13 карысных парадаў майстрам ад беларускіх крамаў і шоурумаў

Спыталі ў афлайнавых крамах і шоурумах, у якіх можна набыць вырабы ручной работы, што яны могуць параіць майстрам для больш паспяховай рэалізацыі тавару. Нам даслалі вельмі шмат карысных парадаў, якія мы аб’ядналі ў 13 ключавых пунктаў. 

Не забывайцеся: нулявыя продажы пакрысе заб’юць вашу матывацыю і ў цэлым могуць адбіць жаданне тварыць далей. Таму праверце па пунктах, што вы можаце паправіць ці палепшыць, каб ваша супрацоўніцтва з крамамі прыносіла плён. Ці паспрабуйце прымяніць гэтыя парады на сваім досведзе, калі пакуль яшчэ не аддаяце свае працы на рэалізацыю. 

Фота: з архіваў крам

  •         Падрыхтуйце партфоліа таго, што вы гатовыя здаваць у краму

Менская крама MUSHI SHOP звяртае ўвагу майстроў на фотаздымкі вырабаў. Не варта дасылаць фота ў стылі “што я магу, калі захачу”. Для прыняцця рашэння пра супрацу прадстаўнікам крамы трэба бачыць менавіта вашы вырабы або ўзоры, на якія яны будуць падобныя.

Не абавязкова здымаць студыю і арганізоўваць прафесійны фотасэт. Пакладзіце вырабы на падаконне на светлы фон, навядзіце фокус і зрабіце фота пры дзённым асвятленні. Гэтага будзе дастаткова.

Берасцейская крама ўтульнасці “Гняздо” дадае: дасылайце рэальныя фота вырабаў. У дадзеным выпадку фоташоп не спрацуе, а толькі адштурхне ад супрацоўніцтва.

А менская крама “Апошні кантынент” раіць  у партфоліа адразу дадаваць і дыяпазон коштаў – гэта паскорыць адказ на паведамленні, скароціць і ваш час, і час крамы на разгляд вашых вырабаў. 

  •         Будзьце канкрэтныя, лаканічныя і паслядоўныя

MUSHI SHOP раіць майстрам пісаць выключна па справе. Не трэба распавядаць, што вы знаходзіцеся ў саюзе мастакоў, пакарылі Эверэст і ў трох іншых крамах маеце поспех. Для іншых пляцовак гэта зусім не мае значэння, іх цікавіць толькі ваша фактычная творчасць. Поспех у канкрэтным месцы прадказаць складана. Нават у філіялах адной крамы адзін і той жа майстар можа мець зусім розныя вынікі. Пішыце, якое супрацоўніцтва вас цікавіць, што вы робіце, за якую цану. Абавязкова прыкладайце фота. 

  •         Будзьце канструктыўнымі ў супрацоўніцтве з крамай

Этнакрама “Рагна” раіць памятаць пра ўзаемавыгаднасць супрацоўніцтва: прадаючы вырабы, крама вызваляе майстру час, які ён можа выкарыстаць для стварэння новых рэчаў. Варта азнаёміцца з канцэпцыяй крамы перад тым, як пісаць, каб прапанаваць на рэалізацыю адпаведныя рэчы.

  •         Будзьце гатовыя сумесна працаваць

У краме “Дом з плюшу” майстрам перад пачаткам працы заўсёды тлумачаць, што найлепш працаваць у тандэме. Каб найбольш эфектыўна прадаваць у афлайн-пляцоўках, варта не проста прывезці вырабы і забыць пра іх, а сумесна працаваць над прасоўваннем, пісаць пра кропкі продажу ў сваіх сацсетках.

У сувенірнай краме ў музеі “Краіна міні” удакладняюць: будзьце гнуткімі, вывучайце попыт разам з крамай і адаптуйцеся пад новыя ўмовы, спрабуйце новыя тавары.

  •         Выпрацоўвайце свой стыль і дбайце пра якасць

Не варта гнацца за капіяваннем папулярных тавараў, раіць берасцейская крама ўтульнасці “Гняздо”. Гэта заўсёды відаць, і такія вырабы звычайна не карыстаюцца попытам. Развівайце нагледжанасць і свой уласны стыль.

Акрамя гэтага памятайце пра акуратнасць. Калі ўжо рабіць нешта, трэба рабіць выдатна. Не ганіцеся за колькасцю на шкоду якасці, бо чырванець у выніку будуць не толькі ў краме, але і сам майстар.

У галерэі рамёстваў “Славутыя майстры” асобна звярнулі ўвагу на чысціню афармлення задніка ў пано і карцінах.

Ад рэдакцыі. Варта адзначыць, што пра якасць казалі, бадай, ва усіх крамах, з якімі мы размаўлялі. Абавязкова памятайце пра якасць, калі рыхтуеце вырабы на рэалізацыю!

 

  •         Памятайце пра асартымент

У менскай краме YOLKI KIDS&HOME рэкамендуе перадаваць на рэалізацыю выключна актуальныя вырабы і навінкі, а не рэшткі, ці тое, што не прадалося дзесьці.

