У рубрыцы “Ўлюбёныя рэчы” мы просім герояў распавесці пра свае ўлюбёныя вырабы ручной работы, якія былі набытыя ў нашых майстроў, мастакоў і дызайнераў.
Сёння ў нас у гасцях кнігатэрапеўтка Таццяна Славінская-Пузырэвіч – заснавальніца кнігарні і кніжнага клуба “Куфэрак дзіцячых кніг”, а таксама аўтарка і арганізатарка шматлікіх адукацыйных праектаў.
Завушніцы-кветкі дзядоўніка ад @victoriakalenik
Гэтыя завушніцы я набыла 6 гадоў таму, калі толькі пачала знаёміцца з творчасцю нашых майстроў. Аднойчы мы з сяброўкай зайшлі на нейкі кірмаш, і гэтыя завушніцы-дзядоўнікі падаліся мне вельмі маімі. Я ў іх наведвала і вельмі сур’ёзныя мерапрыемствы, і вельмі ўтульныя сустрэчы, і паўсюль яны прыцягвалі погляды і служылі нагодай для пачатку размовы.
Аднойчы на міжнародным джазавым канцэрце адна амерыканская спявачка вельмі імі зацікавілася, таму я набыла іх ёй у падарунак. І цяпер, верагодна, недзе ў ЗША носяць завушніцы @victoriakalenik, усе вырабы якой вельмі цёплыя, утульныя, сапраўдныя.
Калі я была ў гэтых завушніцах на прыёме ў брытанскай амбасадзе, амбасадарка Велікабрытаніі Фіёна Гіб таксама зацікавілася дзядоўнікам, бо гэтая калючая кветка – сімвал Шатландыі, адкуль яна сама родам. І гэтыя завушніцы сталі нагодай да вельмі цёплага знаёмства, мы нават пасябравалі. Нашы сумесныя праекты з адбасадай Велікабрытаніі пачаліся менавіта з таго самага моманту.
Пярсцёнак-сонца ды іншыя вырабы ад @Glasstrunk
Недзе 8 гадоў таму, калі я толькі завяла фэйсбук і пачала цікавіцца нашай беларускай суполкай, я заўважыла ўпрыгожванні Кацярыны Адамовіч. Пярсцёнак-сонца – не першае маё ўпрыгожванне гэтай майстрыцы (у мяне ёсць яшчэ і яе фірмовая падвеска з птушкамі, і шмат яе завушніц). Кантрастнае спалучэнне халоднага металу і празрыстага шкла зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне, гэта неверагоднае спалучэнне прыцягвае немагчымасцю, і адначасова рэальнасцю таго, што адбываецца.
Першы час я нават іх не надзявала, мне было проста цікава іх разглядаць. Яны былі для мяне як аб’екты мастацтва, сапраўдныя арт-аб’екты. Я магла іх пакласці на бачнае месца і зрэдку падыходзіла да іх, разглядала, дакраналася да іх, бо яны вельмі незвычайныя. Потым, безумоўна, я іх насіла і сачыла за творчасцю Кацярыны.
Аднойчы я ўбачыла гэты пярсцёнак. Толькі ўбачыўшы, я зразумела, што гэта мая рэч, хаця да гэтага часу я ніколі не насіла буйных упрыгожванняў. Я шмат працую з кнігамі, з тэкстамі, таму мне нязручна, калі на руках нешта стварае мне нейкую няёмкасць. Але калі я яго прымерыла, я зразумела, што ён сядзіць найлепшым чынам на маёй руцэ. Ён са мной прайшоў не адну фотаздымку, не адно важнае мерапрыемства. Калі я яго надзяваю, мне хочацца нечага лаканічнага, простага ў адзенні, напрыклад, часта я выбіраю чорную вадалазку і аднатонную спадніцу, бо ён настолькі яскравы, настолькі стылёвы, што больш нічога і не трэба. Ён мяне натхняе на працу і на памаўчаць. Мне ў ім хочацца прагульвацца недзе каля вады, мабыць, у адзіноце, слухаць джаз, разважаць пра нешта важнае. Знаёмыя, якія ведаюць мяне не першы год, кажуць, што гэтае ўпрыгожванне мне вельмі пасуе.
