, як блізкі сябар. Я хачу сама яго нарадзіць, каб гэта была мая кніга, нават серыя кніг. І я хачу паспець іх выдаць, пакуль мае дзеці маленькія, пакуль ім гэта актуальна.

Свая кніжка – гэта пакуль мая мара, але першыя званкі ў выдавецтва ўжо зробленыя.

У Беларусі мне было не да фестываляў. Я была там знакамітым пяскографам – навошта было вышэй за галаву скакаць? А тут столькі ўсякіх фэстаў і конкурсаў! Вось можна было стварыць відэа пра Ўроцлаў, але я не паспела на конкурс адправіць, чакаю наступнага года.

Яшчэ ў мяне вялікія надзеі на гастролі па Польшчы з праграмай Animalium. Нават ёсць ідэя працягу. Тут ёсць парк дыназаўраў, які адчынены на месцы, дзе знайшлі парэшткі сапраўдных дыназаўраў. Ідзе размова пра тое, каб там зрабіць канцэрт Dinozavrium. У планах працаваць, выступаць, паказваць сваю творчасць у Еўропе, хачу падарожнічаць і працаваць, як і раней.

– Што ты можаш параіць тым, хто пачынае свой творчы шлях ці працуе даўно, але не хапае смеласці выходзіць на новы ўзровень?

Rolling Stones – класная назва майго ўлюбёнага гурта. Камяні, якія коцяцца. Ім за 70, і яны да гэтай пары выступаюць, гастралююць. Жывыя легенды. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Не можаш ісці – ляж у кірунку мары. Але не проста ляжы, а варушыся, прыкладай нейкія высілкі. Нават калі мэта здаецца недасяжнай, але ты рухаешся да яе, то ў выніку ты яе дасягнеш. Усё здзейсніцца нечакана, так жа, як і з нашай перамогай, як з маім канцэртам, маім поспехам. Калі вельмі хацець, нешта для гэтага рабіць, то ўсё атрымаецца.

Пад ляжачы камень вада не цячэ. Не можаш ісці – ляж у кірунку мары. Але не проста ляжы, а варушыся, прыкладай нейкія высілкі.

(с) ALOVAK

Leave a Reply