Шлях да ілюстрацыі Волі Кузьміч: Не збочваць і не разварочвацца

Ілюстрацыі мастачкі ды аніматаркі Волі Кузьміч можна сустрэць у кнігах, мабільных дадатках, і нават на пачках партугальскага цукру. Ейныя анімацыйныя ролікі і графіку замаўляюць буйныя камерцыйныя маркі накшталт McDonalds i Nestle, экалагічныя ініцыятывы і муніцыпалітэты гарадоў Швэцыі. А паштоўкі і сувеніры з эмацыйнымі малюнкамі Волі прадаюцца ў самых вядомых крамах падарункаў Мінска. Нашая гераіня – прыклад таго, як чалавек з адукацыяй матэматыка можа атрымаць больш за 30 перамог на фестывалях рэкламы і творчасці. Мы ўзялі інтэрв’ю ў Волі на фестывалі “Салатавая варона” і даведаліся, як яна да гэтага прыйшла.

Тэкст: Кацярына Буто
Рэдактура: Іна Мудрачэнка
Фота: Юра Сідун
Ілюстрацыі: Воля Кузьміч

“Я б з радасцю зноўку прайшла гэты шлях”

Воля, ты скончыла мехмат БДУ, атрымала другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную, але паводле спецыяльнасці ніколі не працавала. І паралельна ўвесь час малявала. Ці можна сказаць, што твой шлях да ілюстрацыі быў доўгім?

Я б сказала не доўгім, а свядомым. У дзяцінстве я малявала заўжды, бывала, змалёўвала за дзень па альбоме, тата закупляў іх з запасам. Гэта заўжды было са мною не як асобная навука ці ўменне, якім трэба авалодаць, а проста як дадзенасць. А вось матэматыка мяне вабіла ды інтрыгавала сваёй дакладнасцю ды невядомасцю. Таму, калі прыспеў час абіраць адукацыю ў 13 гадоў, я спынілася на фізіка-матэматычным факультэце ў ліцэі. А потым уцягнулася і паступіла на механіка-матэматычны факультэт БДУ.

Юрыдычная ж адукацыя стала бягучай патрэбай. Я на той час актыўна займалася студэнцкім рухам, і каб больш глыбока разумець прадмет, пайшла вывучаць права ў БДЭУ. Але ўвесь гэты час я малявала. У школе – для сябе і сяброў, у студэнцкі час – ілюстрацыі для прома-прадукцыі, паштовак, нашых папяровых выданняў, стыкераў ды іншага мерчу.

Каб можна было вярнуць час назад, ці стала б ты атрымліваць дзве адукацыі не звязаныя з ілюстрацыяй?

Так, я б з радасцю зноўку прайшла гэты шлях. Нават цяпер часам забягаю ў галоўны корпус БДУ паглядзець расклад, пашукаць знаёмыя прозвішчы выкладчыкаў, павітацца. Для мяне ілюстрацыя і анімацыя – гэта інструмент для візуалізацыі тэм, з якімі працую. І маючы розныя адукацыі, а з імі розны досвед, я адчуваю сябе багацейшай.

Ды ўсё ж, як паўплывала на цябе і тваю творчасць адукацыя матэматыка і юрыста?

Спалучэнне тэхналогій і творчасці вызначае мае сучасныя праекты. Вышэйшая матэматыка навучыла арганізаванасці, сістэмнасці, уменню ствараць свой свет. Менавіта праз матэматыку я прыйшла ў анімацыю і атрымала гэтую суперсілу 🙂

Мы ў студэнцкі час загарэліся стварэннем мультфільмаў. Пачалі з класічнага падыходу: ёсць Воля, якая ўмее маляваць, ёсць праграміст, які будзе нешта “кодзіць”, і ёсць дызайнер, які будзе ўпакоўваць атрыманы прадукт у абгортку. Аднак, калі я ўцягнулася ў Flash, то не пакінула іншым працы, бо зразумела, што я знайшла цалкам сваё: малявала, рабіла анімацыю і кодзіла ActionScript для інтэрактыву.

