Малюем нацюрморт акварэллю пакрокава

Пакрокавы майстар-клас па акварэлі ад дызайнера Дар’і Уласавой.

З матэрыялаў і інструментаў нам спатрэбяцца:

  • планшэт;
  • кнопкі;
  • акварэльная папера шчыльнасцю 300 г/м2 (чым большая шчыльнасць, тым лепш);
  • цвёрды аловак;
  • гумка;
  • акварэльныя фарбы;
  • вада;
  • латэкс для акварэльнага жывапісу;
  • пэндзлі каланок або вавёрка (круглыя): № 2-5 для дробных дэталяў, № 6-10 для вялікай плошчы; плоскі сінтэтычны пэндзаль для змочвання паперы.

Працэс

1.Змочваем паперу вадой з двух бакоў. Нацягваем паперу на планшэт: кладзем мокрую паперу на чысты стол, зверху – планшэт. Загінаючы паперу па баках, замацоўваем яе кнопкамі да планшэта.

2.Простым алоўкам робім эскіз. Я малявала з натуры, папярэдне выставіўшы кампазіцыю: паставіла кубак, паклала печыва і ягады. Пачаткоўцам я б параіла папярэдне патрэніравацца ў накідах на асобным аркушы паперы, а пасля ўжо абраны варыянт намаляваць на “чыставіку”-планшэце.

3.Для зручнасці планшэт усталёўваем пад невялікім вуглом да стала. Працу акварэльнымі фарбамі пачынаем па мокрай паперы. Змочваем паперу вадой, наносім фарбу, якая вызначае колер прадмета (напрыклад, для печыва – охру, кубка і талеркі – блакітную і г.д.), дадзім ёй плаўна распаўсюдзіцца па аркушы.

4.Пасля высыхання першага слою, зноў змочваем паперу і наносім фарбу іншых колераў, фарміруючы святлоценявы малюнак прадметаў. Маем на ўвазе, што пры дзённым асвятленні цені халодныя, святло цёплае, а пры штучным – наадварот. Не забываемся на цені ад прадметаў.

5.Закончваем працу: удакладняем малюнак прадметаў “па сухім”, гэта значыць выкарыстоўваем фарбы з найменшай колькасцю вады і без папярэдняга змочвання паперы.

Парады ад Дар’і Уласавай:

  • Акварэль павінна “дыхаць”, а малюнак – быць паветраным і лёгкім. Каб гэтага дасягнуць, трэба не забывацца на блікі. На этапе падрыхтоўкі эскіза іх можна нанесці з дапамогай латэксу для акварэльнага жывапісу. Пасля таго як малюнак будзе гатовы, з сухой паперы сціраем латэкс пальцам.
  • Абавязкова спалучайце тэхніку малявання “па мокрым” і “па сухім”, гэта робіць акварэльны малюнак гарманічным і прыгожым.
  • Пасля доўгіх эксперыментаў з паперай я зразумела, што лепш выкарыстоўваць шчыльную, бо яна дазваляе наносіць фарбу шматслойна і з вялікай колькасцю вады.

натюрморт акварелью поэтапно

Ці хочаце памаляваць яшчэ?

Усе пакрокавыя майстар-класы па маляванні шукайце па спасылцы  – http://alovakmag.by/be/majstar-klasy/drawing

(с) ALOVAK

Leave a Reply