Беларускія календары на 2024 год

Калі вы шукаеце беларускія календары на 2024 год, рыхтуйцеся да пакутаў выбару, бо календароў на наступны год такое мноства, што вочы разбягаюцца! Разам з моўным праектам “Пакрысе” мы сабралі самыя прыгожыя і змястоўныя варыянты на адной старонцы, каб вам было зручна абраць сабе спадарожніка на наступны год. Тут работы нашых мастакоў, фатографаў, дызайнераў, аўтараў адукацыйных праектаў – і шмат чаго яшчэ. Гартайце і абірайце свой!

Драўляны каляндар 2024 з абрысамі архітэктурных славутасцяў Беларусі

Каляндар ад @marchello_toys – гэта 12 драўляных выяваў помнікаў архітэктуры Беларусі на кожны месяц. Яго можна паставіць на стол ці любую іншую паверхню, ён даволі кампактны, памерам 12*18 сантыметраў. Магчыма выкананне па-беларуску або на рускай мове.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт майстэрні @marchello_toys.

“Лёгкая мова” – адрыўны каляндар з беларускім слоўцам на кожнай старонцы

2024 год высакосны, таму каляндар “Лёгкая мова” складаецца з 366 старонак, а на кожнай з іх яркая карцінка, цікавае слова на беларускай мове, яго пераклад на рускую і прыклад з мастацкай літаратуры. Кожны каляндар у падарункавай скрыначцы, з мацаваннем на стол і на сцяну, у камплекце 2 магніцікі для размяшчэння ўпадабаных старонак на халадзільніку ці металічнай дошцы. 

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт праекта “Лёгкая мова” у інстаграме, а таксама ў крамах tn.by, kniganosha.by, “Акадэмкнізе” і іншых.

“Мой шчаслівы 2024” – каляндар, які дапаможа звяртаць увагу на пазітыўныя моманты цэлы год

Каляндар “Мой шчаслівы 2024” ад выдавецтва “Папуры” складаецца з 366 аўтарскіх малюнкаў мастачкі @alex_atlas_, якія суправаджаюцца выказваннямі вядомых людзей, натхняльнымі фразамі і афарызмамі. Вечка календара лёгка трансфармуецца ў падстаўку і трымаецца з дапамогай унутраных магнітаў.

Як набыць: у крамах kniganosha.by, shafa-minsk.by, oz.by і іншых.

“Простыя крокі” – каляндар, які з кожным днём будзе набліжаць вас да валодання беларускай мовай

Адрыўны каляндар ад крамы OZ прапануе рабіць “Простыя крокі” да беларускай мовы праз моўныя гульні, тэматычныя слоўнікі, цікавыя слоўцы і выразы, гісторыі пра выбітных беларусаў, файныя вершы беларускіх паэтаў, цытаты і матывацыйныя выслоўі, а таксама працоўныя парады, як пачаць размаўляць па-беларуску.

Як набыць: у краме oz.by

Каляндар-домік “Ласкавая падтрымка”

Яшчэ адзін каляндар ад крамы OZ з кардону і мелаванай паперы, фарматам 10*15 см. На кожнай старонцы стыльныя і далікатныя ілюстрацыі, якія будуць радаваць вас кожны дзень.

Як набыць: у краме oz.by

Аднастаронкавы каляндар ад “Цудоўні”

Калі вам важна, каб усе месяцы году былі перад вачыма, прыгледзьцеся да яскравага календара фармату А3 ад этнакрамы “Цудоўня“. На ім – выява сусветнага дрэва, сімвалу жыцця і роду, ад каранёў якога пачынаецца год і ля каранёў жа сканчаецца.

Як набыць: звярнуцца у дырэкт крамы ў інстаграме.

Yearee 2024 па-беларуску – гэта маленькі цуд штодзень

Кожная старонка календара Yearee – гэта новая ілюстрацыя і фраза, каб ствараць асаблівы стан душы: узмацняць энергію або супакойваць, матываваць, падтрымліваць, дарыць радасць і абуджаць натхненне. Так, нібы з табой гаворыць найлепшы сябар.

Як набыць: у краме Yearee

“Родны край” на 2024 год – гэта традыцыйны каляндар ад выдавецтва “Беларусь”

У адрыўным календары “Родны край” вы знойдзеце цікавосткі пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, юбілейныя даты вядомых суайчыннікаў: вучоных, пісьменнікаў, актораў, мастакоў, архітэктараў, што жылі ў розныя часы і ўславілі наш край, а таксама традыцыйныя абрады і звычаі, аповеды пра прадстаўнікоў флоры і фаўны з Чырвонай кнігі Беларусі, парады псіхолагаў, педагогаў, садаводаў і агароднікаў, рэцэпты прыгатавання страваў нацыянальнай і сусветнай кухні.

