Завушніца ў вусе, татуіроўка на руцэ, чэрапы на паліцах ды фатаграфіі музыкаў на сценах – не, ALOVAK прыйшоў у госці не да рок-зоркі. Станіслаў Нікановіч – майстар з Мінска, які стварае скульптуры і статуэткі з гліны і любіць дарыць іх сваім кумірам – Джоні Дэпу, Уладзіміру Познеру, Сяргею Шнураву, Барысу Грэбеншчыкову, Сяргею Міхалку… Стас верыць у сябе мацней за любога коўча па самаразвіццю, а ягоны вопыт ажыццяўлення жаданняў можа быць багацейшы, чым у аўтараў кнігі “Сакрэт”. Цікава, статуэтка каго з славутасцяў сусветнага ўзроўню будзе наступнай? Даведаемся з інтэрв’ю.
Тэкст: Ксенія Сасніна
Фота: Вікторыя Анжэ
ТВОРЧЫ ШЛЯХ
– Як даўно ты займаешся лепкай?
Прыкладна восем гадоў. Усё пачалося з таго, што я зляпіў жонцы з пластыліну “Горшка” з групы “Кароль і Шут”. Проста ўзяў і зрабіў яго з нуля. Ужо потым даведаўся пра палімерную гліну, запяканне матэрыялаў і гэтак далей. Курсаў ніякіх не скончваў. Спачатку маімі навыкамі зацікавіліся знаёмыя, потым сталі звяртацца іншыя людзі. За першую заказную статуэтку мне заплацілі $ 70. Я быў у захапленні ад таго, што магу зарабляць справай, якая мне падабаецца.
– Колькі доўжыцца працэс працы над статуэткамі?
Ад аднаго тыдня да некалькіх месяцаў. Працэс можа зацягнуцца, бо некаторыя неабходныя матэрыялы трэба шукаць па ўсім горадзе. Усялякія дробязі могуць адбіраць шмат часу. Напрыклад, срэбраныя пярсцёнкі на статуэтцы Джоні Дэпа я рабіў пад мікраскопам. Стараюся ўлічваць кожную дэталь, калі ўзнаўляю вобраз чалавека ў статуэтцы.
– Што самае складанае ў гэтай справе?
Самае важнае і складанае – праца з тварам. Трэба дакладна перадаць міміку, зрабіць вобраз чалавека пазнавальным. Адной фатаграфіі для гэтага недастаткова. Бывае так, што ў чалавека твар невыразны і складана за нешта зачапіцца. Але можна шмат чаго даведацца пра яго па некалькіх фатаграфіях. Важна ўлічваць, ці ўсмешлівы чалавек, ці разняволены. У гэтым плане прасцей рабіць статуэткі славутасцей: і фотак з імі шмат, і знешнасць каларытная.
– Ці спрабаваў ты рабіць скульптуру сябе ці кагосьці з сваякоў?
Вядома. Але рабіць знаёмага чалавека складаней: больш чапляешся да статуэткі. А сябе я неяк зляпіў ва ўтрыраваным, шаржавым выглядзе. Хутка накідаў, паглядзеў, запякаць не стаў ды пусціў матэрыял у расход. Але мне спадабалася тое, што атрымалася, гэта прышпільна. Можна зрабіць гэта фішкай брэнда ды прадаваць статуэткі сябе за невялікую цану. Я ведаю, што адзін фатограф з Штатаў так робіць: стварае статуэткі, запакоўвае іх і рассылае розным людзям як візітоўку. На адваротным баку ўпакоўкі можна прачытаць гісторыю брэнда. Будучыя партнёры па бізнесе такую бандэролю дакладна заўважаць і не выкінуць.
МІНСК-МАСКВА-ГАЛІВУД
– Дык вось як жа ўсё ж атрымалася, што ты цяпер знаёмы з Джоні Дэпам?
