«Акадэмія доктара Клякса»: канцэпцыя мастацкага афармлення Лізаветы Лянкевіч

У выдавецтве «Папуры» выйшла новая кніга з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч. Такой кнігі яшчэ не было на вашых паліцах! Папрасілі мастачку расказаць пра тое, як ішла праца над ілюстрацыямі, якая канцэпцыя ў іх закладзена і як правільна «глядзець» кнігу.

Тэкст і фота: «Папуры»

Ліза, раскажы пра працу над ілюстрацыямі для кнігі «Акадэмія доктара Клякса». Чаму менавіта гэтую кнігу ты ўзялася ілюстраваць?

«Акадэмія доктара Клякса» Яна Бжэхва – адзін з самых вядомых і папулярных фантастычных дзіцячых твораў польскай літаратуры савецкага часу. Своеасаблівы польскі «Гары Потэр», як часам называюць гэтую кнігу. І хоць раней гэты твор выдаваўся па-руску і нават быў экранізаваны ў 1984 годзе, сёння ў нас пра яго мала хто ведае. Таму, калі я дазналася, што Алена Пятровіч (якая, дарэчы, перакладае на беларускую мову і серыю кніг пра Гары Потэра) працуе над перакладам «Акадэміі», то ў мяне ўзніклі думкі яе праілюстраваць.

Гэтая кніга зусім не падобная да тых, што ўжо выйшлі ў выдавецтве «Папуры»…

Паколькі твор ужо можна назваць класічным і з 1946 года ён выдаваўся шмат і з рознымі ілюстрацыямі, то мне хацелася зрабіць нешта больш сучаснае і арыгінальнае, як у канцэптуальным, так і ў візуальным плане. Таму кніга і атрымалася не падобная да астатніх.

Кожны раздзел зроблены ў сваёй уласнай тэхніцы – дынамічныя плямныя кампазіцыі і анімацыя на палях, калаж, раскадроўка, комікс і інш., – каб перадаць разнастайнасць гісторый і ўражанняў і паказаць шырыню і арыгінальнасць дзіцячай фантазіі.

Як глядзець кнігу?

Сюжэт у кнізе лінейны, але кожны раздзел расказвае сваю асобную гісторыю, таму кнігу лепей глядзець у звыклым парадку, бо ілюстрацыі выбудаваныя з выкарыстаннем анімацыйнага прынцыпу, які паступова, кадр за кадрам, расказвае гісторыю.

У якой тэхніцы выкананы ілюстрацыі?

Канцэптуальна, гэта кніжка-нататнік галоўнага героя, вучня акадэміі, таму ілюстрацыі да кожнага раздзела выкананыя ў сваёй «дзіцячай» тэхніцы, з выкарыстаннем розных ракурсаў і маштабаў, каб паказаць, што герой распавядае пра розныя свае прыгоды па-рознаму – часам гэта калаж, часам комікс, а часам намаляваная звычайнай асадкай анімацыя на палях сшытка. Але чырвонай лініяй праз усю кнігу праходзяць чорныя чарнільныя кляксы як сімвал прысутнасці самога доктара Клякса.

Дзіцячае ўяўленне нараджае з кляксаў розныя вобразы: на першы погляд бясформенныя плямы ператвараюцца ў рэальных людзей і жывёл, а часам нават звяроў, гатовых накінуцца на чытача на наступнай старонцы. Такі мастацкі прыём актывізуе дзіцячую фантазію, і кніга робіцца не толькі забаўляльнай, але і ў вялікай ступені развівальнай.

Галоўная канцэпцыя мастацкага афармлення тут для мяне – гэта пранікненне ілюстрацый у тэкст і іх узаемадзеянне паміж сабой, калі ўжо не разабраць, ці гэта замалёўкі з нататкамі, ці нататкі з замалёўкамі – і гэта дапамагае глыбей пагрузіцца ў дзіцячую творчую атмасферу, у чароўны, поўны дзівосаў і нечаканасцяў свет дзіцячай фантазіі.

Які настрой ты хацела перадаць гэтымі малюнкамі?

Дзякуючы розным тэхнікам, кожны раздзел перадае свой настрой – дзесьці казачны, дзесьці трывожны, а дзесьці радасны. У выніку, кніга робіцца больш насычанай і шматзначнай і лепш адлюстроўвае багацце ўнутранага свету галоўнага героя.

Колькі часу заняла праца над праектам?

Паўгода актыўнай працы, плюс два гады на даробкі і паляпшэнні, падрыхтоўку макета для выдавецтва, а далей кніга чакала свайго часу.

Вельмі ціквая і канцэпцыя вокладкі

Канцэптуальна, гэта кніжка-нататнік галоўнага героя, вучня акадэміі, таму ілюстрацыі выкананыя ў «дзіцячых» тэхніках: калаж/аплікацыя, замалёўкі-нататкі на палях, коміксы і анімаваныя міні-гісторыі. І вокладка, залепленая стыкерамі (на якіх выяўленыя героі кнігі), якраз дае адчуванне, што гэта сапраўдны дзённік ці сшытак сапраўднага вучня доктара Клякса.

Што гэты праект для цябе значыць?

Праца над гэтай кнігай была для мяне вельмі важным этапам, падчас якога я змагла пераасэнсаваць падыход да афармлення кнігі і папрацаваць больш у смелым, сучасным і эксперыментальным стылі. Перада мной стаяла шмат новых мастацкіх, тэхнічных і творчых задач.

Таксама мне б хацелася, каб беларускі чытач убачыў, што і некласічна аформленая кніга можа быць зразумелай і не менш захапляльнай.

На афармленне кнігі пайшло шмат сіл і часу, бо кожная ілюстрацыя прадуманая да дробязяў, кожны герой, кожны сілуэт, кожная дэталь – усё зроблена ўручную, таму для мяне гэта вялізная праца, якая дапамагла мне лепш зразумець сябе і ў больш поўнай меры раскрыцца як мастаку-ілюстратару і дызайнеру кнігі. Бо я зрабіла не толькі ілюстрацыі, але і поўны дызайн, вёрстку і макет кнігі.

(с) ALOVAK

Leave a Reply