Сёння мы раскажам пра тэкстыльную фею Багдану Куталоўскую, якая стварае тканыя ўпрыгожанні і вырабы з вышыўкай, напоўненыя святлом і любоўю.
Як Багдана стварае вырабы, якіх няма больш нідзе на свеце, дзе чэрпае ідэі для іх і навошта разрываецца паміж рознымі творчымі тэхнікамі, чытайце ў інтэрв’ю, якое стала падарункам ад ALOVAK за перамогу ў конкурсе, які мы праводзілі ў пачатку лета.
“І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”
Ты і вышываеш, і тчэш, і спяваеш, і вершы пішаш, і малюеш. Адкуль у табе такая творчая шматграннасць?
Гэта розныя спосабы, каб выразіць тое, што ў сэрцы. Напрыклад, на ручную работу мяне натхняе прырода, у вышыўцы я часта выкарыстоўваю батанічныя вобразы, у тэкстыльнай творчасці я перапрацоўваю вобразы нашай культурнай спадчыны, нейкіх беларускіх традыцый. А на вершаваную і спеўную творчасць моцна ўплываюць мае адносіны з Богам, унутраныя перажыванні, духоўны рост, бо паэзія і музыка – гэта вельмі хуткі спосаб трапна іх увасобіць. Тэкстыльная творчасць больш працяглая, гэта не момант. Калі казаць пра складаныя мастацкія рэчы, такія, як габелен, гэта мінімум месяц працы, больш глыбокая задумка. А каб выліць перажыванні ў моманце, мне больш пасуе вершаваная творчасць і спевы.
Як у тваёй сям’і ставіліся да творчасці?
У мяне абсалютна творчая сям’я: тата ў мяне ландшафтны архітэктар, а мама керамістка, яна таксама скончыла Акадэмію мастацтваў. Калі я была маленькай, яна выкладала ў мастацкай школе і кераміку, і гісторыю мастацтва. У нас заўжды дома былі кнігі па мастацтве, у гэтым я варылася ўсё жыццё.
Тут нават пра сувязь пакаленняў можна гаварыць. Аказваецца, мая бабуля па кудзелі, якая памерла яшчэ да майго нараджэння, таксама вучылася на тым самым аддзяленні Акадэміі мастацтваў, што і я, – гэта вырабы з тэкстылю. Але ў момант паступлення я гэтага нават не ведала!
Дарэчы, гэтую спадніцу на фота шыла тая самая бабуля Багданы.
А раскажы падрабязней пра вучобу ў Акадэміі мастацтваў.
У мяне вельмі добрыя ўспаміны пра Акадэмію. Па-першае, гэта творчае кам’юніці, гэта людзі, якія на адной хвалі з табой, гэта творчыя выставы і імпрэзы. Я заўжды любіла нешта прыдумляць, майстраваць, але Акадэмія мастацтваў яшчэ больш раскрыла ўва мне творчы патэнцыял, уключыла генератар ідэй, навучыла бачыць у розных сітуацыях творчыя магчымасці.
Па-другое, гэта мастацкая база. Кожны выкладчык нешта даў, нечым узбагаціў. Але найбольш карысным для мяне быў прадмет колеразнаўства: адтуль мае веды пра спалучэнні колераў, пра пакрыццё колеру. Вядома, ёсць прыродныя адчуванні, што прыгожа, а што непрыгожа, уласны густ ёсць у кожнага, але базавыя веды даюць вялікі плён. Закаханасць у колер і ўменне працаваць з ім у тэкстылі ў мяне менавіта адтуль.
“Мне падабаецца ствараць прыгожыя рэчы і рабіць людзей шчаслівымі”
А вышыўкай, ткацтвам можна зарабляць на жыццё? Ці гэта для цябе проста хобі?
Я думаю, што можна, гледзячы, у каго якая мэта. Я ацэньваю свае вырабы з улікам кошту матэрыялаў і часу, які я затрачваю на гэта. Пры жаданні можна закласці яшчэ адсотак, каб мець прыбытак. Сабе на жыццё я зарабляю: на ўсё, што мне трэба, у мяне ёсць. Варта сказаць, што ў мяне ёсць падпрацоўка ў ткацкай майстэрні, якая дазваляе закрыць базавыя патрэбы, аплату жылля і ежы, каб не турбавацца і быць больш свабоднай у творчасці, таму што калі зарабляць толькі творчасцю, то ёсць рызыка, што з’явяцца нейкія рамкі, давядзецца браць нейкія замовы, якія не адгукаюцца ў сэрцы, дзеля таго, каб зарабіць на жыццё.
