Ювелірны тэкстыль Марысі Лось

Мастачка ў трэцім пакаленні Марыся Лось працуе ў тэхніцы “ювелірнага тэкстылю” і стварае ўнікальныя брошкі-птушкі. Марыся расказала ALOVAK пра тое, як паўплывалі на яе творчасць сям’я і акадэмічная адукацыя, а таксама падзялілася карыснымі парадамі па палягчэнні творчага працэсу.

Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
Фота: Алена Драздова

Пра тры пакаленні мастакоў у сям’і

Расці ў сям’і, дзе тры пакаленні мастакоў: бабуля і дзядуля, мама, дзядзька, стрыечны брат – гэта пастаянна цягнуцца і імкнуцца да прыгожага. Творчая атмасфера дома, безліч рэчаў для мастацкай працы – гэта ўсё завастрае розум у пэўным накірунку. На сценах віселі мае малюнкі, бабуліны пейзажы з пленэраў,  маміны працы. Мастацтва знаходзілася так блізка, што было немагчыма проста прайсці міма і не датыкнуцца. Я вельмі рада, што маю такі падмурак, мне было вельмі лёгка ад самага пачатку станавіцца на творчы шлях.  Я бязмерна ўдзячная сваёй сям’і.

Я вельмі рада, што маю такі падмурак, мне было вельмі лёгка ад самага пачатку станавіцца на творчы шлях.

Калі я была маленькая, як усе дзеці перабірала розныя прафесіі. Хацела быць і археолагам, і хірургам, і пілотам, і ювелірам… А ў першым класе паступіла ў музычную школу, бо маці меркавала, што маляваць на пачатку і яна навучыць. Але склалася так, што ў чацвёрты клас я пайшла ў знакамітую 26 школу-ліцэй (зараз Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў) і з мастацтвам з таго часу ніколі не расставалася.

Пра настаўнікаў і навучанне

Маім першым і галоўным настаўнікам  стала мая маці, мастак-мадэльер Алена Уладзіміраўна Лось – больш лагоднага выкладчыка і строгага крытыка для мяне ўявіць складана.

Безумоўна, кожны чалавек на нашым шляху вучыць нас нечаму, пакідае пэўны адбітак. Але не магу назваць канкрэтных людзей – іх адначасова вельмі шмат вакол, але вельмі мала тых, хто мае вялікі ўплыў.

Навучанне – гэта бясконцы працэс. Часам нейкі сказ у кнізе, або выпадковае слова дапаможа вырашыць нейкае пытанне, над якім доўга б’ешся.  Інфармацыі навокал столькі, што толькі паспявай глядзець і слухаць.

Пра адукацыю

Я скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, а пасля магістратуру і аспірантуру ў галіне мастацтвазнаўства. І ніколі не змяняла абранай адукацыі. А толькі пашырала яе новымі ведамі, уменнямі, тэхнікамі і прыёмамі. Гэта сапраўднае шчасце – працаваць па прафесіі і любіць тое, што ты робіш.

Гэта сапраўднае шчасце – працаваць па прафесіі і любіць тое, што ты робіш.

Праўда, у нейкі момант разумееш, што немагчыма ахапіць неабсяжнае: ад адных задумак або праектаў трэба адмаўляцца, бо яны з’ядаюць шмат часу, другія не прыносяць чаканага рэзультату або задавальнення. А часам трэба думаць і пра акупнасць працы. Таму ў пэўны час я спынілася на такіх відах дзейнасці: графічным дызайне ў сферы ўпакоўкі, прыкладным мастацтве – “ювелірным тэкстылі”, мастацтвазнаўстве ў сферы моды, а таксама графіцы і акварэлі.

Маю творчасць робіць асаблівай прафесіяналізм, а таксама самабытнасць падыходу да працы. Некаторыя майстры ганарацца тым,  што праходзілі пэўныя курсы і майстар-класы ў канкрэтных выкладчыкаў – у мяне ж адваротная сітуацыя. Я валодаю тэхнікамі і маю класічную мастацкую адукацыю. А астатняе нараджаецца ў маёй галаве, а рукі робяць. І насамрэч з такой падрыхтоўкай не важна, чым ты займаешся, – дызайнам касметычнай прадукцыі або стварэннем тэкстыльных брошак. Канешне, тэхнічна гэта розныя сферы дзейнасці. Але мастацтва застаецца мастацтвам.

Пра творчыя дасягненні і захапленні

Мая мама заўсёды шыла, малявала, фарбавала тканіны. У свой час сапраўдным фурорам былі яе фарбаваныя спадніцы – яны прадаваліся ў мастацкай галерэі  ў цэнтры горада,  і за імі стаяла чарга. Таму тканіны самых розных варыяцый, тасёмкі, стужкі, гузікі – гэтага багацця было дома ў бязмежнай колькасці. Мама кажа, што я ў 2 гады магла сядзець і нанізваць гузікі на нітку – пацеркі рабіла.