Яго статуэтку я зрабіў за чатыры месяцы, а на візуалізацыю мары ў мяне пайшло тры гады. Я шукаў чалавека, які дапамог бы мне ўладкаваць сустрэчу з Дэпам. Спачатку спісаўся з сваім знаёмым – былым цыркачом, які з’ехаў працаваць каскадзёрам у Галівуд. Ён сказаў, што ідэя крутая, але дапамагчы мне не зможа. Людзі такога ўзроўню, як Дэп, не сядзяць на месцы, яны задзейнічаны ў безлічы праектаў, і іх адсачыць складана.
Потым я даведаўся, што Джоні ўдзельнічае ў выступах гурта Hollywood Vampires. Знайшоў акаунт фатографа “вампіраў” Кайлера Кларка. Напісаў яму ў Instagram ды Facebook. Паведамленне было без лішняй вады – я апісаў, хто я і што ў мяне за мара. Прымацаваў фота статуэткі Джоні, а потым і відэа з працэсам яе вырабу. Як так атрымалася, што Кларк заўважыў маё паведамленне – незразумела. Містыка. Яму прыходзіць тысяча лістоў ва ўсе мэсэнджэры. Наша перапіска складалася з паведамленняў раз у паўтары месяцы. І калі Кайлер напісаў: «Пакуль не ведаю, ці будзе ў нас тур, але калі так, магчыма, я змагу зладзіць сустрэчу», гэта падарыла мне надзею, хоць ніхто не даваў ніякай гарантыі, што ўсё атрымаецца.
Маскоўскі канцэрт Hollywood Vampires прызначылі на 28 траўня. Перад гэтым я зляпіў статуэтку Кайлера і даслаў яму. Ён прыйшоў у захапленне, мы дамовіліся аб сустрэчы. Я прыехаў у Маскву. За дзень да канцэрта мы сустрэліся ў кавярні з фатографам ды яшчэ адным чалавекам – дырэктарам Hollywood Vampires, а заадно і заснавальнікам гурта Aerosmith Джо Пэры. Я думаў, з Дэпам мы перасячэмся ўвечары, але гурт позна прыехаў у гатэль. У выніку мне далі VIP–праходку на Meet & Greet, дзе фанаты могуць пагутарыць з гуртом. Гэта я потым даведаўся, што яна каштуе мінімум $ 1500, мне яе далі проста так.
– Які Джоні Дэп у зносінах?
Афігенны. Кайлер сказаў, што Дэп стасуецца з любым чалавекам так, быццам ён з ім на адным узроўні. Усялякае пра Джоні пішуць, розныя станы ў чалавека бываюць. Калі Эмбер Хёрд абвінаваціла Дэпа ў хатнім гвалце і пачаўся судовы працэс, за яго заступіліся дзве яго былыя жонкі. Гэта пра нешта ды кажа. Яны сказалі, што Джоні ніколі не падыме руку на любімага чалавека. Ды і ўвогуле, Дэп – чалавек просты ў зносінах, хоць ён і славутасць вышэйшага ўзроўню. Познер, Міхалок і Шнураў таксама прыемныя ды адкрытыя, але ад Дэпа я такога не чакаў, і быў прыемна здзіўлены.
Фота: архіў героя інтэрв’ю
– Ты здорава ажыццявіў сваю мару, але ёсць шмат людзей, якія не ўпэўнены ў сабе і сваіх жаданнях. А адкуль у цябе такое імкненне да вялікіх мэтаў?
Я натхняюся тым, што раблю. Таксама я шмат чаго пераглядзеў, перачытаў, пераслухаў – гэта таксама паўплывала на мяне. Чым больш ты чытаеш і размаўляеш з людзьмі пра пастаноўку мэтаў, тым больш правільна афармляецца твая мара ў галаве. Калі ты гэта візуалізуеш, то на інтуітыўным узроўні разумееш, як трэба дзейнічаць. Самае важнае – заплюшчыць вочы і прачуць стан, калі мара спраўджваецца. А потым узяць ды ператварыць жаданне ў мэту.
