Floret – сямейная гісторыя насычанага кветкамі жыцця

Флорэт (Floret) – адна з самых папулярных кветкавых ферм у ЗША, заснаваная Эрын Бензакейн. Разам з мужам, дзецьмі і камандай памочнікаў Эрын вырошчвае і прадае сезонныя кветкі і калекцыі насення, піша кнігі, навучае пачаткоўцаў фермераў і фларыстаў. Папулярны блог Эрын, у якім яна шчодра дзеліцца сваім вопытам, заваяваў любоў прыхільнікаў кветак з усяго свету.

Але Флорэт – гэта перш за ўсё гісторыя пра тое, як можна знайсці сваё прызванне, калі ісці за марай дзяцінства. Эрын распавяла ALOVAK, як нават на невялікім надзеле зямлі можна вырошчваць кветкі на продаж, а таксама падзялілася сваімі парадамі з маладымі кветкавымі фермерамі.

Тэкст: Кацярына Буто
Фота: Joy Prouty, Chris Benzakein

З самага пачатку

Але спярша мы раскажам пра тое, як жа Флорэт была створана. Большая частка дзяцінства Эрын Бензакейн была праведзена ў загарадным доме яе бабулі і дзядулі, і з таго часу яна заўсёды марыла жыць за горадам. У 2001 годзе Эрын з мужам і двума маленькімі дзецьмі пакінулі шумны Сіэтл і перабраліся на невялікую ферму ў даліне ракі Скаджыт у штаце Вашынгтон, каб пачаць весці больш мерны і просты лад жыцця.

На пачатку свайго фермерства сярод гародніны Эрын пасадзіла двайны радок духмянага гарошку, у гонар бабулі, якая нядаўна памерла. Кветак вырасла так шмат, што Эрын стала зразаць іх і дзяліцца са сваякамі, сябрамі і суседзямі: «Я ніколі не планавала прадаваць кветкі, але я любіла дарыць іх. Калі я даставіла свой першы платны заказ – проста бярэмя духмянага гарошку – я, бянтэжачыся, сунула букет у рукі кліенткі, як толькі тая адкрыла дзверы. На імгненне час запаволіўся, калі яна ўткнулася носам у кветкі. Слёзы напоўнілі яе вочы, і яна сказала, што водар перанёс яе ў часы шчаслівага дзяцінства ў бабуліным садзе. Гэты момант стаў паваротным у маім лёсе. Калі я ўбачыла, якія эмоцыі здольны выклікаць маленькі букет кветак, я зразумела, што знайшла сваё прызванне, і захацела прысвяціць сябе таму, каб зрабіць жыццё людзей прыгожым з кветкамі».

Калі я ўбачыла, якія эмоцыі здольны выклікаць маленькі букет кветак, я зразумела, што знайшла сваё прызванне.

На наступны год Эрын з сям’ёй замянілі ўсю гародніну кветкамі, праз год падрыхтавалі новыя надзелы зямлі, каб засадзіць і іх, а затым пабудавалі цяпліцы для далейшага пашырэння кветкавых плантацый.

– Адкуль і ад каго вы дазналіся пра тое, што ўмееце?

Шмат чаго я даведалася метадам спроб і памылак, і гэта даволі складаны спосаб навучання. Але я люблю даследаваць, і калі я пачынаю якою-небудзь справу, я пералапачваю форумы і вышукваю дзясяткі кніг у бібліятэцы, каб як мага больш даведацца пра, да прыкладу, вырошчванне духмянага гарошку.

– Акрамя вырошчвання кветак вы займаецеся і фларыстыкай. Як вы прыйшлі да гэтага?

Так, на працягу многіх гадоў акрамя вырошчвання кветак для крамаў, мы таксама складалі букеты і іншыя кветкавыя кампазіцыі для вяселляў і мерапрыемстваў у раёне Сіэтла. Па меры росту нашага бізнесу мая ўвага адышла ад вяселляў, але я люблю працу па дызайну. У маёй наступнай кнізе будуць разгледжаны спосабы таго, як можна ўпрыгожыць паўсядзённае жыццё сезоннымі і вырашчанымі ў сваім садзе кветкамі. Прычым, вельмі практычныя, простыя і лёгка даступныя спосабы.

Пра працэс працы

– З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся ў сваёй працы?

Знайсці дастатковую колькасць гадзін у дзень для выканання ўсяго, што трэба для паспяховага вядзення бізнесу, – гэта пастаянны выклік для мяне. Напісанне кнігі ў дадатак да ўсіх задач, звязаных з працай фермы і клопатам аб дзецях – гэта, натуральна, няпростая задача. Паколькі наша справа нядаўна пашырылася (Эрын і яе сям’я сталі ўладальнікамі новай фермы, пра гэта ніжэй – заўв.рэд.), я зразумела, што я стала праводзіць нашмат больш часу за кампутарам за напісаннем матэрыялаў аб кветках, чым у маім садзе сярод сапраўдных кветак. Праполка, уборка і іншыя абавязкі на ферме адыходзяць на задні план, калі я знаходжуся ў працэсе падрыхтоўкі кнігі. Дзякуй Богу, што ў мяне ёсць такая выдатная каманда. Мая сям’я і памочнікі бяруць на сябе дадатковую нагрузку, пакуль я вымушана «хаваюся» у сваім кабінеце. Мы смяёмся над гэтым, але на самой справе гэта даволі напружаная, цяжкая праца.