Упрыгожванні @panenka.by для афіцыйных прыёмаў
Упрыгожванні @panenka.by я нашу не так часта, як першыя два аксэсуары. Набываліся яны адмыслова для афіцыйных мерапрыемстваў у брытанскай амбасадзе. Чорныя завушніцы я набывала пад чорную сукенку ў стылі віктарыянскай Англіі. А фота, на якім мы побач з мужам, увайшло ва ўсе прэс-рэлізы беларускай амбасады з нагоды дня народзінаў каралевы Елізаветы. Гэтыя завушніцы і пярсцёнак ідэальна дапаўнялі вобраз, які адпавядаў нагодзе, патрабаванням стылю, часу і месцу.
Ружова-залацістыя завушніцы набываліся дзеля менш афіцыйных імпрэзаў, куды можна было прыходзіць у больш нефармальным стылі. Цікава, што і блакітная сукенка таксама ад беларускіх дызайнераў @my_way_by. Гэты блакітны колер, незаўважная вышыўка ідэальна адлюстроўвае сучасную беларускую моду.
І на гэтых прыёмах у амбасадзе, калі мае ўпрыгожванні былі вельмі яскравымі і прыцягвалі да сябе погляды, я адчула, што нашы беларускія аксэсуары можна насіць на вельмі высокія і значныя мерапрыемствы. Нашы майстры выходзяць на такі ўзровень якасці, творчасці, што ўжо цэняцца ў вельмі спецыфічных, рафінаваных колах, дзе збіраюцца людзі, якія шмат разумеюць і ў прыгажосці, і ў мастацтве.
Персанальныя анёлы ад @takazakatoys
Калі я першы раз убачыла гэтыя малюнкі, я адразу зразумела, што за імі стаіць. Гэта не проста малюнкі – гэта пасыл, гэта арт-аб’ект, гэта канцэпцыя. Гэтыя анёлы, якіх малюе Така, гэта не нейкія там салодзенькія анёльчыкі, гэта вобразы з характарамі, якія адлюстроўваюць найважнейшую рысу чагосьці, на што важна звярнуць увагу. Спачатку ў мяне з’явілася цішотка, а потым байка “Не будзь, як усе, будзь анёлам” – гэты прынт мяне вельмі крануў.
А потым я даведалася, што Така можа нават намаляваць персанальнага анёла, які будзе адлюстроўваць характар. Я пайшла на гэты эксперымент, мне было вельмі цікава, што атрымаецца, і гэта быў нейкі цуд! Калі я звярнулася да Такі з гэтай замовай, я нават не думала рабіць сабе нейкае адзенне ці кубкі з гэтым прынтом, мне проста было цікава, як гэта можа выглядаць у такой праекцыі, у вобразным і адначасова інтэлектуальным малюнку. Така папрасіла мяне скінуць некалькі фота і, магчыма, спытала, што я люблю. А калі яна даслала мне вобраз майго анёла – гэта было стоадсоткавае супадзенне. Гэта быў малюнак, дзе я сяджу з кубкам кавы сярод кніг, і надпісы на кнігах “Разумная кніга”, “Самая разумная кніга”, “Усё пра джаз” – кава, кнігі і джаз – гэта тры рэчы, якія мяне характарызуюць найлепш.
Першы час я толькі глядзела на гэты вобраз, размясціла яго ў сацсетках, але потым наважылася замовіць і світшот з гэтым прынтом. Гэта першая рэч у маім жыцці, якой я вельмі даражу. Для мяне заўжды былі істотныя нематэрыяльныя рэчы, але гэтая рэч – гэта нешта такое роднае. Калі б у мяне спыталі, што ты будзеш ратаваць з хаты падчас пажару ці землятрусу, я б адказала, што разам з дакументамі я буду ратаваць свой світшот з анёлам.
