Упрыгожанні з кветак для валасоў у 19 ст.

Модным трэндам апошніх гадоў стаў вянок з кветак – і як вясельнае, вячэрняе ўпрыгожванне, і як элемент паўсядзённага вобразу. Такія вянкі робяць і фларысты -– з жывых кветак, і дызайнеры – з палімернай гліны, тканіны, металу, пражы. Хоць традыцыя ўпрыгожваць галаву вянком з кветак вядомая яшчэ з даўніх часоў. Мы даведаліся ад Ірыны ЖЫГМУНД, аўтаркі блога «Кіно і вобраз», падрабязней аб тым, як гэта рабілі жанчыны ў 19 стагоддзі.

Тэкст, фота, ілюстрацыі: Ірына Жыгмунд, блог «Кіно і вобраз»

Кветкавыя матывы

Жанчыны і кветкі – няма больш цудоўнага і паэтычнага спалучэння! У старажытныя часы жанчыны ўпрыгожвалі сябе вянкамі з палявых кветак і лісця дрэў. Вянкі з кветак і лісця былі ў модзе і на працягу ўсяго 19 стагоддзі. Часам яны ўключалі жывыя кветкі, часам – штучныя: з тканіны, воску або фарфору.

“Кветкі практычна ніколі не выходзілі з моды. Але ў часы бідэрмаера была наладжана вытворчасць штучных кветак і букетаў. Яны з выгляду мала адрозніваліся ад сапраўдных, каштавалі танней і даўжэй служылі”, – пішуць у кнізе “Мода і стыль”. Дзякуючы гэтаму, у музеях касцюма можна сустрэць упрыгожванні для валасоў XIX стагоддзя са штучных кветак.

Кветкавыя матывы сталі моднымі, па-першае, дзякуючы ўплыву паэтаў-рамантыкаў, напрыклад такіх, як У. Вордсворт. Па-другое, дзякуючы захапленню імператрыцы Яўгеніі эпохай Марыі-Антуанэты. Паколькі двор пераймаў густы імператрыцы, то адразу стала папулярная мэбля ў стылі ракако, пышныя сукенкі, упрыгожаныя кветкамі і стужкамі прычоскі. А сама эпоха атрымала назву “другое ракако”.

Жанчына стала падобная да далікатнае ружы: крохкай і вытанчанай. Кветкамі, як правіла, упрыгожвалі сукенкі, бальныя і вячэрнія прычоскі. Гэта маглі быць некалькі ўколатых у валасы бутончыкаў, а мог быць і цэлы вянок,як у моднай у 19 стагоддзі балярыны Марыі Тальёні.

Мова кветак

У той час была вельмі папулярная сімвалічная «мова кветак», якой валодала кожная дама. Ёй яны выказвалі свае таемныя пачуцці. Важную ролю адыгрывалі не толькі самі расліны, але і іх колер. Ведаючы гэта, можна чытаць пасланні з партрэтаў жанчын 19 стагоддзя.

“Няма такой фарбы, кветак, травы, садавіны, каменя, птушынага пяра, якія не мелі б адпаведнага ім верша, і вы можаце сварыцца, лаяцца, слаць лісты кахання, сяброўства, ласкі або абменьвацца навінамі, пры гэтым не выпацкаўшы свае пальцы», – казала лэдзі Мэры Уортлі Мантэгю, жонка брытанскага амбасадара ў Стамбуле, якая стала папулярнай дзякуючы таму, што апісала таемную “мову прадметаў і кветак”.

Была гэтая “мова” запазычаная ў наложніц турэцкага гарэма, якія такім чынам складалі пасланні. Пасля публікацый лістоў Мантэгю, уся Еўропа была ахоплена складаннем “гаваркіхх букетаў”. У XVIII стагоддзі выдаваліся нават адмысловыя “кветкавыя слоўнікі”, у якіх тлумачыліся значэнні тых ці іншых колераў і іх спалучэнні.

Вось толькі некалькі значэнняў адной кветкі – ружы:

  • чырвоная – сапраўднае каханне;
  • белая – вечнае каханне, маўчанне ці невінаватасць, нуда, дабрадзейнасць, чысціня, утоенасць, глыбокая павага і пакора;
  • ружовая – ветлівасць;
  • цёмна-ружовая – падзяка, удзячнасць;
  • светла-ружовая – жаданне, запал, радасць жыцця, маладосць, энергія.

А вось, напрыклад, браткі (па-французску слова PENS?E, што яшчэ перакладаецца як “думка”) на мове кветак азначаюць: “Усе мае намеры – пра Вас”.

Вянкі і каралеўскія букеты

Часта можна ўбачыць на партрэтах дам той пары ўпрыгожванні для валасоў з плюшчу. Плюшч азначае каханне, вернасць, сяброўства, прыхільнасць.

Упрыгожвалі галовы вянкамі з восеньскага лісця дрэў, часам нават з ягадамі і пладамі.

Як тут не ўспомніць фільм “Анёлы і казуркі” (1995 г., рэжысёр Філіп Хаас), дзе сукенкі і ўпрыгожванні для валасоў проста неверагодныя! Або фільм “Маладая Вікторыя” (2008 г., рэжысёр Жан-Марк Вале). Каралева Вікторыя таксама ведала і любіла мову кветак. Сярод кветак яе вясельнага букета былі галінкі мірты – сімвала сталасці, прыхільнасці і абавязку.

З тых часоў, у кожным каралеўскім вяселлі ў Англіі мірта прысутнічае ў букеце нявесты або дадаецца ў кветкавую кампазіцыю, якая ўпрыгожвае вясельны сняданак.

Вясельны букет Кейт Мідлтан складаўся з ландышаў, гіяцынтаў, плюшчу, мірта і турэцкіх гваздзікоў гатунку Sweet William. Гваздзікі лічацца кветкамі адвагі і высакароднасці, ландышы незаменныя ў вясельных каралеўскіх букетах, паколькі ўвасабляюць чыстае каханне і нявіннае шчасце. Доўгае каханне сімвалізуюць белыя гіяцынты, а плюшч “адказвае” за шчырую шлюбную вернасць.

Фото: www.wed-expert.com

Каштоўныя кветкі

Багатыя дамы апраналі на баль кветкавыя вянкі – тыяры і букеты – брошкі, вырабленыя не толькі з жывых і штучных кветак, але і з каштоўных камянёў, золата і срэбра. Каштоўнасці, якія імітуюць вянкі, кветкі ці садавіну, з’явіліся ў пачатку 19-га стагоддзя і заставаліся папулярнымі на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

Цікава тое, што амаль усе гэтыя ўпрыгожванні трансфармуюцца – разбіраюцца. І можна насіць фрагменты тыяры, як асобныя ўпрыгожванні для валасоў ці гарсажу, калье ці падвескі. Таму да нашага часу дайшло мала цэлых кветкавых тыяраў, у цяжкі час гаспадары распрадалі іх часткамі, у выглядзе брошак. Як вясельны варыянт, кветкавыя ўпрыгожванні да гэтага часу папулярныя ў любым выглядзе: як вянок, як тыяра, як проста бутоны, якія ўпрыгожваюць прычоску…

 

ж

Leave a Reply