Улюбёныя рэчы ручной работы Ірыны Малукалавай

Сёння ў рубрыцы “Ўлюбёныя рэчы” мастачка Ірына Малукалава падзеліцца сваімі рэчамі ручной работы, набытымі ў беларускіх майстроў і дызайнераў. Кожны яе вобраз вельмі яркі і смелы, у якім міксуюцца рэчы ручной работы адразу ад некалькіх выбітных дызайнераў Беларусі.

Гарнітур Наташы Цуран @natasha_tsuran

Такі гарнітур у мяне ёсць у колеры лео і чорным. З Наташай у нас шматгадовая любоў, люблю яе смеласць у дызайне, мадэлі, якія апярэджваюць трэнды і “не такое, як ва ўсіх”. Сукенкі, худзі, трэнчы, касцюмы – усё нашу з гонарам. Яшчэ ў нас ёсць калабарацыя: футболкі з маімі фразамі, і гэта таксама асобная нагода для радасці.

Футболка @holod з прынтам маёй карціны

Усяго ў нас ужо 3 футболкі і худзі, мне самой вельмі падабаюцца дызайн, пасыл і ініцыялы на спінцы. Нашу з задавальненнем, а яшчэ з вялікім задавальненнем сустракаю людзей у нашых футболках на вуліцах Мінска. Амаль усё прадаецца ў першыя дні паступлення – гэта шчасце для мастака.

Дыван Сяргея @sergei.ashukha – гэта штодзённая асалода для вачэй

Рэч, пра набыццё якой я ніколі не пашкадую. Мастацтва для дома. Убачыла неяк дываны Сяргея на маркеце і вырашыла, што сапраўды хачу калі-небудзь такі. Потым неяк раніцай убачыла гэты дыван з палымяным сэрцам, і ўжо ўвечары ён быў мой.

Капелюшы Валі @valiumhats

Усе ведаюць, што Валя мая сяброўка. Для мяне Валя – мастак, у яе свой свет і сваё бачанне прыгожага, таму капялюшы ўсе розныя і такія казачныя. Капялюшы Валі – самыя прыгожыя і практычныя адначасова. І яшчэ капялюш – класная рэч, якая падкрэсліць вашу індывідуальнасць.

Кардыган Светы @stankevisvet

Гэта мой другі заказ. Першы быў швэдар з маёй карцінай, які Света звязала па фатаграфіі. Гэты кардыган складаецца з дзвюх частак, на адной беларускі дыван, які вісіць у музеі ў Браславе, на другой (ружовай) частцы знакавыя для мяне словы на беларускай мове. У Светы залатыя рукі, рэкамендую ад душы.

Завушніцы мастачкі Машы Мароз @mashamaroz.studio

Усюды і заўсёды ў мяне пытаюцца аўтара гэтых завушніцаў. У Машы выдатнае пачуццё колеру і яго спалучэнняў. Люблю іх надзяваць на кожны дзень, каб дзень стаў святочным. Часам не магу абраць, якую пару надзець, і міксую.

Кераміка чароўнай дзяўчыны Алесі @t.ceramics

Люблю фразу “Прыгажосць у прастаце” – гэта менавіта гэты выпадак. Практычнасць, тактыльнасць і прадуманасць. П’ю з гэтых кубкаў ваду, гарбату, піва, віно; усё заўсёды смачна (каву я дома не п’ю).

Упрыгожанні Каці @vedovka – гэта адчуванне сябе багіняй

Гэта захопленыя погляды і нясмелыя кампліменты. У Каці глыбокія і мудрыя ўпрыгожванні, яны як быццам абдымаюць і шэпчуць на вуха: “Будзь сабой”. Да Каці вяртаюцца па гэты стан.

Бялізна і стрэпы @lovelace

У Карыны @karina.lovelace правільны падыход да вядзення бізнэсу, дакладнае бачанне трэндаў, хвацкі густ; і як вынік: якасная і прыгожая бялізна. Чокеры і стрэпы – маё асаблівае каханне.

Упрыгожанні з моранага дубу Дашы @label_d

Неяк даўно я купіла ў Дашы @label_d каралі і завушніцы ў выглядзе сэрца з моранага дубу. З таго часу ў мяне чатыры пары завушніц, бранзалеты на рукі і ногі. Незвычайны дызайн, складаныя працы, выдатныя матэрыялы і душа – гэта ўсё @label_d.

Leave a Reply