– Як вам працуецца са сваёй сям’ёй?

Мне падабаецца рабіць тое, што я люблю, разам са сваёй сям’ёй. На самай справе, няма нічога лепш за гэта. Я перыядычна публікую фрагменты нашага насычанага кветкамі жыцця на сайце Floret і ў сацыяльных сетках. Мне вельмі падабаецца дзяліцца прыгажосцю таго, што мы вырошчваем і ствараем. Няма сэнсу збіраць усе гэтыя прыгожыя кветкі толькі для сябе! Мне прыемна, што мой вопыт і расказы пра сям’ю і кветкавую ферму знайшлі водгук у многіх людзей.

Няма сэнсу збіраць усе гэтыя прыгожыя кветкі толькі для сябе!

– Які занятак у вашай працы прыносіць вам найбольшае задавальненне?

Адна з маіх любімых частак працы – правядзенне разнастайных даследаванняў. Мне падабаецца рабіць падрабязныя нататкі аб развіцці найлепшых раслін, адбіраючы сярод іх фаварытаў, каб у выніку прапанаваць іх пакупнікам крамы Floret. Напрыклад, мы шмат працавалі над духмяным гарошкам, каб вывесці калекцыю насення гэтых раслін з доўгімі сцяблінамі і кветкамі рэдкіх і прыгожых адценняў. Мне падабаецца гэты працэс, паколькі ён спалучае ў сабе трохі навукі, крыху мастацтва і крышачку дызайну. Працэс вывядзення новых прыгожых кветак – гэта тое, што вымушае маю душу спяваць.

Парады Эрын

– Якую галоўную параду вы маглі б даць пачаткоўцам кветкавым фермерам?

Сельская гаспадарка – гэта цяжкая праца, такой самай з’яўляецца і кветкавае фермерства. Працэс ператварэння захаплення і хобі ў нешта, што можа не толькі пракарміць цябе ў адзін цудоўны дзень, але і прыносіць прыбытак, – няпростая задача. Таму аддайце сабе належнае нават за спробу! Калі б я ведала, колькі разоў я пацярплю няўдачу, перш чым я спраўлюся з усім, я, верагодна, ніколі б не рызыкнула. На шчасце, некалькі вельмі мудрых і цярплівых людзей настаўлялі мяне ў першыя гады. Калі вы можаце знайсці настаўніка – таго, хто сапраўды дасягнуў поспеху ў тым, да чаго вы імкнецеся, я вельмі рэкамендую ўкладвацца ў гэтыя адносіны і прыслухоўвацца да правераных парадаў.

Не імкніцеся да дасканаласці. Калі вы пачатковец у вырошчванні насення, вы, хутчэй за ўсё, збіраецеся «забіць» мноства раслін у зародку. Лепш проста змірыцца з гэтым фактам цяпер і пазбегнуць будучых перажыванняў на гэты конт. Нават пасля шматгадовага вопыту садоўніцтва і кветкаводства я ўсё яшчэ часам перабольшваю з палівам раслін або няправільна размяшчаю кантэйнеры з саджанцамі, у выніку чаго знаходжу іх цалкам сухімі. Загубіць маладыя расліны, за якімі вы даглядалі на працягу некалькіх тыдняў, можа быць вельмі балюча. Але не дазваляйце сабе апусціць рукі з-за такіх выпадкаў. Падумайце пра гэта як пра абрад прысвячэння. Проста запішыце пра тое, што здарылася, ў сваіх нататніках, зрабіце высновы, і я абяцаю, што вы будзеце смяяцца над гэтым калі-небудзь, нават раней, чым вы думаеце.

Калі б я ведала, колькі разоў я пацярплю няўдачу, перш чым я спраўлюся з усім, я, верагодна, ніколі б не рызыкнула.

 -У Беларусі памер стандартнага зямельнага ўчастка усяго каля 10-20 сотак. Частку яго займае дом і іншыя пабудовы. На такой невялікай плошчы можна вырошчваць кветкі для продажу, на ваш погляд?

Вы можаце вырошчваць шмат кветак нават на невялікай прасторы! Зусім не абавязкова быць уладальнікамі вялізных сядзіб або шырокіх фермерскіх палёў. Нават на самых маленькіх надзелах вы можаце ствараць кветнікі на зрэзку, якія будуць і прыгожымі, і звышпрадуктыўнымі.

Адна з галоўных памылак наконт Флорэт была ў тым, што ў нас велізарная ферма. Нашы кветнікі ўпершыню з’явіліся на заднім двары ўчастка і пашыраліся з цягам часу. На працягу многіх гадоў (да гэтага года, на самой справе) мы вырошчвалі ўсё на двух акрах, у тым ліку на надзеле, якім мы нават не валодалі (мы арандавалі былое футбольнае поле нашага суседа)! Я распавядала ў сваім блогу пра некаторых іншых фермераў, якія вырошчваюць кветкі на значна меншай плошчы (падрабязней тут і тут)!

