Для летняй фотаздымкі майстар Алена Дзядзюль зрабіла пенал-скрутак для алоўкаў. Інструкцыя Алены разлічана на пашыў самага простага варыянту пенала для 14 алоўкаў. Да яго могуць быць пашыты дадатковыя аддзяленнi і кішэнькі для захоўвання тачылкі, гумкі і іншых дробязяў.
З матэрыялаў і інструментаў спатрэбіцца:
- два адрэзы матэрыялу для ўнутранай часткі пенала адпаведнага памеру. У нашым выпадку гэта бавоўна пясочнага колеру і бірузовая штучная замша памерам 22х30 см кожны адрэз.
- адрэз матэрыялу для вонкавай часткі пенала. У нашым выпадку гэта тканіна ў гарошак, якой нам спатрэбілася 22,8х30,8 см, – г.зн. трохі больш, чым памер унутраных частак пенала.
- шпількі;
- ніткі ў тон;
- драўляны гузік;
- шнур-гумка (9 см).
Парадак выканання:
- Сшыць дэталі для ўнутранай часткі пенала. Для гэтага скласці бірузовую тканіну папалам, прышпіліць шпількамі да бэжавай і зрабіць роўныя вертыкальныя строчкі на адлегласці 2 см адна другую, а крайнія строчкі на адлегласці 3 см ад зрэзаў.
- Пасярэдзіне аднаго з кароткіх бакоў прыфастрыгаваць шнур-гумку, складзены папалам у выглядзе пяцелькі. Да вонкавай часткi прышыць гузік, прыкладна на адлегласці 13 см ад кароткага краю.
- Акуратна прыфастрыгаваць дзве часткі (вонкавую і ўнутраную) правым бокам (тварам да твару), пачынаючы з куткоў, паколькі вонкавая частка крыху большая. Гэта неабходна для больш зручнага выварочвання. Прыстрачыць па перыметры, пакідаючы незашытай кішэньку-адрэзак даўжынёй 8-10 см.
- Прыпускі швоў на кутах зрэзаць блізка да строчкі і акуратна вывернуць пенал. Уручную зашыць патаемным швом кішэньку, адпрасаваць і – вуаля – пенал гатовы.
ALOVAK (c)