Падборка файных кніг пра школу і дзіцячы садок

Пачалася восень, і для многіх дзяцей пачаўся новы навучальны год. Прапануем дапоўніць вашы хатнія бібліятэкі добрай кніжкай з падборкі Кацярыны, аўтаркі кніжнага блога @kniznyja_razmovy, – усе яны могуць служыць падтрымкай у паступовай падрыхтоўцы і адаптацыі да школы ці дзіцячага садка. Дагартайце спіс да канца – там нават пра школу магіі ёсць кніжка, ды не адна!

Тэкст і фота: Кніжныя размовы

Кнігі пра садок

“Таямніцы нашага садка”

Пра што: пра прыгоды ў дзіцячым садку.
Для каго: для дзяцей 4-6 гадоў.

Чытанка для тых, каму добра знаёмая садкоўская штодзённасць. Гісторыі чапляюць спалучэннем знаёмых жыццёвых сітуацый (хтосьці дражніцца, а хтосьці пакутуе; хтосьці сціплы, а хтосьці гарэзнік), папулярных казачных сюжэтаў і непрадказальных аўтарскіх рашэнняў. Часам усё гэта пачынае выглядаць і гучаць так абсурдна, што немагчыма не разрагатацца. Прыемны бонус – тутэйшасць: хлопчыку Кастусю дапамагае бацька-Нёман, дзеці лятаюць па-над Мінскам, а дзяўчынка лузгае семкі на мінскай тэлевежы.

Ведаю, што не ўсе любяць ілюстрацыі Аксаны Аракчэевай, але тут тэкст з ілюстрацыямі вельмі арганічна спалучаюцца.

Кніга ў падарунак: Таямніцы нашага садка. Васіль Дранько-Майсюк, ілюстрацыі Аксаны Аракчэевай. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2018.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.


“Галляш Бяляшык – сябра цмокаў”

Пра што: пра першае сяброўства
Для каго: для дзяцей 4-6 гадоў

Амаль усе падзеі гэтай кнігі разгортваюцца ў дзіцячым садку: у падрыхтоўчую групку, якую наведвае 6-гадовы Томчык, раптам прыходзіць – не, прыязджае на сабаку! – хлопчык у кацялку і з кіёчкам, Галляш Бяляшык.
Галляш ветлівы, выхаваны і назіральны. Ён заўважае сціплага Томчыка, пыхлівую Анжаліку, добрую Улю ў пацыраванай вопратцы, хітрага Марчыка… І пакрысе з кожным з дзяцей пачынае адбывацца штосьці, што змяняе іх стаўленне да іншых і/ці да сябе. Жыццёвае спалучаецца з таямнічым, зверху дробка камічнасці ды жывая і лёгкая мова ў дадатак.

Кніга ў падарунак: Галляш Бяляшык – сябра цмокаў. Анджэй Марэк Грабоўскі, ілюстрацыі Мацея Шымановіча, пераклад з польскай Марыны Шоды. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.


Першы раз у школу

“Лета Гармана”

Пра што: пра псіхалагічную падрыхтоўку да школы
Для каго: для дзяцей 5-7 гадоў

Паэтычная, поўная дзіцячых думак і хваляванняў кніга. Увосень Гарман пойдзе ў школу, і гэта моцна ўплывае на ягонае ўспрыняцце ўсяго, што вакол. Старэнькія цётачкі – жывое сведчанне таго, што час не стаіць на месцы, прыгожая мама ў чырвонай сукенцы як сімвал чагосьці, што сыходзіць, новы заплечнік і пенал – як сведчанне новага жыццёвага этапу.

У кнізе мала тэксту і многа філасофіі сярод запамінальных аўтарскіх ілюстрацый. Адна з самых прыгожых і незвычайных кніг пра “першы раз у першы клас”, якія я бачыла.

Кніга ў падарунак: Лета Гармана. Стыян Холе, пераклад з нарвежскай Юлі Цімафеевай. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2019.
Дзе знайсці: у кнігарнях.