У  краме “Апошні кантынент” дадаюць: прыносьце самае лепшае, што ёсць у вас у асартыменце, тое, што вашыя пакупнікі на кірмашах раскупляюць хутчэй за ўсё.

У розных месцах людзі выбіраюць розныя вырабы – звяртаюць увагу ў шоўруме OSOT.STUDIO. Таму для першага разу прапануйце некалькі экзэмпляраў з кожнага віду вашых вырабаў, каб праверыць попыт.

  •         Падрыхтуйце памятку

У баранавічскай арт-прасторы “Белматыў” далі параду скласці спіс найбольш частых пытанняў пра вашыя вырабы, з дапамогай якога падрыхтаваць для прадаўца памятку. Напрыклад, цi гіпалергенны сплаў у завушнiцах, цi можна мыць вашу цацку у пральнай машыне. Напiшыце тое, што сапраўды важна, пра што прадавец сам можа i не ведаць, каб яму было што адказаць пакупнікам.

  •         Падумайце пра калекцыі

У галерэі рамёстваў “Славутасць” раяць майстрам прадстаўляць у краме нейкую калекцыю сваiх вырабаў. Так будзе больш шанцаў, што яны не згубяцца сярод іншых, і пакупнікі звернуць на іх сваю ўвагу.

  •         Рыхтуйцеся да паўтораў найлепшых вырабаў

“Калі людзям нешта спадабалася і яно мае попыт, мы будзем бясконца прасіць новыя пастаўкі. Можна не ідэальныя копіі, але нешта падобнае”,  – кажуць у MUSHI SHOP. І так будзе датуль, пакуль попыт не вычарпаецца. Такая рэальнасць камерцыйнага поспеху хэндмэйду. Прынамсі, пакуль ваша імя і ваш брэнд не пачнуць працаваць на вас і не забяспечаць вам поўную свабоду творчасці.

  •         Але будзьце гатовыя да навінак у сваім асартыменце

Гарадзенская крама FRIENDS рэкамендуе быць актуальнымі і гнуткімі. Усё мяняецца – тое, што было папулярна ўчора, можа стаць не актуальным сёння, пакупнік рана ці позна стоміцца ??ад аднолькавых вырабаў. Таму будзьце гатовы прапаноўваць нешта новае, асабліва калі вы заўважыце зніжэнне цікавасці да вашых вырабаў у крамах.

  •         Вывучайце ўмовы супрацы, рабіце для сябе справаздачы

У сувенірнай краме музея “Краіна міні” раяць найперш вывучыць юрыдычныя аспекты працы з крамамі: па якой дамове працаваць, як праводзяцца аплаты. Не менш важна трымаць руку на пульсе і ў працэсе супрацы: вядзіце ўласную справаздачнасць, адсочвайце продажы. Каб зразумець, якія вырабы найлепш прадаюцца, а якія лепш не аддаваць на рэалізацыю ў нейкую краму.

  •         Добра падумайце пра кошты вырабаў

Які кошт ставіць на свае вырабы, вырашаеце вы самі. Магчыма, вам будзе карыснай у гэтым парада ад крамы “Апошні кантынент” – ставіць мінімальную, на якую вы згодныя. Калі вы ўбачыце добрыя продажы ­– кошт можна будзе павысіць.

У шоуруме OSOT.STUDIO лічаць, што кошт выраба ў краме не павінен быць вышэй за кошт у вас. Некаторыя крамы гэтага не патрабуюць, але гэтае правіла добрага тону, як па стаўленні да пакупнікоў, так і да пляцоўкі, з якой вы вырашылі працаваць.

  •         Вызначыцеся з выкладкай вырабаў

Яшчэ адна парада ад OSOT.STUDIO: задумацца пра тое, у якім канкрэтна месцы крамы будуць размешчаны вашы вырабы. Крамы і шоурумы выстаўляюць вялікую колькасць майстроў, і правільнае ці зручнае для пакупнікоў размяшчэнне вырабаў не дасць ім згубіцца сярод наяўнай разнастайнасці. Не ва ўсіх крамах на гэта можна ўплываць, але прынамсі паразмаўляць пра гэта можна.

  •         Падрыхтуйце ўпакоўку

У галерэі рамёстваў “Славутасць” раяць абавязкова прадумаць упакоўку. Па-першае, яна неабходная дзеля захаванасцi выраба, па-другое, прыгожая ўпакоўка прыемная пакупніку.

Напрыканцы

У краме FRIENDS справядліва адзначаюць: будзьце гатовымі да адмоваў – справа можа быць не ў вашай асобе ці якасці вашых вырабаў, а ў тым, што не заўсёды гэтыя рэчы патрэбныя краме.

І важнае ўдакладненне ад крамы “Апошні кантынент”:  заўсёды пытайце, чаму не могуць узяць вашыя працы, прасіце дэталёвы адказ (калі вы гатовы яго пачуць і рабіць высновы!), бо фраза “вы нам не падыходзіце” – гэта вельмі размыты адказ. Магчыма, усё ж занадта нізкі ўзровень работ, магчыма, занадта высокія кошты, і крама не зможа прадаць вашыя працы, няхай яны і каштуюць столькі, колькі вы просіце, ці нават больш.

(c) ALOVAK

Leave a Reply