Я паспрабавала ўсё, што мяне цікавіла: графіку – з трэцяга курса афармляла кнігі; лялькі, а гэта і скульптура, і адзенне, – сама і разам з маці выканала не адзін камплект лялек для тэатра “Батлейка”. Дарэчы, гэты тэатр, які ў свой час аднавіў мой дзядзька Алесь Лось разам са сваёй жонкай  Яўгеніяй Ліс, таксама стаў вельмі важным этапам у маім станаўленні. Я шмат гадоў іграла ў “Батлейцы”, гэта неверагодны вопыт і адчуванні. А аднойчы я нават знялася ў кіно, толькі мне зусім не спадабалася. Але ўспаміны засталіся пазітыўна-рамантычнымі, і фільм атрымаўся добры – “Рэфарматар”, пра Антонія Тызенгаўза.

Але чым далей, тым больш я разумела, што мне імпануе праца рукамі, падабаецца ствараць вырабы невялікіх памераў з элементамі скульптуры – так я і прыйшла да свайго “ювелірнага тэкстылю” – брошак-птушак.

Але чым далей, тым больш я разумела, што мне імпануе праца рукамі.

Я была б не я, каб перыядычна не хапалася за розныя незвычайныя праекты – але апошнім часам самай галоўнай маёй працай з’яўляецца сын. Таму нават птушкі робяцца з яго згоды – калі ён хоча пагуляць, то ўсе справы адкладаю.

Пра творчы працэс стварэння брошак-птушак

Мой творчы працэс – у першую чаргу, гэта задумка, і часцей за ўсё, даўняя. Ідэй заўсёды шмат, але да рэалізацыі даходзяць лічаныя адзінкі, ды і на іх не хапае часу.

Калі распавядаць пра брошкі-птушкі, то ўмоўна магу падзяліць свае вырабы на дзве катэгорыі па тэхналагічным і тэматычным асаблівасцям. У першай знаходзяцца калібры, а ў другой – усе астатнія птушкі. Абедзве катэгорыі пачынаюцца з выкрайкі “тушкі”, а ўжо далей пачынаюцца разыходжанні.

Калібры маюць больш фантастычную афарбоўку – я прытрымліваюся формы сапраўднай птушкі, але не колераў. Схема дзеянняў з калібры такая: падабрала ніткі – вышыла крылы – зрабіла дзюбу – вышыла галаву – прышыла хвост – прышыла крылы. У нейкі момант такой працы адчуваю, што думаю пра ўсё на свеце – а рукі працуюць.

Зусім інакш адбываецца з астатнімі птушкамі. Спачатку выбіраю пароду, шукаю і разглядаю іх выявы, каб адчуць характар у колеры і позах. Малюю эскіз-выкрайку. Сшываю “тушку”, калі трэба раблю вострую дзюбу (але гэта не для ўсіх, залежыць ад мадэлі). А далей самы любімы этап. З тых матэрыялаў, што маю, – паетак, бісера, стужак, крышталікаў, карункаў – падбіраю па колеры і фактуры максімальна адпаведныя прыроднаму арыгіналу. Зразумела, што без мастацкай стылізацыі немагчыма, але аснову не губляю. Потым пачынаецца цікавае – “мастацкі інжынірынг”. Кожная птушка, як складаная матэматычная задачка, – няма агульнага рашэння для тукана, вераб’я і амадзіны, трэба яго знаходзіць на месцы і па факту. У мяне літаральна 3-4 птушкі сталі паўторамі,  для якіх я распрацавала схему, усе астатнія – “жывапіс а-ля прыма”, нават самой складана паўтарыць.

Пра тэхнікі працы

Тэхнікі творчай працы – гэта інструменты. Чым больш іх ведаеш – тым лягчэй і цікавей ствараць вырабы. Я не выкарыстоўваю пэўныя тэхнікі ў чыстым або “акадэмічным” выглядзе, а падпарадкоўваю іх сваім патрэбам.

У вышыўцы часта звяртаюся да гладзі. На крылах калібры яна двухбаковая, і гэта самы марудны па часе выканання элемент – 1-2 дні на адну пару крылаў.

Вышыўка паеткамі таксама мае шмат нюансаў – да некаторых прыёмаў дайшла сама, а некаторыя ўбачыла ў гатовых вырабах, зразумеўшы, як гэта робіцца.

Ёсць прыём, які я сама сабе прыдумала з дроту і нітак, калі вынайшла брошку-ровар. Цяпер гэта могуць быць лапкі, рожкі і інш.

Пра складанасці і правілы

Складана, калі хочаш спаць і вышываць адначасова. Калі баляць сколатыя пальцы,  а напарсткам так і не карыстаешся, хоць і зрабіла сабе адмысловы – а ўсё роўна не зручна. Затое можна цягаць ў дзіцяці абязбольвальную мазь для зубоў 🙂 Складана вышываць бісерам/паеткамі, калі сыну хочацца паглядзець, а што там на стале.

