Выцінанка –– беларускія папяровыя карункі

Выцінанка – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якім з паперы выразаюцца ажурныя ўзоры. Атрыманыя выразкі выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання інтэр’еру. А калісьці выцінанкі мелі і магічны сэнс: людзі верылі, што пэўныя ўзоры дапамогуць пазбавіцца ад хваробы або прынесці добры сон.

У нашы дні выцінанка зноў набірае папулярнасць. Мы сустрэліся з мастачкай і народным майстрам Вольгай БАБУРЫНАЙ, каб даведацца больш пра гэтае мастацтва і папрактыкавацца ў выразанні з паперы.

Фота і тэкст: Таня Капітонава

 – Вольга, калі да нас прыйшла выцінанка?

Выцінанка – гэта самы малады від традыцыйнага мастацтва. Калі параўноўваць з керамікай або ткацтвам, то выцінанка зусім юная. Першыя звесткі пра папяровую выразку на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца ў часы ВКЛ, дзе пад сургучную пячатку падкладалі выразаную з паперы ажурную выцінанку. А пасля таго як у нас з’явіліся мануфактуры, якія выраблялі паперу, людзі сталі больш выкарыстоўваць новы матэрыял для сваёй творчасці.

У Беларусі быў час, калі выцінанкай ніхто асабліва не займаўся, маю на ўвазе перыяд першай паловы ХХ ст. Зразумела, былі людзі, якія працягвалі выразаць з паперы, але гэтаму не надавалі такога значэння, як, напрыклад, ткацтву. І толькі  ў 70-80-х гадах зноў з’явілася цікавасць да выцінанкі.

Калі параўноўваць з керамікай або ткацтвам, то выцінанка зусім юная.

– Атрымліваецца, цяпер выцінанка папулярная?

Так, у трэндзе традыцыйныя ўзоры, і мода на “вышымайкі” таму пацвярджэнне. З’явіліся нават так званыя “выцімайкі” – майкі з прынтам выцінанак. Таму і выцінанка выклікае цікавасць. Я часта праводжу майстар-класы – значыць, людзі хочуць даведацца і пра такую ??форму традыцыйнага мастацтва.

– Чым адрозніваецца беларуская выцінанка ад іншых?

У беларускай выцінанкі ёсць прынцып шматразовага складання паперы. Дзірачкі заўсёды праразаюцца ў геаметрычных формах. Звычайна выкарыстоўваецца манахромная папера. Выцінанка складаецца не з асобных кавалачкаў, а з аднаго ліста паперы. Таму можна яе ўзяць за краёчак, і яна будзе трымацца.

– А як вы самі прыйшлі да гэтага мастацтва?

Я ўжо больш за 25 гадоў займаюся выцінанкай – цікавасць да яе з’явілася падчас вучобы ў Маладзечна. А ў 1997 годзе я стала сябрам Саюза майстроў народнай творчасці, да таго часу ў мяне ўжо была калекцыя работ і ўдзел у выставах. Калі з’явілася магчымасць знаходзіць любую інфармацыю ў інтэрнэце, я зразумела, наколькі беларуская выцінанка ўнікальная. І адчула, што павінна і далей ёй займацца.

У 2004 годзе я зрабіла свой  сайт. Я хачу захаваць традыцыйнасць выцінанкі, але зрабіць яе сучаснай. У параўнанні з іншымі відамі традыцыйнага мастацтва, яна знаходзіцца на самым пачатку развіцця. Таму ў мяне ёсць думка, што гадоў праз 10-20 выцінанка выйдзе на такі ўзровень, пра які мы зараз і падумаць не можам.

Вольга Бабурына: “Таму ў мяне ёсць думка, што гадоў праз 10-20 выцінанка выйдзе на такі ўзровень, пра які мы зараз і падумаць не можам”.

– Дзе ў Беларусі можна павучыцца выцінанцы?

У БНТУ ёсць аддзел народнай творчасці, куды часам набіраюць групы аматараў выцінанкі.

Можна набыць кнігу “Мая выцінанка”, адным з аўтараў якой я з’яўляюся. Па ёй можна навучыцца выцінанцы практычна з нуля: тым больш, што вялікую частку старонак займаюць шаблоны.

Перыядычна я праводжу майстар-класы – сачыць за абвесткамі можна ў маіх профілях ў сацсетках. Часам я таксама даю ўрокі ў Інстытуце Культуры.  Ну і ў Маладзечанскім музычным вучылішчы імя Агінскага ёсць кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Гэта цікава!

Вольга Бабурына выцінанкай аформіла 30 артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

(с) ALOVAK

2 Comments

  1. […] гадоў таму ALOVAK ужо сустракаўся з Вольгай Бабурынай, каб паразмаўляць пра выцінанку і папрактыкавацца ў выразанні з паперы. На гэты раз […]

Leave a Reply