Ты сказала, што ўсё залежыць ад мэты. А якая ў цябе мэта?
Мне падабаецца ствараць прыгожыя рэчы і рабіць людзей шчаслівымі. У гэтай справе грошы для мяне няважныя. Яны патрэбныя на жыццё, але я проста зразумела, што я б не змагла не рабіць таго, што раблю. Таму матывацыя ў мяне іншая. Мне падабаецца бачыць, як рэчы, створаныя мной, радуюць іншых людзей, як яны з’яўляюцца пачаткам ці працягам нечай гісторыі.
Напрыклад, улетку я вышывала вясельную сукенку на замову. Гэта арнаментальная вышыўка па фаціне: на адно рукаво сышло 47 метраў 88 сантыметраў мулінэ, 13707 крыжыкаў і 88 гадзін 37 хвілін працы. Нявеста ўжо шчаслівая, бо яна ўжо бачыла, што атрыміваецца, у яе была думка – і вось яна творча ўвасобілася. Мая праца робіць шчаслівай закаханую дзяўчыну – і гэта каштоўнасць.
Мне падабаецца прымаць удзел у такіх глыбінных момантах жыцця людзей. Напрыклад, я рабіла маску для сну са стакроткамі, якую хлопец замовіў для дзяўчыны Маргарыты. Гэта так прыемна быць трошкі датычнай да шчаслівых момантаў іншых людзей!
“Я адчула, што мая мова – гэта тэкстыль”
“Я люблю тэкстыль да слёз” – гэта твае словы. Раскажы, як гэта – быць закаханай у тэкстыль?
Варта тут згадаць момант, калі я напісала гэтыя словы. Гэта было тады, калі я нарэшце вярнулася да тэкстыльнай творчасці пасля доўгага перапынку. Адразу пасля Акадэміі мастацтваў я пайшла адпрацоўваць размеркаванне, гэта было звязана з керамікай і роспісам посуду. А праз два гады я ачуняла, зразумела, што я люблю менавіта тэкстыль, я хачу гэтым займацца, што за гэтыя два гады я шмат прапусціла, і што хачу з новай сілай пачаць зноў працаваць у гэтым кірунку. Кераміка – гэта таксама цікава, але я адчула, што мая мова – гэта тэкстыль.
Мы ўжо гутарым паўгадзіны, а я ўсё не магу адарваць вачэй ад тваіх завушніцаў. Тканыя завушніцы – як ты іх прыдумала? Я ні ў кога такіх не сустракала.
Я наогул імкнуся ў сваёй творчасці рабіць па Караткевічу, як не робіць ніхто. Мне падабаецца прыдумляць нешта сваё, чаго не знойдзеш ні ў кога іншага. Гэта і ёсць сапраўдная творчасць. І мне гэта цікава.
Я ў прынцыпе вельмі люблю ўпрыгожанні, асабліва буйныя завушніцы, таму я і захацела стварыць тканыя, бо яны вялікія. Гэта пераасэнсаванне нашай спадчыны, бо на дошчачках паясы ткалі, і вось неяк падумала: а чаму не завушніцы? Хаця, калі шчыра, спачатку быў бранзалет, але мне не вельмі ён спадабаўся, а вось завушніцы атрымаліся сапраўды цікавыя.
А што ў цябе часцей за ўсё замаўляюць?
Што тычыцца тэхнікі, то часцей замаўляюць вышыўку. Яна больш простая, зразумелая, больш прыкладная. Хаця і паўторы тканых завушніцаў неаднаразова замаўлялі. Аднойчы паказала завушніцы з арнаментам у сторыс, і шмат прыйшло на іх замоваў. І бываюць цікавыя, індывідуальныя замовы, напрыклад, пяльцы на вяселле з датай, імёнамі і вяночкам – такі памятны падарунак.
А як цябе знаходзяць твае замоўцы? Ці рэкламуешся ты недзе?
Гэта дзіўна, але замоўцы мяне знаходзяць самі. Гэта такі цуд! Я толькі аднойчы ў самым пачатку запускала рэкламу, гэта тады нічога не прынесла, і я вырашыла, што пакуль не трэба. Напрыклад, нядаўна я зразумела, што хэштэгі працуюць, бо акурат нявеста з замовай вясельнай сукенкі прыйшла да мяне па хэштэгах.
