У рубрыцы “Ўлюбёныя рэчы” мы просім героя расказаць пра некалькі самых любімых рэчаў, набытых у беларускіх майстроў, мастакоў ці дызайнераў, і патлумачыць, за што яны іх любяць.
Сёння нам свае сакрэты раскрывае мастачка і дызайнерка Наталля Жукава, вядомая як беларускамоўная блогерка з блакітнымі валасамі.
Топ-10 улюбёных рэчаў Наталлі Жукавай
@bioevgenika – з гэтай парай мяне звяло лета 2020-га года. Я тады ў іх набыла завушніцы з васількамі (пад колер валасоў), пасля ў мяне з’явілася велізарнае мноства іх упрыгожванняў. Мне падабаецца, што яны вельмі душэўныя і рамантычныя, а яшчэ ва ўсіх маіх упрыгожваннях беларускія кветкі)
@kardash.official – гэты плашч я набыла ўжо пасля пераезду ў ЗША, як напамін пра Радзіму. У мяне было некалькі рэчаў гэтага брэнда і раней, але чамусьці на буслоў пацягнула менавіта на чужыне. Напэўна, я ўсё ж такі сумую.
@by_black_salamander – гэтая карона аб’ездзіла са мной шмат краінаў і, вядома ж, я не магла пакінуць яе дома) Я думаю, яна ідэальная: яе можна насіць і на тэматычныя мерапрыемствы, і проста так – і заўсёды адчуваць сябе каралевай)
@proekt_etika – пра гэтую дзяўчынку я даведалася выпадкова: рабіла падборку дызайнераў і прасіла мне каго-небудзь парэкамендаваць. Хтосьці даслаў яе старонку – і мне вельмі спадабалася і яна сама, і яе падыход да сваёй справы. Вядома ж, я не магла прайсці міма і набыла гэтых “мужчын, якія плачуць”.
@mila_ignatik – Мілу я ведаю даўно, яна вельмі падабаецца мне як чалавек і выкладчык. У мяне былі нейкія ўпрыгожванні з пачатку яе творчага шляху, але менавіта гэтая брошка для мяне вельмі важная. З ёй звязана шмат момантаў з восені 2020 года.
@holywool_bags – шчыра кажучы, у акаўнт гэтай дзяўчынкі я прыйшла, каб купіць падарунак сяброўцы (іх фірмовыя торбы з грудзьмі), але ўбачыла гэтую бэжавую аблачыну і закахалася) Так што цяпер і я, і сяброўка з выдатнымі торбамі!
@aiplatov – Прадстаўленне гэтай сумкі ў сабе не мае патрэбы) У яе ўлазіць роўна 1 памада і картка. І мой муж заўсёды з мяне бурчыць, калі я яе бяру (таму што даводзіцца ўсе свае рэчы пхаць яму ў кішэні), але я ўсё роўна яе люблю!
@cdl.by – на свечкі я падсела ўжо ў Амерыцы, чамусьці дома іх паліць не хацелася. І сяброўка аднойчы парадавала гэтай мілатой. Аказалася, што іх робіць беларуская дзяўчына. Спадзяюся, калі пошта зноў пачне працаваць, я змагу сабе замовіць яшчэ такіх.
@clever_hands_ceramics – у гэтую вазу я закахалася адразу і нават не было сумневаў, купляць ці не. Мне падабаецца, што рознымі кветкамі можна яе па-рознаму абыграць, а яшчэ мне вельмі падабаецца майстрыха, якая іх робіць. Яна чароўная!
@my100angels – карціны Кацюшы – гэта асобнае жыццё. Яны заўсёды для мяне былі і застаюцца кавалачкам дома, дзе б я ні знаходзілася. Апошнія дзве да мяне патрапілі пасля таго, як я з’ехала. Я не магла дакладна Каці сказаць, якія я хачу, і проста папрасіла перадаць нешта на яе меркаванне. І гэта было 100% патраплянне. Ведаеце, быццам яна ведае пра мяне тое, чаго я сама не ведаю.
Зайдзіце на старонку ўпадабанага майстра – раптам і вам нешта прыглянецца з ягонай творчасці?
(C) ALOVAK