Як набыць: у кнігарнях вашага горада, у краме “Рагна”

“Каляндар з цмокам 2024” – гэта гісторыя, расказаная без словаў

Перакідны каляндар ад мастачкі Каці Паветра – гэта графічная казка з персанажамі, сюжэтам, зменай пораў года і галоўным героем – Цмокам. Калі ствараліся ілюстрацыі для календара, мастачцы хацелася перадаць непаўторнасць кожнай пары года. Стварыць утульныя гісторыі, разглядаючы якія можна было б узгадваць свае ўласныя.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт мастачкі

“НІШО” – гэта каляндар на 2024 год ад анлайн-слоўніка сучаснай беларускай гаворкі і слэнгу

12 цудоўных мастачак і мастакоў (@arrrrrrrrrrrrrr_rr @a.p.lines @bobik_sdoh @natkacheva @maasha_lazarchuk @haty__project @hihlushka @petra.klimovich @svetlo.silich.678 @alex_stel_ @leanovich @mangomangoj @sashad_draws) паўдзельнічалі ў стварэнні календара з 12 слэнгавымі фразамі. Стваральнікі календара абяцаюць надрукаваць столькі асобнікаў, колькі вы замовіце. А яшчэ можна набыць пдф-версію.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт праекта “Нішо” ў інстаграме

“Мая нябачная Беларусь” – каляндар з ілюстрацыямі страчанай спадчыны Беларусі

Як бы магла выглядаць страчаная архітэктурная спадчына Беларусі, каб яна ўсё ж захавалася? Ёсць фотаздымкі, графічныя рэканструкцыі, малюнкі мастакоў, але ад яе не захавалася нават цаглінкі ці дошчачкі ад былой архітэктурнай славы. Вось гэтая ідэя лягла ў аснову выставы і календара Марыі Каралёвай “Мая нябачная Беларусь” 2024 год.

Як набыць: у крамах kniger.by, kniganosha.by, shafa-minsk.by і іншых.

“У сэрцы Беларусь” – каляндар з малюнкамі храмаў Беларусі і аўтарскімі выстоўямі

У календары “У сэрцы Беларусь” вы знойдзеце актуальныя цытаты на кожны месяц, аўтарскія ілюстрацыі вядомых беларускіх храмаў, каляндарную сетку па месяцах на 2024 год, пазнаку асноўных дзяржаўных і хрысціянскіх святаў, а таксама бонус у выглядзе агульнай каляндарнай сеткі на 2024 год на апошнім развароце календара. Гэта рэч поўная сэнсу, прыгажосці, любові і болю.

Як набыць: у краме kroplia.by

“Гарады і людзі” – каляндар з дэталізаванымі гарадскімі пейзажамі

На верхняй частцы разгорта календара “Гарады і людзі” ад выдавецтва “Тэхналогія” размешчаныя ілюстрацыі Багдана Даўгялы з відам на горад з дэталямі, у якіх кожны пабачыць нешта сваё, а ў ніжняй — сетка на тры месяцы.

Як набыць: ў крамах tn.by, knihi.by, kniganosha.by, shafa-minsk.by і іншых.

“Лапы і крылы” – беларускі каляндар з фотаздымкамі звяроў і птушак

Яскравы каляндар “Лапы і крылы” на 2024 год ад выдавецтва “Тэхналогія” з фатаздымкамі беларускіх звяроў і птушак на кожны месяц, зробленымі Інай Субоцінай, пазнаёміць вас з жывёламі – жыхарамі нашай краіны. На кожным разгорце календара – кадры з птушкай ці зверам з беларускай і лацінскай назвай. На ніжняй палове – зручны для планавання каляндар з буйной сеткай.

Як набыць: ў крамах tn.by, knihi.by, kniganosha.by, shafa-minsk.by і іншых.

Настольны каляндар на 2024 год з выцінанкамі Віталя Назарэвіча

Большасць выцінанак, якімі праілюстраваны каляндар, створаныя аўтарам Віталём Назарэвічам падчас пражывання каля мора, таму настрой і сюжэты календара марскія. Тут і медузы, і рыбкі, і васьміногі, і крабы, а яшчэ дэльфіны і чарапахі.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт праекта “Нішо” ў інстаграме.

“Планета Беларусь” – каляндар пра 12 гістарычных мясцінаў для вашых падарожжаў

Маляўнічы насценны каляндар прадстаўляе галоўныя архітэктурныя цікавосткі Рэспублікі Беларусь. Кожная старонка прысвечана самым папулярным у турыстаў населеным пунктам – гарадзішчы, замкі, цэрквы і касцёлы з вышыні птушынага палёту ў здымках Сяргея Плыткевіча.

Як набыць: у краме партала planetabelarus.by, у этнакраме “Рагна”.

“Планета Беларусь” – каляндар пра 12 прыродных мясцiн для вашых падарожжаў

Каляндар “Планета Беларусь” пра самыя дзікія куткі Беларусі з фотаздымкамі Сяргея Плыткевіча. Кожная старонка прысвечана нацпаркам, рэспубліканскім заказнікам і запаведнікам.