Людзі лянуюцца гэта рабіць. Яны не хочуць марыць і ставіць канкрэтныя мэты. Спытаеш у каго-небудзь, чаго ён хоча, а ён адкажа ды забудзе праз пару хвілін. Для здзяйснення мары трэба нешта рабіць. Анекдот пра Бога і латарэйны білет тут заўсёды актуальны.
А яшчэ ў першую чаргу трэба думаць пра сябе. Калі ты ляціш у самалёце і раптам здараецца аварыйная пасадка, ты павінен надзець кіслародную маску перш на сябе. Не паклапоцішся пра сябе – не зможаш дапамагчы камусьці яшчэ. Калі ты робіш нешта толькі дзеля іншых – так, можаш праславіцца як святы, але цябе, магчыма, будзе разрываць знутры і ты будзеш зрывацца на ўсіх.
Трэба толькі выразна запісаць свае жаданні. Іх можа набрацца не больш за тры, хоць здавалася б! Многія баяцца, што ажыццяўленне мары патрабуе неймаверных намаганняў, і таму не адважваюцца дзейнічаць. На самой справе, трэба зрабіць толькі пару крокаў. Потым і людзі патрэбныя з’явяцца, і магчымасці падвярнуцца. Варта часцей выходзіць з дому: бывае, пройдзешся ды пабачыш нешта карыснае. Напрыклад, газету з патрэбнай табе інфармацыяй. Усё гэта нібы ветрык, які цябе накіроўвае. Цяпер я паставіў глабальныя мэты, але яны выглядаюць простымі для дасягнення.
ПРАЦОЎНЫЯ МОМАНТЫ
– Колькі каштуюць твае вырабы?
Цэны вельмі індывідуальныя. Ужо не магу браць нават дробныя заказы да 100-300 у.а.: колькасць патрачанага часу перавышае колькасць атрыманай выгады. Цэны могуць даходзіць да дзясяткаў тысяч у.а., калі гэта вялікая партыя вырабаў ці нешта складанае, адзінкавае.
– Ці бывалі ў цябе незвычайныя кліенцкія заказы?
Неяк мы рабілі статуэтку прэзідэнта суседняй дзяржавы. А наш заўсёдны кліент – расійскі палітык, заказаў ужо 11 статуэтак.
А аднойчы ў мяне заказалі вожыкаў на танцавальнай пляцоўцы, кожны з якіх увасабляў члена сям’і. У кліентаў нібы прозвішча было з вожыкам звязана. Гэта міла.
Акрамя асноўных заказаў мы робім статуэткі для кампаніі Wargaming, групоўкі “Ленінград” ды розных банкаў. Тут таксама не засумуеш.
– Можаш распавесці падрабязней пра супрацоўніцтва з “Ленінградам”?
Усё пачалося з таго, што я падарыў статуэтку Сяргею Шнураву на адным з канцэртаў “Ленінграда” ў Мінску. Шнур падпісаўся на мяне ў Instagram, а заадно выклаў фота статуэткі з спасылкай на мяне. Адразу больш за тысячу чалавек дадаліся да мяне ў падпісчыкі.
Потым я падкінуў Сяргею яшчэ адну ідэю, і ён даў мне тэлефон дырэктара. Мы ўсё абмеркавалі, і я зрабіў 40 статуэтак Шнура з дрыготкімі галовамі, так званыя баблхэды. Іх выставілі на продаж, але цану “ленінградаўцы” завысілі. Не сказаць, што гэтыя фігуркі мелі вялікі поспех, інакш мы іх тысячамі выраблялі б. Рабіць шмат і танна я не хацеў бы. Лепш менш ды даражэй, але ўнікальна, якасна ды з душою.
– Ці ёсць канкурэнцыя ў тваёй сферы?
Я пачаў займацца лепкай, калі не было ніводнага запыту ў інтэрнэце “статуэткі па фота”. Гэта я афіцыйна заяўляю. Я першым зрабіў сайт з такой паслугай. Потым сталі з’яўляцца іншыя людзі. Яны паўтаралі вобразы маіх статуэтак, але кліенты працягвалі звяртацца да мяне. Некаторыя людзі прасілі ў мяне парады ды ўдакладнялі, як усё робіцца. Па сутнасці, я сам выгадаваў сваіх канкурэнтаў.
