“Чырвона ружа, ня стой у гародзе…” – пра кветкі ў традыцыях беларусаў

Пра звычаі беларусаў, звязаныя з кветкамі, расказвае мастак, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Наста ГЛУШКО.

Тэкст: Наста Глушко
Ілюстрацыі: Ірына Бельская

У беларускай традыцыі ўсё прыбрана кветкамі. Куды ні глянь, паўсюль квітнеюць ружы, рута-мята ды дзясяткі іншых відаў раслін. Кветкі для чалавека – гэта не толькі квінтэсэнцыя хараства ў прыродзе, гэта яшчэ і самыя цудоўныя асацыяцыі: з маладосцю, каханнем, прыгажосцю.

У народным строі

Жывыя кветкі часта сустракаем у народным строі – і дзявочым, і жаночым, і нават мужчынскім.

Напрыклад, вянок, як сімвал цнатлівасці, мелі права насіць толькі дзяўчаты. Вянкі насілі не толькі на святы, але і проста, як упрыгожанне. Дзявочы вянок найчасцей сустракаем з руты, руты-мяты. Руту дзяўчаты саджалі ў гародзе, клапаціліся аб ёй, расказвалі ёй пра свае турботы.

Вянок, як сімвал цнатлівасці, мелі права насіць толькі дзяўчаты.

Кветкі сустракаюцца і ў жаночым строі. У некаторых рэгіёнах кветкамі шчодра ўпрыгожвалі наміткі, затыкаючы за край убора цэлы букецік. Часам вянок дазваляўся жанчынам і на Купалле, але выключна паверх жаночага замужняга галаўнога ўбору.

Кветкамі на святы, асабліва на вяселлі, прыбіраліся і мужчыны, замацоўваючы іх на капелюшах і ў пятліцах.

У вясельным вянку

Вясельны вянок заслугоўвае асобнага расповеду. Найчасцей яго рабілі са штучных кветак, таму што вянок імкнуліся захаваць на ўсё жыццё, як сімвал вернага кахання. Часам яго зашывалі ў падушку, ці хавалі на самае дно куфра. Жывыя кветкі, што высахлі і рассыпаліся з вянка, успрымаліся як нядобры сімвал.

Вясельныя вянкі рабілі са штучных кветак, таму што імкнуліся захаваць яго на ўсё жыццё, як сімвал вернага кахання.

Вясельныя вянкі ў некаторых рэгіёнах перадаваліся ад адной сяброўкі да другой, ад сястры да сястры, і выходзіла так, што ўсе сваячкі, ці нават ледзь не ўсе дзяўчаты вёскі, выходзілі замуж у адным і тым жа вянку.

 

Вясельныя вянкі  маглі вырабляць “дружкі”, “шаферкі”, “баяркі” на дзявочым вечары, але існавалі і майстрыхі, якія славіліся сваімі вырабамі на ўсю ваколіцу.  Улюбёнымі кветкамі ў такіх вянках былі, вядома, ружы, але маглі сустракацца і іншыя.

Да штучных кветак у вясельны вянок абавязкова дадавалі жывую зеляніну: мірт (які спецыяльна расцілі на падваконнях) ці барвенак, аспарагус ці папараць, залежна ад дастатку і мясцовай традыцыі. Вясельныя вянкі рабілі каляровымі, а белыя ўспрымаліся як сірочыя. З такіх жа кветак выраблялі і ўпрыгожанні для гасцей і жаніха – бутаньеркі-“шаферкі”.

У песнях і фальклоры

У народных песнях з кветкамі найчасцей параўноўваюць дзяўчыну. І найперш з ружай, як самай прыгожай і духмянай сярод нашых кветак. Ружай, дарэчы, у нас часта называюць шыпшыну.

“ – Ня стой ты, ружа, адна ў гародзе, ружа мая чырвоная.

– Я й так ня стою адна у гародзе,

 Да каля мяне усе цвяточкі…

– Да ты, Манечка , ты, маладзенька, ня стой у народзе, у карагодзе.

– Я й так ня стою адна ў народзе.