“Ствараць трэба з рэсурсу”
Я ведаю, што ты шчырая верніца. У адным з допісаў ты распавядала пра свой шлях і згадала, што ў ім спачатку быў касцёл, а потым царква. Раскажы падрабязней.
Так, грэка-каталіцкая царква. Рэч у тым, што хрысцілі мяне ў касцёле, але маці мая была застала аднаўленне грэка-каталіцкай царквы ў 1990-я, стала грэка-каталічкай, а я даведалася пра грэка-каталіцтва толькі тады, калі паступіла ў Менск. Аднойчы я з’ездзіла на сусветны дзень моладзі ў Мадрыд, пазнаёмілася менавіта з гэтым абрадам, і мне адгукнулася гэтая форма хрысціянства. Тады прыйшла акурат думка пра напоўненасць, падчас літургіі ты ўвесь час уключаны. У візайнтыйскім абрадзе адчуванне, нібы ўся прастора запоўненая, што няма пустых месцаў. Гэта як мелодыю можна зайграць на адным інструменце, а можна дадаць іншыя інструменты, каб атрымаўся аркестр, які гучыць больш магутна.
А яшчэ пасля паступлення ў Менск мне важна было знайсці аднадумцаў, нейкую супольнасць, каб было камфортна і добра на новым месцы. Хаця цяпер я магу схадзіць і ў касцёл, часам хочацца менавіта цішыні і засяроджанасці. Існуюць розныя абрады і храмы, але найперш важныя стасункі з Богам.
Падзяліся, як ты чэрпаеш натхненне з багатай крыніцы хрысціянскіх матываў.
Мяне натхняе прырода, батанічныя матывы, а ўсе расліны для мяне божыя стварэнні. Хрысціянскія сімвалы, напрыклад, сімвал першых хрысціян – рыба, увасабляюцца ў маіх вырабах для крамы @kroplia.by. Гэта хрысціянская крама, і менавіта ў супрацы з “Кропляй” я ствараю падобныя рэчы.
Натхненне можна знайсці абсалютна ва ўсім. Нейкая цікавая форма, неба ў аблоках – важна проста глядзець навокал і заўважаць.
Цябе натхняе толькі нешта прыгожае? Ці часам і звыродлівае, страшнае, трагічнае?
Я прыхільніца такога погляду, што творчасць мусіць несці святло, прасвятляць жыццё. Ствараць трэба з рэсурсу. Ёсць, вядома, выключэнні, калі трэба падняць важныя тэмы і адлюстраваць іх, калі гэта мастацкая задума. Але бывае творчасць не з рэсурсу, калі ствараюць з нейкай унутранай цемры, з уласных праблемаў, ранаў – гэта добры спосаб такой тэрапіі, каб з гэтым справіцца, але я не лічу, што гэта варта выносіць на людзі. Задача творчасці ў тым, каб несці святло.
А што ты робіш, калі не тчэцца, не вышываецца? Бываюць у цябе наогул такія перыяды?
У маёй творчасці бывалі такія перыяды, і яны былі звязаныя з цяжкімі сітуацыямі ў грамадстве. Упершыню мне не “затэкстылілася” напачатку пандэміі. Але потым у параўнанні з наступнымі гэта ўжо былі дробязі. І кожны раз гэта быў такі стрэс, пасля якога мне трэба было прыходзіць у сябе. Гэта проста той час, які трэба перажыць, трэба стабілізаваць сябе, знайсці ўнутраныя апоры, сэнсы.
Калі б у мяне тады былі тэрміновыя замовы з канкрэтным дэдлайнам, мне б даводзілася рабіць гэта праз сябе, гэта было б няпроста. Памятаю, як акурат у лютым 2022 года я адну кветачку вышывала дзень, хаця звычайна на гэта сыходзіць не больш за гадзіну.
“Менш паўтораў, больш эксклюзіву”
А раскажы падрабязней пра сваю супрацу з “Кропляй”.