“Маё шчаслівае жыццё”

Пра што: пра школьную штодзённасць вачыма дзіцяці
Для каго: для дзяцей 5-8 гадоў

Кніга пра радасць і непаўторнасць штодзённасці. Дзяўчынцы Дзюнэ – шэсць. Ці проста быць шчаслівай у такім узросце? З чаго складаецца гэтае шчасце? Складнікі простыя: добрая першая настаўніца, найлепшая сяброўка, пяшчотны татка, марская свінка, сустрэчы з прабабуляй. Але і нагодаў для хваляванняў безліч: напрыклад, калі раптам даводзіцца ісці не ў тую школу, у якой наведвала падрыхтоўчыя заняткі; калі найлепшая сяброўка пераязджае ў іншы горад; калі ўзгадваецца мама, якой больш няма…

Ідэальны варыянт для першага самастойнага чытання: буйны шрыфт, кароткія сказы, невялічкія раздзелы.

Кніга ў падарунак: Маё шчаслівае жыццё. Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2019.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

“Апошні раз, калі я была шчаслівая” і

“Маё сэрца скача ды смяецца”

Пра што: пра школьную штодзённасць вачыма дзіцяці
Для каго: для дзяцей 5-8 гадоў

Літаральна ў гэтым месяцы выйшаў працяг серыі пра Дзюнэ – адразу дзве новыя кнігі: “Маё сэрца скача ды смяецца“ і “Апошні раз, калі я была шчаслівая“. Усе тры кнігі – гэта першы школьны год Дзюнэ.

У кнізе “Маё сэрца скача ды смяецца” Дзюнэ усё яшчэ сумуе па сваёй сяброўцы Эле-Фрыдзе, якая пераехала з бацькамі ў іншы горад, і нікому не дазваляе сядаць на месца побач з сабой, шмат часу бавіць на самоце, прыгадваючы самыя шчаслівыя моманты свайго жыцця. У Дзюнэ здараецца канфлікт з аднакласніцамі, яна аблівае іх кетчупам і збягае са школы дадому. А пасля нечакана прыязджае Эла-Фрыда.

“Апошні раз, калі я была шчаслівая” – гэта самы канец навучальнага года, калі Дзюнэ рыхтуецца да развітання са школай, выбірае прыгожую сукенку. Але нечакана ў перадапошні школьны дзень дзяўчынцы паведамляюць, што ейны тата трапіў пад машыну, калі ехаў на ровары на працу. Дзяўчынку забірае са школы бабуля. Дзюнэ баіцца нават думаць пра тое, што тата можа не прачнуцца, але тата ўсё ж вяртаецца ў прытомнасць. У той жа вечар мама Элы-Фрыды запрашае Дзюнэ да сябе ў летні дамок на моры на вакацыі. Дзюнэ хоча паехаць, але вагаецца – тату чакае доўгая рэабілітацыя. Урэшце, Дзюнэ вырашае спачатку паразмаўляць з ім, а пасля даць адказ. Але дзяўчынка зноўку амаль такая ж шчаслівая, як і раней.

Кнігі ў падарунак: Маё сэрца скача ды смяецца. Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2023.
Апошні раз, калі я была шчаслівая. Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2023.

Дзе знайсці: у Акадэмкнізе, кнігарні “Маркс” і на knihi.by.


Малодшая школа

“Яміна”

Пра што: пра школьныя забавы і стаўленне да іх.
Для каго: для дзяцей 3-8 гадоў.

Гэта гісторыя пра выбар, а яшчэ пра свабоду, павагу, залішнія перасцярогі і дэлегаванне адказнасці. Ля школы ёсць яміна – улюбёнае месца для гульняў: там і камяні, і Вялікі Корань, і жоўтая гліна, якая не сканчаецца. Там можна гуляць бясконца. Толькі гэта не даспадобы настаўнікам, бо ў яміне небяспечна і можа нешта здарыцца. Спачатку дарослыя забараняюць спускацца ў яміну, і дзеці працягваюць гульні побач з ёй, а пасля і зусім яе засыпаюць. Але пасля таго, як яміну засыпалі, стала заўважна, што побач ёсць… сапраўдная гара! З камянёў, пяску, гліны, галінак, каранёў і рознага ламачча. Гара, якая нашмат цікавейшая за яміну. Йухуу!