Да каля мяне ўсе дзевачкі…”

Найчасцей кветкі ўзгадваюцца ў купальскіх  і траецкіх песнях, што лёгка растлумачыць. Час, калі спяваюць гэтыя песні, як раз прыпадае на самы росквіт прыроды. У тэкстах сустракаюцца ружы, шалфей, рута, рута-мята, мядуніца, каліна ў квецені…

Купальскія кветкі “бра?ткі” распавядаюць сумную гісторыю пра брата і сястру, што пакахалі адно аднаго, не ведаючы, што яны родныя. Праз немагчымасць быць разам ператварыліся яны ў кветкі:

“Пойдзем, сястра, у лясок, дай скінемся травою, што брахнейка* з сястрою. А на Івана Купала будуць дзеўкі ў краскі ісці, будуць яны краскі рваць, у вяночкі ўвіваць, сястру з братам успамінаць…”

*брахнейка – дыялектная  форма слова “брацейка”.

Немагчыма не прыгадаць самую знакамітую кветку беларускага фальклору – папараць-кветку, што квітнее выключна на Купалле і проста так у рукі не даецца, калі нават пашчасціць яе адшукаць. Але калі атрымаецца авалодаць ёю – адкрыюцца шчасліўцу ўсе скарбы схаваныя, пазнае ён усе мовы: і звярыныя, і птушыныя… Але, як бачым з казак і песень, мала каму па сілах такі дар.

Ці заўважалі вы, як незвычайна цвіце каліна? У пышным суквецці крайнія кветкі ўтвараюць шчыльны радок, а сярэдзінка нібы ў пупышках. Падобна на вяночак. Таму, відаць, каліна найчасцей ідзе побач з нявестаю ў вясельных песнях:

“Непраўдзівая каліна, казала, цвісці не буду,

белага цвеціка не пушчу,

а прыйшла пара – зацвіла…”.

У бяседных песнях каліна найчасцей – спадарожніца кахання: і шчаслівага, і не вельмі.

Квітнеюць валошкі ў жніўных песнях. У вясновых бачым барвенак і вярбу, якія раней за ўсіх радуюць нас вясной.

Цікава, што, прааналізаваўшы старыя песні, можна з упэўненасцю расказаць, якія кветкі карысталіся ўвагай нашых продкаў, якія з іх вырошчвалі каля хаты, якімі лячыліся. Дыялектныя назвы раслінаў часам здзіўляюць сваёй лірычнасцю і нязвыкласцю. Напрыклад, душыца часта завецца “мацярдушкай”, зверабой – “святаяннікам” (бо пачынае квітнець акурат на Святога Яна), звычайны крываўнік (тысячаліснік) ­– “серпарэзнікам”, а гваздзік-травянка – “слёзкамі Божай мацеры”.

Дыялектныя назвы раслінаў часам здзіўляюць сваёй лірычнасцю і нязвыкласцю.

У бабуліным куфры

Паслухаўшы казак і песень, зазірнем у бабулін куфар. Тут таксама кветак безліч! На посцілках і дыванах квітнеюць ружы, а ў пазнейшыя часы і іншыя садовыя кветкі. Ружы ўпрыгожваюць і рушнікі, і кашулі (пераважна дзявочыя), фартушкі і гарсэцікі.

Ды і сам куфар увесь у кветках. Кветкамі аздоблены і дыван-маляванка над ложкам.

У народным строі ў вышыўцы кветкі ўзнікаюць у больш позні час, калі сэнс старажытных знакаў пачынае забывацца, але жаданне ўпрыгожыць сваё адзенне яшчэ застаецца. Цікава, што кветкі вышываюць на тых жа месцах, што і даўнія арнаменты, захоўваючы іх сімвалічнае абярэгавае размяшчэнне на адзенні.

Кветкавыя кампазіцыі ў народным адзенні часта называюць “бракараўскімі” альбо “мыльнымі ўзорамі”. На пачатку стагоддзя на нашых землях актыўна працавала фірма “Бракар і сыны”, што гандлявала мылам. Мыла, для прыцягнення ўвагі сялянак, заварочвалі ў паперкі-ўзорнікі з прыкладамі вышыўкі крыжыкам. Пераважалі натуральна-кветкавыя матывы, таму вельмі хутка адзенне нашых прабабуль расквецілася новымі, моднымі “мыльнымі” ружамі і лілелямі. Бракараўскія ўзоры склалі цэлую эпоху ў народным касцюме.


Кветкі спрадвеку прыцягваюць увагу да сябе сваім водарам і прыгажосцю, таленавітыя рукі пераносяць іх у вышыўку і ткацтва, іншыя аздобы, а душа спявае ім песні. Няхай жа і ў нашым жыцці паўсюль квітнеюць прыгажосць і радасць!

 

Leave a Reply