Сёння я працую з новымі тэхналогіямі. Мне цікавая лічбавая вектарная ілюстрацыя ды інтэграцыя яе ў мабільныя дадаткі і вэб-праекты. Я не маю справы штодня з фарбамі і палотнамі, хоць часам і іх выкарыстоўваю. Мае ілюстрацыі развязваюць задачы. Як сфармуляваць і данесці да патрэбнай аўдыторыі нейкае паведамленне? Штораз падбіраю інструменты: ілюстрацыя, анімацыя, інтэрактыў, трапны сюжэт i гумар. Пачынаецца звычайна кожны праект з алоўка і аркуша, а па выніку адточваецца ў адной з графічных праграм вялікага пакету Adobe.

Спалучэнне тэхналогій і творчасці вызначае мае сучасныя праекты.

“Мне ўвесь час хацелася рабіць нешта карыснае і паляпшаць свет”

Каго б ты магла назваць сваім настаўнікам у ілюстрацыі?

Мае першыя настаўнікі – гэта бацькі. Я нарадзілася на Палессі, і ўсё маё дзяцінства прайшло там, у вёсцы, побач са шматлікімі сваякамі, братамі-сёстрамі. Тата набываў мне альбомы, фарбы, выпісваў часопіс «Юный художник». І вучыў мяне двум правілам у ілюстрацыі: анатоміі ўсмешкі і прапорцыям цела. Абодва правілы я цяпер свядома парушаю, але штораз з цеплынёю іх прыгадваю. Дужкаю малюю ўсмешку і няроўныя прапорцыі вельмі люблю. Рукі могуць быць значна большыя ці меншыя за ногі, калі гэта тое, што можа надаць персанажу патрэбную эмоцыю ці характар. Цяпер я разумею гэтыя правілы так: назіральнасць (гэта пра ўсмешку) і баланс (гэта пра прапорцыі).

А маці навучыла ўседлівасці і мэтанакіраванасці. Немагчыма атрымаць ураджай з сёння на заўтра. Гэта доўгі працэс і ён вымагае цярпення і працы, ніводным з этапаў нельга грэбаваць. Немагчыма атрымаць добры вынік адразу, неабходная сістэмнасць і дальнабачнасць. Пры стварэнні серыі ілюстрацый, напрыклад, патрэбна правесці аналітычную працу, каб кожны вобраз быў абгрунтаваным, распрацаваць усе эскізы, вызначыць колеравую гаму, каб усё атрымалася ў адным стылі і працавала на агульны вынік.

Я вельмі люблю вучыцца – у прафесіяналаў з маёй сферы, з кніг, інтэрнэту, а таксама проста ў людзей вакол. Кожны харызматычны чалавек – гэта натхненне і магчымы правобраз аднаго з маіх будучых персанажаў. Я не вучылася ў мастацкай школе і не мела выкладчыка, які б мяне вёў і дапамагаў шукаць стыль. На момант, калі я ўжо прафесійна займалася ілюстрацыяй, было позна, бо мне ж працаваць трэба. Гэта заўсёды торг з сабой – ці ўзяцца за новы праект, ці зрабіць паўзу для таго, каб павучыцца. Я стараюся гэты баланс шукаць і вучыцца штодня, асабліва новым тэхналогіям. Для гэтага абіраю хутчэй не навучальныя праграмы, а вывучаю канкрэтныя пытанні, якія мяне цікавяць. Стараюся сачыць і за тэмамі, якія мяжуюць з ілюстрацыяй – рынак мабільных гульняў, карысных дадаткаў.

Гэта заўсёды торг з сабой – ці ўзяцца за новы праект, ці зрабіць паўзу для таго, каб павучыцца.

Які момант стаў пераломным у тваім жыцці: як ілюстрацыя стала тваёй працай?

У мяне не было такога моманту разумення, што я адразу стала ілюстратарам. Можна сказаць, што я ніколі не збочвала са свайго шляху, а тым болей, мне не даводзілася разварочвацца і абіраць іншы кірунак. Як чалавеку, глыбока апантанаму сацыяльнымі тэмамі, мне ўвесь час хацелася рабіць нешта карыснае і паляпшаць свет. І я ведала, што калі трэба расказаць пра пэўную праблему візуальнымі сродкамі, я магу гэта намаляваць. Гэта як ісці па дарозе сваім шляхам, а на ўзбочынах бачыць шмат праблем і магчымасцяў. Справа, напрыклад, смецце раскіданае – прыбіраю, злева – коцік кінуты, падбіраю. Але я буду больш эфектыўнай, калі скарыстаюся ў такіх сітуацыях сваімі прафесійнымі здольнасцямі ды агучу праблему, каб на яе звярнулі ўвагу і іншыя. Напрыклад, намалюю плакат пра смецце і коцікаў, каб да вырашэння задачы далучылася болей людзей.

