Як перажыць выгаранне: досвед людзей творчых прафесій

Што выклікае выгаранне і як яго распазнаць на ранніх этапах, пакуль яно не спапяліла цябе ўшчэнт? Ці магчыма ўсё жыццё жыць творчасцю і ні разу не сутыкнуцца з выгараннем? Якія прыёмы і практыкі дазваляюць хутчэй даць рады выгаранню і вярнуцца да творчасці?

Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі прадстаўніцам творчых прафесій: дызайнерцы ўпрыгожанняў Дар’і Палуян, мастачцы ювелірнага тэкстылю Марысі Лось і рэдактарцы і ароматэрапеўтцы Людміле Навіцкай, якія перажывалі выгаранне і падзяліліся сваім досведам з ALOVAK. А таксама папрасілі паразважаць на тэму выгарання і пракаментаваць адказы гераінь псіхатэрапеўтку Кацярыну Кабанаву.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: архіў герояў

Як вы адчулі першыя прыкметы выгарання? Якімі прычынамі яно было выклікана?

Марыся:

“Першыя прыкметы я празявала, проста ў нейкі момат зразумела, што прымушаю сябе працаваць і пры любой магчымасці збягаю ад працэсу. Мяркую, што асноўнай прычынай быў стрэс, вельмі моцны стрэс. І спачатку здавалася, што ў творчасці можна было схавацца, але атрымалася адваротнае: творчасць згарала разам з нервамі – і ніякая валяр’янка не дапамагала”. 

Дар’я:

“Першае, што я адчула – адсутнасць энэргіі, то бок жаданні яшчэ былі, але сіл не было. Прычыны – мой сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, праблемы ў сям’і, агульная адмоўная тэндэнцыя ў свеце і ў краіне, адсутнасць адпачынку і мэты”.

Людміла:

“Першыя прыкметы я прапусціла, мне муж біў у званы ўвесь час, што я змянілася, а я думала, што проста не цягну. Я была галоўнай рэдактаркай, што вымагала, акрамя тэкстаў, шмат стасункаў з новымі незнаёмымі людзьмі і адказнасці перад партнёрамі. Кожны раз гэта быў стрэс. Як журналістка я пачувала сябе выдатна, а як менэджарка – у мяне не было ніякіх ведаў і навыкаў кіраваць і арганізоўваць працу 7-10 чалавек”.

Як вы рэагавалі на стан выгарання? Што спрабавалі зрабіць, каб яго пераадолець?

Марыся:

“Для мяне пры моцным стрэсе творчасць стала не ратаваннем, а растратай. Як жаданне загасіць полымя паперай: пых! – і не паспела заўважыць, як нічога не можаш рабіць. Я спынілася, адышла ад “працоўнага стала”, навяла парадак, усё прыбрала. Звычайная руціна: памыць посуд, загрузіць пральную машыну, нешта скласці па сваіх месцах і асэнсаванне гэтых дзеянняў сталі дробнымі крокамі да выхаду з гэтага стану. А таксама шмат валяр’янкі і дурацкія відосы са смешнымі коцікамі. А праз нейкі час захацелася проста паглядзець, а што я там рабіла? Перагледзець эскізы, зірнуць у нататкі – і панеслася…”.

Дар’я:

“Спачатку вельмі перажывала (тры месяцы), нават вырашыла кінуць сваю справу і сысці ў найміткі. Затым правяла інтэнсіўную ўнутраную працу і прыняла свой стан. Тады стала менш працаваць, упершыню арганізавала сабе тыднёвы адпачынак у санаторыі (дапамог на час). Галоўнае крэда, якое мяне не адпускала і дапамагала тады:  “І гэта пройдзе”.

Людміла: 

“Звалілася з абсцэсам горла, потым пайшла ў адпачынак на 2 тыдні, далей – у псіхатэрапію. Псіхатэрапія доўжылася год (спачатку двойчы на тыдзень, потым раз на тыдзень, потым раз на 2 тыдні, раз на месяц) і дапамагла. З пасады я сышла, і ўвогуле сышла з працы, 6-7 месяцаў адпачывала”.

Як вы вярнуліся да творчасці і як адчуваеце сябе цяпер?

Марыся:

“Цяпер я пазнаю выгаранне на ранніх этапах, але прыйшлося перажыць гэта для атрымання досведу. Мне было адносна лёгка разабрацца, бо я разумела прычыну, я зажмурылася, наваляр’янілася і чакала. Праўда, не заўсёды можна знайсці прычыну, але ў любога выгарання яна ёсць. І калі разабраць ланцуг падзей, знойдзецца тая кропка, калі усё пачало тануць”.

Дар’я:

“Павольна, павольна, крок за крокам. Адчуваю сябе нашмат лепш, але раблю ўсё паступова, даючы сабе адпачынак і не ганячы сябе за гэта”.

Дар’я Палуян у сваёй майстэрні, фота Ганны Латушка

Што вы можаце парэкамендаваць людзям творчых прафесій? Як не праваліцца ў выгаранне?

Марыся:

“Цяжка змяніць стаўленне да прычыны выгарання, але саму прычыну можна “зменшыць” да цьмянай плямкі, якая не кіруе тваім станам, бо ты рэальна не можаш змяніць у канкрэтны момант анічога. Гэта ў НЛП ёсць такі прыём: прыемны ўспамін рабіць унутрана яркім, гучным, яскравым, а тужлівы – маленькім, ціхім, дробненькім.

