Адвент-календары ад беларускіх майстроў

Мы сабралі ў адным месцы ідэі для адвент-календароў і прапановы ад беларускіх майстроў, каб бацькам было прасцей знайсці, чым парадаваць сваіх маленькіх дзетак перад Калядамі.

Аўтарка: Алеся Акуленка

Адвент-каляндар: у прадчуванні цудаў

Ніхто так не чакае Новага году, як дзеці. Аднак чаканне свята – нялёгкі час для дзятвы. Ператварыць чаканне ў захапляльны занятак дапаможа адвент-каляндар.

Калядны каляндар ці адвент-каляндар (ням. Adventskalender) – традыцыйны ў Еўропе каляндар для адсочвання часу да надыходу Калядаў. Па традыцыі гэта паштоўка або кардонная хатка з адчыненымі вокнамі, дзе ў кожным акенцы можа ляжаць маленькі падарунак (цукерка, цацка, шакаладка, фігурка, цыдулка з пажаданнямі) ці заданне (напрыклад, прачытаць зімнюю казку, зрабіць паштоўку, прыбраць ёлку і г. д.). Колькасць акенцаў роўная колькасці дзён да чароўнай даты. Дзіця ў прадчуванні свята будзе кожны дзень адкрываць акенца, выконваць заданне і атрымліваць падарунак.

Цяпер гэтая традыцыя шырока распаўсюдзілася па свеце, і можна сустрэць самыя нечаканыя варыянты выканання адвент-каляндара з розных матэрыялаў. Галоўнае, каб ён дапамагаў дзецям адчуць плынь часу і набліжэнне цудоўнага свята.

Нашы беларускія майстры таксама падтрымліваюць традыцыю стварэння непаўторнай атмасферы чараўніцтва, якая бывае толькі перад Калядамі. І лістапад – добры час, каб падрыхтавацца да яе. Прапануем вам цэлую падборку адвент-календароў ад беларускіх брэндаў.

Творчыя адвент-календары з цудамі, майстар-класамі і падарункамі

Нашы майстры ствараюць свае пернікавыя, шакаладныя або творчыя наборы ці квэсты, каб чаканне Калядаў стала яшчэ больш чароўным. Удакладняйце ў майстроў актуальны дызайн і напаўненне календароў, колькасць акенцаў-капэртаў і кошт. Таксама ўлічыце, што многія майстры вырабляюць адвент-календары пад замову і закрываюць бронь на адвенты ўжо ў пачатку лістапада. Таму раім паспяшацца з замовай!

Творчы адвент “Каляды” ад @advent_stories

Адвент-календары з салодкімі падарункамі

Адвент-календары з акенцамі для вашых ідэй і падарункаў

Бацькі часам самі ствараюць напаўненне для адвент-календароў. А беларускія майстры робяць шмат якасных разнастайных скрыначак на патрэбную вам колькасць акенцаў, у якія Вы можаце самастойна пакласці маленькі падарунак ці заданне.

Ідэі заданняў для адвент-календара

  1. Намаляваць зімовую карцінку
  2. Зрабіць паштоўку для бабулі, дзядулі і г. д.
  3. Зрабіць папяровыя сняжынкі-выцінанкі
  4. Упрыгожыць кватэру мішурой і сняжынкамі
  5. Зляпіць снегавіка (на вуліцы са снегу або з салёнага цеста дома)
  6. Зрабіць папяровую ёлачную цацку ці гірлянду
  7. Вывучыць навагодні вершык
  8. Вывучыць навагоднюю песню
  9. Прыдумаць навагоднюю загадку
  10. Паглядзець навагодні фільм 
  11. Пагуляць з цацкамі ў навагоднюю гісторыю
  12. Зрабіць навагоднюю падзелку
  13. Напісаць ліст Дзеду Марозу
  14. Зляпіць з пластыліну сімвал Новага года
  15. Зрабіць ледзяныя ўпрыгожанні з падфарбаванай вады і ўпрыгожыць імі дрэвы ў двары
  16. Зрабіць кармушку для птушак
  17. Пакарміць птушак зернейкамі і семкамі
  18. Папускаць мыльныя бурбалкі на марозе
  19. Патанчыць пад навагоднюю песню
  20. Паглядзець навагодні мультфільм
  21. Зрабіць аплікацыю з Дзедам Марозам, снегавіком ці аленем
  22. Прыгатаваць разам з мамай гарачы шакалад
  23. Зрабіць добрую справу, дапамагчы каму-небудзь
  24. Раскласці па ўсёй кватэры мандарыны
  25. Спячы з бацькамі імбірныя пернікі
  26. Спакаваць падарункі
  27. Упрыгожыць уваходныя дзверы
  28. Прыбраць ялінку
  29. Напісаць спіс найлепшых падзей мінулага года
  30. Пакатацца на санках 
  31. Скласці спіс жаданняў на будучы год 

Фота: @advent_stories

Што пакласці ў акенцы адвент-календара?

  1. Прысмакі (цукеркі, зефір, печыва, мандарыны, кіндэр-сюрпрызы, невялікія шакаладкі ці шакаладныя фігуркі)
  2. Маленькія цацкі або часткі вялікага зборнага набору (напрыклад, канструктару)
  3. Налепкі
  4. Галаваломкі
  5. Маленькія кніжкі
  6. Канцтавары (фламастары, алоўкі, фарбы і пэндзлі, пластылін, цеста для лепкі, формачкі для выразання фігурак на цесце і інш.)
  7. Ёлачныя цацкі
  8. Манеткі
  9. Брошкі
  10. Значкі

Падарункі-рэчы можна чаргаваць падарункамі-падзеямі:

  1. Катанне з горак
  2. Паход у кіно
  3. Катанне на лыжах ці каньках
  4. Паход у цырк ці тэатр на навагодні спектакль
  5. Паход у зімовы лес
  6. Прыдуманыя вамі падарожжы
  7. Снежная вечарынка з сябрамі
  8. Навагодняя фотасесія
  9. Будаўніцтва іглу або снежкавы бой і інш.

 

Адвент-каляндар – гэта цудоўная магчымасць зрабіць чаканне свята яшчэ больш трапяткім і цудоўным.

 

(C) ALOVAK

Leave a Reply