Я рабіла і раблю шмат некамерцыйных праектаў. Працы атрымлівалі вядомасць і прыносілі ўзнагароды. За ўсім гэтым цягнічком ішлі кліенты, якія пачалі замаўляць усё болей і болей, пакуль я не адчула сябе маленькай фабрыкай. У нейкі момант стала відавочна, што даводзіцца абіраць, бо на ўсе захапленні не стае часу. І я спакваля закончыла іншыя мае заняткі і сканцэнтравалася на тым, што падабаецца мне найбольш. Цяпер я працую ў інавацыйным стартапе, што дазваляе з азартам сачыць, як тэхналогіі штучнага інтэлекту мяняюць свет, выконваю замовы для сусветных марак накшталт McDonalds і Nestle, а таксама для лакальных некамерцыйных арганізацый. Паралельна я выпускаю калекцыю сваёй аўтарскай сувенірнай прадукцыі ды ілюструю кнігі.

Я ніколі не збочвала са свайго шляху, а тым болей, мне не даводзілася разварочвацца і абіраць іншы кірунак.

“Усе кліенты, з якімі я працую, ідэальныя”

Як ты прапануеш свае паслугі цяпер? Якімі рэсурсамі/пляцоўкамі карыстаешся і чаму?

Мне падаецца найбольш натуральным, калі пра цябе як пра прафесіянала сведчаць твае працы. Таму ў кожны праект я стараюся ўкласці свае самыя актуальныя веды. Звычайна кліенты самі да мяне звяртаюцца, ёсць сталыя, і працуе механізм рэкамендацый. Аднак прасоўваннем заўжды варта займацца. Самае галоўнае – мець партфоліё. Платформа не столькі важная, цяпер шмат магчымасцяў, аднак нейкая вітрына стылю, колераў і самых вызначальных прац мусіць быць.

Я размяшчаю сваё партфоліё на Behance. Добра памятаю момант, калі перагледзела свае працы, як камерцыйныя, так і некамерцыйныя, абрала найбольш характэрныя для мяне праекты і апублікавала там. Было пачуццё, нібыта ныраю ў глыбокую ваду, бо гэта платформа, на якой можна камунікаваць з кліентамі і творцамі з усяго свету. Behance прывёў да мяне замежных замоўцаў і дапамог глядзець на сябе і свой стыль у сусветным кантэксце.

Раю размяшчаць працы, у кірунку якіх хацелася б развівацца, бо вельмі часта ў творчых людзей ёсць парывы працаваць у розных сферах. Лепш абраць адзін стыль і глядзець на сябе на крок наперад, каб такія замовы і прыходзілі.

Таксама ў прасоўванні дапамагаюць удзелы ў конкурсах, фестывалях – гэта ўсё рэклама, якая працуе, а таксама дадае пачуццё кантэксту і дапамагае падрахаваць зробленыя праекты. Вядома ж, варта разумець значнасць сацыяльных сетак як рэкламнага інструменту, куды ж цяпер без іх.

Лепш абраць адзін стыль і глядзець на сябе на крок наперад, каб такія замовы і прыходзілі.

Твой ідэальны кліент – які ён? Ці бываюць такія ідэальныя кліенты ўвогуле?

Абсалютна так! Ёсць, і іх шмат. Напраўду, усе кліенты, з якімі я працую, ідэальныя. Кліент – гэта твой партнёр і тваё адлюстраванне. На тое, на колькі ідэальны кліент, уплывае тое, на колькі ў гэты момант я сама ідэальная, наколькі мне блізкая тэма праекту, і наколькі ён дазваляе эксперыментаваць. Мне заўжды прыемней працаваць з тэмамі, якія робяць свет лепшым. Таму, напрыклад, я не працую з алкагольнымі брэндамі.