Як набыць: у краме партала planetabelarus.by, у этнакраме “Рагна”.

“Міфалогія Беларусі 2024” – каляндар з ілюстрацыямі, створанымі нейрасеткай

Каляндар “Міфалогія Беларусі 2024” створаны ў рамках Instagram-праекта “Міфалогія Беларусі» @myth.by. Кожны месяц ажывае, дзякуючы вытанчаным выявам міфалагічных істот, створаных з дапамогай нейрасеткі DALL-E-3, натхнёных багатым фальклорам Беларусі. 

Як набыць: у краме ecogift.by

Каляндар з фотаздымкамі Віктара Малышчыца

У календары “Беларусь – краіна святла” выкарыстаныя фотаздымкі знакамітага фатографа і папулярызатара астраноміі Віктара Малышчыца, які любіць вандраваць па Беларусі і здымаць зорнае неба ў розных куточках нашай Бацькаўшчыны. Гэты каляндар прысвечаны тэме святла, і яго мэта – прынесці хаця б невялікі кавалачак цеплыні ў нашыя дамы і ў нашую штодзённасць. Дзякуючы сонечным колерам, цёпламу настрою, а таксама натхняльным словам са Святога Пісання на кожнай старонцы, ёсць надзея, сапраўднага Святла ў нашым жыцці стане на крышачку больш. 

Як набыць: у краме dobry-pastyr.by

“Мой Менск” – каляндар з малюнкамі Менска на 2024 год

Першы каляндар з ілюстрацыямі мастачкі Аксаны Шаляпінай. “Мой Менск” складаецца з настраёвых малюнкаў нашай сталіцы, якія мастачка рабіла падчас экскурсій, апытанняў, пленэраў і шпацыраў па Менску.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт мастачкі

Каляндар з аўтарскімі ілюстрацыямі

Яскравы насценны каляндар з аўтарскімі ілюстрацыямі ад мастачкі @ly_hren.

Як набыць: звярнуцца ў дырэкт мастачкі

“Мой год з Езусам Хрыстом” – хрысціянскі каляндар для дзетак

Каляндар “Мой год з Езусам Хрыстом” зроблены з душою для самых маленькіх: лёгкія акварэльныя ілюстрацыі з цеплынёй распавядаюць аб Божай любові, а заданні на кожны месяц, што змешчаныя ўнізе кожнай старонкі, дадуць маленькім вернікам цікавыя ідэі, як практычна быць хрысціянінам. Кожная старонка прысвечана найбольш яскравай каталіцкай падзеі гэтага месяца, такой як Працэсія Божага Цела, пілігрымкі, канікулы з Богам, урачыстасць Усіх святых, Рараты перад Божым Нараджэннем і інш.

Як набыць: у краме dobry-pastyr.by, kroplia.by

“Талонапіс. Трамвай № 6” – каляндар-постар на 2024 год

Каляндар-постар з ілюстрацыяй з серыі “Талонапіс” мастака Багдана Даўгялы — ваш квіток на трамвай наўпрост у 2024 год.

Як набыць: ў крамах tn.by, knihi.by, kniganosha.by, shafa-minsk.by і іншых.

Каляндар ад праекта “Vëska Life” з дзіцячымі малюнкамі

Праект па аднаўленні і рамонту вясковых дамоў “VëSka Life”, натхніўшыся дзіцячай творчасцю, выпусціў лімітаваны каляндар-домік на 2024 год. Кожны месяц календара аздабляюць малюнкі юных навучэнцаў творчай студыі @zalaty_ptah. Фармат календара 210*148

Як набыць: праз інстаграм праекта “VëSka Life”

Каляндар “Першапачатак”

Кожная старонка календара-доміка знаёміць з дэбютнымі кнігамі народных пісьменнікаў Беларусі – Максіму Танку, Васілю Быкаву, Янку Купалу і іншым вядомым класікам.

Як набыць: у кнігарнях knihi.by, shafa-minsk.by і інш.

Драўляны каляндар-домік

Майстар Саня Таўкінь прыдумаў і стварыў драўляны каляндар на 2024 год у выглядзе невялічкай хаткі, да якой мацуюцца лісткі з месяцамі году.

Як набыць: звярнуцца да майстра ў інстаграм.

Вечны каляндар “Крок вызначае шлях” – драўляны каляндар на любы год

Практычны каляндар, бо яго не трэба змяняць кожны год. Дата, месяц і дзень тыдня ў календары “Крок вызначае шлях” выстаўляецца ўручную. А таксама такая рэч стане ўдалым падарункам для тых, хто імкнецца аздобіць свой дом прыгожымі, экалагічнымі і сэнсоўнымі рэчамі.

Як набыць: у краме kroplia.by

(c) ALOVAK

Добавить комментарий