Карціна з лямцу: майстар-клас

Валянне карціны – чароўны занятак! Без фарбаў і пэндзляў ствараецца экалагічны і ва ўсіх сэнсах цёплы твор. Паспрабуйце і вы стварыць сваю карціну з лямцу: майстар-клас для пачаткоўцаў і не толькі, які падрыхтавала мастачка Кацярына Каравай, дапаможа вам у гэтым. Будзем валяць сланечнікі!

Тэкст, фота: Кацярына Каравай

Неабходныя інструменты і матэрыялы

  • Лямец у грэбеннай стужцы. Адценні жоўтага, зялёнага, карычневага колераў.
  • Нажніцы.
  • Фотарамка. У мяне памер 21*30 см.
  • Пінцэт. Я яго не выкарыстоўваю, але для пачаткоўцаў можа спатрэбіцца.
  • Клей-аловак.
  • Кавалачак флізеліну або фланэлі памерам 21*30 см. У мяне непапяровая бытавая сурвэтка, якія прадаюцца ў рулонах.

Працэс

1. Разбіраем рамку. Нам патрэбна яе задняя частка – падкладка. Наляпляем на яе тканіну ці сурвэтку. Шкло далёка не хаваем – яно нам спатрэбіцца падчас прац.

2.Бяром у левую руку лямец, а правай рукой (калі вы праўшуны, і наадварот – калі леўшуны) выцягваем з яго доўгую, шырокую пасму і выкладваем на падкладку па дыяганалі. Такім чынам запаўняем увесь фон. Гледзячы на ??карцінку, выкарыстоўваем для фону лямец розных адценняў. Прыклаўшы шкельца зверху, мы можам убачыць ці засталіся ў нас прасветы, іх быць не павінна. Калі ёсць, дадаем яшчэ трохі лямцу. Імкніцеся выцягваць тонкія пасмы – хай гэта будзе даўжэй, але каляровыя пераходы стануць больш мяккімі.

3. Прыступаем да сцёблаў сланечнікаў. Выцягваем дзве доўгіх, тонкіх пасмы з цёмнага і светлага адценняў зялёнага. І паміж далонямі скатваем іх у “каўбаску”. Гатовыя сцяблінкі выкладваем на фон надаючы патрэбную форму і выгіб. Светлы бок сцяблінак павінен быць злева – менавіта адтуль у нас будзе падаць святло. Пасля кожнага этапу не забывайце накрываць карціну шклом – пад ім аб’ёмная поўсць становіцца больш насычанай па колеры, а элементы крыху павялічваюцца ў памеры.

4. Адрываючы невялікія пасмы зялёных адценняў, выкладваем ніжні ліст кветкі. Глядзім са шклом. Больш выразную форму лісту можна надаць, падрэзаўшы лішкі нажніцамі.

5. Для прожылкаў ліста выцягваем вельмі тоненькую доўгую пасмачку воўны (літаральна некалькі валасінак) і скочваем пальцамі ў жгуцік. Адразаем або адрываем прожылкі патрэбнага памеру.

6. Такім жа чынам выкладаем і верхні ліст сланечніка.

7. Для пялёсткаў адрываем невялікія пасмы жоўтага колеру і з аднаго боку падкручваем пальцамі, надаючы завостраную форму. З гатовых пялёсткаў выкладваем верхні сланечнік. Для надання натуральнага выгляду кветцы выкарыстоўваем розныя адценні жоўтага і надаем кожнаму пялёстку свой непаўторны выгіб і паварот. Затым ніжнія часткі пялёсткаў зацямняем тоненькімі маленькімі пасмамі рудога ці светла-карычневага колеру.

8. Для сярэдзіны кветкі выцягваем тры пасмы цёмна-карычневага, светла-карычневага і жоўтага адцення. Скочваем паміж далонямі ў тонкі жгуцік. З дапамогай нажніц дробна наразаем прама на карціну, ствараючы абадок у сарцавіне кветкі. Памятаем, што заўсёды можам падправіць нарэзаную поўсць пальцамі ці пінцэтам, надаючы патрэбную форму.

9. У сярэдзіну кветкі выкладваем пасмы цёмнай воўны, а зверху невялікую пасмачку светлай воўны, ссоўваючы яе крыху налева.

10. Для ніжняй кветкі сланечніка спачатку выкладваем зялёныя чашалісцікі ў верхняй частцы кветкі. Ствараем іх таксама як і асноўныя пялёсткі, але больш тонкай і выцягнутай формы. Сарцавіну зацямняем тонкімі пасмамі цёмна-зялёнай поўсці.

11. Астатнюю частку цветкі выкладаем па той жа схеме, што і верхнюю.

12. Калі ніжняя кветка сланечніка будзе гатовая, загінаем яго верхнія пялёсткі, надаючы ім патрэбную форму, і прыціскаем далонькай або шклом. Верхняя частка адагнутых пялёсткаў больш асветленая, таму дадаем на іх тонкіх пасмаў светла-жоўтай ці белай поўсці.

13. Маленькі сланечнік робім гэтак жа, як верхні, але поколькі ён крыху павернуты ўверх, сярэдзінку выкладваем больш авальнай формы.

14. Да гэтай кветкі дадаем невялікі лісточак, выкарыстоўваючы ўжо знаёмую тэхніку.

15. Гатовым кветкам можна надаць невялікіх акцэнтаў, дадаючы пялёсткам блікаў з белай воўны. Пасля чаго накрываем шклом і правяраем, ці ўсё задавальняе.

Памятаем: заўсёды можна зрушыць патрэбны элемент, падрэзаць лішняе, дадаць неабходнае.

Абразаем лішнюю поўсць па перыметры нашай працы.

Устаўляемы ў раму. Карціна гатова!

Leave a Reply