Калі з’яўляецца новы кліент, мы абмяркоўваем усе магчымыя пытанні, каб паразумецца і ствараем так званы брыф. Нават калі кліент кажа, што давярае мне ва ўсім, мы ўсё адно робім гэта. Кожны ва ўсякім разе мае нейкае бачанне выніку на эмацыйным узроўні. Таму ў брыфе ёсць абавязковы пункт “эмоцыі”. Я запытваю, якія эмоцыі мусяць адчуваць людзі пры праглядзе прадукту, які мы створым. Таму ідэальны кліент – той, з якім напачатку праведзена праца для высвятлення ўсіх момантаў, якія патрэбныя для выканання замовы. Гэтая прэлюдыя – абавязковая ўмова кожнага паспяховага праекту.

Таму ідэальны кліент – той, з якім напачатку праведзена праца для высвятлення ўсіх момантаў, якія патрэбныя для выканання замовы.

“Варта паважаць уласную працу …”

Як стаць запатрабаваным ілюстратарам і атрымліваць узнагароды на фестывалях і конкурсах? Якія б парады ты магла даць тым, хто толькі пачынае свой творчы шлях?

Я б, напэўна, не дзяліла парады для творцаў і людзей іншых прафесій, яны ўніверсальныя. Найперш – любіць тое, што ты робіш. Гэта калі вочы гараць, і ты можаш ісці на працу, нават калі за акном халодны восеньскі дождж, бо ведаеш, што цябе там чакае, напрыклад, «натоўп дыназаўрыкаў», як мяне 🙂

А другое: увесь час вучыцца. Як бы не зацягвала маляванне коцікаў, да прыкладу, трэба прыглядацца да новых сфер, прыдумваць, дзе яшчэ гэтыя «коцікі» могуць спатрэбіцца. Гэта тое, што натхняе і дапамагае развівацца.

А калі гэта ўсё ёсць, але поспех і запатрабаванасць не прыходзяць, што можна зрабіць?

Трэба паляцець куды-небудзь далёка на дзень-два, ці проста паехаць электрычкай з гораду, але максімальна выпасці са сваёй звыклай руціны, каб паспрабаваць абстрагавацца і паглядзець на сваю справу звонку. Можа аўдыторыя не ведае пра вашу працу, і варта падумаць пра яе прасоўванне? Вучыцца варта не толькі непасрэдна маляваць, а вучыцца пазіцыянаваць сябе і шукаць нішы, хадзіць на тэматычныя івэнты і фэсты, быць у кантэксце.

Вучыцца варта не толькі непасрэдна маляваць, а вучыцца пазіцыянаваць сябе і шукаць нішы, хадзіць на тэматычныя івэнты і фэсты, быць у кантэксце.

Як творчаму чалавеку ацаніць сябе? Не саромецца называць свае кошты за працу, не заніжаць іх?

Калі прадаеш уласны прадукт, заўжды варта памятаць, колькі было ўкладзена ў яго стварэнне. У падлеткавым узросце я часта ездзіла з бацькамі на кірмаш, мы прывозілі ў Мінск клубніцы. Прабягаешся раніцай па шэрагах, пакуль бацькі раскладаюць ягады, і глядзіш, што ўжо прапануецца, якія гатункі ёсць, якія кошты. Рынак дапамагае пабачыць кантэкст і прапановы калег. Аднак твой кошт – гэта той, за які камфортна працаваць канкрэтна табе, з улікам таго, як раслі клубніцы, ці шмат іх у цябе ды іншыя чыннікі. Ужо збіраючы клубніцы, маці ведала прыблізны кошт, якім мы іх будзем прадаваць, бо ягады – гэта толькі выніковы прадукт, а кірмаш і прапановы іншых – нагода ўпэўніцца ў сваіх разліках і пабачыць сваю адметнасць. Тое ж і з ілюстрацыяй, бо творчы прадукт – гэта не нарэзванне дэталяў на завадскім станку, а вынік даследавання сферы, прыняцця шэрагу пастаноў і толькі ўрэшце – візуал.

Аднак відавочны плюс ілюстрацыі – яна не сапсуецца, і яе кошт не ўпадзе так імгненна, як гэта бывае з клубніцамі. Таму варта паважаць уласную працу, не саромецца называць кошты, любіць свой прадукт, і не заніжаць кошт, калі гэта прыводзіць да душэўнага неспакою.

“Я спрабую рацыянальна падыходзіць да мараў”

З якімі складанасцямі ты сутыкаешся ў працы і як з імі змагаешся?