– Цябе што-небудзь раздражняе ў працоўным працэсе?
З боку здаецца, што я займаюся творчасцю, і гэта лёгка. Але я сутыкаюся з кучай бытавых пытанняў: трэба аплачваць арэнду памяшкання майстэрні, выдаваць зарплату падрадчыкам, вырашаць юрыдычныя ды падатковыя пытанні… Практычна ўсё я раблю сам. Вядзенне праектаў – адна з самых складаных і непрыемных спраў. Але я іду цяпер да таго, каб увесь бізнэс ішоў без мяне. Я хачу ўвесь час аддаваць лепцы, каб ездзіць па свеце і ўручаць статуэткі людзям, якімі я захапляюся. Новыя знаёмствы могуць прывесці да нечаканых калабарацый. Напрыклад, ужо ў працэсе IT-праекты: сумяшчэнне дапоўненай рэальнасці з статуэткамі. Хоць я і твар брэнда, і кліенты тэлефануюць і пішуць менавіта мне, усё ж трэба перанесці гэта на мэнэджэра.
А яшчэ мне не падабаецца нешта перарабляць, але часам даводзіцца. Гэта ў тры разы складаней, чым рабіць з нуля. Быў адзін непрыемны выпадак: чалавек заказаў сваю статуэтку, а потым сам ёй скулы нажом абадраў. Нібыта ён выглядае больш худым.
ВАКОЛ ТВОРЧАСЦІ
– Твае статуэткі разляцеліся па розных кутках свету. Як думаеш, у якой самай далёкай кропцы знаходзіцца твой выраб?
Я адпраўляю заказы па ўсім свеце: у Афрыку, Карэю, Штаты, Англію. Самае цяжкадаступнае месца, якое мне траплялася – афрыканская дзяржава Габон. О, і яшчэ расійскі горад Губкін. Туды наогул на сабаках дастаўлялі.
– Чым ты захапляешся апроч лепкі?
На хобі часу не хапае. Зацягвае руціна: купля кватэры, пераезд, рамонт, змена машыны… Нядаўна яшчэ дзіця нарадзілася. Сам пра сябе забываеш. Але наогул мне шмат усяго падабаецца: археалогія, мадэлізм. На канцэрты люблю хадзіць.
– Ці ўдзельнічаеш ты ў кірмашах ды фестывалях для рамеснікаў?
Быў на Млыне і FSP. Гэта вымотвае. Трэба ж не проста стаяць, а размаўляць з людзьмі. Не ўяўляю, як прадаўцы кожны дзень працуюць у крамах сувеніраў. Але адзін заказ акупляе твой час. Візітоўку чалавек узяў, а праз нейкі час патэлефанаваў і нешта заказаў. Я пакуль адышоў ад удзелу ў выставах. Але навічкам абавязкова трэба сунуцца ўсюды і паўсюль свяціцца. А наогул, лепшае прасоўванне – падарыць твой выраб чалавеку сусветнага ўзроўню.
– Ці сутыкаўся ты з махлярамі?
Так, чаго толькі не было. Абуральныя выпадкі часам здараліся. Некалькі разоў гэта было звязана з Казахстанам. Аднойчы мне даслалі сайт, на якім усе фатаграфіі былі скрадзеныя з майго. Прычым гэты сайт быў змайстраваны не за вечар: бачна, што над ім добра папрацавалі. Нашы фатаграфіі былі выразаныя вельмі акуратна. Ашуканцы не толькі сцерлі ў фоташопе watermark, але і інтэгравалі фатаграфіі ў сайт, зрабілі флэш-анімацыю. Амаль усе выявы былі з майго сайта, астатнія – аднекуль яшчэ. На фотаздымках былі не толькі вырабы, але нават мы з маімі працаўнікамі. Я не вытрымаў ды патэлефанаваў у Казахстан. Спытаў, ці можна заказаць статуэткі. У адказ, маўляў, вядома, можна. Кажу: ммм, класна, вы Міхалка рабілі. Адказваюць, так, гэта наш майстар зрабіў і падарыў потым. Няблага, так?
