Ксенія Святлічная расказала і паказала ALOVAK, як зрабіць калядны вянок з бярозавых галінак сваімі рукамі.
Тэкст і фота: Ксенія Святлічная
Плеценыя вянкі – адзін з сімвалаў Каляд у Еўропе. Зараз я жыву ў Сербіі, і такія вянкі тут можна сустрэць усюды: на ўваходных дзвярах кватэр у шматпавярхоўках або на весніцах у прыватных дамах. Вырабляюць іх з розных матэрыялаў: яловых ці звычайных галінак, саломы, лугавых кветак з дабаўленнем шышак, каласкоў і ягад. Мінус яловага вянка – праз два тыдні іголкі з яго паабсыпаюцца. Вянок, зроблены з бярозавых галінак, можа вісець гадамі, прычым, у залежнасці ад сезону, вы можаце мяняць яго дызайн. Напярэдадні навагодніх свят у яго можна дадаць яловыя галінкі і сухія скрылькі апельсіна, вясной ажывіць кампазіцыю першым лісцем, а летам – свежымі кветкамі. Да таго ж такі вянок можа стаць выдатным падарункам, які не запатрабуе шмат грашовых і часавых выдаткаў. Такім чынам, распавядаю, як зрабіць вянок з бярозавых галінак.
Неабходныя інструменты і матэрыялы
Для асновы вянка:
- тонкая вяроўка;
-
нажніцы;
-
бярозавыя галінкі.
Для дэкору:
- засушаныя гронкі любых ягад;
-
яловыя галінкі;
-
лісце;
-
шышкі.
Парада:
Для асновы лепей выкарыстоўваць не высахлыя галінкі, а гнуткія: яны пры згінанні не зломяцца і будуць добра трымаць форму.
Працэс
Крок 1
Складзіце некалькі бярозавых галінак у адным напрамку. Пакуль не злучайце вярхушкі з іх асновамі, а размяркуйце галінкі з лісцем па ўсёй даўжыні будучай акружнасці вашага вянка.
Крок 2
Тонкай вяроўкай ці дротам даўжынёю 15-20 сантыметраў перавяжыце прыкладна пасярэдзіне пучок галінак, які атрымаўся. Вяроўку прапусціце праз асноўныя галінкі, а астатнія пакіньце звонку, пазней зробіце пляценне вакол іх, што дазволіць дасягнуць эфекту нядбайнай натуральнасці.
Крок 3
Адрэжце яшчэ адзін кавалак тонкай вяроўкі. Сфармуйце з галінак акружнасць і перавяжыце яе. На дадзеным этапе вельмі істотна скласці галінкі менавіта ў кола, а не ў авал, каб далей ваш вянок не дэфармаваўся. Можаце злёгку прыдавіць перавязаную акружнасць па баках, каб згладзіць няроўнасці.
Парады:
· Калі вы выкарыстоўваеце галінкі з лісцем, то на гэтым этапе можна зрэзаць лішнія лісточкі, каб лепей было відаць выгібы вецця. Чым больш лісця вы пакінеце, тым пухнацейшы атрымаецца вянок.
· Калі раптам вы заўважыце, што з аднаго боку вянок атрымаўся менш шчыльны, то гэтую праблему можна лёгка вырашыць, дадаўшы новыя галінкі і замацаваўшы іх сярод іншых.
Крок 4
Зараз усе галінкі, што “выступаюць” з вянка, неабходна аплесці вакол асноўных галінак. Важна рабіць гэта ў адным кірунку. Тады будучы вянок будзе глядзецца акуратна.
Аснова вянка гатовая!
Крок 5
Матэрыялы для ўпрыгожання замацуйце да вянка, прасоўваючы іх скрозь галінкі. Адзін момант: пачынаць лепей з больш “цяжкіх” і аб’ёмных матэрыялаў, напрыклад, з шышак. Іх можна перавязаць вяроўкай, уставіць паміж галінак і пасадзіць на клей. А вось хісткія гронкі ягад варта замацоўваць напрыканцы.
Вянок гатовы!
(с) ALOVAK
[…] галінкі – як гэта робіцца, мы раней паказвалі на прыкладзе каляднага вянка. Па тым самым прынцыпе можна сплесці дэкаратыўнае […]
[…] галінкі – як гэта робіцца, мы раней паказвалі на прыкладзе каляднага вянка. Па тым самым прынцыпе можна сплесці дэкаратыўнае […]