Акрамя творчасці, трэба мець яшчэ пару ўлюбленых заняткаў, каб чаргаваць дзеянні. Ну і класічнае: паўнавартасны сон, свежае паветра, магчымасць агучыць некаму свае перажыванні”.

Дар’я:

“Калі вы сутыкнуліся з выгараннем, вам давядзецца пражыць гэта, але заўсёды памятайце, што ўсё ў жыцці часова. Пазбегнуць выгарання немагчыма. Кожны чалавек любой прафесіі праходзіць праз гэта. І гэта нармальна”.

Людміла:

“Цяпер я кіруюся ў працы і жыцці метадам кола года. Немагчыма увесь час расці і квітнець, ёсць перыяды восені, калі варта сабраць ураджай, і зацішша зімы, каб перасабрацца ў нешта новае. І калі прымаць як патрэбнае гэты перыяд і заўважаць, то і эмацыйнае дно ўжо не так пужае. Значыць, прыйшоў час выкідаць памерлае”.

Людміла Навіцкая, у мінулым рэдактарка, а цяпер ароматэрапеўтка

Як папярэдзіць выгаранне: каментар псіхатэрапеўткі Кацярыны Кабанавай

“Я ніколі не трапляю ў стадыю выгарання, таму што я вельмі дакладна адсочваю першыя прыкметы таго, што я стамілася.

Я лічу, што чалавек дасягае мяжы выгарання, спусташэння, знясілення, нежадання займацца сваёй улюбёнай дзейнасцю тады, калі ён кепска сябе ведае, вельмі позна рэагуе на сігналы свайго цела і сваёй псіхікі.

Калі быць да сябе ўважлівым/ай, чулым/ай, усвядомленым/ай, пры першых жа званочках стомы ты можаш зрабіць для сябе нешта такое, што можа прадухіліць далейшае выгаранне. Калі я адчуваю, што нешта не так, я адразу прыслухоўваюся да сябе, даю сабе адпачынак і разумею, што далей лепш не працаваць, што ёсць мой асабісты ровень трываласці, пасля якога мне ўжо будзе складана. Таму я спрабую жорстка дазаваць сваю працу, адчуваю, калі мне варта зрабіць перапынак ці паехаць у адпачынак, зменшыць колькасць кліентаў або паставіць больш кліентаў у пэўныя дні і вызваліць больш выходных.

Кацярына Кабанава

На мой погляд, найлепшай прафілактыкай выгарання з’яўляецца дазвол сабе нейкі час не працаваць і зусім не займацца сваёй творчай ці прафесійнай дзейнасцю, а пагрузіцца ў адпачынак і расслабленне: масажы, спа-працэдуры, басейн, гідра-працэдуры або прыроду.

Я бы рэкамендавала людзям не толькі творчых, але і любых прафесій быць уважлівымі да свайго стану, да стану свайго цела і душы, учас заўважаць моманты напружання і стрэсу. Пачытаўшы гісторыі гераінь, я заўважыла, што тут чырвонай ніткай гучыць думка пра тое, як важна быць уважлівай да сябе, ставіцца да сябе з клопатам і пяшчотай, каб своечасова заўважыць, што вы знясіленыя і патрабуеце адпачынку. У адной з удзельніц быў вельмі вялікі стрэс, а гэта дужа знясільвае. Любыя высілкі, якія ў больш рэсурсным стане мы маглі б зрабіць спакойна, на фоне стрэсу даюцца вельмі цяжка, могуць ісці на надрыве. Калі ў чалавека было моцнае стрэсавае перажыванне, то яму/ёй трэба быць удвая больш уважлівым/ай да сябе, трэба разумець, што неабходны час на аднаўленне.

Любая стрэсавая рэакцыя вымушае чалавека мабілізавацца і развязваць задачы на мяжы магчымасцяў. А ўсе псіхалагічныя змены і перажыванні пачынаюцца менавіта пасля стрэсу, гэта важна ўлічваць.

Важна назіраць за сваім целам, не даводзіць да таго, калі ўжо нешта баліць, а загадзя заўважаць, якая ў целе напруга і якое эмацыйнае напружанне яе выклікала.

На мой погляд, усе ўдзельніцы вельмі слушна адказалі на пытанне, як выходзіць са стану выгарання. Дазволіць сабе спакой, цішыню, перапынак. І толькі падчас гэтай паўзы можна ўсвядоміць, што ж адбылося насамрэч, даперажываць тое, што засталося не перажыта. Таму што выгаранне адбываецца тады, калі мы надта шмат на сябе бяром і не заўважаем, калі гэтае нешта становіцца цяжкім заплечнікам з каменнем, які ўжо немагчыма несці. Выгаранне – гэта абарончая рэкцыя псіхікі, калі чалавек сам не адсочвае гэты момант, яна яму гаворыць: давай скінем гэты заплечнік, бо далей так ісці немагчыма. Таму перапынкі ў працы, магчымасць даць сабе парасслабляцца і нешта адрэфлексаваць, – гэта вельмі важны этап, каб аднавіцца і вярнуцца ў рэсурсны стан”.

Фота Кацярыны Кабанавай

(с) ALOVAK

Leave a Reply