Майстар-клас: вясновы шалік пруткамі

Для вясновай фотаздымкі Таццяна Кескевіч звязала такі эфектны але просты шалік пруткамі з тонкай воўны. Яго асаблівасць і ў спосабе вязання, і ў спалучэнні розных адценняў зялёнага.

Апісанне вязання шаліка пруткамі – чытайце ніжэй.

Фотаздымкі: Аляксандра Баярына

Вам спатрэбіцца: ніткі для вязання 415 м/50г – 4 маткі розных адценняў зялёнага, два з якіх будуць аднолькавага колеру; пруткі №3.

Вязаць трэба ў 2 ніткі.

  • Набіраем 67 вочак.
  • Першы рад правязваем, чаргуючы адваротныя вочкі з вонкавымі (пачынаем з адваротнага).
  • Другі рад правязваем, чаргуючы вонкавыя вочкі з адваротнымі (пачынаем з вонкавага). Гэта неабходна для таго, каб край шаліка не закручваўся.
  • Трэці рад і наступныя: вяжам панчошным вязаннем.

Чаргуем пад час вязання колеры наступным чынам:

Клубок першага колеру і два клубкі другога колеру дзелім на тры часткі, клубок трэцяга колеру – на дзве часткі:

  • Першая частка шаліка: вяжам у дзве ніткі першы колер.
  • Другая частка шаліка: вяжам, выкарыстоўваючы адну нітку першага колеру і адну нітку другога колеру.
  • Трэцяя частка шаліка: вяжам у дзве ніткі другі колер.
  • Чацвёртая частка: вяжам у дзве ніткі трэці колер.

Скончваем вязанне шаліка такім жа чынам, як і пачыналі, чаргуючы вонкавыя вочкі з адваротнымі. У канцы закрываем кожныя 16 вочак, 17-ае прапускаем, замест яго робім паветранае вочка. Так паўтараем 3 разы і закрываем астатнія 16 вочак. Пасля гэтага шалік мыем у халаднаватай вадзе, высушваем у гарызантальным становішчы. І толькі пасля гэтага кожнае 17-ае незакрытае вочка распускаем (як “стрэлкі” у панчохах) на ўсю даўжыню шаліка. Такім чынам, усяго трэба распусціць 3 вочкі.

Парада

Калі не знойдзеце пражу патрэбных адценняў зялёнага ў крамах, можаце купіць 4 скруткі аднолькавага светла-зялёнага колеру і з дапамогай фарбавальнікаў або фарбы па тканіне афарбаваць ніткі самастойна ў жаданыя колеры.

Leave a Reply