Калі ў вас ёсць жаданне зрабіць нешта сваімі рукамі да навагодніх святаў і зусім мала часу – прапануем вышыць такую простую елачку. У інструкцыі, як гэта зрабіць, вы даведаецеся, у тым ліку, як перанесці схему вышыўкі на цёмную тканіну.
Вам спатрэбяцца:
- шчыльная тканіна цёмнага колеру (пажадана цёмна сіняя ці фіялетавая),
- іголка,
- ніткі мулінэ белага і чырвонага колеру,
- пяльцы,
- калі тканіна недастаткова шчыльная – флізелін,
- белая капіравальная папера (ці белая крэйда + белы аловак)
- схема.
Схему можна спампаваць тут.
Працэс
Перш за ўсё падрыхтуйце тканіну. Наклейце флізелін з дапамогай праса, калі тканіна недастаткова шчыльная ці цягнецца.
Раздрукуйце схему і перанясіце яе на тканіну. Калі ў вас няма белай капіравальнай паперы, зрабіць гэта можна з дапамогай белай крэйды:
- для гэтага прыкладзіце схему да вакна (малюнкам да шкла) і на прасвет абвядзіце белай крэйдай контур малюнка.
- Потым акуратна прыкладзіце схему да тканіны і вострым алоўкам абвядзіце контур зноў – крэйда ў патрэбных месцах застанецца на тканіне.
- Пасля гэтага ўжо па тканіне акуратна прадубліруйце крэйдавы малюнак белым алоўкам і здзьміце лішнюю крэйду.
Нацягніце тканіну на пяльцы і выканайце вышыўку ніткамі мулінэ. Мы вышывалі ў 3 ніткі швом “наперад іголку”.
Вышыўка гатовая!
(с) ALOVAK