Я перфекцыяніст і люблю дэталі. Адчуваю неймавернае задавальненне, калі бачу, што ўсе часткі праекту зробленыя зладжана, адказна і з любоўю. Таму часам даводзіцца абіраць: зрабіць усё самой альбо ціснуць на калег для атрымання патрэбнага выніку. І я часта цісну! Яшчэ адзін момант – гэта важнасць прэзентацыйнай працы. Кожны візуальны прадукт – вынік пэўнага ходу думак. Яны не менш важныя за само рашэнне. Таму проста паказаць вынік у большасці выпадкаў недастаткова, варта прэзентаваць увесь шлях. Чаму менавіта такі элемент узяты за аснову, чаму такі стыль, чаму такія колеры, чаму менавіта такая эмоцыя? Тады калегі альбо кліент самі прабягаюць вашым шляхам і ўсцешана бачаць логіку рашэння.

Таму проста паказаць вынік у большасці выпадкаў недастаткова, варта прэзентаваць увесь шлях.

Чаго табе бракуе для абсалютнага шчасця ў творчай дзейнасці?

Колькасць часу ў дні не павялічыш, таму я спрабую рацыянальна падыходзіць да мараў і шчасця. Я б хацела зрабіць значна болей: маляваць мультфільмы, адукацыйныя гульні, выпускаць кнігі і рабіць вясёлыя правакацыі. У прынцыпе, гэта тое, што я і раблю цяпер, аднак хочацца яшчэ. Большасць ідэй занатоўваю ў свой «ідэйны» нататнік, каб адпускалі мяне хаця б на час і не прасіліся да рэалізацыі тут і цяпер. Хаця ёсць тыя, што плішчацца і ўсё ж праскокваюць без чаргі.

“Я ўвогуле не веру ў натхненне”

Што цябе натхняе?

Я ўвогуле не веру ў натхненне. Больш за тое, мяркую, што калі праца звязаная з натхненнем – то яно становіцца працоўным інструментам, а значыць, мусіць быць заўсёды. Таму сядаю і пачынаю маляваць, бо ведаю, што я мушу выканаць сваю працу, і няма часу разважаць.

Але ёсць рэчы, якія мяне падмацоўваць эмацыйна і дзякуючы якім я магу быць больш эфектыўнай альбо, як кажуць, «натхнёнай». Мой бадзёры падыход да ўсяго грунтуецца на самых галоўных каштоўнасцях для мяне: сям’я, родны двор, Палессе. Таму я рэгулярна вяртаюся дадому на эмацыйнае падсілкаванне. Закінуць рэчы ў багажнік аўто, усесціся ўсім разам і ляцець дадому на Палессе – улюбёная справа выходнага дня.

Мой бадзёры падыход да ўсяго грунтуецца на самых галоўных каштоўнасцях для мяне: сям’я, родны двор, Палессе.

Ці бываюць моманты, калі апускаюцца рукі? Што дапамагае вярнуцца ў працоўны стан?

Тады пераключаюся на іншы праект. У большасці выпадкаў я працую паралельна над некалькімі альбо ў межах аднаго вялікага ёсць падзадачы. Поспех на кожным з крокаў натхняе на наступны. Пераключыцца на паўдня, а потым вярнуцца і паглядзець па-новаму, заўжды дапамагае. Як толькі адчуваю прабуксоўванне, не цісну, а пераключаюся, а потым вяртаюся. Дзесьці ў фоне ў галаве гэтая задача ўсё адно шукае развязання.

Ну і на заканчэнне, раскажы, над чым працуеш цяпер.

Самы цікавы праект для мяне заўжды апошні. Бо менавіта ў яго ўкладаю ўсе атрыманыя раней веды і ім гару, вывучаючы новае. Таму, цяпер маё сэрца належыць аранжаваму дыназаўру Nicola, адзінаму, які выжыў, бо чытаў кнігі. Такі візуальны канцэпт я раблю ў межах праекту Readtoplay. Я займаюся самай улюбёнай справай: стварэннем персанажаў і анімацыяй. Гэта праект, які робяць беларусы, але з разлікам на ўвесь свет, і гэта дадатак, які стымулюе дзяцей чытаць болей. Інструмент, які дазваляе бацькам кантраляваць час, які дзеці бавяць у прыладах, каб матываваць іх рабіць больш карысныя рэчы – чытаць, напрыклад. То бок не забараняць гульні, а наадварот, рабіць чытанне больш цікавым. Гэта аб’яднанне штучнага інтэлекту і эмацыйнасці чалавека. Нашая праграма разумее эмоцыі і рэагуе на іх. Для мяне тут ёсць яшчэ і новыя выклікі – праца з тэхналогіямі, калі даводзіцца вывучаць самыя новыя магчымасці мабільнай анімацыі даслоўна знаходзячыся на сувязі з іх распрацоўнікамі ва ўсім свеце.