Брошка-мядзведзік ад @kelbalesya
Такі цудоўны мядзведзік – гэта брошка, якую я набыла на літаратурным кніжным фестывалі “Горад і кнігі”. Сярод розных кніжных лакацый там была і дызайнерка Алеся, якая прадавала закладкі для кніг і вось гэтыя брошкі. Там былі розныя жывёлкі, але калі я ўбачыла гэтага чырвонага мядзведзіка, я зразумела, што гэта маё. У мядзведзіка рухаюцца ўсе лапкі, ён можа хадзіць і стаяць, ён вельмі жывы. Ён мне падымае настрой, калі мне хочацца чагосьці добрага, светлага, лёгкага, я заўсёды прышпільваю гэтую брошку. Усе ўсміхаюцца, калі глядзяць на яго. Яшчэ гэтая брошка вельмі дарэчы, калі я працую з малымі дзеткамі, калі мы робім нейкія імпрэзы па кнігах.
Упрыгожванні і аксэсуары мусяць быць рознымі (і выкшталцонымі, і гуллівымі), каб адпавядаць розным праявам нашага характару і настрою. Гэта не абавязкова нешта статуснае, як я думала раней. Цяпер можна знайсці сярод прац нашых майстроў такія аксэсуары, у якіх можна нават пахуліганіць.
Пярсцёнкі ў этнастылі ад @rudenka.art
Мне падабаецца трэнд на выкарыстанне беларускіх этнатрадыцый у модзе, у высокай модзе. І я не толькі пра вышыванкі, але таксама і пра аксэсуары: гэта і візуальныя вобразы, і стылістыка арнаментаў.
Беларусь – гэта краіна, вельмі моцная сваімі каранямі і нацыянальнымі традыцыямі. Нават за часамі Савецкага саюзу ў нас захаваліся нашы нацыянальныя тэксты ў фармаце казак, абрадаў, у нас шмат даследчыкаў, якія ездзілі па вёсках, збіралі легенды, песні, прыказкі, прымаўкі. У амаль кожнай сям’і захаваліся дываны, рушнікі, якія бабулі ткалі і вышывалі. І ўсё, да чаго мы яшчэ нядаўна ставіліся грэбліва, цяпер уплятаецца ў сучасную культуру.
Пэўны час былі папулярныя ідэі постмадэрнізму як тэндэнцыі да разбурэння класічнага і стварэнне нечага новага, больш радыкальнага, і глабалізму як тэндэнцыі аб’яднаць усе культуры ў адно і ўніфікаваць іх. А цяпер аказалася, што гэтыя ідэі не такія выдатныя, як падавалася спачатку. А цяпер пачаўся новы трэнд – вяртання да нацыянальных культур, нацыянальных кодаў. Цяпер маладое пакаленне іначай ставіцца да сваіх каранёў, я бачу пэўную цікаўнасць да гэтай культуры, яна праяўляецца ў мастацтве і ў модзе. І апошнія пярсцёнкі, якія я набыла, зробленыя ў этна-стылістыцы. Гэта нашы колеры, колеры вады і травы, вельмі прыродная каларыстыка, а графіка сугучная нашым сімвалам і вобразам, якія мы бачым у абярэгах.
Больш за тое, вузенькі пярсцёнак мне нагадаў пярсцёнак маёй бабулі, які ёй падарыў дзядуля шмат гадоў таму. Ён быў вельмі просты, але яна яго насіла ўсё сваё жыццё. Ён быў ужо пацёрты, але гэта быў яе ўлюбёны пярсцёнак. Мне было важна пабачыць, што нашы сучасныя майстры захоўваюць нашу культуру і прыўносяць яе ў трэнды.
Я вельмі радая, што ў Беларусі ёсць такія цудоўныя мастакі, што нашы дызайнеры развіваюцца. Я вельмі цаню, што яны застаюцца. Радуюся, што з’яўляюцца новыя імёны, і спадзяюся, што новых, маладых, таленавітых дызайнераў будзе станавіцца ўсё больш. І я з задавальненнем буду набываць упрыгожванні, падтрымліваць нашых майстроў і спрыяць папулярызацыі нашай беларускай культуры.
(C) ALOVAK