Наш спецыяльны карэспандэнт у Парыжы Вікторыя АНЖЭ пабывала на адной з самых буйных выстаў творчасці і вырабаў ручной працы ў Парыжы і падзялілася сваімі ўражаннямі.
Тэкст, фота: Вікторыя Анжэ
Некалькі разоў на год самыя прыгожыя, творчыя і крэатыўныя людзі Парыжа знікаюць з вуліц горада. Гэта значыць толькі адно: альбо ўсе яны дружна адправіліся на вакацыі, альбо ў горадзе праходзіць новая выстава. Прапусціць чарговую творчую падзею ў Парыжы, дарэчы, вельмі няпроста. Спакуслівыя афішы глядзяць на вас са старонак шматлікіх бясплатных газет і часопісаў, якія раздаюць у метро, ??нават аўтобусы і трамваі “прыбіраюцца” ў рэкламныя аб’явы. Назва адной з выстаў “SALON DE CREATION ET SAVOIR-FAIRE. DO IT YOURSELF” (“Салон творчасці і ноу-хау. Зрабі сам”) так часта і назойліва траплялася мне на вочы, што білет неяк сам сабой “купіўся” праз інтэрнэт. Нават платны ўваход (13 еўра) не паменшыў маю цікаўнасць.
“Салон творчасці” праводзіцца кожны год і доўжыцца каля тыдня. Наведвае яго каля 60-70 тысяч чалавек. Над арганізацыяй выставы працуе вялікая з’яднаная каманда, якая з году ў год улічвае пажаданні і заўвагі наведвальнікаў і радуе навінамі: напрыклад, магчымасцю купіць білет праз інтэрнэт (і, такім чынам, пазбегнуць чаргі ў касу), набыць адзіны білет на некалькі дзён па больш выгадным тарыфе. Вельмі зручна, што на ўваходзе усім жадаючым раздаюць бясплатны маляўнічы план выставы (яго можна спампаваць на сайце выставы), таксама на тэрыторыі Салона ёсць гардэроб для наведвальнікаў.
Самае прыемнае ў гэтым салоне тое, што амаль кожны ўдзельнік, рамеснік ці прадстаўнік крамы, імкнецца не проста прадаць свой тавар, але і ўцягнуць наведвальніка ў творчы працэс. Калі нікуды не спяшацца і загадзя скласці для сябе праграму наведвання выставы (расклад майстар класаў – а іх на працягу тыдня праводзіцца каля 400 – публікуецца загадзя на сайце), можна за адзін дзень навучыцца ўпрыгожваць масцікай тарты, рабіць папяровыя гірлянды, шыць сумкі, правільна і прыгожа фатаграфаваць вынікі сваёй творчасці, расслабляцца пры дапамозе вязання, выразаць аб’ёмныя кірыгамі…
Для тых жа, хто баіцца пачаць, хто не мае відавочных творчых здольнасцяў і дастатковай колькасці матэрыялаў для творчасці, удзельнікі выставы падрыхтавалі наборы для творчасці! Для мяне гэта стала сапраўднай знаходкай: не трэба бегаць па крамах у пошуках спецыяльных нажніц, прыгожых шматкоў, няма патрэбы перагортваць старонкі Бурды ў пошуках схемы вязання шапкі – у наборы для творчасці прадугледжана абсалютна ўсё.
Натхнёная, са злёгку спустошанай крэдыткай, новай торбай, набітай кнігамі, паперай, часопісамі і тканінамі, я ляцела да выхаду. Не цярпелася хутчэй трапіць дадому і пачаць ствараць!
Сярод прыкладна трох сотняў удзельнікаў можна сустрэць майстроў, прадстаўнікоў крам творчасці, майстэрняў і нават невялікія сямейныя прадпрыемствы. Скарыстаўшы магчымасць, я задала некалькі пытанняў прадстаўніку такога сямейнага бізнесу Cominter Dinosaure, звязанага з вытворчасцю і продажам матэрыялаў для працы з дрэвам:
– Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у гэтай выставе?