Пераймаецеся, што дзеці могуць зваліцца і параніцца? Хочаце зірнуць на сябе, калі забараняеце нешта “абы чаго не выйшла” ці проста таму, што так зручней? “Яміна” – тое, што трэба 😁

Кніга ў падарунак: Яміна, Эма Адбоге, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях.


“Найлепшы спявак у свеце”

Пра што: пра страх сцэны і падтрымку ў сям’і.
Для каго: для дзяцей 3-8 гадоў.

Цудоўны прыклад скандынаўскай дзіцячай кнігі, дзе праз банальную быццам бы гісторыю раскрываецца дзіцячая праблема страху сцэны і ўпэўненасці ў сабе. Галоўны герой цудоўна спявае песенькі для малодшага брата, але ў школе на сцэне губляецца: забывае тэкст, саромеецца касцюма і скурай адчувае пагардлівасць гледачоў (якія яшчэ нават не прыйшлі на спектакль). Усё гэта чытач пражывае разам з хлопчыкам: не спіць, не снедае і перад сваім выступам збягае з залы. І тут на паратунак прыходзіць – не, не настаўніца, не бацькі і не бабуля, – малодшы брацік! Дзякуючы ягонай безумоўнай любові і захапленню старэйшым братам, страх у таго знікае. Прачынаецца вера ў сябе і нават асалода ад творчага самавыяўлення.

Кніга ў падарунак: Найлепшы спявак у свеце. Ульф Нільсан, ілюстрацыі Эвы Эрыксан. Пераклад са шведскай Алесі Башарымавай. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2014.
Дзе знайсці: шукайце ў бібліятэках, бо ў кнігарнях ужо даўно няма.


“Эла і сябры”

Пра што: пра школьныя забавы і гумар.
Для каго: для дзяцей 6-10 гадоў.

Фінскі пісьменнік Ціма Парвела сам працаваў у школе і добра знаёмы са школьнай штодзённасцю. Абапіраючыся на свой досвед, ён напісаў серыю кніг пра дзяўчынку Элу і яе школьных сяброў. Па-беларуску выйшлі дзве часткі, у арыгінале іх значна больш.

Аповед вядзе сама Эла, але дзейных асобаў тут шмат: Тука, Сампа, Ханна, Патэ, Ціна… І настаўнік, вядома. Унікальны чалавек, які адзіны ў гэтай школе здольны неяк даваць рады з класам Элы. Гэта няпроста, але яго ратуюць гумар і самаіронія.

Гэта вельмі смешная кніга, поўная бліскучых дыялогаў. Але сапраўднае задавальненне ад яе атрымаюць альбо дарослыя, альбо дзеці старэйшыя за тых, пра якіх расказваецца. Ціма Парвела вельмі тонка іранізуе, да разумення ягоных жартаў трэба дарасці.

Кнігі ў падарунак:
Эла і сябры. Ціма Парвела, ілюстрацыі Агне Нананай, пераклад з фінскай Алены Казловай. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2017.
Эла і сябры 2. Ціма Парвела, ілюстрацыі Агне Нананай, пераклад з фінскай Алены Казловай. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2019.
Дзе знайсці: першую частку шукайце ў бібліятэках, другая яшчэ ёсць у продажы.


“Жэнька – каралева мышак”

Пра што: пра школьныя будні, вакацыі і стасункі з бацькамі.
Для каго: для дзяцей 6-12 гадоў.

Зборнік гісторый ад дзяўчынкі Жэнькі, якая жыве ў невялікім беларускім мястэчку. Дарэчы, будзе цікава пашукаць на мапе тое месца: у тэксце ёсць падказкі – напрыклад, назва рэчкі, што цячэ побач.

Жэнька пачынае з таго, што прыгадвае ранішнік у дзіцячым садку, пасля якога яна і стала каралевай мышак, а потым расказвае пра школьныя будні, пра вакацыі ў вёсцы і розныя сямейныя гісторыі. Яна шчырая, актыўная і вясёлая. Сябе крыўдзіць не дае і больш сціплых гатовая падтрымаць.

