Парады фларыста: як зрэзаць, захаваць, выбраць кветкі

Мы задалі фларысту і кветкаваму фермеру Кацярыне Карэнюгінай 12 дылетанцкіх пытанняў пра кветкі, а з адказаў даведаліся: чаму кветкі не сябруюць з садавіной, як давезці дадому зрэзаныя кветкі свежымі, ці заўсёды трэба выкідаць упакоўку ад букета … і шмат што іншае!

Тэкст: Кацярына Карэнюгіна
Фота: Марыя Завадская, Кася Сырамалот, Алена Драздова

Як падоўжыць жыццё кветкам?

Трэба выбіраць свежыя кветкі і як след даглядаць за імі: не ставіць паблізу ад крыніц цяпла, на скразняку, на падаконніку пад прамыя сонечныя прамяні. Трымаць кветкі далей ад садавіны – яна вылучае таксіны, пагібельныя для кветак.

Ваду пажадана мяняць кожны дзень, добра вымыўшы пры гэтым посуд і прамыўшы пад вадой сцёблы. Ёсць расліны, якія не выносяць учарашнюю ваду (півоні, сланечнікі, ранункулусы).

Фота: Кася Сыромолот

Што рабіць са сцёбламі кветак?

Чысціць сцёблы перад тым, як паставіць у ваду, неабходна не менш, чым на адну трэць сцябла ці так, каб лісце не трапляла ў ваду.

Сцёблы лепш падрэзаць пад вуглом 45 градусаў. Гэта забяспечыць вялікую плошчу ўсмоктвання вады, кветка атрымае харчаванне больш і хутчэй, што падоўжыць яе жыццё ў вазе. Важна: інструмент павінен быць вострым і чыстым!

Аднаўляць зрэзы пажадана кожны дзень.

Як выбраць вазу для кветак?

Ваза павінна быць устойлівай, чыстай і падыходзіць па памеры для той колькасці кветак, якую вы збіраецеся ў яе паставіць. Сцёблам не павінна быць занадта цесна, інакш працэс гніення і размнажэнні бактэрый будзе развівацца хутчэй, і кветкі завянуць значна раней. Занадта высокая і шырокая ваза для 1-3 сцёблаў таксама не падыдзе, усё павінна быць суразмерна букету.

Вазу варта вымыць з мылам (мыйным сродкам) пасля таго, як вы выкінеце завялыя кветкі і прыбераце яе да наступнага разу. Калі ў вашым доме кветкі пастаянна, то мыйце вазу з мылам перад кожным свежым букетам.

Фота: Кася Сырамалот

Ці варта нешта дадаваць у ваду для кветак?

Аспірын, цукар і іншыя кампаненты, якія падаўжаюць жыццё квета, вы можаце дадаваць па сваім жаданні. У сучасных кветкавых салонах разам з букетам пакупнік атрымлівае пакецік спецыяльнага сродка, каб кветкі даўжэй радавалі, – гэта дае магчымасць вельмі занятым людзям не мяняць ваду 2-3 дня. Такія сродкі можна купіць і ў буйных супермаркетах. Сама я выкарыстоўваю іх толькі для прывазных кветак зімой і часам вясной, калі ў кватэрах уключана ацяпленне, і ад рэзкага перападу тэмператур кветкі хутка паміраюць.

Што рабіць з завялымі або зламанымі кветкамі ў букеце?

Завялыя кветкі можна выкінуць, калі яны зусім не падаюць прыкмет жыцця.

Калі зламалася сцябло, можна абрэзаць яго вышэй месца злому і паставіць у маленькую вазачку на туалетны столік;)

Фота: Алена Драздова

Што наконт такіх спосабаў рэанімацыі кветак, як адпаіць ў ваннай або паставіць у кіпень?

Не ўсе кветкі любяць, калі іх цалкам кладуць у ваду. Кроплі вады трапляюць унутр бутонаў і пачынаецца працэс гніення. Лепш аднавіце зрэзы на 1,5-2 см, шчыльна загарніце ў паперу і пастаўце ў халодную чыстую ваду ў прахалоднае месца. Выключэнне – гартэнзія, яна любіць купацца з галавой.