Я нават выпрацавала пэўныя правілы, каб аблегчыць творчы працэс:

  1. З якой скрыні (паліцы, пакета) ўзяла нешта, туды ж і пакладзі.
  2. Адначасова больш за тры наборы матэрыялаў для працы з брошкамі сабранымі не трымаць.
  3. Працаваць толькі над адной брошкай, па завяршэнні пакласці ўсё на месцы і прыбраць матэрыялы, і толькі пасля пачынаць наступную.
  4. За межы працоўнага падноса (працую на падносах з борцікамі) не выходзіць.
  5. Бісер/паеткі адкрыць, насыпаць, выкарыстаць, сабраць, закрыць – прычым адначасова больш за 2 колеры не адкрываць.

І, бадай, галоўнае: не спадабалася, падвёў матэрыял, сумняваюся ў працэсе – перарабіць адразу. Ды і ўвогуле, упэўнена, калі ёсць нейкая праблема ці складанасць – значыць я недзе памылілася, або нечага не ведаю – праца павінна ісці лёгка і з задавальненнем.

Пра рэжым і планаванне

Мой расклад часу цяпер дыктуе дзіця, а да дэкрэту гэта рабіў  работадавец.  Усё распісана па гадзінах, а калі ўлічваць, што я люблю паспаць і позна кладуся хіба што ў рэдкіх выпадках, то такі рэжым вучыць рабіць усё з неверагоднай хуткасцю і якасцю – бо няма большай брыдоты, як пераробліваць.

Заўсёды рабіла сабе спісы планаў, вельмі люблю выкрэсліваць з іх зробленыя пункты. Апошнім часам нават складаю спісы для паходаў у краму за прадуктамі – галава забіта такой колькасцю думак і інфармацыі, што можна забыць,  што трэба. Але і тут у мяне падыход творчы.  Планы – гэта толькі пункцірная лінія да мэты, а ў якім парадку я ўсё выканаю – гэта залежыць ад настрою і іншых акалічнасцей. Мы ж не робаты.

Планы – гэта толькі пункцірная лінія да мэты, а ў якім парадку я ўсё выканаю – гэта залежыць ад настрою і іншых акалічнасцей.

Знайсці баланс паміж творчасцю і сям’ёй складана. Калі я з сям’ёй – стаіць праца, калі ў творчых летуценнях – сям’і не хапае маёй ўвагі. Таму бяру сябе за шкірку і па гадзінніку кірую сваім часам. Татальны кантроль за сваёй персонай – унутраная дыктатура, якая вельмі дапамагае.

Пра прасоўванне і замовы

Асноўнай пляцоўкай кантактаў з пакупнікамі да нядаўняга часу была толькі выстава “Млын”, потым дадаліся модныя маркеты – вельмі люблю бачыць, як людзі ў жывую мераюць, выбіраюць, абмяркоўваюць вырабы. А з мінулага году я нарэшце зарэгістравалася ў Instagram.

Я ствараю вырабы па свайму жаданню і настрою, але рабіла і на замову. І маю тут толькі пазітыўны вопыт – мяне пыталі ці пра адмысловую колеравую гаму, ці  пра пэўную пароду птушкі ці звера, пакідаючы астатняе на погляд аўтара. І я б, напэўна, не бралася за працу, якую хочуць зрабіць маімі рукамі – без удзелу мяне як аўтара.

Пра натхненне і мары

Самая складаная для мяне тэма – гэта натхненне. Дзе я яго бяру, як захоўваю, складзірую і што раблю, калі запасы канчаюцца? Складаная тым, што няма ў мяне ўніверсальнага рэцэпта, а ёсць толькі недахоп часу на ўсе задумкі, імкненні, планы, праекты, эскізы і замалёўкі. У мастакоў трэніраванае вока, прыгожае можна знайсці ва ўсім, а ўбачанае падштурхне да новых задумак і дзеянняў. А для захавання “прыгожага”, дарэчы, ёсць класная праграма Pinterest, і калі не хапае “сілкавання” для вачэй, вельмі дапамагае.

Калі натхненне працаваць знікае, патрэбная змена дзейнасці каб трошкі пераключыць розум, а таксама разабрацца ў прычынах ступару. Можа аказацца, што нешта не атрымалася, як хацела, – значыць, трэба перарабіць. Магчыма, закралася памылка (форма, падбор колераў) – значыць, распароць і зрабіць нанова.

А мара ў мяне адна – ахапіць неахопнае. Усё паспець, усё зрабіць, быць класнай мамай і супер-мастаком – а значыць працаваць і самаўдасканальвацца. І каб часу на ўсё хапала!

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра