Стрынг-арт – цікавы від рукадзелля, які набірае ўсё большую папулярнасць. Дзіўна, як пры дапамозе простых цвікоў і вяроўкі можна стварыць аб’ёмныя і эфектныя прадметы дэкору. Навагоднія цацкі не выключэнне – майстар Юлія КУРЛЕНЯ пакрокава растлумачыла, як іх зрабіць.
Падрыхтоўка
З матэрыялаў і інструментаў нам спатрэбяцца:
- бярозавыя спілоўкі або бярозавы пянёк;
- электралобзік або нажоўка;
- малаток;
- абцугі (або пасатыжы);
- нажніцы, маленькія цвікі;
- дэкаратыўныя мэблевыя цвікі;
- атласная стужка шырынёю 0,6 см;
- наждачная папера Р100 і Р150;
- ніткі;
- макет выявы, намаляваны або раздрукаваны.
Пакрокавы працэс стварэння цацкі ў тэхніцы стрынг-арт:
1. Нарыхтоўваем бярозавыя спілоўкі. Пры дапамозе электрычнага лобзіка ці нажоўкі па дрэве наразаем бярозавы пянёк дыяметрам у 10 см на спілоўкі таўшчынёю да 2 см. Паверхню спілоўкі шліфуем наждачнай паперай і, пры жаданні, пакрываем марылкай або матавым лакам, даем высахнуць.
2. На нарыхтоўку цацкі прымяраем макет будучага малюнка. Галоўнае, каб абрыс малюнка змяшчаўся цалкам на паверхні спілоўкі без уліку кары. Таксама на малюнку неабходна размеціць арыентаванае месца забівання цвікоў.
3. Праз малюнак пачынаем убіваць цвікі ў нарыхтоўку. Каб убіць усе цвікі на адным узроўні, пры забіванні іх можна трымаць абцугамі.
4. Пасля таго як забілі цвікі, выдаляем папяровы макет, а затым прыступаем да працы з ніткамі. Канец ніткі завязваем за цвік і пачынаем абмотваць контур, агібаючы кожны цвік. Хвосцік ад вузельчыка падварочваем унутр контура, ён схаваецца пад наступным запаўненнем ніткамі.
5. Пасля стварэння контура пераходзім да запаўнення малюнка. Можна намотваць ніткі як у лагічнай паслядоўнасці, так і хаатычна. Але варта гэта рабіць раўнамерна, не прапускаючы цвікі. Калі вырашыце, што наматалі дастаткова, паўтарыце працэс абмоткі па контуры і завяжыце вузельчык вакол аднаго з цвікоў, пасля чаго адрэжце нітку. Хвосцік асцярожна прыклейце, а цвікі забіце нашмат глыбей.
6. Вырабляем стужку для падвешвання цацкі на елку. Для гэтага адразаем атласную стужку даўжынёю 15-20 см, пры дапамозе дэкаратыўнага мэблевага цвіка прыбіваем яе да бакавіны спілоўкі.
Такім чынам можна вырабіць любы малюнак на спілоўках, галоўнае памятаць, што цацкі атрымліваюцца дастаткова важкія, да 100 грамаў. Таму падчас выбару дыяметру спілоўкі ўлічвайце і памер вашай елкі.
(С) ALOVAK