Ствараем ілюстрацыю ў Adobe Illustrator: МК Волі Кузьміч

Мастачка Воля Кузьміч  паказвае чытачам ALOVAK працэс стварэння ілюстрацыі  ў Adobe Illustrator. Ілюстрацыя стваралася да праекту “Як прыручыць ільва” – серыі паштовак пра прыгоды хатняга ката з амбіцыямі льва.

Тэкст: Воля Кузьміч
Фота: Юра Сідун

(1)
Перш чым узяцца за паперу і аловак, я максімальна выношваю ідэю ў галаве: едучы ў транспарце, у краме, на вуліцы, дапрацоўваючы іншы праект, калі там засталася ўжо толькі тэхнічная праца і інш. Прадумваю колеры, бэкграўнды, дэталі. І калі ўжо ўся задума сфармавалася, сядаю і хутка замалёўваю простым алоўкам альбо асадкай эскіз. Для гэтага ў мяне заўжды поўна нататнікаў, раскіданых па розных торбах і паліцах, але часта скарыстоўваю любы вольны аркуш паперы, як і гэтым разам.

(2)
Затым сканую эскіз, дастаткова простай якасці, можа падысці здымак на смартфон – важна, каб былі бачныя лініі, якія потым можна апрацаваць на кампутары ў любым зручным графічным рэдактары: Adobe Illustrator, Photoshop і інш.

(3)
Я працую ў Adobe Illustrator, бо займаюся ў тым ліку анімацыяй, таму некаторыя праекты адразу ствараю з разлікам магчымага выкарыстання ў будучыні для анімацыі, а для гэтага лепей мець вектарны матэрыял. Гэтым разам таксама працую ў Ілюстратары, аднак для стварэння статычнай выявы ўсё тое ж можна зрабіць і ў Фоташопе ці іншай праграме. На падставе эскізу ствараю контурны малюнак будучай працы.

(4)
На гэтым этапе я, як правіла, ужо ўяўляю, якім будзе бэкграўнд да фінальнай працы, таму ствараю яго ўжо цяпер і загружаю пад контур.

(5)
Цяпер размалёўваю малюнак. Такім чынам з улікам бэкграўнду я адразу падбіраю колеры, якія пасуюць агульнай задуме і якія рэдка даводзіцца змяняць на фінальным этапе. Тэхнічна контур і каляровыя заліўкі я трымаю на розных слаях.

(6)
Дэталі! Адна з любімых частак працы, бо праз даданне ценяў, тэкстураў, розных кропачак выява атрымлівае аб’ём і ажывае. Так, галоўны герой атрымлівае пухнатую поўсць, боты блішчаць на святле, пад лісцем і жалудамі з’яўляюцца цені, а на іх саміх – пацёртасці-кропачкі, рыбіны хвасты льсняцца і інш.

(7)
Засталося дадаць подпіс – і гатова! Летуценны кот-аграном вырошчвае і збірае ўраджай з уласных мараў – утульны дом, рыбы і жмені восеньскіх скарбаў пад нагамі. А пажаданне плённага ўраджаю ва ўсіх справах, смелых мараў і веры ў іх здзяйсненне можна дадаць на гатовай паштоўцы, падпісаўшы ад рукі.

(с) ALOVAK

Leave a Reply