Зусім не абавязкова быць уладальнікамі вялізных сядзіб або шырокіх фермерскіх палёў.

Пра планы і натхненне

– Вы нядаўна сталі ўладальнікамі новай фермы. Што вы збіраецеся на ёй рабіць?

Так! Набыццё фермы было прыемным нечаканым сюрпрызам. Мы сталі ўладальнікамі 25 гектараў лепшай глебы ў краіне, а таксама вялізнай адрыны, дома і чатырох акраў зямлі ўздоўж ракі Скаджыт (падрабязней пра працэс пакупкі новай фермы можна пачытаць у блогу Эрын – заўв.рэд.).

Цяпер мы знаходзімся ў разгары вялікай рэканструкцыі адрыны. Мы спадзяёмся, што новая бетонная падлога будзе скончана на наступным тыдні! Гэта новае памяшканне стане нашым складам і аддзелам дастаўкі, таму мы можам перанесці ўсе запасы насення з нашага старога цеснага гаража.

Мы таксама паступова пашыраем сваю кветкавую вытворчасць на новай зямлі. Мы прытрымліваемся прынцыпаў арганічнага земляробства, таму цяпер сканцэнтраваліся на аздараўленні глебы, бо гэтыя землі выкарыстоўваліся на працягу многіх гадоў для інтэнсіўнага вырошчвання ягад.

Мы плануем выпрабаваць мноства новых гатункаў кветак з планамі пашырыць нашу насенную лінію яшчэ больш у будучыні. Гэта будзе прыгожа!

– Над чым яшчэ вы зараз працуеце?

Я працую над сваёй наступнай кнігай, адначасова назіраю за будаўнічымі работамі на новай ферме, а таксама рыхтуюся да новага адкрыцця рэгістрацыі на онлайн-навучанне на Floret у кастрычніку.

На працягу многіх гадоў мы прымалі ў сябе ў гасцях на ферме сотні пачаткоўцаў кветкавых фермераў на нашых трохдзённых семінарах па навучанні дробнамаштабным тэхналогіям кветкавага фермерства. Месцы на такіх мерапрыемствах распрадаваліся на працягу некалькіх хвілін пасля абвяшчэння, мы проста не маглі ўгнацца за попытам, таму стварылі відэа-версію курса. Гэта дазваляе нам дзяліцца нашым навучаннем з людзьмі ў Беларусі і іншых частках свету! Мы ўклалі шмат намаганняў у гэты праект, і мы пастаянна дадаем новыя відэаролікі і ствараем новы кантэнт для курса.

Анлайн-курс дазваляе нам дзяліцца нашым навучаннем з людзьмі ў Беларусі і іншых частках свету!

– Што вас натхняе?

Натхненне я звычайна чэрпаю з прыроднага свету, асабліва мяне натхняюць асаблівасці сезону і багацце таго, што ў цяперашні час квітнее. Кветкі на маіх палях і на маім стале заўсёды адлюстроўваюць пэўную паравіну года ­– ці гэта бэз і нарцысы вясной, ці вяргіні і хрызантэмы восенню. Мне па душы ў прыродзе недаўгавечнасць таго, што расце ў дадзены момант.


Прынцыпы Флорэт:

  • Сям’я – гэта сэрца нашага бізнесу, і нам пашанцавала працаваць з цудоўнай камандай, якая падзяляе наша імкненне прынесці больш прыгажосці ў гэты свет.
  • Мы клапоцімся пра навакольнае асяроддзе і імкнемся весці наш бізнес у гармоніі з прыродай. На нашай ферме мы выкарыстоўваем толькі арганічныя і экалагічна ўстойлівыя метады земляробства.
  • Якасць пануе над усім, што мы робім. Мы сабралі лепшае насенне з усяго свету, каб дапамагчы іншым аматарам кветак вырасціць сад сваёй мары.
  • Мы дзелімся сваім вопытам. Мы рады перадаць нашы з цяжкасцю атрыманыя веды іншым праз нашы семінары, фатаграфіі, гісторыі і сацыяльныя сеткі.
  • Мы прысвяцілі сябе сезоннаму руху кветак. Мы з энтузіязмам падтрымліваем кветкавых фермераў, садоўнікаў і кветкавых дызайнераў, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць мясцовыя кветкі.
  • Як прадстаўнікі сямейнай фермы мы цэнім малы бізнес і падтрымліваем прадпрымальнікаў, кампаніі, заснаваныя жанчынамі, і творчыя суполкі заўсёды, калі гэта магчыма.
  • Мы верым у цуды. Мы ведаем, што дзіўныя рэчы могуць здарыцца, калі вы прыслухоўваецеся да сябе, ідзяце за сваім сэрцам і жывяце сваімі захапленнямі.


(c) ALOVAK

Leave a Reply