У гісторыях усе – і дзеці, і дарослыя – вельмі натуральныя, з моцнымі і слабымі бакамі і могуць рэагаваць па-рознаму. Ніхто не закасцянеў у сваёй ідэальнасці ці неідэальнасці.

У кнізе багата і хлапцоў, і дзяўчат, найлепшы сябар Жэнькі – сусед па парце Андрэйка, а сама Жэнька захапляецца канструктарам “Лега”. Гэта я да таго, што кніжка падыйдзе не толькі дзяўчатам, калі вы раптам пра тое падумалі.

Кніга ў падарунак: Жэнька – каралева мышак: гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі. Валеры Гапееў, ілюстрацыі Элеаноры Ляхновіч. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.


“Мах і Шэбестава вандруюць па свеце”

Пра што: пра чароўныя прыгоды і вандроўкі.
Для каго: для дзяцей 6-12 гадоў.

Мах і Шэбестава – чэшскія школьнікі, і ў іх ёсць чарадзейная слухаўка, якая выконвае жаданні. З дапамогай слухаўкі дзеці ўвесь час камусьці дапамагаюць, кагосьці ратуюць ці не дазваляюць нарабіць шкоды. З імі адбываецца безліч усяго неверагоднага, смешнага і нават абсурднага! Дзве з сямі гісторый – пра школу, і ў гэтых прыгодах прымаюць актыўны ўдзел аднакласнікі Маха і Шэбеставай – бэйбусы Горачак і Пажоўт. Непаўторная аўтарская інтанацыя, бліскучы пераклад – суцэльная чытацкая радасць!

Кніга ў падарунак: Мах і Шэбестава вандруюць па свеце. Мілаш Мацоўрак, ілюстрацыі Адольфа Борна, пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі. Выдавецтва “Альбатрос”, 2004.
Дзе знайсці: у бібліятэках.

“Казік з Каменнай горкі і вядзьмак Схаванага горада”

Пра што: сапраўднае сяброўства
Для каго: для дзяцей 6-14 гадоў

Гэта казачная гісторыя пра хлопчыка Казіка, які дзякуючы высілкам мамы пераходзіць з простай менскай школы на Каменнай горцы ў гімназію нумар 777 у цэнтры горада. У гімназіі яму не падабаецца, стасункі з аднакласнікамі не ладзяцца, мама дні навылёт працуе, а хатні гадаванец – белы трусік Рэксік – уцякае. І тут праз збег абставінаў Казік адкрывае для сябе Схаваны горад, які існуе проста пад Менскам на берагах Нямігі. У гэтым горадзе жывуць звяры, якія сыйшлі з чалавечага свету, каб вольна жыць у сваім. Схаваны горад мае сваю інфраструктуру: транспарт, рэстарацыі і кафэ, школы. А яшчэ строгую забарону на наведванне яго людзей.

Кніга насычаная падзеямі: разам з Казікам чытачы паўдзельнічаюць ў спаборніцтве трох школ – Жалудовым турніры, раскрыюць таямніцу маленькага рагатага ведзьмака, выратуюць горад ад затаплення. У кнізе больш за 400 старонак, таму чытаць можна доўга і з асалодай.

Кніга ў падарунак: Казік з Каменнай горкі і Вядзьмак Схаванага горада, Алесь Кудрыцкі. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
Дзе знайсці: на kniger.by, allegro.pl, Гартайка, knihauka.com


Старэйшая школа

“Гарэзлівы пацалунак”

Пра што: пра школьныя поспехі і першае каханне
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў

Дынамічная і непрадказальная школьная love story ад паэткі і перакладчыцы Марыі Мартысевіч, выдадзеная пад псеўданімам Ева Вайтоўская. У выпускным класе адной мінскай школы вучыцца шэранькая троечніца Соня Сінічка, а з ёй на паралелі – выдатнік, спартовец і школьны аўтарытэт Максім Статкевіч. У Соні няма мамы, і жывуць яны з татам вельмі сціпла. У Максіма – поўная і шчаслівая сям’я, вялікі дом і ён багата адораны прыродай (як розумам, так і знешнасцю). Соня закаханая ў Макса, а той спачатку, здаецца, і не ведае пра яе існаванне. Аднак нечакана для абодвух ім давядзецца рэгулярна кантактаваць, і не толькі ў школе. Кніга поўная школьных рэалій, але ўсё даволі цнатліва – ані кепскіх звычак, ані лаянкі, ды і пацалунак, здаецца, усяго адзін. Тым не менш, ад тэксту складана адарвацца, і адной кнігай усё не скончыцца: аўтарка абяцала працяг.