Кіпень – гэта звыш- мера для рэанімацыі некаторых раслін. Ставіць у яго ўсе кветкі запар – блюзнерства. Сцёблы некаторых зёлак (напрыклад, мяту) можна апусціць у гарачую ваду на некалькі секунд, потым паставіць у прахалодную.

Як правільна зразаць жывыя кветкі ў сваім садзе?

Зрэзку кветак ва ўласным садзе або ў полі непадалёк ад дома лепш рабіць у сухое надвор’е рана раніцай пасля высыхання расы ці вечарам, пакуль раса не з’явілася.

Для таго, каб правільна зрэзаць жывыя кветкі, неабходна ведаць фазу зрэзкі кожнай канкрэтнай расліны. А яшчэ працаваць чыстым вострым інструментам (чысціць яго кожны раз пасля працы). І як мага хутчэй паставіць кветкі ў ваду для найлепшага захоўвання.

Невялікі лайфхак: калі вас чакае доўгая дарога дадому (напрыклад, з дачы), і няма магчымасці хутка паставіць зрэзаныя кветкі ў ваду ­– загарніце сцёблы ў вільготную папяровую сурвэтку і пасля закруціце іх у поліэтыленавую плёнку або пакет.

Фота: Марыя Завадская

Як выбіраць кветкі ў кветкавай краме?

Удакладніце, калі быў прывоз у кветкавай краме, у якой збіраецеся купіць кветкі. Папрасіце фларыста паказаць кветкі з свежага прывозу. Выбірайце дужыя роўныя сцёблы з чыстым добрым лісцем і бутоны з пялёсткамі без заломаў.

Ні ў якім разе не чапайце кветкі рукамі за галоўкі – яны гэтага не любяць, абмяжуйцеся візуальным аглядам. Лепш папрасіць прадаўца дастаць вам кветку, якая спадабаецца найбольш.

Што рабіць з упакоўкай букета?

Здымаць упакоўку з букета ці не – атрымальнік/ца вырашае сам/а. Па правілах этыкету кветкі падаюць без упакоўкі. Але цяпер усё часцей упакоўка з’яўляецца неад’емнай часткай букета, дапаўняе яго па колеры, фактуры. Таксама ўпакоўка абараняе букет ад знешніх фактараў пры транспарціроўцы, а таксама салон аўтамабіля і адзенне дарыльшчыка ад пылку і магчымых забруджванняў.

Фота: Алена Драздова

Што рабіць з сабраным букетам – ці трэба яго развязваць дома?

Ніхто не можа прымусіць вас паставіць падораны букет у сабраным выглядзе, не разразаючы звязак. Але фларыст вельмі стараўся для вас, збіраючы яго, улічваючы ўсе пажаданні вашых блізкіх, падбіраючы ўсе кампаненты букета менавіта для вас, таму не здарыцца нічога страшнага, калі букет некалькі дзён пастаіць у вас дома сабраным. Гэтым вы выкажаце павагу і да дарыльшчыка, які стараўся для вас. Падрэзаць звязаны букет таксама можна: вострым інструментам кожнае сцябло.

Што рабіць з завялымі кветкамі (акрамя таго, каб выкінуць :))?

Калі вы любіце засушаныя кветкі, то можаце засушыць кветкі са свайго букета, як толькі з’явіліся першыя прыкметы завядання. Добра захоўвае форму ружа, эўкаліпт, лімоніўм, кермек (стаціца), стахіс, прыгожа высыхаюць жоўтыя ранункулусы. З палявых і садовых – усе зёлкі, скрыначкі нігелы (чарнушкі), дэльфініум (аднагадовы і шматгадовы), піжма, цмен (бяссмертнік ці імартэль), цэлозія, гамфрэна, асцільба, сінегаловік і іншыя. Для засушкі трэба проста падвесіць расліны галавой уніз у сухім цёмным незакрытым памяшканні, у цемры расліны лепш захоўваюць колер.

Фота: Марыя Завадская

(c) ALOVAK

1 Comment

  1. […] На нашым сайце можна пачытаць парады Каці пра тое, як зразаць, захоўваць і выбіраць к… […]

Leave a Reply