Анонс у СМІ ўжо адбыўся, а ў канцы восені наша праца будзе дасяжная для сцягвання. Для беларусаў плануецца бясплатны доступ, а таксама беларускім дзіцячым дамам будуць прэзентаваныя 1 000 планшэтаў з гэтай аплікацыяй.

Пытанні слухачоў фэсту “Салатавая варона”

і чытачоў ALOVAK

Ці магчыма ў нашай краіне існаваць ілюстратару, зарабляць дастаткова для жыцця? Ці абавязкова для гэтага павінны быць замежныя кліенты?

Абсалютна неабавязкова! У Беларусі шмат кампаній, якія гатовыя дзяліцца гэтай сфераю адказнасці – шукаць візуальнае развязанне задачы. Радасна бачыць, што такая праца запатрабаваная. Большасць маіх праектаў – для Беларусі.

Як спалучаеце працы ілюстратара і мамы?

Для мяне гэта адная праца. Леў нарадзіўся, калі я ўжо была ілюстратарам, ён іншага жыцця не ведае. Мама малюе – значыць, мама працуе. У нашай сям’і мы стараемся так зрабіць, каб усім было камфортна, каб максімальную колькасць часу праводзіць з сынам, выхоўваць яго і рэалізоўвацца самім. Таму мая прафесія – гэта частка нашага агульнага механізму, і яна немагчымая без зладжанай працы ўсіх дэталяў. Мой муж Юра Сідун мне вельмі моцна дапамагае. Многія праекты мы стараемся рабіць разам. Усё вызначаецца праз штодзённыя дамовы ўсіх трох, а часам і чатырох, калі лічыць ката. На большасці маіх майстар-класаў і прэзентацый Леў дзесьці побач і часам спрабуе быць карысным.

Калі б не ілюстратарам, то кім бы вы сталі?

У кожным разе, напэўна, гэта было б нешта звязанае з грамадскімі і сацыяльнымі тэмамі. Як я ўжо тлумачыла, ілюстрацыя – гэта мой інструмент, з дапамогай якога я спрабую развязаць нейкія задачы. Таму я б абрала нейкі іншы інструмент, каб гэтыя тэмы даносіць.

Як ставіцеся да плагіяту?

Не люблю! Нават слова такое непрыемнае 🙂 Абураюся, калі мае працы бяруць без дазволу. Але іншая справа, што я стараюся з кожнага негатыву выцягнуць хоць нейкі адсотак пазітыву, бо інакш можна зажурыцца і надумаць, што свет коціцца не туды. Напрыклад, калі я бачу, што нехта ўзяў маю ідэю, я раблю высновы, што гэта вельмі крутая тэма, і яе трэба развіваць. У кожным разе, той, хто пераняў маю ідэю, не дагоніць мае думкі, бо не ведае ўсяго шляху іх развязання, вынікам якіх стала мая ілюстрацыя. Гэтым сябе суцяшаю.

Як планаваць свой час, калі шмат спраў?

Я пастаянна знаходжуся ў пошуку новых праграм для планавання, каб пазначаць у іх спісы патрэбных спраў і выконваць іх. Разумею, што праект не можа быць зробленым у адзін дзень, я кожны раз пралічваю, колькі я павінна зрабіць штодзённа і з розных праектаў, каб паспець у дэдлайн.

Струмень ідэй у вас заўсёды ёсць?

Можа здарыцца цішыня, калі я адпачываю. Таму я не люблю адпачываць доўга, мае блізкія ведаюць, што я магу гэта рабіць толькі 4 дні. А пасля пачынаю тузацца, мне становіцца нудна, усе мае думкі ўжо ў малюнках і персанажах. Таму калі мы плануем вандроўкі, нават замежныя, то не разлічваем сядзець на адным месцы больш за 4 дні.

(с) ALOVAK

1 Comment

  1. […] Воля Кузьміч  паказвае чытачам ALOVAK працэс стварэння ілюстрацыі  ў […]

Leave a Reply