Кніга ў падарунак: Гарэзлівы пацалунак. Ева Вайтоўская. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях.


“Мая мілая ведзьма”

Пра што: пра новую вучаніцу ў класе і яе таямнічую гісторыю.
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў.

Валеры Гапееў, напэўна, галоўны падлеткавы аўтар у сучасным белліце. І гэтая кніга – адна з яго найлепшых, што было адзначана не толькі чытачамі, але і журы прэміі Цёткі ў 2018 годзе. У дзясяты клас, тыпова падзелены на кланы і групоўкі, прыходзіць новая вучаніца – Ядвіга Лелька. Быццам звычайная, толькі крыху больш незалежная, чым іншыя, і гэтым прыцягвае ўвагу трох такіх жа незалежных хлапцоў. Пры гэтым Ядвіга сцвярджае, што яна – ведзьма. Далей гэтую кампанію чакаюць выпрабаванні – як сяброўства, так і іх чалавечых якасцяў. Жыццёвасці ў кнізе больш, чым фэнтэзійнасці, пры гэтым аповед вельмі дынамічны: з героямі ўвесь час нешта адбываецца.

Адчуваецца павага аўтара да сучасных падлеткаў і вера ў іх: героі цікава размаўляюць, паводзяцца самастойна, маюць творчыя здольнасці і практычныя навыкі. У кнізе багата дэталяў сучаснай падлеткавай штодзённасці (сацыяльныя сеткі і мэсэнджары), выкарыстоўваецца моладзевы слэнг. Ну і калі што, можна не хвалявацца: і бацькі, і настаўнікі таксама паводзяцца годна, ставяцца з павагай да дзяцей і дазваляюць ім шмат якія пытанні вырашаць самастойна.

Кніга ў падарунак: Мая мілая ведзьма. Валеры Гапееў. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2017.
Дзе знайсці: у бібліятэках і ў сеціве.


“Сіямцы”

Пра што: пра школу і ігнараванне першага кахання.
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў.

Галоўным героям кнігі – Геуле і Яну – па 16 год. Яны сябруюць і разам вядуць YouTube-канал. Пры гэтым яны ўпарта не заўважаюць (і гэта даволі тыпова для падлеткаў), што быццам створаны адно для аднаго. Праз тое, што героі ўвесь час адштурхоўваюць ад сябе каханне, у справу ўмешваюцца ірацыянальныя сілы. Горад Мінск намагаецца звесці іх разам і агарнуць любоўю – як сам, так і разам з памочнікамі. Мінска ў кнізе многа: героі шпацыруюць па вуліцах, ходзяць у крамы, якія вядомыя ўсім мінчукам. Мінскім падлеткам гэта дакладна прыйдзецца даспадобы. Гісторыя кахання даросламу чытачу можа падацца недастаткова пераканаўчай і глыбокай, але хто мы такія, каб лезці са сваім дарослым занудствам у першае каханне?

Кніга ў падарунак: Сіямцы. Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, пераклад з рускай Станіславы Умец. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

“Вольнеры”

Пра што: пра сяброўства, пра жыццёвы выбар і баланс паміж дабром і злом
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў

Гэта першая частка цыклу пра вольнераў – тых, хто прымае на сябе адказнасць за аднаўленне баланску паміж дабром і злом, па сваёй волі і без чакання ўзнагароды. Наш свет моцна звязаны з іншасветам, у якім існуюць зазоўкі, вужалкі, злыдні, шэшкі ды смактуны. Паміж сусветамі ёсць праход, а, каб выканаць сваю місію, вольнерам трэба знайсці пэўныя артэфакты, якія знаходзяцца часткова ў нашым, а часткова – у іншасвеце. Вось такое фэнтэзі на падмурку беларускай міфалогіі.
Галоўныя героі кнігі – кампанія сяброў, якія вучацца ў выпускным класе ў Менску. Першапачаткова іх трое: апавядальнік Цім, ягоная аднакласніца Крысціна і сусед-аднакласнік Эд, які праз сур’ёзную хваробу ўжо некалькі гадоў у інвалідным вазку і навучаецца дома. Напрыканцы кнігі да сяброў далучаюцца яшчэ тры аднакласнікі.

Цягам першай часткі героі пакрысе разбіраюцца з тым, як звязаныя наш свет з іншасветам, знаходзяць і губляюць некалькі артэфактаў і вызначаюцца з місіяй. І вучацца ў школе, вядома.

Кніга ў падарунак: Вольнеры. Прадвесце. Валер Гапееў. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
Дзе знайсці: на kniger.by, allegro.pl, Гартайка, knihauka.com


Магічная школа

Серыя кніг пра Гары Потэра

Пра што: пра школу магіі і юных чараўнікоў.
Для каго: для дзяцей 6-18 гадоў.

Пра хлопчыка, які выжыў, у нашыя часы ведаюць усе. Гэта, безумоўна, найвядомейшая і найпапулярнейшая гісторыя пра магічны сусвет, школьнае сяброўства і прыгоды. Калі вы яшчэ не чыталі ці не чыталі па-беларуску, то ў выдавецтве “Янушкевіч” ужо выйшлі тры часткі.

Кнігі ў падарунак:
“Гары Потэр і філасофскі камень”, Джаан Кэтлін Роўлінг, пераклад з англійскай Алены Пятровіч. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2019.
“Гары Потэр і таемная зала”, Джаан Кэтлін Роўлінг, пераклад з англійскай Алены Пятровіч. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2020.
“Гары Потэр і вязень Азкабана”, Джаан Кэтлін Роўлінг, пераклад з англійскай Алены Пятровіч. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.


“Крабат”

Пра што: пра школу чорнай магіі і сапраўднае сяброўства.
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў.

Гэта кніга раскрываецца паступова, зацягвае не з першай старонкі, але метадычна, раздзел за раздзелам. 14-гадовы Крабат блукае па свеце пасля смерці бацькоў і трапляе на млын. Тут і праца, і школа чорнай магіі. І менавіта тут, у складаных умовах і выпрабаваннях, нараджаецца сапраўднае сяброўства.

Атмасфера кнігі загадкава-змрочная: млын на Козелевых багнах, суворы Млынар-майстар, жахлівы Жнец, які завітвае час ад часу ўначы, 12 млынарчукоў, адзін з якіх абавязкова гіне на Каляды, цяжкая праца, чорная магія. Але ёсць у гэтым сваеасаблівая эстэтыка. Гісторыя, з першага погляду, хлапчуковая, бо жаночы персанаж – адзін на ўсю кнігу, а рамантычная лінія – вельмі цнатлівая. То бок гэта добры варыянт для падлеткаў мужчынскага полу ці дзяўчат, якія прынцыпова не хочуць чытаць пра каханне. Але і рамантычным дзяўчатам тут будзе чым пажывіцца, бо каханне прыгожае, далікатнае, нараджаецца праз спеў.

Кніга ў падарунак: Крабат. Отфрыд Пройслер, пераклад з нямецкай Сяргея Матыркі. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях.


“Кніга здольных”

Пра што: пра варажнечу паміж магічнымі школамі і падлеткавыя стасункі.
Для каго: для падлеткаў 12-18 гадоў.