Увогуле, мы знаёмыя з Воляй Севярынец ужо даўно, яшчэ да стварэння крамы. А калі з’явілася крама, Воля прапанавала выставіць нешта з маіх вырабаў. Першыя завушніцы, якія я аддавала, былі з арнаментальнымі крыжамі. А потым з’явіліся рыбкі-брошкі. Спачатку таксама думала іх ствараць з арнаментам, але Воля сказала: “Давай нешта ў тваім стылі, кветкавае”. А ўвогуле я адкрытая да розных прапановаў.
Неяк я пабачыла, што ў іх з’явіліся цішоткі з выцінанкай, якія “Кроплі” ахвяравала Лізавета Чырвонцава. Тады я падумала, што я магу таксама стварыць завушніцы з гэтымі вобразамі, крыху перапрацавала, каб іх можна было рэалізаваць у тэкстылі, і стварыла калекцыю завушніц.
А ці ёсць у цябе досвед творчых калабарацый?
Аднойчы я шукала падпрацоўку і звярнулася ў брэнд @linen.and.you. Кіраўніца брэнда Ганна пабачыла, што я вышываю, і сказала, што ёй было б цікава, каб я аздобіла нейкія вырабы вышыўкай. Так атрымалася вышытая дарожка на стол.
Наколькі табе важна дзяліцца сваімі ведамі?
Нядаўна я зразумела, што для мяне гэта вельмі важна. У мяне накапіўся вялізны багаж ведаў у галіне вышыўкі, і настаў час, калі мне менш хочацца вышываць, а больш цягне вучыць вышываць іншых: розным відам шыўкоў, як іх выкарыстоўваць у розных матывах, як ствараць выраб ад эскізу да рэалізацыі. Я дасягнула таго ўзроўню, калі мне хочацца аддаваць, каб людзі вакол таксама вучыліся ствараць прыгажосць. Я не адмаўляюся ад вышыўкі назусім, але буду працаваць з ёй у больш творчым рэчышчы: менш паўтораў, больш эксклюзіву.
“Упершыню задумалася, як было б цудоўна, калі б у мяне была памочніца”
А ты ўдзельнічала ў маркетах?
Я ніколі не ўдзельнічала ў маркетах, бо ў мяне ніколі няма дастатковай колькасці гатовых вырабаў у наяўнасці. Так атрымалася, што я працую больш пад замову, таму ў мяне не стае часу, каб стварыць патрэбную колькасць вырабаў для стэнду. Мне заўжды важней стварыць нешта для канкрэтнага чалавека, чым вылучыць час на ўласныя распрацоўкі, бо яшчэ невядома, ці знойдуць яны водгук, а вось акурат цяпер я магу паслужыць людзям і стварыць нешта, што зробіць іх шчаслівымі.
Але паўдзельнічаць у маркеце мне было б цікава: гэта камунікацыя з людзьмі, гэта знаёмствы, – але пакуль што не атрымлівалася. Спадзяюся, што некалі атрымаецца.
Ці не думала ты неяк маштабавацца? Бо твае ж рэсурсы абмежаваныя часам і сном.
Калі я вышывала першы рукаў вясельнай сукенкі, я ўпершыню задумалася, як было б цудоўна, калі б у мяне была памочніца, якая б у гэты час вышыла другі рукаў.
Тут хіба што знаходзіць аднадумцаў. Але трэба прадумваць, як гэта ацэньваць, бо я ў любым выпадку была б аўтаркай ідэй, але ручная праца – гэта не штампоўка, гэта вельмі доўгі працэс, таму праца іншай майстрыхі будзе вельмі дарагая. Трэба пра гэта шмат разважаць, бо для такой дзейнасці ўжо трэба быць ІП, а не рамесніцай.
Раскажы, ці пацвердзіла ты статус рамесніка, каб і далей аплочваць рамесны збор, а не падатак на прафесійны даход?
Так, я падавала заяву, і вось надоечы прыйшоў адказ, што я магу і надалей аплачваць рамесны збор. Гэта добра, бо рамесніцкі збор таннейшы, чым ППД. Пакуль не прынялі закон пра абавязковы ўнёсак у ФСАН для рамеснікаў. Тады, наадварот, ППД будзе больш выгадны. Калі павялічыцца падатак, то давядзецца павышаць кошт вырабаў, але мне хочацца, каб мая творчасць была максімальна даступнай для людзей.
“Стужка цудоўна адлюстроўвае пейзажы і партрэты, але менш пасуе для прадметнай фатаграфіі”
А як ты пачынала фатаграфаваць? Чаму здымаеш менавіта на стужку?