У нас няма свайго магазіна: толькі майстэрні і сайт. Для нас любое такога кшталту мерапрыемства – гэта магчымасць сустрэцца “ўжывую” з патэнцыяльнымі пакупнікамі.
– Ці цягне за сабой ўдзел у салоне матэрыяльныя выдаткі?
Вядома, удзел платны, калі скарыстацца ўсімі паслугамі, якія прапануюць арганізатары (стварэнне візітовак, буклетаў, раздача рэкламных матэрыялаў з нашым слоганам), можа набегчы некалькі тысяч еўра. На працягу года мы ўдзельнічаем у некалькіх дзясятках салонаў па ўсёй Францыі, у нас ужо гатовыя рэкламныя матэрыялы, таму аплачваем толькі месца на выставе.
– За гэтыя некалькі дзён салона атрымоўваецца пакрыць усе выдаткі?
Нездарма ж мы з’яўляемся сталымі ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў. Тут асаблівая атмасфера, мы не проста прадаем матэрыялы, а ладзім наглядныя дэманстрацыі і міні-майстэрні, я ўвесь час запрашаю наведвальнікаў да ўдзелу ў працэсе: паказваю, як правільна трымаць інструменты, мы разам ствараем прыгажосць. І рашэнні пра пакупку на салоне прымаюцца часта спантанна. Купляючы тут, не трэба плаціць за дастаўку, у адрозненне ад пакупкі праз інтэрнэт.
– Колькі майстар-класаў вы праводзіце ў дзень?
Адзін ідзе за адным, гэта бесперапынны працэс. Каля нашага стэнда заўсёды шмат людзей: і маладыя дзяўчыны, і самавітыя дамы, і іх мужы. Кожны знаходзіць нешта для сябе. Камусьці патрэбна чароўная піла, каб рэзаць шкло і плітку, хтосьці хоча навучыцца выразаць акуратныя фігуркі з дрэва.
Адрас правядзення: Porte de Versailles, Paris (15 акруга Парыжа, дзе знаходзіцца велізарны выставачны комплекс Porte de Versailles).
Крыху статыстыкі *:
- Салон праходзіць штогод пачынаючы з 1996 года.
- Выставачная плошча Салона склала прыкладна 14.000 кв.м.
- У 2014 годзе Салон наведала больш за 65 тыс. чалавек.
- У 2014 годзе ў Салоне было прадстаўлена больш за 300 удзельнікаў.
- Штогод на працягу выставачных дзён праводзіцца больш за 400 самых разнастайных майстар-класаў і воркшопаў.
- Арганізатары падлічылі, што ў сярэднім 96% ад наведвальнікаў робяць пакупкі на выставе, пакідаючы там прыкладна 100 еўра.
- Квіток для наведвальнікаў у 2015 годзе будзе каштаваць 13 еўра ў буднія дні, 15 еўра – у выхадныя. Для наведвальнікаў ва ўзросце да 25 гадоў кошт квітка складае 8 еўра, дзецям да 6 гадоў уваход бясплатны.
- Прыкладны кошт арэнды стэнда плошчай 6 кв.м. з улікам рэгістрацыйнага збору і абавязковага страхавання складае каля 2,8 тыс. еўра. Пры гэтым існуе спецыяльны “эканомны” тарыф для пачаткоўцаў або невялікіх крамак, магчымасць прымянення якога трэба абгрунтаваць арганізатарам выставы.
- 61% французаў захапляецца хэнд мэйдам.
- 46% французаў пачалі займацца творчасцю ў дзяцінстве ці юнацтве, 15% – у студэнцтве.
- У сярэднім творчым людзям ад 25 да 50 гадоў. Характэрна, што для 8% штуршком для творчасці стала нараджэнне дзіцяці, для 6% вяселле ці пачатак сумеснага жыцця з партнёрам.
* Крыніца інфармацыі: http://www.creations-savoir-faire.com/