Падлеткавае фэнтэзі айчыннай вытворчасці і найвышэйшай якасці. Тут усё як мае быць: добра прапрацаваная легенда і персанажы, сакрэты, чароўныя артэфакты, злодзеі, якія палююць на артэфакты. У кнізе шмат падлеткаў, бо ў загадкавым горадзе-дзяржаве Ларборы існуюць дзве школы – Аквіла і Серпента, – якія традыцыйна і шматгадова варагуюць. Вучням, вакол якіх пераважна і разгортваецца сюжэт, 15-16 гадоў. Яны сябруюць, жартуюць і кпяць адзін з аднаго, зайздросцяць і спаборнічаюць. Ну і кахаюць, вядома, куды ж у 16 гадоў без кахання: першага, нязграбнага, поўнага непаразуменняў. Будзьце гатовыя, што пачынаць чытанне можа быць няпроста, бо стасункі паміж жыхарамі Ларбора даволі заблытаныя. Там ёсць здольныя, ёсць ЗАРы, ёсць бездары, пустэльнікі і пронгі. Ёсць галоўная кніга – Спадчына, ёсць Дэркус – бог, які калісьці падарыў ларбарэйцам здольнасці, але сышоў ад іх. А яшчэ ёсць дзіэны і Сакрум. Карацей, трэба прызвычаіцца, але яно таго вартае.

Кнігі ў падарунак: “Кніга здольных” заяўлена як трылогія і на дадзены момант выйшлі дзве часткі:
Кніга здольных 1. Спадкаемцы Сакрума. Святлана Аўдзейчык. Выдавецтва “Галіяфы”, 2020.
Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў. Святлана Аўдзейчык. Выдавецтва “Галіяфы”, 2022.
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

“Акадэмія доктара Клякса”

Пра што: пра чароўную школу не для ўсіх і пра ўмоўнасць усялякіх межаў

Для каго: для дзяцей 6-12 гадоў

“Акадэмія доктара Клякса” – гэта класіка польскай дзіцячай літаратуры, якая пабачыла свет у далёкім 1946 годзе. Хтосьці можа памятаць кнігу ці савецка-польскі фільм па кнізе са свайго дзяцінства.

Яна Бжэхву часта параўноўваюць з Льюісам Кэралам, бо створаныя імі казачныя сусветы блізкія сваёй парадаксальнасцю, выхадам за межы дарослай ўпарадкаванасці, а месцамі – і абсурднасцю. Дарослым бывае складана заглыбіцца ў такі сусвет, затое дзеці ў ім пачуваюцца вельмі натуральна.
Акадэмія доктара Клякса – гэта школа, але трапіць у яе можа не кожны. Доктар Клякс прымае да сябе толькі хлопчыкаў, чые імёны пачынаюцца на літару А.

Гісторыю расказвае хлопчык Адам, яму 12 гадоў, і ўжо паўгода ён вучыцца ў акадэміі. Дома ў яго ўвесь час штосьці не ладзілася: ён спазняўся ў школу, не паспяваў зрабіць урокі, выпадкова біў посуд, не любіў есці тое, што звычайна ядуць дзеці. Таму бацькі вырашылі аддаць яго вучыцца да доктара Клякса.

Хто такі загадкавы доктар Клякс, сказаць складана. Магчыма ён чараўнік ці фокуснік, магчыма дарослы, а магчыма і не вельмі. Але дакладна вядома, што ён вельмі знакаміты: яго ведаюць ва ўсіх казках і чароўных краінах. Дзякуючы гэтаму яго вучні могуць падарожнічаць па класічных казачных сюжэтах.
Акрамя гэтага хлопчыкі вывучаюць кляксапісанне і літаравязанне, доктар Клякс купае іх у малінавым сіропе і дазваляе пінаць глобус у межах навучання геаграфіі.

Беларускі пераклад толькі-толькі пабачыў свет і адметны адначасова якасным перакладам Алены Пятровіч (якая перакладае на беларускую кнігі пра Гары Потэра) і сучасным афармленнем у выкананні мастачкі Лізаветы Лянкевіч.

Кніга ў падарунак: “Акадэмія доктара Клякса”, Ян Бжэхва. Пераклад Алены Пятровіч. Выдавецтва “Папуры”,2023.

Дзе знайсці: у кнігарнях


Натхняцца на новы навучальны год можна па-рознаму. Кацярына, аўтарка блога “Кніжныя размовы” прапануе гэта рабіць з добрай кнігай.

(C) ALOVAK

Leave a Reply