Са стужкай тут напалову празаічная, напалову паэтычная гісторыя. Проза ў тым, што ў мяне проста няма іншай прафесійнай камеры: гэта фотаапарат майго таты, ён ляжаў на паліцы, пакуль мой сябар не пачаў здымаць і не запаліў мяне. А паэзія ў тым, што менавіта стужка вельмі добра адлюстроўвае свет, які ён ёсць. Тэлефон вельмі скажае, не заўсёды ім удаецца схапіць прапорцыі так, як бачыць вока.
Але вырабы свае я ўсё адно здымаю на тэлефон, бо стужка цудоўна адлюстроўвае пейзажы і партрэты, але менш пасуе для прадметнай фатаграфіі. Да таго ж стужку трэба цалкам адшчоўкаць, каб пасля праявіць, а тэлефон заўсёды пад рукой, і гэта добра дапамагае зафіксаваць нешта новенькае.
Мы акурат надоечы запусцілі праект “Фотадзень ад ALOVAK”, каб у майстроў з’явіліся прыгожыя фота іх вырабаў для публікацыі ў сеціве. Наколькі важная фатаграфія ў прэзентацыі тваіх вырабаў?
Для мяне гэта фельмі важна. Я сачу, каб фотаздымак добра адлюстроўваў выраб з усіх бакоў, каб карэктна былі перададзеныя колеры. Важна таксама здымаць вырабы буйным планам, каб былі бачныя ўсе дэталі, шыўкі, перапляценні, каб можна было ўявіць матэрыял і адценне. Але, безумоўна, патрэбна таксама здымаць вырабы на чалавеку ці ў інтэр’еры, каб можна было ўявіць форму і габарыты, а таксама як яно сядзіць ці дапасуецца да твару. Можна прапаноўваць варыянты, з чым насіць, з чым камбінаваць, каб чалавек бачыў, у якія вобразы, у якія стылі можна ўпісаць той ці іншы выраб ручной работы.
“У мяне ёсць цэлы спіс ідэй, якія я хачу ўвасобіць”
Ці ёсць у цябе кантэнт-план? Ці ёсць распарадак дня, у якім ты неяк распісваеш усе свае творчыя заняткі?
Кантэнт-плану ў мяне няма, я ніколі не размяркоўваю, калі ў мяне будзе які допіс, тут я раблю па сэрцы. У мяне ёсць толькі спіс ідэй, пра што я хачу напісаць, а ўжо калі з’яўляюцца нейкія вырабы і іх фота, тады я непасрэдна пішу.
Што тычыць распарадку дня, я імкнуся мець нейкі план часам у галаве, а часам на паперы, каб трымаць у балансе розныя часткі жыцця і творчасці.
Ты ніколі не станавілася перад выбарам: абраць нешта адно ці працягваць рэалізоўвацца ва ўсіх цікавых табе творчых тэхніках?
Быў у мяне перыяд, калі я загналася, што гэта неяк няправільна, што я займаюся рознымі кірункамі творчасці, і ў выніку недастаткова добрая ні ў адной з іх. Былі думкі, што, магчыма, калі б я спынілася на нечым адным, гэта было б лепей. Але я прыняла, што мне падабаецца рознае, я раблю гэта добра. Чаму б не? Асабліва калі і людзям гэта адгукаецца.
Наконт тэхнік таксама закрадаліся падобныя сумневы. Чамусьці мне здавалася, што вышыўка – гэта нешта не дастаткова мастацкае, а вось ткацтва – нешта больш творчае. Але калі я займалася вышыўкай і рознымі іншымі тэхнікамі, я зразумела, што ўсё можна рабіць па-мастацку.
Якія ў цябе творчыя планы? Ці будуеш ты наогул планы?
Так, у мяне ёсць цэлы спіс ідэй, якія я хачу ўвасобіць. Падзялюся тым, што я ўжо пачала рэалізоўваць, – гэта завушніцы, тканыя ў шпалернай тэхніцы, як ткаліся гістарычныя шпалеры, вельмі тонкае ткацтва. Я пакуль паспела стварыць толькі адну завушніцу, яна з двух бакоў выглядае аднолькава, ніякіх нітачак не тырчыць. Гэта я хацела стварыць калекцыю з вясновымі кветкамі, але паспею хіба што да наступнай вясны.
(С) ALOVAK