– Як справы ў твайго брэнда “Сківіца”?
Ён не развіваецца, і я трохі рэфлексую з гэтай нагоды. Канцэпцыя “Сківіцы” падабаецца людзям. Персанаж цікавы, у яго ёсць свая легенда. Ён нарадзіўся ў Беларусі, пражыў сумнае чалавечае жыццё ды памёр. Затое пасля смерці ў яго з’явіўся шанец жыць для сваёй асалоды. “Сківіцай” назвалі таму, што слова гучнае. У некаторых людзей я дагэтуль у тэлефоне падпісаны як Стас Сківіца.
Вобразаў у персанажа хапае: падарожнік, дрывасек, байкер і гэтак далей. Раней планаў на “Сківіцу” было шмат. Але заваліла заказной працай, якая патрабуе пастаяннага ўключэння. Зноў жа: трэба было б паставіць чалавека, які дапамог бы з гэтым. Усё ўжо гатова: ідэя ёсць, вытворчасць наладжана, але няма каму ўзяцца. Праекты, не абмежаваныя часовымі рамкамі, пакутуюць. Магчыма, я рэанімую гэтую справу.
“Сківіцу” ж можна выставіць на еўрапейскім байк-фэсце Harley Davidson. Цяжка ўявіць там краму з тымі беларускімі сувенірамі, якія прадаюцца, прыкладам, у ГЦ “На Нямізе”. У большасці сваёй яны безгустоўныя. Вось з Ірландыі людзі такія вырабы прывозяць! А ў нас… Ну, ёсць нешта з саломкі. “Сківіца” была б нармальнай альтэрнатывай.
ПЛАНЫ НА БУДУЧЫНЮ
– Каму ты яшчэ падарыў бы статуэтку?
У мяне ёсць цэлы спіс людзей на прыкмеце. Напрыклад, Рычард Брэнсан. Гэта мільярдэр і заснавальнік карпарацыі Virgin Group. У яго куча нерухомасцей, ёсць свой востраў. Здавалася б, яму належыць быць сур’ёзным чалавекам, але не: Рычард – пірат, анархіст ды панк. Мае героі – яны такія. Вялікія дзеці. Яны захавалі ў сабе дзяцiнства нават нягледзячы на тое, што шмат чаго дасягнулі. Я спрабую пераняць іх лёгкасць, гэта мяне натхняе.
Яшчэ ў маім спісе ёсць Ілан Маск і Яўген Чычваркін. З Білам Мюрэем мяне абяцалі пазнаёміць падчас сустрэчы з Джоні. Кайлер ведае, дзе Мюрэй у гольф гуляе.
Цяпер мне трэба зрабіць Джо Пэры, заснавальніка гурта Aerosmith, ды Эліса Купера. Дарэчы, нядаўна я даведаўся, што Купер у 70-х супрацоўнічаў з Сальвадорам Далі. Неяк ноччу глядзеў дакументальны серыял «Гарадскія легенды», дайшоў да серыі, прысвечанай гэтым дваім, і падумаў: “Ды лааадна! Я што, праз адзін поціск рукі з Далі знаёмы?”
– Ці ёсць планы на будучыню?
Хачу перайменаваць свой брэнд у Nikonovich Studio. Цяпер ён называецца Mad Green Hand, гэта нават вымавіць складана. Яшчэ трэба пераехаць у іншую майстэрню. Нам трэба больш месца для ўсіх тэхнічных працэсаў, абсталявання ды людзей. Хочу майстэрню з чыстай верхняй зонай. Наконт вырабаў: цяпер у нас у распрацоўцы ёсць цікавыя штукі, якія яшчэ ніхто не рабіў.
(с) ALOVAK 2018